реклама
Бургер менюБургер меню

Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 21)

18px

Місіс Міён і Ўэплер кіўком галавы пацвердзілі тое, што сказаў Вулф.

— Што, паліцыя аднавіла расследаванне? Ці пайшлі якія плёткі?

Пегі і Ўэплер адмоўна пакруцілі галовамі.

— Тады працягвайце. У чым праблема?

— Праблема ў нас саміх, — сказала Пегі.

— Як гэта? Што з вамі не так?

— Усё не так, — зноў загаварыла місіс Міён, суправаджаючы свой расказ жэстамі. — Дакладней, я мела на ўвазе не ўсё, а якраз адну рэч. Пасля смерці мужа і заканчэння традыцыйнага расследавання я на нейкі час з'ехала. Калі вярнулася — на працягу двух месяцаў, што прайшлі з таго часу, мы з Фрэдам некаторы час былі разам, — усё было неяк не так. Пазаўчора, у пятніцу, я паехала на выхадныя да знаёмых у Канекцікут, і Фрэд быў там. Я не ведала, што Фрэд збіраецца туды ехаць, а ён не ведаў, што туды прыеду я. Мы абмяркоўвалі ўсё з ім учора,і ўдзень і ўвечары, і сёння раніцай і вырашылі пайсці да вас і прасіць дапамогі — ва ўсякім разе я так вырашыла, а Фрэд не адпусціў мяне адну.

Пегі нахілілася ўперад і працягвала гаварыць з гранічнай шчырасцю:

— Вы абавязкова павінны дапамагчы нам, містэр Вулф. Я так моцна кахаю яго — так моцна! — і ён кажа, што кахае мяне, і я ведаю, што гэта так! Учора ўдзень мы вырашылі, што пажэнімся ў кастрычніку, а ўвечары завязалася размова — і справа не ў словах, якія вымаўляем, а ў выразе вачэй, калі сустракаемся позіркамі. Мы проста не можам пажаніцца, пакуль у нашых вачах застаецца пытанне, і мы будзем старацца хаваць яго… — Яе крыху скаланула. — Гадамі ці да канца жыцця? Мы не здолеем! Мы ведаем, што не здолеем — гэта будзе жахліва! А ўся справа ў пытанні: хто забіў Альберта? Зрабіў гэта ён? Ці я? Я сапраўды не веру, што гэта зрабіў Фрэд, а ён не верыць, што гэта зрабіла я — спадзяюся, што ён не верыць, — але ў нашых вачах застаецца пытанне, і мы ведаем, што яно не знікае.

Яна працягнула ў бок Вулфа абедзве рукі.

— Мы хочам, каб вы дапамаглі знайсці на яго адказ!

— Глупства, — хмыкнуў Вулф. — Вас трэба адшлёпаць па адным месцы ці адвесці да псіхіятра. У паліцэйскіх могуць быць свае недахопы, але яны ўсё ж не такія зломкі. Калі ўсё іх задаволіла…

— Але ў гэтым якраз уся справа! Яны б не былі задаволены, калі б мы расказалі ўсю праўду.

— Вось як, — узняў бровы Вулф. — Вы ім зманілі?

— Так. Ці калі і не зманілі, дык і не сказалі ім праўды. Мы ім не сказалі, што, калі першы раз зайшлі ў пакой разам і ўбачылі Альберта, рэвальвер там не ляжаў. Яго наогул не было відаць.

— Сапраўды? Вы ўпэўнены ў гэтым?

— Цалкам. Я ніколі і нічога так ясна не ўспрымала, як тую сцэну, кожную яе дэталь. Рэвальвера там не было.

— Вы згодны з гэтым, сэр? — спытаў Вулф, зірнуўшы ў бок Уэплера.

— Так. Яна кажа праўду.

— Ну, што ж, — уздыхнуў, здаючыся, Вулф. — Бачу, вы сапраўды трапілі ў непрыемнае становішча. Лупцоўкай тут не абыдзешся.

Я крутануўся ў крэсле, адчуўшы халадок у ніжняй частцы пазваночніка. У старадаўняй будыніне з чырвонай цэглы — доме Ніра Вулфа — было цікава жыць і працаваць Фрыцу Брэнеру, кухару і эканому, Тэадору Хорстману, які апекаваўся дзесяццю тысячамі архідэй у аранжарэях на даху, і мне, Арчы Гудвіну, для каго асноўным полем дзеяння быў вялікі кабінет на першым паверсе.

Зразумела, я лічыў сваю работу самай цікавай, бо ў даверанага памочніка славутага прыватнага дэтэктыва заўсёды ёсць магчымасць наслухацца пра самыя розныя падзеі — ад крадзяжу пацерак да аферы, звязанай з шантажом. Шчыра кажучы, не ад усіх кліентаў я пачынаў сумаваць. Але толькі ад адных спраў мяне працінаў халадок: ад спраў, звязаных з забойствам. І калі гэтая пара закаханых галубкоў казала праўду, гэта і быў якраз той самы выпадак.

Да таго як яны пайшлі, я больш чым за дзве гадзіны паспеў спісаць два блакноты.

Калі б яны ўсё абдумалі, перш чым патэлефанаваць, каб дамовіцца аб сустрэчы з Вулфам, яны б гэтага не зрабілі. Усё, што яны хацелі, аказалася, паводле слоў Вулфа, немагчымым. Па-першае, яны хацелі, каб ён расследаваў справу аб забойстве чатырохмесячнай даўнасці, не прызнаючы, аднак, што яно сапраўды адбылося; па-другое, яны хацелі, каб было даказана, што ніхто з іх не забіваў Альберта Міёна, а гэта было магчыма, толькі выявіўшы, хто ўсё-такі гэта зрабіў, і па-трэцяе, у выпадку, калі Вулф прыйдзе да высновы, што забойца — адзін з іх, — пакласці справу на паліцу і забыць пра яе.

Не, гэта не была іх прапанова, бо, калі верыць таму, што яны расказалі, абое былі зусім невінаватыя, але напрошвалася менавіта такая выснова.

Вулф падышоў да ўсяго гэтага вельмі проста і ўдала.

— Калі я бяруся за гэтую справу, — сказаў ён ім, — і знаходжу доказы, дастатковыя для абвінавачвання ў забойстве, незалежна ад таго, хто забойца, то я карыстаюся імі толькі згодна са сваімі меркаваннямі. Я не Астрэя[22] і не садыст, але трымаю дзверы адчыненымі. Але калі вы хочаце адмовіцца ад гэтага зараз, вось ваш чэк, забірайце яго, і блакноты містэра Гудвіна будуць знішчаны. Мы можам забыць пра тое, што вы былі тут, і зробім менавіта так.

Гэта быў момант, калі яны, і перш за ўсё Фрэд Уэплер, ледзь было не ўсталі і не пайшлі, але ўсё ж такі засталіся. Яны зірнулі адно на аднаго, і па іх вачах было ўсё зразумела. Я паспеў ужо амаль упэўніцца ў сваёй сімпатыі да іх, яны пачыналі нават зачароўваць сваёй рашучасцю вырвацца з пасткі. Калі яны пазіралі адно на аднаго, здавалася, іх вочы гаварылі: «Усё будзе цудоўна!» Потым тыя самыя вочы сказалі: «Яно так, але… Мы не хочам, каб цудоўна было дзень або тыдзень, цудоўна павінна быць заўсёды — і мы ведаем…»

Для гэтага трэба было мець нямала фізічнае сілы, не гаворачы пра здаровы розум, і некалькі разоў я лавіў сябе на тым, што пачынаю расчульвацца. Акрамя таго, вядома, трэба дадаць, што на стале Вулфа ляжаў чэк на пяць тысяч.

Блакноты былі поўныя запісаў пра самыя розныя рэчы. Яны складаліся з тысячы падрабязнасцей, якія мелі і не мелі адносін да справы, такіх, як пачуццё ўзаемнай антыпатыі, што існавала паміж Пегі Міён і Рупертам Гроўвам, імпрэсарыо яе мужа, ці выпадак, калі Джыфард Джэймс публічна зняважыў Альберта Міёна, ударыўшы па шыі, ці адносіны розных асоб да патрабавання Міёнам кампенсацыі за прычыненую шкоду. Усе гэтыя дэталі нельга было выкарыстаць для справы, і Вулфу патрэбна была невялікая частка іх, таму я збіраўся перабраць іх і выбраць неабходныя.

Зразумела, аб'ектам No.1 быў рэвальвер. Ён быў зусім новы, набыты Міёнам на другі дзень пасля таго, як Джыфард Джэймс ударыў яго, пашкодзіўшы гартань, і не для таго, як ён заявіў, каб адпомсціць, а каб бараніцца ў будучым. Ён клаў рэвальвер у кішэню кожны раз, калі выходзіў з дому, а калі прыходзіў — вяртаў на падстаўку бюста Каруза, які стаяў у студыі. Як вядома, з яго стралялі толькі адзін раз — калі быў забіты Міён.

Калі прыйшоў доктар Лойд і Ўэплер правёў яго ў студыю, рэвальвер ляжаў на падлозе непадалёк ад калена Міёна. Доктар хацеў узяць яго, але спыніўся, так і не дакрануўшыся да яго рукой, таму рэвальвер заставаўся на месцы, калі туды зайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў. Пегі запэўніла, што, калі яны з Фрэдам зайшлі ў студыю, рэвальвера там не было, і той пагадзіўся з гэтым сцвярджэннем.

Паліцэйскія не зрабілі ніякіх заяў наконт адбіткаў пальцаў, што само па сабе не дзіўна, бо на зброі рэдка ўдаецца знайсці больш-менш годныя для расследавання сляды пальцаў. На працягу дзвюх з паловай гадзін Вулф раз-пораз вяртаўся да рэвальвера і кожны раз прыходзіў да простай думкі, што ён не меў крылаў.

Уяўленне пра той дзень было поўнае. Раніцай нічога не здарылася — усё пачалося з абеду, на якім прысутнічалі пяць чалавек: Міён, Пегі, Фрэд, нейкая Адэль Бослі і доктар Лойд. Сустрэча мела хутчэй прафесійны, чым свецкі характар. Фрэда запрасілі таму, што Міён хацеў прапанаваць яму ідэю для артыкула ў «Гэзэт»: чуткі аб тым, што Міён ніколі ўжо не зможа спяваць, — зласлівая лухта. Адэль Бослі, якая ўзначальвае службу інфармацыі тэатра «Метраполітэн-опера», прыйшла, каб дапамагчы паўздзейнічаць на Фрэда. Доктара Лойда запрасілі, каб запэўніць Уэплера ў тым, што аперацыя на гартані Міёна была паспяховая і што можна было смела ісці ў заклад наконт таго, што да адкрыцця опернага сезона ў лістападзе вялікі тэнар будзе ў сваёй звычайнай форме.

Нічога асаблівага не здарылася, апрача таго, што Фрэд пагадзіўся падрыхтаваць адпаведны матэрыял. Адэль Бослі і доктар Лойд, развітаўшыся, пайшлі, Міён падняўся ў сваю гукаізаляваную студыю, а Фрэд і Пегі зірнулі адно на аднаго і раптам адкрылі для сябе самую значную, пачынаючы з часоў вядомай гісторыі пра райскі сад, жыццёвую з'яву.

Праз нейкую гадзіну адбылася яшчэ адна сустрэча, на гэты раз паверхам вышэй, у студыі, каля паловы чацвёртай, але ні Фрэд, ні Пегі ў ёй не ўдзельнічалі. Перад гэтым Фрэд выйшаў, каб супакоіцца, і патэлефанаваў Пегі, і яна пайшла на сустрэчу з ім у парк. Таму іх інфармацыя аб сустрэчы, што адбылася ў студыі, была з чужых слоў. Акрамя Міёна і доктара Лойда там былі яшчэ чатыры чалавекі: Адэль Бослі, якая займалася інфармацыйнымі справамі опернага тэатра, містэр Руперт Гроўв — імпрэсарыо Міёна, містэр Джыфард Джэймс — барытон, які шэсць тыдняў таму стукнуў Міёна па шыі, і суддзя Генры Арнольд — адвакат Джэймса. Гэта сустрэча была яшчэ менш свецкая, чым папярэдні званы абед, бо яе наладзілі, каб абмеркаваць афіцыйнае патрабаванне Міёна да Джыфарда Джэймса: заплаціць яму чвэрць мільёна даляраў за шкоду, нанесеную яго гартані.