Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 13)
І, зрабіўшы ход, гросмайстар ляпнуў далонню па кнопцы.
Белыя адказалі хутка, і толькі тут ён заўважыў, што праціўнік не вядзе запісу партый. Парушэнне правілаў! Але гэты хлопец сам па сабе — суцэльнае парушэнне. «Зараз паклічу суддзю, — падумаў Опелс, — няхай мазгі яму ўставіць. Адчувае, пэўна, што трапіць у цэйтнот, час хоча зберагчы». Ён выразна паглядзеў саперніку ў вочы. Той нават не зварухнуўся. Клікаць суддзю не хацелася, заварожвала блізкасць лёгкай перамогі... «А вось вазьму і рызыкну, і згуляю гамбіт, — капрызна падумаў ён. — Ведае, відаць, што я не гуляю гамбітаў. Вывучыў, пэўна, усе мае партыі па часопісах, усе да адзінай. А я вазьму і згуляю. І што ты мне зробіш?»
— Гамбіт, — раптам праскрыпеў Лопес.
Гросмайстар адчуў, як дранцвеюць скулы. Перахапіла дыханне...
— Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе...
Опелс паспрабаваў усміхнуцца. Вусны не слухаліся. Лопес цадзіў словы:
— Рукапіс знайшоў я. У гарах, у руінах замка. Трактат пра шахматную гульню. Не, вы не чулі пра гамбіт Уэска! Што ж, сёння апошні раз... Гэта пачатак шахматнай гульні, яе патаемны сэнс, Песня песняў... На турніры ў Ла-Карунье, на апошнім турніры, я сустракаўся з Вальядалідам. Касцільскі ідальга, адважны і горды. фанабэрысты і недаступны. За дошкай яму не было роўных. Там, дзе звычайны чалавек бачыў на пяць хадоў наперад, ён бачыў на дзесяць. Ён ніколі не памыляўся, і, як пры каралеўскім двары, кожная фігура ведала ў яго сваё месца. Ніхто не мог адолець Вальядаліда. Яго ўлюбёным афарызмам быў: «Шахматы — гэта я!» І вось... — голас у Лопеса задрыжаў. — У рукапісе, чорным па белым, было напісана: «Гамбіт Уэска дае перамогу не пазней трыццатага ходу. Маэстра, чыя гульня не ведае смерці, як рука мастака, пад страхам жахлівага пакарання, якое чакае ўвесь род яго да сёмага калена, не павінен ужываць гэты гамбіт двойчы». І далей: «Нейкі вандроўны манах, які ўжыў гэты гамбіт два разы, акамянеў за дошкаю з выразам бязмежнай тугі на твары, а жанчына, якая мела неасцярожнасць падзяліцца сваімі ведамі з двума сынамі, хоць і не была цяжарная, нарадзіла двухгаловае ягня». — Ён памаўчаў. — Я ўжыў гэты гамбіт у партыі супроць Вальядаліда — першы і адзіны раз. І ён прайграў мне, хоць толькі на трыццаць трэцім ходзе. Вось які моцны быў гэты шахматыст! У прамежку паміж трыццатым і трыццаць трэцім ходам дзень ператварыўся ў ноч, а лета — у зіму, дзесяціметровыя хвалі абрынуліся на Ла-Карунье... Не перажыўшы паражэння, маэстра Вальядалід пасля гэтай партыі пакінуў шахматы, а можа, шахматы пакінулі яго — і скончыў сваё жыццё пустэльнікам Панферадскага манастыра.
Лопес змоўк.
Гросмайстар зрабіў наступны ход і дрыжачаю рукою ўціснуў у корпус гадзінніка пякуча халодную кнопку. Па спіне беглі мурашкі. «Ну і нагаварыў... і ўсё за кошт майго часу... Што са мною? Чаго я спужаўся? Самая звычайная псіхалагічная апрацоўка, не болей. Адзін абкурвае праціўніка смярдзючаю люлькаю, другі гіпнатызуе магнетычным позіркам, а Фішэр наогул... Эх, Лопес, Лопес... Сысунок ты ўсё ж, калі думаеш узяць мяне на абардаж сваімі байкамі».
Ён падняўся з-за дошкі і падышоў да акна. Скуголіў вецер; на тратуары, быццам абломак самалёта пасля катастрофы, ляжаў кавалак даху, сарваны з нейкага дома. Ён не мог разглядзець у шкле свайго твару. Дзіўна, але там быў відаць худы Лопесаў твар. Анфас, а не ў профіль!
Пачулася пстрычка, і гросмайстар паспяшаўся да стала. Нічога асаблівага не здарылася. Нармальны, нічым не адметны ход.
Здавалася б, гульня ўжо ўвайшла ў звычайнае рэчышча. Лопес, не ўнікаючы ў пазіцыю, развіваў фігуры, кароль яго застаўся ў цэнтры дошкі. Ракіраваўшы ў кароткі бок, Опелс планаваў наступленне на белага ўладара, рыхтуючыся ўвесці ў бойку ладдзі на лініі «с». Руціна, вядома. Хай гэты казачнік вызначыць месца свайму каралю. У такіх пазіцыях звычайна ракіруюць у доўгі бок.
І вось яно: белы манарх апынуўся на ферзевым флангу. Не задумваючыся (усё даўно ўжо абдумана, шахматы — гульня старажытная), Опелс прасунуў на два полі пешку «с». Далейшае зразумела. Выгадна размясціўшы ферзя, чорныя рухаюць пешку на поле, двойчы абароненае белымі. Лопес возьме пешку канём. Чорныя здвояць ладдзі і пасля вымушанага адказу белых ахвяруюць (чуеце? — ахвяруюць!) якасць. І кароль белых аголены. З гэтай лазні яму ўжо не выбрацца.
Праз два ходы белыя схадзілі не так, як меркаваў Опелс. Што за вычварны план! Ох, маладосць, маладосць... Ані не прызнае свайго паражэння адразу... Ну, добра, пасупраціўляўся б некалькі хадоў для прыліку... дык не — бяжыць каралём праз цэнтр з ферзевага фланга на каралеўскі. Фантамас!.. Зрэшты, мы можам гуляць і тут, пешкі ўжо напагатове. Так. Лічым... Ён — туды, я — сюды. Шах пешкай. Лопес вымушаны браць каралём, а пасля шаху ладдзёй яму пара ўжо складваць бабкі. Лічым яшчэ раз... Возьме маю пешку сваёю? Нельга — чорны ферзь схопіць абедзве ладдзі, і песенька будзе спета. Песня песняў...
А?! Лопес узяў пешкаю і аддаў ладдзі? Слабавата, слабавата мы гуляем. Колькі хадоў зроблена? Дваццаць пяць...Яшчэ пяток, і вы мусіце распісацца на маім бланку. Шкада крыху — па сутнасці, даволі сімпатычны хлопец...
Хто асвятляе турнір у друку? Падрабязныя справаздачы будуць у «Спорце». Што-небудзь накшталт такога: «Пасля першых ходаў майстар Лопес трапіў у жалезныя абцугі стратэгічных разлікаў гросмайстра Аляксандра Опелса. Белыя павольна пякліся на пазіцыйным агні. Кампазіцыя блакады няўмольна замыкалася. Праз дваццаць пяць ходаў пазіцыя белага караля затрашчала па ўсіх швах. Некалькі эфектных удараў — і А. Опелс адкрыў свой бягучы лік на турніры пераканаўчаю перамогаю...»
У паветры мільганулі карункі. Тонкія пальцы падкапілі белага слана. «Рука мастака». Лопес пабіў неабароненаю фігураю двойчы абароненую пешку чорных.
Пстрыкнула кнопка. Над дошкаю бліснула маланка. Перад вачыма паплыў бялявы туман, які акрываў клеткі праціўніка. Опелс бачыў толькі белыя і чорныя клеткі.Ён яшчэ не зразумеў, але дзесьці ў глыбінях розуму ўжо мацнела думка: здарылася непапраўнае. Ён беспамылкова адчуў — вопыт! — сітуацыя рэзка змянілася.
Нюх, інтуіцыя... Няўжо гэта існуе? І ўсе гэтыя інтуітыўныя ахвяры... гэта гульня не па разліку...
«Спакойна! — загадаў сабе Опелс і паспрабаваў сабрацца з думкамі. — Значыцца, так... Калі белыя цяпер зробяць ход пешкаю, пара здавацца. Адразу ці потым — не мае значэння. Асёл! Не заўважыць такой тонкай штучкі... А што, калі Лопесаў ход — звычайная выпадковасць? Трапіла сляпой курыцы ячменнае зярнятка? Тады — не даць яму адчуць, што чорныя ў паніцы».
Гросмайстар фыркнуў, нядбайна зняў з дошкі белага слана, адкінуўшы яго ўбок, і з палёгкаю ўздыхнуў, быццам скончыў цяжкую працу.
Туман разышоўся. Цяпер ён дакладна бачыў праціўніка — у ідыёцкай камізэльцы, берэце, жабо, манжэтах. Лопес не спяшаўся. Ён пакручваў бародку.
Вось якога колеру яго вочы — сталёвыя, як навальнічная хмара. Але ён не спяшаецца! Ах ты, госпадзі, толькі б незнарок не падказаць яму гэты пракляты ход... Пайсці, пайсці адразу ж!
Але ледзьве ён прыўзняўся з крэсла, як над дошкаю зноў навісла рука ў карункавым манжэце. Лопес дакрануўся да пешкі, што вырашала лёс партыі.
Гросмайстар злавіў сябе на тым, што пухлымі пальцамі пакручвае бародку, якой не было. Быццам спёкшыся, ён адвёў руку.
Канец! Напружанне саступіла месца поўнай апатыі. Спяшацца больш няма куды. Цэйтнот? Звычайна ён не апынаўся ў цэйтноце, а тымі, хто пакутаваў ад недахопу часу, пагарджаў. У цэйтнот траплялі тыя, каго можна застаць знянацку.
Та-ак, белы конь і ферзь падступаюць да чорнага караля. А чорны ферзь адрэзаны ад свайго манарха — аб'еўшыся ладдзямі, мірна адпачывае на другім канцы поля. І ніводнага шаха!
Ход белых. Ход чорных.
Усё правільна. Фарсіраваны пройгрыш.
Няўжо Лопес усё разлічыў, яшчэ калі перакідваў караля з фланга на фланг? Ды не! Гэтага ён не мог, хадоў пятнаццаць было, тут і электронная машына лопне.
Ход белых. Ход чорных.
Правільна. Шахматы — гульня жорсткая. Опелс засвоіў гэта з юнацкіх гадоў, калі яшчэ працаваў у глухой правінцыі, у заштатным гарадку. Быў там такі дзядзька Альфонс. Што ні дзень. нягледзячы на наавор'е, ён гуляў з адвакатам Пумпішам. Кожны ход даваў дзядзьку Альфонсу нявыказаную асалоду. Вылупліваючы свае ясныя дзіцячыя вочы, ён прыгаворваў: «Вось гэта хітра! Вось гэта нумар! Ох і жук жа ты галандскі, Пумпіш, ох і жук!» Пумпіш клаў выйгрыш у скураны кашалёк. «Сяброўства сяброўствам, а грошыкам лік, — тлумачыў ён. — Табе гэта, можа, мастацтва, а мне — жорсткі шах-мат».
Ход белых. Ход чорных.
У ім нарастала злосць. Ён разумеў, што прайграе першы, раней за яго ў гэтым турніры ніхто не паспее прайграць. Стрэмка ў самае сэрца! «Адкрыў свой лік... з нуля».
Ход белых...
Стой. Крыху пачакай. Бач, наляцеў. Быццам ураган. Табе яшчэ давядзецца выслухаць, Лопес, што я скажу пасля гэтай партыі. «Калі б вы, малады чалавек, — скажу я табе, — гулялі па ўсіх правілах і паводзілі сябе як мае быць, вы б ніколі не выйгралі...»
— Усё, пара яму злазіць з даху... Конь цэ-чатыры дэ-шэсць шах!
— Конь... як-як?
— Ферзь е-пяць эф-шэсць шах!
— Капцы гросу!
Дзе суддзя? Няўжо нельга заклікаць да парадку гэтых аматараў!.. Куды мы коцімся, я ў вас пытаюся?
Ён не зрабіў апошняга ходу. Падпёршы шчаку рукою, гросмайстар сядзеў нерухома, збоку магло здацца, што ён складае задачу «мат у два ходы» для шахматнага гуртка нейкага часопіса.