Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 3)
Адступаць было позна. Серж паклаў на руку печыва і падаў яго. Далікатныя, сухія, халаднаватыя губы слізганулі па далоні. Дзіўнай аброццю ўтаймоўвалі гэтага жарабца: пад падбародкам матляліся, выклікаючы знаёмы звон, мудрагелістыя нашараваныя цуглі, на шчоках бліскалі фігурныя бляхі... Прафесійнае Сержава вока нават пры скупым месячным святле ўмомант вызначыла бронзу.
Зрэшты, у паводзінах каня не было нічога казачнага;
Злізнуўшы адно печыва, ён стаў абмацваць губамі мяшочак, а калі Серж адняў руку, каб дастаць новую порцыю, нецярпліва застукаў нагой...
Далей Сержаў расказ стаў дзіўны і не вельмі складны. Сябра блытаўся, па некалькі разоў вяртаўся да аднаго і таго ж, змаўкаў, упарта гледзячы сабе пад ногі, і штохвілінна то задаваў мне пытанне: «Няўжо так з'язджаюць з глузду?», то маліў не лічыць яго вар'ятам, таму што «ўсё было так рэальна».
Здаецца, быў нейкі недаступны свядомасці імгненны пераход і ноч, поўная ўрачыстай цішыні канца лета, стала вільготным няяркім сакавіцкім днём. Шлёпалі капыты, распырскваючы калатушу бруднага снегу, хвацкія воклічы вершнікаў перакрывалі ржанне. Коўзаючыся і прысядаючы крыжамі, коні з апаскаю спускаліся па схіле. Кучаравыя даўгавухія воі, апранутыя ў скуру з грубымі жалезнымі пласцінамі, у простыя круглыя шлемы, з усяе сілы нацягвалі павады, і віселі каля сядла пунсовыя шчыты.
Белы жарабец гарцаваў перад Сержам. Конніца абыходзіла яго з двух бакоў. Але цяпер д'ябальскі конь быў асядланы, і на ім, боцікамі ўпіраючыся ў страмёны, сядзела маленькая жанчына-коннік з вялікімі вачыма.
Мяркуючы па ўсім, уражанне, зробленае ёю на майго сябра, было неверагоднае. Ён называў тую жанчыну «царыцаю», хоць яна была кімсьці накшталт камандзіра коннага атрада. Юны твар, круглы і шыракаскулы; лёгкі шрам, якому нос быў абавязаны сваім задраным кончыкам; неадкрытыя смаляныя валасы да лапатак — забаўка золкага ветру. У яркіх цёмна-карых вачах вясёлае шаленства, напышлівасць, гарэзлівасць. Гледзячы на ма ленькія і абветраныя рукі, якія ўладна трымалі павады, Серж падумаў, што вершніцы будзе радасна адным дакладным ударам разваліць плячук ворага. Яна выклікала страх і вабіла, як маланка. Зверху кальчугі — расхінутая безрукаўка з сівае воўчае шкуры, да бронзавага пояса прывешаны меч, які звужаўся па ўсёй даўжыні.
Жанчына кінула Сержу адну толькі фразу, кароткую і звонкую, нібы каманда. Ці то тыя словы былі ўсё-такі падобныя да расейскай мовы, ці то па іншай, толькі пазней угаданай прычыне, але ён зразумеў, што «царыца» паўжартам пагражае яму сваім гневам, калі падвядуць падковы... Потым яе ўвагу адцягнулі крыкі і рогат воінаў. Маладзенькі коннік з тонкай шыяй і недарэчна шырокімі пад бычынай скурай плячыма, амаль хлопчык, памыліўся і даў шэнкеля на слізкім схіле, замест таго каб асадзіць... Ірвануўшыся, конь паваліўся на калені, і юнак кулём вылецеў з сядла. Пакаціўся шлем, «царыца» фыркнула, нібы дзеўчанё. Воіны дражнілі юнака, клічучы па імені: «Усясвет, Усясвет!»
Потым жанчына, ужо не цікавячыся Сержам, абцасамі выцяла каня і стала спускацца разам з усімі, пагойдваючыся станам. Белабрысы Ўсясвет нязграбна паднімаўся, абціраў рукавом гразь з твару. Хтосьці, праязджаючы, торкнуў яго тупым канцом дзіды, і маладзён выцягнуўся дагары ізноў...
Апамятаўшыся пасля сустрэчы з «царыцаю», Серж выявіў, што і сам апрануты ў цесны сырамятны каптан з нагруднымі пласцінамі зверху шэрай палатнянай кашулі навыпуск, што за поясам у яго сякерка з доўгім вузкім лязом, на пальцы — бронзавы пярсцёнак, скураныя штаны ўвабраны ў мяккія боты накшталт каўказскіх.
Ужо не ўпершыню адчуваючы нядобрае ў гэтым расказе, я запытаўся ў яго: як выглядалі рукавы ў кашулі?
Ён задумаўся на імгненне і адказаў:
— Доўгія, з чырвонай вышыўкай — такі двайны радок каля запясця.
— А канцы, канцы рукавоў? Зашпільваліся?
— Не, суцэльныя, вельмі цесныя. Калі адзяеш альбо здымаеш, ледзь-ледзь кісць прасунеш.
Прызнацца, гэтая дэталь уразіла мяне больш, чым усе чары ў Сержавым расказе. Узнаўляючы вопратку жыхароў гарадзішча, якое належала да вялікай правабярэжнай культуры, мы біліся над шматлікімі пытаннямі, у тым ліку — пра зашпільку рукава. Мастакі, ілюстраваўшы нядаўна вялікі акадэмічны зборнік, стараліся «хаваць» запясці воінаў, найчасцей за шчытом... Толькі нядаўна выказалі найбольш абгрунтаванае меркаванне, што кашулю шылі з шырокім рукавом, які ўшываўся па руцэ воіна. Серж пра гэта ведаць не мог...
Я змоўчаў. Але, праўду кажучы, пачаў куды больш уважліва слухаць блытаную аповесць, часцей задаваць пытанні. Сам таго не ведаючы, Серж ператвараў кучу разрозненых археалагічных ведаў у гарманічную, стройную сістэму, адною без асаблівай увагі кінутаю дэталлю ён запаўняў прагалы, якія дзесяцігоддзямі мучылі навуковы свет. Мімаходам разбіў ён многія гіпотэзы, зноў-такі яму невядомыя, бо адкрытых публікацый не было. А паасобныя, у тым ліку — о радасць! — і мае, пацвердзіў. Марозам апякала мне спіну, як у Сержа ноччу ад звону аброці, калі ён пачынаў апісваць які-небудзь прадмет збруі, зброі, побыту, нават не ведаючы яго назвы, і пры гэтым выяўляў надзвычайную дакладнасць!
Карацей кажучы, пакуль Серж гаварыў, мае пытанні былі сур'ёзныя, а адказам я верыў і паміж волі прыкідваў, якую буру могуць выклікаць некаторыя адкрыцці...
З'ехаўшы з узгорка, воіны пускалі коней у галоп. З гучным гоманам і посвістам імчаліся па мокрай, раз'езджанай капытамі раўніне. Лебядзінымі крыламі ўскідваючы грыву, наводшыбе ад гнядых і буланых слаўся белы гіпагрыф, у думках празваны Сержам «Машынай часу». Можна было разабраць, як кучаравяцца чорныя валасы маленькай амазонкі і сонца ўспыхвае на яе поясе...
Правёўшы яе вачыма да голага, чорнага, як на гравюры, лесу, дзе ў далёкай будучыні ўзнікне сяло Х..., Серж адвярнуўся і ўпэўнена пайшоў да брамы. Яшчэ колькі крокаў, і ён убачыў скучаны, як чараду куранятаў пад крылом у квахтухі, дымны горад. Дыміла зборышча двухсхільных дахаў, якія раслі проста з зямлі. У велізарнай калюжыне пэцкаліся дзеці, ухутаная баба цягнула вядро з калодзежа. На тым канцы сяла палілі салому ў яме — мабыць, дзеля ганчарскіх патрэб. Серж знайшоў вачамі сваю хату і ўспомніў, што абяцаў малодшым братам засекчы сёння пеўня. Што ж, ён быў кавалём і ювелірам, і яго прызначылі ў конніцу рэзерву на той выпадак, калі атрад будзе разбіты і давядзецца абараняць падыходы да гарадзішча.
Мне здалося, што я нечага не ўлавіў. Серж растлумачыў, што, пачынаючы з моманту, калі ён абмацаў на сабе скураны даспех, ён несупынна адчуваў нейкае раздваенне свядомасці. Прычым асоба Сяргея Іўчанкі, металафізіка XX стагоддзя, саступіла ў цень, толькі кантралюючы душу архаічнага славяніна — маладога каваля і карміцеля шматдзетнай сям'і, да самазабыцця закаханага ў «царыцу». Бадай, менавіта бяздзейнасць асабістых пачуццяў зберагла ў першыя часы майго сябра ад жаху перад адлегласцю ў шмат стагоддзяў паміж жыццём цяперашнім і мінулым...
Такім чынам, чалавек з двайною свядомасцю, расплюхваючы ботамі дарожную гразь, увайшоў у агароджу з масіўных завостраных калодаў. На круглым цэнтральным насыпе тырчалі нязграбна вычасаныя, рознай вышыні куміры, быццам сям'я апенькаў на пні: зубы ўстаўлены сапраўдныя, мядзведжыя, вочы абведзены кругамі вохры.
Брама ахоўвалася. Серж (ён бо каваль) перакінуўся салёным жартам з вартавымі. Розум кантраляваў майго сябра, але ўлоўліваў, аднак, не столькі мову, колькі агульны сэнс і настрой.
Здаецца, што шустры воін рэзерву ледзь не да захаду сонца жлукціў са збана хмельнае піва пад павеццю, заядаў хлебам з часнаком, гуляў з таварышамі ў косці ды бегаў да агароджы па малой патрэбе, бо піва было выпіта вельмі многа. (Як я і меркаваў, гулялі на іншаземныя срэбныя манеты.) Маладзейшыя воіны гарачыліся, хапалі адзін аднаго загрудкі; старэйшыя, час ад часу выціскаючы хмель з доўгіх вусоў, трымаліся спакойна і разважліва, нават калі прайгравалі. З іх пахвальбы ў застоллі Серж зразумеў, што каваль ужо не раз панюхаў крыві дзёрзкіх качэўнікаў: сякерай выбіваў іх з сядла, калоў кінжалам, стрэламі тапіў плыўцоў. Дачакаліся вясны, зноў набеглі — дык што ж, павесялімся як мае быць...
Урэшце, бойку пачалі менавіта старэйшыя.
Руды рымар абвінаваціў паважнага хлебапёка ў махлярстве і запусціў у яго ігральныя косці. Хлебапёк няспешна адціснуў піва з доўгіх вусоў — і раптам каршуном кінуўся на крыўдзіцеля. Абодва пакаціліся па земляной падлозе. У гэты момант з дзікім крыкам на ўпараным кані падляцеў вястун...
Прыйшла Сержава чарга спускацца на рослым гнядым жарабцы па слізкім схіле, левай рукой з наматанымі павадамі трымаючы дзяржальна чырвонага шчыта, праваю сутаргава сціскаючы тапарышча.
Вір конскіх і людскіх цел, уздымаючы пырскі снежнай калатушы, кіпеў на раўніне, але няўхільна перасоўваўся да ўзгоркаў. Гняды Сержаў конь сам прыбавіў хады. Плясканне соцень капытоў, істэрычнае ржанне сталі аглушальнымі. Мільгацелі чырвоныя плямы шчытоў. Абаронцы гарадзішча маўчалі і толькі рэзка хакалі, выкідваючы паветра пры ўдары, — затое стэпавікі, якія адцяснялі невялікі атрад, стараліся запалохаць яго, шалёна равучы.
Гэты страшны вір разбіўся на асобныя паядынкі. Напэўна, нервы ў Сержа як у гараджаніна атамнай эпохі не вытрымалі б віхравага наскоку двух віскучых малайцоў са старэчымі тварамі тытунёвага колеру, абвешаных лісінымі хвастамі. Але Серж-каваль, п'яны ад крыважэрнага азарту, падняў гнядога на дыбкі, і той сваёй масай паваліў прысадзістага стэпавага коніка... Штосьці захрабусцела і правалілася пад капытамі... Правым повадам ён завярнуў каня на месцы і паспеў шчытом адбіць шаблю другога праціўніка.