Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 24)
Гэтая тактыка працавала, аднак, напалову. Пасткі мелі адзін значны канструктыўны недахоп: злавіўшы аднаго пацука, яны робяцца бясьпечнымі, пакуль ізноў іх не паставіш. А за гэты час пацукі маглі бяскарна прашмыгнуць у хату. Крыху падумаўшы, я прапанаваў Гайнцу адну ідэю. Ён з энтузіязмам яе прыняў.
Мы пазычылі ў суседа некалькі памятых ацынкаваных вёдраў. Я закапаў іх у стратэгічна важных месцах акурат на пацучыных сьцежках такім чынам, каб край вядра быў на адным узроўні зь зямлёю. Пасьля я напалову напоўніў вёдры вадою. Зьверху я паклаў тонкім слоем жорсткую траву ды лісьце, каб усё выглядала як мага натуральней.
Наступнаю раніцай я прыйшоў паглядзець. У першым вядры было шэсьць пацукоў. Яны боўталіся ў вадзе, ня здольныя ні дастаць да дна, ні ўскараскацца наверх, пакрысе абясьсілелі ды патанулі. У другім вядры ляжала пяць трупаў. А ў трэцім — яшчэ сем. Апошняе вядро працякло, і па ягоным дне скакалі два перапужаныя акрабаты — іх я расьціснуў абцасам. Дваццаць тушак, проста фантастыка! З пастак я выняў яшчэ чатыры, таму калі я адрэзаў хвасты ды прад’явіў іх Гайнцу ён з ахвотаю заплаціў мне ажно дванаццаць кронаў. Ягоны вузкі рот расьцягнуўся пры гэтым ва ўсьмешцы, якая зусім не вязалася з хмурым тварам, нібы воўк паспрабаваў расьсьмяяцца. Мёртвых пацукоў я закінуў у яму, дзіравае вядро замяніў на новае, а пасьля раздабыў яшчэ некалькі бодняў і слоікаў ды ўкапаў іх у адпаведных месцах.
Наступныя тыдні далі неверагодны ўраджай. Безьліч пацукоў трапляла ў ваду, яны скрэблі кіпцюрамі сьценкі вёдраў, слабелі й танулі. Патанулыя пацукі выглядалі значна больш прыемна за раздушаных у пастках. Сьпярша сама іх колькасьць выклікала ў мяне агіду — пара кіляграмаў штодня. Але я прызвычаіўся. Дапамагала таксама думка пра грошы, якія падалі ў маю бляшаную скарбонку, — грошы, якія ўсё выразьней прымалі абрысы гітары.
Цяпер ужо Гайнц ня мог не заўважыць посьпехаў нашай пацучынай вайны. Цішыня ў хаце парушалася толькі зрэдку, калі якому-небудзь малому сьмельчаку шэнціла перайсьці цераз міннае поле. Але й тады небарака звычайна трапляў у адну з пастак у хаце ўжо наступнага дня. Ганс пачаў высыпацца, друкарка грукатала як стары кулямёт, а ўся вэранда прапахла сродкам ад камароў, якіх была ўжо цьма. Часам Гайнц вымаў з машынкі аркуш і вагнэраўскім голасам зачытваў урывак, каб праверыць рытм і гучаньне тэксту. Эмацыйна стрыманая, але моцная проза пра паходы ды ваенныя пераходы, суровыя карціны зімовых баёў у Фінляндыі, мароз і вострая ігліца ў коўдры, месцамі грубы салдацкі гумар, салодкія мары ў смуродных казармах і часам рамантычныя ўстаўкі пра фінскіх прыгажунь, якія кормяць параненых герояў або лашчаць шчаку нямецкага салдата ў цемры палявой сталоўцы.
Між тым я працягваў удасканальваць мэтады лоўлі. Напрыклад, я заўважыў, што вёдры можна было не хаваць пад травою. Пацукі туды ўсё роўна траплялі. Думаю, яны проста не пасьпявалі прытармазіць — несьліся сваёй сьцежкаю ды правальваліся ў вядро, хоць адтуліна ў ім і не была прыкрытая. Аднак старыя маршруты яны больш не выкарыстоўвалі, бо ўсе іх знаўцы пакрысе загінулі. Пацукі пракладалі новыя сьцежкі, і мне даводзілася высочваць іх і ўвесь час перасоўваць вёдры.
Яма ў лесе зь неверагоднаю хуткасьцю запоўнілася пацукамі. Я засыпаў яе ды выкапаў новую. Неўзабаве яна таксама была поўная. Магілы разрывалі лісы: яны даставалі паўзгнілыя тушкі ды расьцягвалі іх на ўсе бакі. Неўзабаве пацучыныя жываты напоўніліся лічынкамі мухаў, якія кішэлі пад тонкаю скураю. Сонца таксама падмагло, і калі вецер ішоў зь лесу, нягледзячы на адлегласьць можна было адчуць салодка-кіслы моташлівы смурод.
Гайнц знайшоў выйсьце. Ён выцягнуў каністру й да краёў напоўніў яе бэнзінам. Я рэгулярна насіў яе ў лес і апырскваў яму палівам. Пасьля кідаў уніз запалку. З глухім уздыхам агонь ахопліваў груду целаў, і яны згаралі ў амаль нябачным полымі. Скуркі апальваліся ды пачыналі трашчаць, вусы скурчваліся й плавіліся, з вачніцаў выскоквалі мурашы ды загараліся, дрыгаючы лапкамі, лічынкі выгіналіся ды спрабавалі ўпаўзьці, але з шыпеньнем смажыліся ў полымі, кукалкі лопаліся, а недаразьвітыя сьляпыя гнаявыя мухі сутаргава дрыгалі мяккімі цельцамі. Дым быў чорны й густы, і смурод поўсьці ды запечанай крыві адразу ж нацягваўся ў вопратку, калі я падыходзіў залішне блізка. Дым уздымаўся сярод верхавін дрэваў, як злавесны дух, як бог вайны, як разрослая цень кашчавай, якая паступова аддалялася ды распускалася ў паветры, пакідаючы толькі прысмак тлустай сажы на языку. Калі агонь дагараў, я прысыпаў яму зямлёю ды мохам, а зьверху прывальваў цяжкімі камянямі, каб нават лісам не захацелася туды лезьці.
Я мусіў думаць пра грошы. Так было лягчэй. Лічыў хвасты, зьбіраў іх у вязанкі ды атрымліваў за іх купюры ад шаноўнага спадара, які па вечарах сядзеў на ганку ды пацягваў каву. Усяго толькі сэзонная праца. Ня горшая, скажам, за ачыстку прыбіральняў у паяльскім кэмпінгу.
Пасьля вячэрняга агляду пастак я звычайна сядаў у хаце ды заводзіў старэнькі бабіньнік, на які я запісаў найлепшыя мэлёдыі з «Топ 10». З салодкаю дрыготкаю слухаў я чароўныя, дзівосныя гукі электрагітары — то рэзкае мяўканьне, то воўчае выцьцё, а то гук бормашыны або стракатаньне мапэда на прасёлкавай дарозе. Я няблага пераймаў яе гучаньне на сваёй акустычнай гітары. А ў гэты момант на сядзібе ў ваду трапіў першы пацук. Вось ён паплыў. Паплыў. Паплыў.
Аднойчы раніцай у сярэдзіне ліпеня я наткнуўся на пацучыную сьцежку нябачнай дагэтуль шырыні. Яна праходзіла ад лесу да бульбянога поля, уздоўж неглыбокай канавы, і была добра схаваная ў траве. Тут і там у яе ўліваліся іншыя сьцежкі ад хаты й прыбіральні, ды ўрэшце яна ператваралася ў неверагодна шырокую шашу. Добра пратаптаная вуліца, галоўная пацучыная магістраль. Я ішоў па ёй, згараючы ад нецярпеньня. Уздоўж адрыны, усё яшчэ да паловы заваленай зьляжалым сенам. Тут я спыніўся. Ад адрыны цягнулася яшчэ адна сьцежка. Амаль такая самая шырокая. Я мог паклясьціся, што раней яе там не было. Сьцежка абгінала камень, спускалася ў западзіну ды падымалася з другога боку. І там, за колькі мэтраў да бульбянога поля, абедзьве сьцежкі аб’ядноўваліся. Зьліваліся ў адну агромністую шматпалосную магістраль.
Я зразумеў, што рэч была ў бульбе. На полі зелянела высокае бацьвіньне: калі ўдаву паклалі ў шпіталь, яе сваякі працягвалі даглядаць бульбу, і вось цяпер пад зямлёю сьпелі жоўтыя сопкія клубні. Пацукі бегалі на поле ды жывіліся бульбаю ночы напралёт. Чмякалі й грызьлі, а пасьля трухалі паціху з набітым чэравам у свае хованкі.
Нельга марудзіць ані хвіліны. За паўгадзіны я адшукаў іржавы бэнзінавы бак, а пасьля ледзь не да вечара правазіўся зь ім, каб расьпілаваць на дзьве паловы. Цяпер заставалася толькі закапаць. Пасярэдзіне магістралі. Зямлю я загружаў у вазок ды цягнуў у лес. Добра ўпарыўшыся зь ямаю, я мог урэшце апусьціць туды бак і прысыпаць па краях зямлёю. Пасьля я пачаў цягаць ваду — вядро за вядром, пакуль не запоўніў бак напалову.
Ужо вечарэла, друкарка даўно змоўкла, на ганку нікога не было. Сьціскаючы ў руцэ хвасты злоўленых за дзень пацукоў, я пастукаў у дзьверы ды зайшоў.
Гайнц быў заняты зборам рэчаў. Пасярод пакою стаяў заплечнік, а на крэслах і на стале ляжала вопратка. Гайнц пасьпешліва сунуў мне грошы ды сказаў, што мусіць на тыдзень з’еьдзіць у Фінляндыю, каб пакапацца там у архіве. Яму трэба было дазнацца пра ўнутраны лад вясковага жыцьця, якім ён быў да таго, як вёску спалілі, а таксама прагледзець сьпісы насельніцтва. У сваіх творах Гайнц ставіўся да падрабязнасьцяў дужа акуратна — так мусіць рабіць кожны праўдзівы пісьменьнік, але, на ягоную думку шмат хто гэтым грэбуе, асабліва маладыя празаікі. Гайнц запытаўся, ці не пагляджу я за хатаю.
Я згадзіўся, і Гайнц паказаў мне, дзе будзе ляжаць ключ. Між тым я раптам адчуў невялікую млосьць. Боль сьціскаў галаву падпахі здранцьвелі. Пэўна, набліжалася навальніца. Я выйшаў на ганак і ўбачыў, як зь фінскага боку на нас рушыла віхравая навальнічная хмара. Яна нагадвала слуп дыму з вугольнае ямы, толькі шырэйшы й мацнейшы. Пачулася прыглушанае вуркатаньне, як ад полчышча рускіх танкаў. Гайнц таксама выйшаў і стаў побач. Нечакана ён паклаў руку мне на плячо, амаль па-бацькоўску. Паветра зрабілася цяжкім, дыханьне запаволілася. На лобе праступіў пот. З чорнай гушчы хмараў залатымі рыбкамі выскоквалі бліскавіцы.
— Зірні! — паказаў на неба Гайнц.
У колькіх кілямэтраў ад нас у неба ўзьняўся слуп дыму. Дрэва, лясны гай? А можа, дом? Няўжо гарэў дом? І ў адно імгненьне навальнічная хмара ператварылася ў дым ад пажараў, усю Фінляндыю ахапіла полымя, яна гарэла ў пякельным агні. Гайнц застыў у нерухомасьці. Халодныя шэрыя вочы глядзелі кудысьці ўдалечыню. Як дзьве круглыя манэты. Ён зьлёгку прыгладзіў рукою кончыкі вусоў. Адна з валасінак адарвалася. Ён узяў яе вялікім і ўказальным пальцамі, і ягоны погляд вярнуўся ў сучаснасьць. Валасінка была жорсткай і курчавай, як спаленая запалка. Ён моўчкі скруціў яе. Пасьля адпусьціў і яна зьнікла сярод успамінаў.
Зь першаю кропляю дажджу мяне пачало трэсьці. Вярнуўшыся дамоў на ровары, я рухнуў на кухонную канапу ды падцягнуў калені да падбародзьдзя, каб яны ня стукалі аб падлакотнікі. Калі загрукатала навальніца, маці прычыніла ўсе вокны й дзьверы ды выцягнула з разэтак усе штэпсэлі. Змрочная навальнічная хмара павісла над нашым домам. Дождж загрукатаў па даху, пачаў паліваць сшарэлыя аканіцы. Зноў грымоты. Я нацягнуў на сябе коўдры, і мяне то калаціла, то ліхаманіла. Маці прынесла вады й самарынскай солі, бо яна мае неверагодныя гаючыя ўласьцівасьці, нават большыя за тыя, што звычайна пішуць на пакунку. Нягледзячы на гэта, мая гарачка ўзмацнялася з кожным ударам грому. Непагадзь прыціснула наш край сваёй мокраю ступнёю з такою сілаю, што мая галава была гатовая выбухнуць. Зьяўляліся дзівосныя карціны: вядзьмаркі з агністымі абрысамі павольна плылі ў паветры. Яны трымалі ў руках нажы, якімі адразалі адна ад адной лусьцінкі, тонкія, як выразаныя лялькі. У нясьпешным танцы яны абціналі адна адну, зьліваліся разам з адрэзанымі кавалкамі або іншымі вядзьмаркамі так, што іхнія целы ўвесь час мяняліся. Гэта была моташлівая, агідная сцэна, але спыніць яе было немагчыма. Нібы хтосьці кіраваў маім мозгам, нібы ў маім целе пасяліўся нейкі паразыт.