Ги Мопассан – Навелы (страница 61)
— Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлі сёння раніцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, і ў гэты момант вы дзейнічаеце пад гіпнозам.
Яна трошкі падумала і адказала:
— Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.
Цэлую гадзіну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.
Калі яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне і выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:
— Цяпер вы верыце?
— Напэўна, веру.
— Хадземце да вашай кузіны.
Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй і нейкі час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сіле.
Як толькі яна заснула, доктар сказаў:
— Вашаму мужу больш не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасілі вашага кузена пазычыць іх, а калі ён вам пра гэта нагадае, вы нічога не зразумееце.
Пасля ён абудзіў яе. Я выцягнуў з кішэні бумажнік:
— Вось, мая дарагая кузіна, тое, што вы ў мяне прасілі сёння раніцай.
Яна так здзівілася, што я не наважыўся настойваць. І ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насміхаюся, і ўрэшце ледзь не раззлавалася.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вось. Я толькі што вярнуўся ў гатэль, але не магу нават есці — так уразіў мяне гэты эксперымент.
19 ліпеня. — Шмат хто з тых, каму я расказаў пра гэтае здарэнне, смяяліся з мяне. Я ўжо нават не ведаю, што падумаць. Як сказаў мудрэц: «Можа быць?»
21 ліпеня. — Я павячэраў у Бужывалі, пасля прабавіў вечар на балі весляроў. І праўда, усё залежыць ад месца і асяроддзя. Верыць у звышнатуральнае на выспе Грэнуйер было б самым дзікім вар'яцтвам... А на вяршыні гары Сэн-Мішэль?.. А ў Індыі? Усё тое, што нас акаляе, робіць на нас велізарны ўплыў. Наступным тыднем я вяртаюся дамоў.
30 ліпеня. — Учора я вярнуўся дамоў. Усё ў парадку.
2 жніўня. — Нічога новага. Стаіць пагода. Цэлымі днямі я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.
4 жніўня. — Мае слугі пасварыліся між сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкі ў шафах. Камердынер вінаваціць кухарку, тая вінаваціць касталянку, а гэтая вінаваціць абаіх. Хто вінаваты? Ды хіба ж разбярэшся?
6 жніўня. — Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ і цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ і цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!
А другой гадзіне, сярод белага дня, я гуляў у сваім ружоўніку... Я ішоў абсадамі асенніх ружаў, якія пачыналі расцвітаць.
Я спыніўся, каб паглядзець на «Асілка бітваў», на якім красаваліся тры надзвычай прыгожыя кветкі, і выразна ўбачыў, як зусім побач са мной сцябло адной кветкі сагнулася, быццам сціснутае нябачнай рукой, і зламалася, быццам тая рука яго адшчыкнула. Кветка ўзнялася ў паветра, апісала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, і павісла ў празрыстым паветры нерухомай жахлівай чырвонай плямай перад самым маім тварам.
Без памяці, я кінуўся, каб схапіць яе! Але я нічога не схапіў — яна знікла. І тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хіба ж можна, каб разумны і сур'ёзны чалавек меў такія галюцынацыі.
Але ці была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся і стаў шукаць сцябло — хутка я знайшоў: паміж дзвюх кветак, што засталіся на кусце, тырчаў канец толькі што абламанай сцябліны.
Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як і ў тое, што дзень змяняе ноч, — побач са мною жыве нейкая нябачная істота, якая корміцца малаком і вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць іх, перасоўваць з месца на месца. Такім чынам, істота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць і недаступная нашым пачуццям. І жыве яна пад адным дахам са мною...
7 жніўня. — Я спаў спакойна. ЁН выпіў ваду з графіна, але не турбаваў майго сну.
Звар'яцеў я ці не? Толькі што я гуляў уздоўж рэчкі, ярка свяціла сонца. І мяне пачалі браць сумненні наконт майго розуму — не тыя няясныя сумненні, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў і такіх, што заставаліся разумныя, разважлівыя і нават прадбачлівыя ва ўсіх выпадках акрамя аднаго. Яны маглі ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна іх розум, быццам натрапіўшы на рыфы вар'яцтва, разбіваўся, рассыпаўся на кавалкі і патанаў у тым страшным, раз'юшаным акіяне, поўным імклівых хваляў, туманаў і вятроў, імя якому — шаленства.
І я без сумненняў лічыў бы сябе вар'ятам, каб не разумеў, не ведаў дакладна свайго стану, не вывучаў яго, не аналізаваў яго пры поўнай памяці. Значыць, усё гэта — толькі галюцынацыі зусім здаровага ў разумовым плане чалавека. Мозг мой напэўна пашкоджаны нейкім невядомым парушэннем — сучасныя фізіёлагі спрабуюць вызначыць і вывучыць гэтыя з'явы. І з-за гэтага парушэння ў маім розуме, у лагічным парадку думак узнікла глыбокая расколіна. Падобныя рэчы здараюцца падчас сну, калі перад намі паўстаюць самыя неверагодныя фантасмагорыі, і мы з іх нават не дзівімся, бо наш спраўджальны апарат, пачуццё кантролю, таксама спіць, а ўяўляльныя механізмы прадаўжаюць працаваць. Хіба не можа быць, каб адна з непрыкметных клавішаў клавіятуры майго мозга спаралізавалася? Часам людзі з прычыны няшчасных выпадкаў трацяць памяць на імёны, або на дзеясловы, або на лічбы, ці на даты. Сёння ўжо даказана, што кожны від разумовай дзейнасці злакалізаваны на пэўным участку мозга. І таму няма ніякага дзіва, што мая здольнасць кантраляваць нерэальнасць некаторых галюцынацый на нейкі час прытупілася.
Я думаў пра ўсё гэта, пакуль ішоў уздоўж берага. Сонца напаўняла ззяннем раку, упрыгожвала зямлю навокал, выклікала ў маёй душы замілаванасць жыццём, ластаўкамі, спрыт якіх радуе вока, травамі на беразе, шапаценне якіх — асалода вушам.
Але памалу мяне апаноўвала нейкая незразумелая няёмкасць. Здавалася, нейкая незямная сіла скоўвае, стрымлівае мяне, не дае ісці далей, кліча мяне назад. Я адчуваў пякучую патрэбу вярнуцца — такое самае пачуццё мае той, хто пакінуў дома хворага, вельмі яму дарагога, і раптам адчувае пагоршанне яго стану.
Так я і вярнуўся дамоў насуперак сваёй волі. Я быў упэўнены, што тут мяне чакае якая-небудзь дрэнная навіна, ліст ці тэлеграма. Але нічога не было, і я здзівіўся і ўсхваляваўся больш, чым калі б зноў убачыў нейкую фантастычную галюцынацыю.
8 жніўня. — Учора быў страшны вечар. ЁН больш не з'яўляецца, але я адчуваю, што ён недзе побач, пільнуе мяне, глядзіць на мяне, уваходзіць у мяне, авалодвае мною. Схаваны гэтак, ён яшчэ страшнейшы, чым тады, калі нагадвае пра сваю нябачную і заўсёдную прысутнасць звышнатуральнымі праявамі. Зрэшты, я заснуў.
9 жніўня. — Нічога. Але мне страшна.
10 жніўня. — Нічога. Што чакае мяне заўтра?
11 жніўня. — Зноў нічога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам і гэтымі думкамі, што ўвайшлі ў маю душу. Я ад'язджаю.
12 жніўня. — Дзесятая гадзіна ўвечары. Увесь дзень я выбіраўся паехаць і не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такі просты акт свабоды — выйсці, сесці ў экіпаж і паехаць у Руан — і не здолеў. Чаму?
13 жніўня. — Некаторыя хваробы дзейнічаюць на чалавека такім чынам, што ўся яго псіхічная і фізічная энергія вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косці робяцца мяккія, як плоць, а плоць становіцца вадою. Са здзіўленнем і роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш ніякай сілы, адвагі, я не валодаю сабою, не магу кіраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець — нехта хоча замест мяне, і я падпарадкоўваюся.
14 жніўня. — Мне канец! Нехта валодае маёй душой і загадвае ёй! Нехта кіруе ўсімі маімі ўчынкамі, рухамі, думкамі. Я ўжо не належу сам сабе, я толькі пакорліва і спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць — і не магу. ЁН не хоча — і я ашалелы застаюся сядзець у фатэлі, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго — устаць, прыўзняцца, каб толькі ўпэўніцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нібы прыкулі да фатэля, а яго — прыклеілі да падлогі так, што ніякая сіла нас не адарве.
Пасля раптам я павінен, ПАВІНЕН ісці ў дальні куток саду, збіраць трускаўкі і есці іх. І я іду. Збіраю трускаўкі і ем іх! О, Божа! Божа мой! Ці ёсць Бог? Калі ёсць — хай вызваліць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злітуецца! Выратуе! О! Якія пакуты! Які жах!
15 жніўня. — Пэўна, у такім самым стане была мая кузіна, калі яна прыйшла да мяне пазычыць пяць тысяч франкаў. У яе ўвайшла чужая воля, нібы другая душа, паразітычная і ўладарная. Ці, можа, ужо настае канец свету?
Але які ж ён, гэты нябачны, непазнавальны бадзяка з пароды звышнатуральных, што мною кіруе?
Значыць, нябачнікі існуюць! Тады чаму яны ніколі яшчэ, як створаны свет, нікому не з'яўляліся гэтак ясна, як мне? Я ніколі не чытаў нічога, што нагадвала б тое, што адбылося ў маім доме. О, каб я толькі мог яго пакінуць, каб я мог пайсці адсюль, уцячы і не вярнуцца. Я б уратаваўся, але я не магу.
16 жніўня. — Сёння я здолеў вырвацца ад яго на дзве гадзіны, як вязень, які выпадкова заўважае, што дзверы ў яго камеры адчыненыя. Раптам я адчуў, што я вольны, а ЁН недзе далёка. Я загадаў хутка запрэгчы коней і паехаў у Руан. О, якое шчасце, калі можна некаму загадаць: «У Руан!» — і цябе паслухаюць!
Я заехаў у бібліятэку і папрасіў, каб мне далі вялікі трактат доктара Гэрмана Гэрэстаўса пра невядомых насельнікаў старажытнага і сучаснага свету.
Пасля, калі я садзіўся ў экіпаж, я хацеў сказаць: «На вакзал!», але замест гэтага крыкнуў, не сказаў, а крыкнуў так моцна, што ўсе, хто праходзіў міма, азірнуліся: «Дамоў!» — і ўпаў, знямеўшы ад страху, на сядзенне ў экіпажы. ЁН знайшоў мяне і зноў запанаваў нада мною.