18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ги Мопассан – Навелы (страница 59)

18

Калі я дабраўся да вяршыні, я сказаў манаху, што ішоў побач са мною: «Мой ойча, як вам тут добра!»

Ён адказаў: «Тут надта дзьме вецер, пане». Мы гаварылі, гледзячы, як прылівае мора — яно набягала на пясок і адзявала бераг у сталёвы панцыр.

І манах пачаў апавядаць мне паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі, старадаўнія легенды.

Адна асабліва мяне ўразіла. Мясцовыя людзі, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы — адна мацней, другая цішэй. Недаверлівыя кажуць, што гэта крычаць марскія птушкі, часам іх крыкі нагадваюць бляянне, а часам — чалавечы стогн. Але рыбакі, якія позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалі ў дзюнах старога пастуха. Твару яго ніхто ніколі не бачыў, бо ён ходзіць, увярцеўшыся з галавою ў плашч. Ён пасвіць казла з тварам мужчыны і казу з тварам жанчыны. У абаіх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.

Я спытаўся: «І вы ў гэта верыце?»

«Не ведаю», — прамармытаў ён.

Тады я зноў спытаўся: «Але каб на зямлі апроч нас жылі яшчэ нейкія іншыя стварэнні, дык няўжо ж мы за гэтулькі часу іх не зведалі б? Няўжо б вы іх не ўбачылі? Няўжо б я іх не ўбачыў?»

Ён адказаў: «Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейшая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя горы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? І аднак ён існуе!»

Мне не было чаго адказаць на гэты просты доказ, і я замаўчаў. Мудры быў гэты чалавек ці, наадварот, дурны, не буду сцвярджаць. Але я замаўчаў. Бо я і сам часта думаў пра тое, што ён сказаў.

3 ліпеня. — Спаў я кепска. Напэўна, гэтыя мясціны заражаныя, бо мой фурман хварэе на тое самае, што і я. Учора, калі я вярнуўся, я заўважыў яго незвычайную бледнасць. Я спытаўся ў яго:

— Што з вамі, Жан?

— А тое, пане, што я не магу спаць уночы. Мае ночы з'ядаюць мае дні. Як вы паехалі, пане, дык на мяне як нейкае насланнё найшло.

Аднак усе астатнія слугі здаровыя, але я вельмі баюся, што сам зноў захварэю.

4 ліпеня. — Я папраўдзе захварэў зноў. Мае колішнія страхі вярнуліся. Сёння ўночы я адчуваў, як нехта на мне сядзеў і, прысмактаўшыся да майго рота, цягнуў з мяне жыццё. Клянуся, ён смактаў з майго горла, як п'яўка. Напіўшыся, ён устаў, а я прачнуўся такі змучаны, спустошаны, разбіты, што не мог нават варухнуцца. Калі гэта паўторыцца яшчэ некалькі разоў, то мне трэба будзе зноў некуды з'ехаць.

5 ліпеня. — Можа, я звар'яцеў? Тое, што адбылося, тое, што я пабачыў мінулай ноччу, такое дзіва, што ў мяне ад адной згадкі пра гэта кружыцца галава!

Я замкнуў дзверы на ключ — цяпер я раблю гэта кожнага вечара. Пасля мне захацелася піць, і я выпіў паўшклянкі вады і выпадкова заўважыў, што графін быў поўны аж да крышталёвага корка.

Пасля я лёг і заснуў звычайным жахлівым сном. Праз дзве гадзіны яшчэ агіднейшы жах абудзіў мяне.

Уявіце сабе чалавека, які спіць, якога забіваюць і які прачынаецца з нажом у грудзях, ён сплывае крывёй, хрыпіць, не можа дыхаць, ён хутка памрэ — але нічога не разумее.

Урэшце я апамятаўся і зноў захацеў піць. Я запаліў свечку і падышоў да стала, дзе стаяў графін. Я падняў яго, нахіліў над шклянкай, але вада не палілася. Графін быў пусты! Зусім пусты! Спачатку я нічога не зразумеў, пасля раптам я так расхваляваўся, што мусіў сесці, я проста ўпаў на крэсла! Пасля я ўскочыў і агледзеўся! Зноў сеў перад празрыстым крышталём графіна, збянтэжаны ад здзіўлення і страху. Я глядзеў на графін не адрываючыся, шукаючы разгадку. Рукі мае дрыжалі. Значыцца, гэтую ваду нехта выпіў? Хто? Я? Ну, вядома ж, я. Апроч мяне ніхто больш не мог. Значыцца, я лунацік, я жыў, сам таго не ведаючы, таямнічым дваістым жыццём. Мімаволі пачынаеш думаць, ці не жывуць у нас адразу дзве асобы або, можа, нейкая іншая істота, чужая, незразумелая і нябачная, што пасяляецца тады, калі душа спіць, у нашае цела, бярэ яго ў палон, і яно падпарадкоўваецца яму, як нам самім, нават больш, як нам самім.

Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, які з жахам у вачах глядзіць на графін, з якога знікла трохі вады, пакуль ён спаў!

Я так і праседзеў да раніцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.

6 ліпеня. — Я вар'яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпіў поўны графін ці хутчэй — я выпіў! Але ці я гэта? А калі не? Хто ж гэта? Хто? О Божа! Я вар'яцею! Хто мяне выратуе?

10 ліпеня. — Я зрабіў некалькі доследаў, і яны далі дзіўныя вынікі.

Папраўдзе, я звар'яцеў!

6 ліпеня, перад тым, як класціся ў ложак, я паставіў на стол віна, малака, вады, хлеба і суніц.

Нехта — напэўна я — выпіў усю ваду і трохі малака. Віно і суніцы засталіся нечапаныя.

7 ліпеня я паўтарыў той самы дослед, і ён даў такі самы вынік.

8 ліпеня я прыняў ваду і малако. Астатняе засталося нечапанае.

Урэшце 9 ліпеня я зноў паставіў на стол вады і малака, але навязаў рыльцы графінаў белай муслінавай тканінай і прывязаў коркі. Пасля я нацёр вусны, бараду і рукі чорным грыфелем і лёг спаць.

Мяне ахапіў непераможны сон, за ім прыйшло жахлівае абуджэнне. Я ні да чога не дакрануўся — нават бялізна ў ложку засталася чыстая. Я кінуўся да стала — на тканіне, што абцягвала графіны, плямаў не было. Я развязаў завязкі, дрыжучы ад страху. Нехта выпіў усю ваду! Нехта выпіў усё малако! О Божа!..

Я неадкладна еду ў Парыж.

12 ліпеня. — Парыж. Апошнімі днямі я зусім страціў розум! Напэўна, я зрабіўся цацкай маёй знерваванай фантазіі, а можа, я і напраўду быў лунацік або стаў ахвярай тых усім вядомых, але невытлумачальных уплываў, якія называюць сугестыяй. Ва ўсялякім разе мой стан набліжаўся да вар'яцтва, і дваццаць чатыры гадзіны ў Парыжы дадалі мне ўпэўненасці ў сабе.

Учора, скончыўшы ўсе візіты, якія напоўнілі маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавіў вечар у Французскім тэатры. Ставілі п'есу Аляксандра Дзюма-сына, і яе бадзёры і здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзінота вельмі небяспечная людзям інтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былі людзі, якія думаюць, размаўляюць. Калі мы на доўгі час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывідамі.

Вельмі вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамі. Прадзіраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай іроніяй мае жахі, мае думкі мінулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная істота жыве разам са мною пад адным дахам! Які ўсё ж слабы наш розум — ён затуманьваецца, як толькі нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.

Замест таго каб зрабіць простую выснову: «Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны», мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямніцы і звышнатуральныя сілы.

14 ліпеня. — Дзень Рэспублікі. Я гуляў па вуліцах і цешыўся, як дзіця, з ракет і сцягоў. Вельмі недарэчна, калі людзі радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ — гэта дурны натоўп, які часам бязглузда церпіць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: «Радуйся!» Ён радуецца. Яму кажуць: «Ідзі біся з суседам». І ён ідзе біцца. Яму кажуць: «Галасуй за імператара». І ён галасуе. Пасля кажуць: «Галасуй за рэспубліку». І ён галасуе за рэспубліку.

Тыя, хто кіруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя і нікому не патрэбныя, хоць бы толькі таму, што яны — прынцыпы, гэта значыць ідэі, што лічацца слушнымі і непахіснымі. Непахіснымі ў гэтым свеце, дзе нельга ні ў чым быць пэўным, бо нават святло — ілюзія, гук — ілюзія.

16 ліпеня. — Учора я пабачыў рэчы, якія мяне глыбока ўразілі.

Я вячэраў у маёй кузіны, пані Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Ліможы. Апроч мяне былі запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з іх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымі хваробамі і некаторымі незвычайнымі з'явамі. Цяпер ён праводзіць доследы ў галіне гіпнозу і сугестыі.

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынікі доследаў ангельскіх вучоных і лекараў Нансійскай школы.

Рэчы, пра якія ён гаварыў, здаліся мне такімі дзіўнымі, што я адмовіўся ў іх паверыць.

«Мы знаходзімся на шляху, — казаў ён, — да адкрыцця адной з найвялікшых таямніц прыроды, ці, лепей кажучы, найвялікшых таямніц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна і іншыя, на іншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкі словамі або пісьмова, ён адчувае, што побач з ім існуе нейкая таямніца, недаступная яго грубым і недасканалым органам пачуццяў. Чалавек імкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калі гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлівыя формы. Якраз тады нарадзіліся народныя вераванні ў звышнатуральнае, легенды, духі, феі, гномы, прывіды. Я б дадаў сюды і легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленні пра творцу, з якой рэлігіі яны б ні паходзілі, — гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых істот. Лепей за ўсіх сказаў Вальтэр: «Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплаціў яму тым самым».