Ги Мопассан – Навелы (страница 62)
17 жніўня. — Ах, якая ноч! Якая ноч! Мне здаецца, я магу парадавацца — я чытаў аж да першай гадзіны ночы! Гэрман Гэрэстаўс, доктар філасофіі і тэагоніі, апісаў гісторыю і праявы дзейнасці ўсіх нябачных істот, якія блукаюць наўкола наяве ці ў марах. Ён апісвае іх паходжанне, іх уладанні, іх магутнасць. Але ніводная з іх не падобная да таго, хто не дае мне жыць. Здаецца, у чалавека з таго часу, як ён навучыўся думаць, нарадзілася прадчуванне і страх перад новай істотай, дужэйшай за яго, якая станецца яго спадкаемцам на гэтым свеце. Адчуваючы набліжэнне гэтае істоты, але не могучы прадбачыць яе прыроды, чалавек стварыў пад уплывам страху таямнічы свет фантастычных істотаў, няясных зданяў, спароджаных жахам.
І вось, скончыўшы чытаць а першай гадзіне ўначы, я сеў каля адчыненага акна, каб асвяжыць твар і думкі пад ціхім ветрыкам, што дзьмуў з начной цемры.
Было цёпла і ціха! Як бы я радаваўся гэткай ночы ў ранейшыя часы!
Месяца не было. У глыбіні чорнага неба дрыготка зіхацелі зоркі. Хто на іх жыве? Якія там краявіды, жывыя істоты, жывёлы, расліны? Ці ведаюць жыхары тых далёкіх сусветаў больш за нас? Ці могуць яны тое, што мы не можам? Ці бачаць яны нешта такое, пра што мы не ведаем? Можа, калі-небудзь хтосьці з іх праляціць праз космас, высадзіцца на нашай Зямлі і заваюе яе, як некалі нарманы пераплылі праз мора і заняволілі слабейшыя за іх народы.
Мы такія слабыя, бяззбройныя, недасведчаныя і маленькія на нашай планеце, на гэтым зярнятку бруду, разведзеным у кропельцы вады.
З гэткімі думкамі я і заснуў пад свежым начным ветрыкам.
Аднак, паспаўшы хвілін сорак, я расплюшчыў вочы. Нейкае невядомае, няяснае і незвычайнае пачуццё абудзіла мяне. Спачатку я нічога не ўбачыў, пасля мне раптам здалося, што ў кнізе, што засталася разгорнутая на стале, сама па сабе перагарнулася старонка. Я здзівіўся і стаў чакаць. Хвіліны праз чатыры я ўбачыў на свае вочы, як наступная старонка паднялася і адкінулася на папярэднюю, нібы перагорнутая нябачным пальцам. Мой фатэль быў пусты ці здаваўся пустым. Але я зразумеў, што ЁН быў там, сядзеў у маім фатэлі і чытаў. Адным шалёным скачком, як скача раз'юшаны звер, кідаючыся на свайго ўтаймавальніка, я пераскочыў праз увесь пакой, каб схапіць яго, задушыць, забіць!.. Але калі я ўжо быў побач з фатэлем, ён раптам упаў, быццам нехта ўцёк у мяне з-пад носа... Стол пахіснуўся, лямпа ўпала і патухла. Акно раптам зачынілася, быццам нейкі злачынец скокнуў у ноч, бразнуўшы аканіцамі.
Значыць, ён уцёк, ён спалохаўся мяне! Дык... тады... заўтра ці калі-небудзь я здолею схапіць яго і задушыць! Ці ж часам сабакі не кусаюць і не душаць сваіх гаспадароў?
18 жніўня. — Я марыў увесь дзень. Добра, я буду яго слухацца, падпарадкоўвацца яго загадам, выконваць усе яго жаданні, прыніжацца, паддавацца, выдыгаць перад ім. Ён мацнейшы. Але прыйдзе час...
19 жніўня. — Я ведаю... ведаю... я ўсё ведаю! Толькі што я прачытаў наступнае ў «Аглядзе навуковага свету»:
«З Рыо-дэ-Жанейра нам даслалі даволі цікавае паведамленне. Шаленства, нават цэлая эпідэмія шаленства, якую можна параўнаць з тымі хвалямі ўсеагульнага шаленства, што ў сярэднявеччы абрыналіся на эўрапейскія народы, лютуе цяпер у правінцыі Сан-Паўла. Людзі ў роспачы пакідаюць жытло, сходзяць з вёсак, развітваюцца са сваімі палямі. Яны кажуць, што за імі гоняцца, валодаюць імі, кіруюць, нібы жывёлай, нейкія нябачныя, але адчувальныя на дотык істоты, нейкія вампіры, што патроху адбіраюць у людзей жыццё, пакуль тыя спяць. Апроч гэтага яны п'юць ваду і малако і, здаецца, не цікавяцца ніякай іншай ежай.
Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з ім некаторыя іншыя вучоныя-медыкі, накіраваўся ў правінцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны і праявы гэтага дзіўнага шаленства і прапанаваць імператару захады, якія, на думку прафесара, дапамаглі б заклікаць да развагі насельніцтва, ахопленае хваробай».
А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразільскі трохмачтавік, што праплыў 8 траўня міма маіх вокнаў, паднімаючыся на Сене! Ён здаўся мне такім прыгожым, такім белым, такім вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явіўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом і скочыў з карабля на бераг. О, Божа!
Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.
Ён прыйшоў, Той, каго баяліся старажытныя людзі, Той, каго закліналі неспакойныя святары, каго цёмнымі начамі выклікалі ведзьмакі, ніколі яго не бачачы. Той, каму фантазія часовых гаспадароў Зямлі надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, геніяў, феяў, дамавікоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлівыя людзі ўяўлялі яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, і ўжо дзесяць гадоў таму медыкі дакладна вызначылі прыроду яго магутнасці, перш чым ён сам яе выявіў. Яны гулялі са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнічай волі над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалі гэта магнетызмам, гіпнатызмам, сугестыяй... ці як там. Я бачыў, як яны забаўляліся, нібы неасцярожныя дзеці, з гэтай страшнай сілай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё імя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!
О, гора! Каршун упаляваў голуба, воўк з'еў авечку, леў зжор вастрарогага буйвала, чалавек забіў льва стралою, мячом, порахам. Але чалавек зробіцца Тамтэю тым, чым зрабіліся нам конь ці бык: яго майном, яго служкам і яго жыўленнем, праз магутнасць яго волі. Гора нам!
Аднак часам звер паўстае і забівае свайго ўтаймавальніка... я таксама хачу... я здолею... Але трэба яго зведаць, убачыць, дакрануцца да яго! Вучоныя кажуць, што вочы жывёл, рознячыся ад нашых сваёй будовай, бачаць усё інакш... А мае вочы не могуць убачыць гэтага новага прыхадня, што мяне прыгнятае...
Чаму? О, цяпер мне згадваюцца словы манаха з гары Сэн-Мішэль: Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя слупы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!
Я яшчэ думаў: мой зрок такі слабы, такі недасканалы, што зусім не ўспрымае цвёрдых рэчываў, калі яны празрыстыя, як шкло!.. Калі на маім шляху будзе стаяць вялікая шыбіна, я дамся аб яе, як птушка, што заляцела ў пакой і б'ецца галавой у шыбы. Дый колькі яшчэ ўсяго, што падманвае наш зрок, збівае з тропу. Ці ж дзіва, што я не магу заўважыць нейкае новае цела, праз якое свабодна праходзіць святло.
Новая істота! А чаму не? Яна абавязкова павінна была прыйсці! Не мы ж апошнія на Зямлі! Мы не заўважаем гэтай істоты, як не заўважалі яе і тыя, хто жыў да нас. Справа ў тым, што яе прырода больш дасканалая, яе цела больш складанае і далікатнае, чым нашае, такое слабое, так нязграбна створанае, абцяжаранае органамі, якія заўсёды стамляюцца, заўсёды хібяць, заўсёды псуюцца, як старыя рысоры. Наша цела жыве, як расліна, як жывёла, яно з цяжкасцю жывіцца паветрам, травой, мясам, яно — жывы механізм, падуладны хваробам, нявечанням, гніенню, дрэнна адладжаны, наіўны і дзіўны, ненатуральна няўдалы. Наш арганізм — нязграбнае вытанчанае стварэнне, чарнавы эскіз нейкай разумнейшай і дасканалай істоты.
Нас так мала на гэтым свеце, пачынаючы ад вустрыцы і канчаючы чалавекам. Дык чаму не можа з'явіцца яшчэ адна істота, калі прайшоў час, дастатковы для з'яўлення новага віду?
Чаму ж не можа з'явіцца яшчэ адна істота? Чаму ж не могуць з'явіцца новыя, зусім іншыя дрэвы з вялізнымі кветкамі, якія б ззялі і поўнілі пахам цэлыя краіны? Чаму б не з'явіцца новым рэчывам апроч агню, паветра, зямлі і вады? Іх чатыры, усяго толькі чатыры, гэтых жыццядайных пачаткаў усяго існага! Як шкада, што іх не сорак, не чатырыста, не чатыры тысячы! Якое ўсё навокал беднае, нікчэмнае, убогае, скупа дадзенае, абыякава прыдуманае, з цяжкасцю зробленае! Во — слон, гіпапатам — якая грацыя! Вярблюд — якая элегантнасць!
Вы спытаецеся: а матылёк? Жывая кветка, якая лётае. Але я ўяўляю матылька велічынёй з сотню сусветаў, з крыламі, што я не магу нават выказаць іх формы, прыгажосці, колеру, руху. Але я яго бачу... ён лётае між зорак, агортваючы іх свежасцю і духмянасцю. А людзі там, угары, глядзяць на яго з замілаваннем і захапленнем!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Што са мною робіцца? Гэта ён, ён, Тамтэй, ён гняце мяне, ён падказвае мне гэтыя вар'яцкія думкі! Ён ува мне, ён робіцца маёй душой. Я заб'ю яго!
19 жніўня. — Я заб'ю яго! Я яго бачыў! Учора я сеў за стол і прыкінуўся, што нешта вельмі ўважліва пішу. Я ведаў, што ён будзе хадзіць вакол мяне, зусім побач, так блізка, што можна будзе памацаць, схапіць яго. І тады... тады ў безнадзейнай роспачы я збяру ўсю сваю моц і рукамі, каленямі, грудзямі, ілбом, зубамі я задушу яго, расцісну, увап'юся ў яго, раздзяру на шматкі.
Я пільнаваў яго, напружыўшы да немагчымага ўсе пачуцці.
Я запаліў быў дзве лямпы і восем свечак, быццам спадзеючыся хутчэй яго заўважыць у гэткай светласці.