Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 39)
— Магу я... Можна мне з табою...
Замест адказу дзяўчына запусьціла руку ў мае нагавіцы. Пасьля вёрткаю мышкаю заказытала мне бакі, сьцёгны, шмыгнула да пахвіны. Я напружыўся.
— Не хвалюйся, — са сьмехам сказала яна, агаліўшы свае белыя зубкі.
Я хацеў быў сказаць, што ў мяне там і валасоў амаль не было, — каб не расчараваць яе, — але яна мяне апярэдзіла. Дзяўчына спрытна абхапіла маё дабро, нібы павук аплёў сваю ахвяру. Моцна ўхапілася за набраклы чэлес. Усё, злавіла, ужо не зьбяжыш. Адначасова яна пачала цалаваць мяне, прасунуўшы ў мой рот свой салёны, як кроў, язык. У мяне ўсё закружылася перад вачыма, я пачаў мацаць ейныя грудзі, але неяк груба ды нязграбна. Дзяўчына адкінула мяне назад, на драўляную лаўку. Сьцягнула зь сябе джынсы. Мне хацелася палашчыць яе, але яна адштурхнула маю руку.
— У цябе рукі потныя, — груба сказала дзяўчына ды пхнула мяне на лаву.
Я распластаўся на сьпіне. Яна ўселася на мне, як вартавы парадку. Зводдаль чуўся грукат сланоў.
— Ты такая... такая мілая... — нясьмела мямліў я.
Заплюшчыўшы вочы, яна прагна апусьцілася на мяне. Я пагрузіўся ў вільготную бездань. Цёплую й мяккую, як падушка. Выгінаючыся па-зьмяінаму, яна пачала разгойдвацца на мне ў павольным і пяшчотным танцы, у якім нешта расло між намі, узмацняючыся з кожным мігам. Карціна, фарбы якой усё чырванеюць, пакуль палатно цалкам не зацягнецца вільготнаю плеўкаю. Я таксама рухаўся, адчуваючы, што вось-вось згублю прытомнасьць. Яна паскорыла тэмп і пачала надрыўна енчыць. Яна зрабілася зусім дзікаю ды неўтаймаванаю, як сабака, які шалёна перыць канапу. Я заткнуў ейны рот рукою, але так і ня змог заглушыць крыку. Пранізьлівага, як у коткі.
— Ціха, нас пачуюць! — крыкнуў я ёй і адчуў, як мая скура пачала раптам нацягвацца. Успушвацца. Націсьні — і хлыне кроў. Я паспрабаваў высьлізнуць, але дзяўчына не выпускала. Пачуцьцё разрасталася, мацнела. Нібы казыталі нажом, пакуль раптам не прадзіравілі наскрозь. Ейныя валасы шчыльнаю заслонаю закрылі мой твар. Цёмныя хмары. Набухлыя крываваю плоцьцю.
І вось. Так, так, так! Увесь сьвет разьлятаецца на кавалкі, і з чорнай навальнічнай хмары праліваецца дождж.
Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў у дзьвярах цётку. Тыповая гара тлушчу з Похвінай багны. Вочы вырачаныя, валасы з пэрманэнтам зьліпліся, з носа на падбародзьдзе струменіцца пот. Я быў упэўнены, што яна закрычыць. Пакліча сваіх сябровак, і тыя пачнуць нас лінчаваць. Яны прыціснуць нас да зямлі сваімі стокіляграмовымі целамі ды будуць высьвятляць, ці не кішэньнікі мы. Хто-небудзь абавязкова скажа:
Перапужаўшыся, я выцягнуў свайго малога. Пакуль я пасьпешліва нацягваў нагавіцы, цётка скептычна аглядала майго здохлага бобіка. З залі па-ранейшаму даносіўся жудасны слановы грукат.
— Шмат шуму зь нічога, — з ухмылкаю сказала яна.
Цётка сербанула вады з жалезнага крана, гучна пусьціла газы ды вярнулася ў залю. Пах гною з хлява перасьледаваў нас да самага выхаду.
Дзяўчына села ў «вольва» ды кінула «пакуль». Я ня даў ёй зачыніць дзьверы.
— Убачымся заўтра? — запытаў я.
Яна абыякава глядзела перад сабою, шчыльна сьціснуўшы вусны.
— Можа скажаш хоць бы, як цябе завуць?
Яна крыху пакорпалася ды завяла матор. Пасьля паставіла на першую хуткасьць і пачала вырульваць. Я бег разам з машынаю, чапляючыся за дзьверы. Дзяўчына паглядзела на мяне сваімі вялікімі цёмнымі вачыма. І раптам яна скінула маску. Тая проста лопнула. Рассыпалася на часткі, а пад ёй зеўрала адна вялікая крывавая рана.
— Я з табою! — закрычаў я ў роспачы.
Яна націснула на газ, і дзьверы высьлізнулі з маіх рук. Добра прабуксоўваючы, машына панеслася пад вулічнымі ліхтарамі, падымаючы з-пад колаў віхры сьнежнага пылу. Шум матора гучаў усё слабей, пакуль урэшце зусім ня змоўк.
Пэўны час я стаяў як у сьне, пакуль мяне не працяла думка. У яе нават не было ключа запальваньня. Яна скрала машыну. Боль усё глыбей запускаў свае ледзяныя карані ў маё сэрца: у гэты момант я зразумеў, што ніколі больш яе ня ўбачу.
РАЗЬДЗЕЛ 20
З гадамі мой дзед вёў усё больш адасобленае жыцьцё. Ён любіў сядзець на самоце; а з таго часу, як бабуля спачыла, дзед пачаў пазьбягаць людзей. Ён жыў асобна ў сваёй халупе, вёў гаспадарку ды марыў толькі пра адно: памерці ў роднай хаце. Калі прыходзілі яго адведаць, дзед выглядаў ветлівым, але быў між тым стрыманы. У дом састарэлых? Ні за што на сьвеце! Мы можам выкінуць гэтае глупства з галавы. Няўжо ў хаце не прыбрана? Яму добра й аднаму.
Але спыніць бег часу дзед усё ж ня мог, і неўзабаве прыйшоў той лютаўскі дзень, калі старому споўнілася семдзесят. Родзічы мелі згрызоты сумленьня, што нячаста заходзілі да яго, і сышліся на тым, што яны зробяць старому баль на ўвесь сьвет. Няблага было б папоўніць сямейны альбом параю ўрачыстых здымкаў, пакуль стары зусім ня страціў розуму.
Спатрэбіўся пэўны час, каб угаварыць самога дзеда — сьвята ўсё ж ня толькі для яго самога, а для сваякоў. Нічога не падазраючы, стары спакойна назіраў за рыхтаваньнем да фэсту. За тыдзень да сьвята родзічы адскрэблі хісткія масьніцы ад застарэлага поту, адцерлі ходнікі шампунем, на зімовым марозе адмылі трухлявыя вокны тэхнічным сьпіртам, ачысьцілі дзедаў пахавальны гарнітур ад сродку супраць молі, адмылі абажуры ад наліплага тлушчу, замянілі цыраты, прапыласосілі ва ўсіх кутах, дзе наткнуліся на неверагодныя кучы павуціньня й дохлых мухаў, усё халусьце вынесьлі ў адрыну, расставілі абутак ненатуральнымі шэрагамі ды ўзорамі, перасунулі ўсе рэчы ў камодах і шафах, прычым пераблыталі ўсё так, што самі нічога не маглі знайсьці. Дзед ужо неаднойчы пашкадаваў, што пусьціў гэтых інтэрвэнтаў у свой дом, ён скардзіўся ды лаяўся з усімі, але тут, як на падлодцы, калі ўжо сеў, дык мусіш цярпець да канца.
Дзень народзінаў прыпаў на пятніцу. Нам зь сястрою дазволілі прапусьціць школу і мы ўсёй сям’ёю паехалі да дзеда з самай раніцы. Дзень выдаўся ясным, мінус дваццаць — марознае, але сухое й бязьветранае надвор’е, вокны машыны пакрыліся шэраньню, а з дрэваў зьвісалі вострыя ледзяшы. На небе гасьлі апошнія ранішнія зоркі. Па-над лесам узьнялося блакітнае зьзяньне. Бацька прыпаркаваўся на пераараным двары, мы захрабусьцелі па крупчастым сьнезе ды атрэсьлі каля ганку ногі. У сенцах шалёна забрахаў стары сабака. Ён напалову асьлеп і набыў дурную звычку кусацца, таму пакуль дзед адчыняў я на ўсялякі выпадак узброіўся венікам.
— Tekkös sieltä tuletta? А, гэта вы тут? — адказаў дзед па-фінску, робячы выгляд, нібы не чакаў нас. Маці працягнула яму кветкі, якія хавала ад марозу пад паліто, бацька паціснуў дзеду руку й павіншаваў, а я ў гэты момант шугануў венікам старую кудлу, якая кулём скацілася з ганку ды заскавытала.
Мы селі моўчкі за стол — было чуваць, як у пакоі цікае ківач. Халупа выглядала незвычайна ўрачыста. Дзед сядзеў у гушкалцы, зашпілены пад самае горла каўнер ўразаўся ў маршчыністую шыю, дзед нэрвова паправіў гальштук. Усё выглядала штучным і здранцьвелым, як і мусіць быць на вялікіх урачыстасьцях.
Да абеду пачалі падцягвацца дзядзькі зь сем’ямі, і на стале зьявіліся вялікія тарты, упрыгожаныя вяршкамі. Нехта пачаў варыць каву ды разьліваць яе па тэрмасах, а мы зь сястрою дапамагалі намазваць масла на лусьцяні, а зьверху клалі сакавітыя кавалачкі засмажанай у печы ласяціны. Іншыя выкладалі на падносы сьвежасьпечаныя булачкі, якія напоўнілі ўсю хату духмяным водарам карыцы, ванілі ды какавы.
Кволае лютаўскае сонейка ўрэшце прыўзьнялося над сьнежным сумётам, і зімовы дзень заіскрыўся. Удалечыні пасьвіўся невялікі статак паўночных аленяў, яны раскопвалі капытамі сьнежны покрыў і выцягвалі леташнюю траву. Пара аленяў ляжала ў лагчынках, падагнуўшы пад сябе ногі, каб захаваць цяпло, — толькі цёмныя галовы тырчалі з-пад сьнегу. Стары сабака нават не глядзеў у іх бок, замест гэтага ён забег за рог хаты ды абнюхваў жоўтую праталіну ў сьнезе, куды хадзіў мачыцца дзед; чародка сініц абляпіла прышпілены кавалак сала. Усё навакольле патанала ў бялявым сьвятле тундры, якое сыходзіла ад паўночнага сонца — такога халоднага, нібы яго паказвалі ў кіно.
У другой палове дня пачалі сьцякацца новыя госьці. Машыны цяпер стаялі ня толькі на двары, але й наўкола. Тыя, хто жыў непадалёк, прыкацілі на сьнегаходах, а двое ўвогуле перайшлі цераз лугі на лыжах. І вось урачыстасьці пайшлі поўнаю хадою. Госьці ўселіся за двума накрытымі сталамі; высушаныя дзядкі са сьлязістымі вачыма ды намерзлымі ледзяшамі на бровах і зацягнутыя ў квяцістыя сьвяточныя сукенкі круглыя бабкі з рукамі, важкімі, як іржаныя хлябы. Пілі каву са сподачкаў, закусвалі лусьцянямі з ласяцінаю ды булачкамі. Каб было цёпла, старую печку распалілі дабяла, і на цётак нахлынулі ўспаміны пра старыя часы, калі дома пяклі тонкія хлябцы.
Калі ўсе ўзялі дабаўку вырашылі, што надышоў урэшце час для каньяку. Пакупную бутэльку адкаркавалі, і бацька абнёс ёй усіх гасьцей. Чаркі напаўняліся пад ухвальныя кіўкі, а аўтамабілісты прыкрывалі чаркі рукою. Усе крыху ажывіліся. Маці пачала разразаць тарты ды раскладаць іх па сподках. Усе госьці падняліся ды прасьпявалі здравіцу, а сам дзед застаўся сядзець у сваёй гушкалцы, абліваючыся потам. Бацька падліў яму каньяку каб і дзед крыху павесялеў. Пасьля госьці, зрабіўшы ўрачысты выраз твару прасьпявалі дзеду імянінную песьню на ламанай швэдзкай мове. Ад усяго гэтага падхалімства дзед неяк стушаваўся ды схаваўся за букетамі кветак. Потым яму загадалі паглядзець падарункі. Яны ўвесь час ляжалі нераспакаваныя, каб госьці не падумалі, што толькі дзеля гэтага й ладзіўся фэст, — разумная прадбачлівасьць у нашай турнэдаленскай мясцовасьці. Дзед нязграбна разьвязваў праклятыя вяроўкі, пакуль мой дзядзька ня зьлітаваўся ды не прынёс яму