реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 85)

18

— Выстаім, — сказаў князь. — Павінны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Ці спадзяешся на старую дружбу?

— Няма ў мяне з імі дружбы.

— Тады расправяцца. І яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплівай. Не па табе тавар.

— Я з княжага роду, брат.

— А яна каралеўскай крыві.

— Я сваё месца ведаю, брат, — сказаў Раман.

— Хітруеш. Ды бог з табою. Толькі не ўздумай бегчы. І чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.

— Не пагражай, — сказаў Раман. — Мне пара ісці.

— Ты куды? Поп не закончыў.

— Я Акіплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.

— Ну ідзі, толькі непрыкметна.

Раман павярнуўся і стаў асцярожна праціскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усміхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знік у змроку.

Кін вывеў шар з сабора, і той завіс над цвінтаром, дзе чакалі канца службы, курчыліся пад змрочным мокрым небам калекі і жабракі. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыціскаючы да грудзей гліняную міску і ружовы абпалены гаршчок.

— Цябе па смерць пасылаць, — сказаў Раман.

— Не бі мяне, дзядзечка, — заверашчаў блазан, выскаляючыся. — Госці пазачынялі лаўкі — ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на віселіцу, а ён — весяліцца.

Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за ім, пакульгваючы, горбячыся. Мінулі калодзеж, конавязь, павярнулі ў вузкі, дваім не размінуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былі нізкія вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчыніліся дзверы. Там стаяў стражнік у кароткай кальчузе, скураной шапцы і доўгіх портках. Ён адступіў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькі валуноў, якія ляжалі вакол выпаленай ямы… Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземістага дома з бярвенняў на падмурку. Адчыніў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.

У святліцы Раман шпурнуў плашч у рукі прыгожаму чарнаброваму хлопцу, які падбег да яго.

— Ты чаго чакаеш? — спытаўся ён у блазна. Блазан паставіў на падлогу міску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчыніўся лаз у падвал. Раман спусціўся першы. За ім блазан і чарнабровы хлопец.

Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палічках стаялі запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкі адлюстроўваліся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад гліняных місак, медных сасудаў, злучаных металічнымі і шклянымі трубкамі… У нізкай з вялікай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылісты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокі, ён аглянуўся.

— Студзі патроху, — сказаў Раман, зазірнуўшы ў печ.

Блазан зірнуў у печ з-пад локця чарадзея і сказаў:

— Даўно пара студзіць.

— Ведаем, — сказаў мужчына. У яго былі доўгія вусы, чорныя, блізка пасаджаныя вочы. Рэдкія валасы спадалі на лоб, і ён увесь час адгортваў іх за вушы.

— Хутка ордэн на штурм пойдзе, — сказаў Раман.

— Астудзіць не паспеем, — адказаў той. — А шкада.

— Студзі, — сказаў Раман. — Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сілы каторы раз усё збіраць і будаваць.

— А ты, дзядзечка, епіскапу ў ногі пакланіся, — сказаў блазан. — Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён і пашкадуе.

— Нікчэмнасць і ўбоства думкі, — сказаў Раман.

— Па-мойму, што ўбоства думкі, што яе празмернасць — усё бязглуздзіца, розумам чыніць — розуму не трэба, — сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пераліў з адной шклянкі ў другую — пайшоў едкі дым.

Раман адмахнуўся, зморшчыўся. Жылісты мужчына адступіў да печы.

— Ты што, — абурыўся Ранан. — Атравіць нас хочаш?

— А можа, так і трэба? Ты дзяўчыну пакахаў, а табе не дазволена, я шклянку пераліў, а мне не дазволена, князь епіскапу пярэчыць, а яму не дазволена. Вось бы вас усіх і адправіць на той свет?

— Маўчы, дурань, — сказаў Раман стомлена, — лепш бы прываротнага зелля накапаў, чым лайдачыць.

— Не, — крыкнуў блазан, падбягаючы да стала і задзіраючы галаву, каб зблізку паглядзець на Рамана. — Не разумею цябе, дзядзечка, і разумны ты ў нас, і слаўны на ўсю Эўропу — навошта табе князёўна? Наша справа — берагчы горад, золата здабываць, месца знаць.

— Маўчы, смерд, — сказаў Раман. — Маё месца сярод каралёў і князёў. І паводле роду, і па ўладзе, і па розуме!

Хлопец глядзеў на Рамана.

— Зробленае, перадуманае не магу кінуць. Ува мне вялікія тайны жывуць — недагавораныя, недакончаныя. — Раман шырокім жэстам абвёў сутарэнне.

— Значыць, так, — сказаў блазан, падскочыўшы, пасмейваючыся і размахваючы бутэлечкай, бессаромны і нахабны, — значыць, ты ад дзяўчыны адмаўляешся, дзядзечка, дзеля гэтых бутэлечак? Будзем дома сядзець, чарапкі берагчы. Пакуль ландмайстар з мячом не прыйдзе.

— Але як усё зберагчы, — прашаптаў Раман, абапёршыся кулаком на стол. — Скажы, як выратаваць? Як адцягнуць час?

— Не атрымаецца, дзядзечка. Адзін асёл хацеў з дзвюх кармушак жэрці, як эліны казалі, ды з голаду здох, не прыдумаў, з якой пачаць.

Раман дастаў з палічкі бутэлечку.

— Ты ўсё памятаеш?

— Калі дзяўчыне даць выпіць тры каплі, на край свету пойдзе. Дай сам адап'ю. Рамана палюблю, ногі яму цалаваць буду, замуж за яго пайду…

Хлопец зарагатаў і тут жа збянтэжыўся пад Раманавым позіркам.

— Хопіць, чортава насенне! — выбухнуў чарадзей. — Забыўся, што я цябе з гнілой ямы выкупіў?

— Памятаю, дзядзечка, — сказаў блазан. — Ой як памятаю!

— Усё-такі ён падобны на малпу, — сказала Ганна. — На злосную малпу. У ім ёсць штосьці здрадніцкае.

— Баярын! — сказаў жылісты мужчына. — А што з вогненным гаршком рабіць?

— Гэта цяпер не патрэбна, Мажэй, — адказаў Раман.

— Ты казаў, што мяне пашлеш, — вымавіў Мажэй. — Божыя дваране ўвесь мой род выразалі. Не магу забыць. Ты абяцаў.

— Божа! — Раман сеў на лаву, стукнуўся локцямі аб стальніцу, абхапіў галаву рукамі. — Глупства гэта ўсё, нікчэмнасць!

— Шаноўны, — сказаў Мажэй з тупой настойлівасцю, — ты абяцаў мне. Я пайду і заб'ю епіскапа.

— Няўжо не разумееш, — амаль крычаў Раман, — нічым мы горад не выратуем! Не спалохаюцца яны, не адступяць, іх у пяць разоў больш, у іх сіла, ордэн. Эўропа, Магдэбург, папа… Конрад Мазавецкі ім войска дасць, дацкі кароль чакае не дачакаецца. Вы ж цёмныя, вам здаецца, што ўвесь свет вакол нашага гарадка сышоўся! Я і вежу паліць не хацеў… Вячка мяне прыціснуў. Лепш змірыцца, ордэну кроў не патрэбна, ордэн бы князю горад пакінуў… Хіба вам крыві мала!

— Ты загаварыў інакш, баярын, — сказаў Мажэй. — Я з табою заўсёды быў, таму што верыў. Можа, я іншых гарадоў не бачыў — нашыя жамойцкія гарадкі па лясах раскіданы, але пакуль ордэн на нашай зямлі, мне не жыць. Мы ордэн не клікалі.

— Змагацца таксама трэба з розумам, — стукнуў кулаком па стале Раман. — Сёння ноччу яны на прыступ пойдуць. Возьмуць горад, могуць не злітавацца. Калі мы паднімем руку на Альберта — яны ўсіх нас выражуць. І дзяцей, і жанчын, і цябе, блазан, і мяне…

— Я заб'ю епіскапа, — сказаў Мажэй.

— А я, дзядзечка, — сказаў блазан, — з табою не згодны. Авечкі добрыя, а авечак ваўкі ядуць.

— Маўчы, раб! — узлаваўся Раман. — Я цябе дзесяты год кармлю і ратую ад бед. Калі б не я, цябе ўжо тройчы павесілі б.

— Правільна, дзядзечка, — раптам засмяяўся блазан. — Часам я глупства скажу, затое разумныя не здагадаюцца. Рабом я быў, рабом памру, затое сумленне мучыць не будзе.

— Чым балбатаць, лепей пайдзі да князёўны, — сказаў Раман жорстка. — Дасі ёй прываротнага зелля. Так, каб старая не заўважыла.

— І гэта геній, — уздыхнула Ганна.

— А што? — спытаўся Кін.

— Верыць у прываротнае зелле…

— Чаму ж не? І ў дваццатым стагоддзі вераць.

— Іду, — сказаў блазан, — толькі ты да немцаў не збяжы.