реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 2)

18

Гэта ў мяне атрымалася. Іра і Серж былі выдатныя хадакі...

Тады быў чэрвень. А на зыходзе жніўня, у панядзелак, Серж выклікаў мяне з інстытута і прывёў на самую зацішную лаўку ў бліжэйшым парку. Серж не ўмеў ні прыкідвацца, ні гаварыць на нейтральныя тэмы, перш чым падысці да галоўнай. Таму ён проста глядзеў на наскі туфляў, маўчаў і ламаў у пальцах пруток. Я пачакаў і невінавата запытаўся, ці не пакахаў Серж, скажам, маю жонку і ці не хоча ён у гэтым прызнацца. Потым я запэўніў яго, што трымаюся самых перадавых поглядаў і, калі ў яго са Светаю ўсё дагаворана, я перашкаджаць не буду.

Але Серж узняў на мяне бездапаможныя дакорлівыя вочы, і я, убачыўшы цёмныя паўмесяцы пад імі, зразумеў, што жарты не да месца.

— У мяне да цябе дзве просьбы.

— Адразу дзве? Ого! — не здолеў усё-такі ўстрымацца я.

— Ага, адразу дзве. Урэшце, калі ты не хочаш, я магу...

— Хачу, хачу! Лічы, што я іх ужо выканаў. Толькі кажы хутчэй, у чым праблема.

— Тады, першае, нічога не расказвай Ірцы. Другое, не перапыняй мяне і не старайся растлумачыць, не даслухаўшы да канца. І ўвогуле, не спяшайся з высновамі. Добра?

Я абяцаў, заінтрыгаваны такім пачаткам. Серж адшпурнуў паламаны пруток — гэты жэст здаўся мне істэрычным — і раптам спытаўся з такой дрыготкай у голасе, быццам ад майго адказу залежала ўсё яго жыццё:

— Як ты думаеш, толькі папраўдзе — ці здольны я на рашучыя ўчынкі? Альбо пан, альбо прапаў...

Кажучы па праўдзе, я думаў, што Серж не здольны.

Ён заўсёды лічыў у глыбіні душы, што ўвесь свет, як мама, усё даруе, варта толькі сказаць: «Больш не буду».

Ва ўсякім разе, адзінаццаць гадоў нашага знаёмства не давалі падставы лічыць Сержа чалавекам дзеяння, тым больш на ўзроўні «альбо пан, альбо прапаў». Акрамя таго, ён хваравіта высока цаніў сваё жыццё...

— Не ведаю. Думаю, што здольны, — сказаў я. — Магчыма, проста не трапляўся выпадак.

Мусіць, нават мая бойкая хлусня яго не падбадзёрыла. Серж цяжка ўздыхнуў і пачаў спавядацца.

Аказваецца, учора яны з Ірай самі паўтарылі той шлях, якім я правёў іх у чэрвені. Там, дзе крутым зрэзам быў зведзены ў даліну старажытны вал, яны збіралі каля каранёў па пасадках моцныя круглякі-порхаўкі. Праз тыдзень у грыбах быў бы ўжо ржавы пыл, а тады яны былі яшчэ сама раз — «на смак — быццам трасковая пячонка», як аўтарытэтна заявіла Іра.

Сама ж даліна, глыбокая, серпападобная, выклікала ў іх проста-такі дзіцячае захапленне багаццем палявых шампіньёнаў. У нас, тутэйшых, яны называюцца «пячэрыцы». Шампіньёнаў не трэба было шукаць. Белымі агеньчыкамі ззялі яны ў нізкай траве, прыметныя нават з процілеглага схілу.

На жаль, у сумцы быў толькі адзін нож на дваіх, а рваць з коранем вопытная Іра не дазваляла, каб не загубіць грыбніцу. Таму збор вельмі запаволіўся. Вымушаныя рухацца разам, яны амаль дзве гадзіны хадзілі па схілах, адразаючы гладкія, як гумавыя цацкі, грыбы. Зверху да даліны збягалі карчакаватыя яблыні, жоўтыя плады ўжо гарэлі на іх, і здавалася дзіўным, што няма аховы. Не маючы сілы перамагчы спякоту, павіслі асавелыя яблыкі. Даліна, быццам запоўненая нябачнай стаячай вадой, замерла ў сонным змярцвенні.

Менавіта тут Ірына ўпершыню выказалася пра фізічныя ўласцівасці часу: пра тое, што час, паводле сваіх таямнічых законаў, можа паводзіць сябе, як адчувальная субстанцыя. Хто ведае, ці не ўтварае ён на самай справе нерухомыя ставы ў адных месцах, ці не імчыцца шалёным патокам у іншых. Прасторавая структура часу. Турбуленцыя, віхуры, узаемапранікаючыя слаі — верагодна, недзе ёсць і адваротныя плыні, адбітыя ад якіх-небудзь запруд... Чаму мы лічым час нейкім сумным бесструктурным маналітам?

— Можа быць, узімку ляжыць снег, а тут усё так жа горача і растуць шампіньёны, — пажартаваў Серж, між іншым, з адчуваннем таго, што жарт няпросты, з падвойным дном.

— Так, так, і на мяжы зімы ходзіць анёл з вогненным мячом, — падхапіла Ірына, не адчуўшы другога дна.

...Грыбная ліхаманка досыць затрымала іх у дарозе. Захопленыя, яны проста забыліся, што канец жніўня — не чэрвень: сонца заходзіць значна раней.

Ззаду засталося бураковае поле. Яны заблудзіліся ў доўгіх, пераблытаных вуліцах сяла, сярод дыхтоўных хат пад шыферам і хлявоў, крытых замшэлым толем. Ім прыязна паказалі дарогу. За сялом Серж выцягнуў з калодзежа вядро вады, такой ядрана свежай, што нібы ў мароз ламала зубы. Напіўшыся, ён папрасіў жонку абліць яго і зняў дзеля гэтага кашулю...

Так, спяшаючыся, але не адмаўляючы сабе ні ў якім уражанні, яны наблізіліся да мэты — грады крутабокіх узгоркаў. Маленькія сельскія могілкі прытуліліся на самай нізкай з гэтых страшэнных спін, а самую высокую ўвенчвала арлінае гняздо — дзяцінец гарадзішча, падобны на Манамахаву шапку. Гэты «куліч», акружаны кальцавым валам, я ўпершыню паказаў Іры і Сержу здалёк, ад грэбеня даліны шампіньёнаў. Ён відзён на дзесяткі вёрст. Цяпер, аплыўшы пад цяжарам шматлікіх стагоддзяў, дзяцінец насоўваўся ў адвячоркавай смузе, ахоплены чарамі і вядзьмарствам, — падножжа воблачнага горада, рэрыхаўская цвярдыня, здольная прымусіць трымцець любую рацыянальную душу.

Калі яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулі седлавіны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страціла аб'ём і сілуэтам прыклеілася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мімаходам зірнуў на гадзіннік і ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзіны.

— Ну і што? — сказала Іра. — Апошні аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.

— Давай вернемся, — скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасіў Серж. — У цемнаце тут вельмі проста ногі зломіш. Акрамя таго, вадзіцель аўтобуса наўрад ці дакладна трымаецца раскладу. Можа і раней паехаць.

— А можа і пазней.

— Гэта наўрад, ехаць няма каму — нядзеля... «Нядзеля» — раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кішэню гімнасцёркі, дастаў блакнот і прачытаў запісаны сваёю рукою графік руху аўтобуса: «Адпраўленне з сяла X... — 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. і святы — апошні 19.30». У яго неяк адразу аслаблі навярэджаныя ногі. Сеў у траву.

Вядома, яны маглі спусціцца і зусім спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянін з задавальненнем пусціў бы іх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага і сытнага хлеба... І ў выніку спакойнай ночы на тоўстых утульных сенніках, мы з Сержам яшчэ незлічоную колькасць гадоў сустракаліся б і гутарылі аб узвышаным і адцягненым. Але Іры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткія і цвёрдыя рашэнні.

— Не дрэйфі, стары. Няма ліха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!

— Проста тут?

— Ага! Я стамілася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзікі?

— Вось іменна, я не ведаю, якое гэта месца...

Ірына з размаху села ў траву і пастукала далонню па зямлі:

— Даставай падсцілку. Ну? Да раніцы зямля будзе халодная і мокрая...

Тут Серж перапыніў свой расказ, каб патэтычна ўсклікнуць, хапаючы мяне за руку.

— І я ж усім нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такі застаўся! Ну, ці не баба я? Апошняя баба!

Ірына заснула першая, моцна абняўшы мужа і прыціснуўшыся да яго ўсім целам. Яе цёплае дыханне, рытмічна дакранаючыся да Сержавай шчакі, паступова заваражыла яго...

Ён прачнуўся ад рэзкага холаду. Ірына варочалася ў сне, адкацілася і ляжала цяпер, скруціўшыся абаранкам, калені да падбародка, напалову па-за падсцілкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзіць, перацягнуць яе назад. І раптам пачуў ціхае металічнае пабразгванне. «Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў».

Трывога, якую не развеяў і сон, прымусіла яго замерці на месцы. Маладзіковая ноч разгарнулася над вышынямі ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькі па адсутнасці зораў можна было пазнаць шапку гарадзішча. Серж падняўся на калені, потым устаў.

Унізе, на раўніне без агнёў, пазнаваліся толькі светлыя плямы сажалак, дарога і многа далей, за масівамі чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялілася Іра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбіраўся па схіле, цмокаючы і брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусіўшы костачкі рукі.

Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокі белы конь, напружыўшы мышцы лапатак і дужай шыі. Конская галава ківалася пры кожным кроку, падкрэсліваючы, якіх намаганняў каштуе яму пад'ём.

Як і ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку ці кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нічога лепшага, як памахаць рукою, свіснуць і прахрыпець тэатральным шэптам:

— Гэй, ты! Хадзі сюды!..

На здзіўленне, конь спыніўся і натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.

— Зараз, галубок, зараз, мілы, — замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Ірынай нагі, стаў ліхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Ірынай наеліся булкі з сочывам і таму праігнаравалі мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.

Серж абышоў Іру, якая спала, і з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкім супакойлівым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.

Як толькі ён наблізіўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё — небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскія працоўныя канякі гэтак не глядзеліся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымі ноздрамі, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамітных вейкаў даўганогі месячна-белы конь, варты Георгія Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалі, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбіваўся пышны, аж да зямлі, снежны хвост. Шыя над магутнымі грудзьмі, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя і казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, і велічэзная шаўкавістая грыва, узвіхрыўшыся, застыла на імгненне, як пры запаволенай кінапраекцыі. У непраглядных вачах адбіліся два маладзікі, надаўшы яго погляду выраз дзікай неўтаймоўнай волі.