Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 36)
— Хто ты такі? — спытаўся Камарыдзін у аздобленага сінякамі асілка.
Гігант панура маўчаў, нават не зірнуўшы на таго, хто пытаўся.
— Гэта мясцовы полван[22], — паспяшаўся растлумачыць дэхканін.
— О, гэта цікава, — прамовіў сіпах і падышоў да асілка. — Як цябе завуць?
— Ганімурад, — змрочна адказаў той.
— У Самаркандзе мала малайцоў, якія могуць пахваліцца тым, што яны мяне перамаглі, — сказаў Камарыдзін. — Калі ты будзеш у ліку тых шчасліўцаў, што змаглі прыціснуць да зямлі Камарыдзіна, Ібрагімавага сына, то атрымаеш ва ўзнагароду жыццё.
Сіпах павярнуўся да кадзія:
— Развяжыце яго.
Загад быў тут жа выкананы, і Ганімурэд пачаў расціраць зацёклыя рукі.
— Дайце яму памыцца і накарміце, — сказаў Камарыдзін. — Я не хачу перамогі над галодным джыгітам...
Тым часам кадзій паспеў распарадзіцца пра начлег для важных гасцей і, лісліва кланяючыся, паведаміў пра гэта сіпаху. Камарыдзін зычліва зірнуў на ўвішнага барадача і сказаў:
— Загадай накарміць нашых коней. Ды няхай прынясуць пояс гэтаму асілку, — ён кіўнуў у бок Ганімурада.
— Пояс! — крыкнуў кадзій, і з натоўпу зараз жа працягнулі некалькі паясоў.
— Ну трымайся, хлопец, — усміхнуўся Камарыдзін, перадаючы волату пояс.
Туга падперазаўшыся, малады чалавек выйшаў у сярэдзіну круга, вызваленага натоўпам для спаборніцтва. Камарыдзін зняў халат, працягнуў яго Шамсібеку. Асветленыя полымем вогнішча, барцы пачалі сыходзіцца. Бронзава-чырвоныя блікі гулялі на іх магутных торсах. Па натоўпе прайшоў міжвольны гул захаплення — праціўнікі відавочна не саступалі адзін аднаму ні ў прыгажосці, ні ў моцы.
Узяўшыся за паясы, волаты пэўны час не трывожылі адзін аднаго і толькі рэдкімі магутнымі рыўкамі спрабавалі ўстойлівасць суперніка. Нарэшце Камарыдзін рэзка ўпёрся падбародкам у плячо Ганімурада і з усяе сілы пацягнуў яго за пояс да сябе. Той не варухнуўся, быццам урос у зямлю. Барцы хутка пайшлі па крузе, раз-пораз спрабуючы адарваць адзін аднаго ад зямлі. Змаганне працягвалася некалькі хвілін. Страсці напаліліся. У натоўпе чуліся ўсклікі, што падбадзёрвалі таго ці другога праціўніка. Здавалася, што барацьба скончыцца ўнічыю. І раптам — Шамсібек не адразу ўсвядоміў тое, што адбылося, — магутнае Камарыдзінава цела хістанулася ў бок вясковага асілка, прыўзнялося над зямлёй, а ў наступнае імгненне гігант зноў стаяў на нагах.
Ганімурад мог кінуць праціўніка на зямлю, але не зрабіў гэтага. Камарыдзін ацаніў высакародны жэст і па-сяброўску абняў маладога чалавека.
— Толькі сапраўдны волат здатны на такі ўчынак! — сказаў сіпах.
Пасля Камарыдзін звярнуўся да натоўпу:
— Людзі! Вашы землякі — Ганімурад і гэтая юная дзяўчына — яны ж такія маладыя. Даруйце ім іхнія грахі! Тым болей што яны кахаюць адно аднаго, а юная сяброўка волата была засватана супроць сваёй волі... Няхай яны пажэняцца.
«Ды што там!», «Дараваць, вядома!», «Слушна вы сказалі, шаноўны!» — пачулася ў натоўпе. Камарыдзін зірнуў на кадзія. Той сумеўся і развёў рукамі.
Раніцай спадарожнікі рушылі далей у бок Андыжана. Недзе каля поўдня Шамсібек і яго спадарожнік аддзяліліся ад каравана і, прышпорыўшы коней, паскакалі ў бок вялікага паселішча, што патанала ў зеляніне садоў.
— Твой Булакбашы — сапраўдны рай, — заўважыў сіпах. — Цяпер я разумею, чаму ты так упарціўся, калі шахрыяр вырашыў пакінуць цябе ў Самаркандзе.
Ведучы коней на павадку, спадарожнікі прайшлі вузкай вуліцай да Шамсібекавага дома. Штурхнуўшы нізкія дзверцы, малады чалавек прайшоў у прасторны дворык, заценены вінаграднымі лозамі. Першымі, каго ён убачыў, былі гадавалы малы, які поўзаў каля суфы, і пажылая жанчына, што сачыла за ім.
— Мама! — нягучна паклікаў Шамсібек.
Жанчына павярнулася на ягоны голас і, ускрыкнуўшы, кінулася да сына. З дзвярэй дома ў двор павыходзілі бабуля, цётка, жонка Шамсібека.
— Жывы, жывы, сыночак! — паўтарала маці, пагладжваючы яго па плячы. — А мы ўжо столькі слёз па табе пралілі.
— Вы, жанчыны, заўсёды занадта шмат плачаце, — з усмешкай прамовіў Шамсібек і падхапіў на рукі дзіця. — Сын, ты ўжо зусім вялікі! Пара заводзіць для цябе каня...
Выявілася, што Шамсібекаў бацька паехаў на некалькі дзён па справах у Андыжан.
Да бацькавага прыезду малады чалавек нікому не казаў пра загад Улугбека перасяліцца ў сталіцу. Калі Ісмаіл-Хаджы даведаўся пра волю султана, ён сказаў:
— Алах спагадны да цябе, сынку. Вялікі Ўлугбек кліча цябе да служэння. Няхай беражэ цябе на ўсіх шляхах бацькава блаславенне.
Рассталіся на ростанях на ўзгорку. І доўга яшчэ стаялі бацька і маці, гледзячы, як маленькі караван з некалькіх павозак і двух коннікаў марудна цягнецца па вялікай гандлёвай дарозе, раз-пораз знікаючы ў клубах пылу.
Шамсібек і Камарыдзін дамовіліся заехаць па Ганімурада з жонкай. Сіпах думаў уладкаваць асілка ў асабістую султанаву гвардыю. Але калі праз два дні спадарожнікі прыбылі ў знаёмы кішлак і спыніліся перад брамай дома маладых, ніхто не выбег на шум. Камарыдзін прыўзняўся на стрэмях і зазірнуў цераз дувал у двор. Там нікога не было. Тады коннікі пазлазілі з коней і, прывязаўшы іх, увайшлі ў двор.
— Гаспадары! — паклікаў Шамсібек.
За спінай яго пачуўся нейкі шолах. Малады чалавек рэзка павярнуўся — з-за фіранкі, што закрывала ўваход на жаночую палову, выйшла Ганімурадава жонка. Твар яе быў адкрыты, валасы распушчаны. Шамсібек адвёў вочы ўбок. Раптам жанчына ўскрыкнула і кінулася ў кут двара. Праз імгненне адтуль пачуўся вар'яцкі рогат.
Шамсібек і Камарыдзін неўразумела зірнулі адзін на аднаго. У гэты час адчыніліся другія дзверы, і перад гасцямі з'явіўся сівабароды стары. Ён абапіраўся на тоўсты кій, на твары ягоным быў адбітак пакуты.
— Што з вамі, аксакал? — кінуўся да яго Шамсібек.
— А-а, што я... Вы б лепш спыталіся, што з нашым Ганімурадам.
— Што такое? — у адзін голас спыталіся Шамсібек і Камарыдзін.
— Калі б ён паехаў тады з вамі, — стары паківаў галавой, — уранні пасля вяселля на нас напаў Ахмадбайвачы са сваімі галаварэзамі. Яны крычалі, што вяселле незаконнае... Ганімурада ўратавала толькі заступніцтва Алаха — іншы б на яго месцы даўно развітаўся з гэтым светам... Але ён вельмі слабы і ўжо колькі дзён ніяк не апрытомнее.
— А што з вамі?
— Баліць нага... Я не ведаю, як усё гэта здарылася. Памятаю толькі, што ўпаў ля парога нявесты...
— Ля парога нявесты?! Дык яны... уваходзілі на яе палову?!
Моўчкі стары кіўнуў і звесіў галаву...
Камарыдзін выхапіў з ножнаў крывую шаблю.
— Дзе гэтыя шакалы?!
Шамсібек спыніў яго рухам рукі:
— Алах ужо асудзіў іх на вечную муку. Хай зброяй яго хуткай помсты будзе суд султана!
— Ты добра сказаў! Хай закон знішчыць гэтых слуг шайтана!
А неўзабаве з цэнтра паселішча пачуліся гулкія ўдары барабана, і ўсё насельніцтва кішлака збеглася да вялізнага вогнішча, якое шугала пасярод пляца.
З натоўпу коннікаў аддзяліўся сіпах на гарачым жарабку. Грозна пабліскваючы бялкамі, ён павярнуўся тварам да натоўпу і паказаў бізуном на кучку раскудлачаных маладых людзей, што ціснуліся вакол Ахмадбайвачы.
Камарыдзінаў голас грымеў:
— Гэтыя паганцы пасягнулі на чужую жонку! Якога пакарання вартыя яны?
Натоўп зароў:
— Толькі смерць!
— А што скажа нам муфці? — спытаўся сіпах.
Паважны стары ў чалме ступіў з натоўпу і сказаў:
— Народ кажа правільна. Так загадвае закон.
— Чаму ж вы не засудзілі злачынцаў раней? Вы, кадзій і мула, — вось хто нясе адказнасць за тое, што вылюдкі ніяк не былі пакараныя.
Муфці не адказаў. Тады да вогнішча прабраўся суддзя і заявіў:
— Я наогул не чуў пра гэтую справу.
— Ну дык цяпер вы пра яе ведаеце. Злачынцы ва ўсім прызналіся.
Камарыдзін павярнуўся да сваіх джыгітаў і гучна прамовіў:
— Імем закону! Злачынцаў пакараць смерцю! Укрывальнікам злачынства — па пяцьдзесят бізуноў!
Натоўп з ухвалой зашумеў.