реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 51)

18

Паведаміў ён, па сутнасці, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Індыйскага архіпелага. Кампанія матросаў, у якой быў і ён, выйшла на бераг у Барнэа і скіравалася на прагулку. Яны з таварышам злавілі арангутана. Кампаньён хутка памёр, і матрос застаўся адзіным уладальнікам жывёліны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймаваны нораў малпы ў час вяртання на радзіму, ён нарэшце здолеў прывесці яе ў свой парыжскі дом, дзе і трымаў як мага далей ад цікаўных вачэй суседзяў, чакаючы, пакуль у арангутана зажыве пашкоджаная на караблі нага. Матрос разлічваў яго выгадна прадаць.

Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў арангутана ў спальні, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна замыкалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярыма. Трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумнеўна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, з якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі хвілін разгубіўся. Аднак яму неаднойчы даводзілася ўтаймоўваць арангутана, нават у моманты неймавернай раз’юшанасці, з дапамогай бізуна, таму і цяпер ён збіраўся зрабіць тое ж самае. Убачыўшы бізун, арангутан кінуўся да дзвярэй, паімчаў уніз па лесвіцы і адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вуліцу.

Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла пысу ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка, зноў кідалася наўцёкі. Так яны адбеглі далёка ад дому. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, што мігцела ў адчыненым акне спальні мадам Л’Эспанэ на пятым паверсе яе дому. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутан заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчыненая насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш за хвіліну. Апынуўшыся ў пакоі, арангутан штуршком зноў расчыніў аканіцу.

Матрос не ведаў, радавацца ці бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос якраз і меркаваў яго падлавіць. Але яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць следам за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л’Эспанэ і яе дачка, адзетыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезнай скрынцы, выцягнутай на сярэдзіну пакоя. Яна была адчыненая, а паперы ляжалі побач на падлозе. Жанчыны, пэўна, сядзелі спінамі да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з’яўленнем арангутана і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.

Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л’Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч) і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення – менавіта тады і былі выдраныя з яе галавы валасы – спачатку, відаць, мірныя намеры арангутана саступілі месца раз’юшанасці. Адным рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.

Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз’ятранасць. Зубы арангутана заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся сваімі страшэннымі кіпцюрамі за горла і не расціснуў іх, пакуль тая не сканала. Азірнуўшыся ў раз’юшанасці на спінку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёліны, якая, відаць, не паспела забыцца пра грозны бізун, імгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутан, відаць, вырашыў схаваць сляды сваіх крывавых дзеянняў і, ахоплены панікай, замітусіўся па пакоі, раскідваючы і ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапіў труп дачкі і запхнуў у комін, дзе яго пасля і знайшлі; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкінуў праз акно.

Калі арангутан з сваёй знявечанай ахвярай з’явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з’ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутанам. Поўныя жаху воклічы француза і раз’юшаныя крыкі малпы і былі тымі галасамі, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.

Вось, бадай, і ўсё. Арангутан, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы ў Jardin des Plantes.[63]

Лё Бона выпусцілі на волю адразу ж пасля таго, як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты чыноўнік зычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту справаў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўвагаў наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.

– Няхай пабурчыць, – сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным сказаць што-небудзь у адказ. – Няхай пафіласофствуе і супакоіць тым самым сумленне. Я рады, што перамог на ягонай жа тэрыторыі. Тым не менш яму не варта здзіўляцца ўласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, папраўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Лаверны*, ці, у найлепшым выпадку, – галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui est, et d’expliquer ce qui n’est pas.[64]

Скрадзены ліст

Nil sapientiae odiosius acumine nimio.[65]

Адным ветраным парыжскім вечарам восенню 18** году, адразу пасля змяркання, я, седзячы разам са сваім сябрам С. Агюстам Дзюпэнам у яго маленькай цёмнай бібліятэцы, ці кабінеце, au troisième, No. 33, Rue Dunôt, Faubourg St. Germain,[66] атрымліваў падвойную асалоду, якую могуць падарыць развагі і пенкавая люлька. Не менш чым гадзіну мы захоўвалі глыбокае маўчанне, і выпадковаму назіральніку магло падацца, што мы засяроджаныя выключна на мудрагелістых клубах дыму, якія рабілі атмасферу пакоя яшчэ змрачнейшай. Аднак я працягваў у думках аналізаваць пытанні, якія мы закранулі ў размове ў пачатку вечара – я маю на ўвазе падзеі на вуліцы Морг і таямніцу, звязаную з забойствам Мары Ражэ. А таму, калі дзверы пакоя расчыніліся і ўпусцілі нашага старога знаёмца мсье Г., прэфекта парыжскай паліцыі, гэта падалося мне чымсьці накшталт супадзення.

Мы прыязна павіталі госця, бо нікчэмныя якасці яго характару межавалі з забаўнымі, і да таго ж мы некалькі гадоў не бачыліся. Да яго візіту мы сядзелі ў цемры, і цяпер Дзюпэн падняўся, каб запаліць лямпу, але, не зрабіўшы гэтага, зноў прысеў, калі пачуў, што прэфект зазірнуў да нас параіцца, а дакладней, спытаць у майго сябра меркавання пра справу, якая прынесла яму шмат турботаў.

– Калі яна ў нейкім сэнсе патрабуе развагаў, – зазначыў Дзюпэн, так і не запаліўшы кнот, – то мы лепш выслухаем вас у цемры.

– Вашая чарговая дзіўная ідэя! – сказаў прэфект, які меў звычку называць дзіўным усё вышэйшае за сваё разуменне, а таму жыў у атачэнні незлічоных легіёнаў рознага кшталту дзіваў.

– Несумненна, – пагадзіўся Дзюпэн, а потым забяспечыў госця люлькай і падсунуў яму зручнае крэсла.

– З якой цяжкасцю вы сутыкнуліся? – спытаў я. – Спадзяюся, гэтым разам не забойства?

– О не, нічога такога. Праблема насамрэч зусім лёгкая, і я не сумняюся, што мы паспяхова справімся з ёй самастойна. Але мне здаецца, што Дзюпэн захоча даведацца пра яе акалічнасці, бо яна надзвычай дзіўная.

– Простая і дзіўная, – падагульніў Дзюпэн.

– Ну, прыкладна так, але не зусім. Насамрэч усе мы вельмі збянтэжаныя, бо гэтая зусім простая справа збівае нас з панталыку.

– Магчыма, вас ставіць у тупік сама яе прастата, – сказаў мой сябар.

– Што за лухту вы кажаце! – усклікнуў прэфект і шчыра засмяяўся.

– Магчыма, разгадка крыху занадта празрыстая, – дадаў Дзюпэн.

– Божа мой, ніколі такога не чуў!

– Крыху занадта відавочная.

– Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! – зарагатаў наш госць, ад душы развесяліўшыся. – Дальбог, Дзюпэн, аднойчы вы даведзяце мяне да труны!

– Дык што ў вас, урэшце, за справа? – спытаў я.

– Зараз раскажу, – адказаў прэфект і, уладкаваўшыся ў крэсле, зрабіў доўгую, раўнамерную і задуменную зацяжку. – Раскажу ў некалькіх словах, але перад гэтым дазвольце папярэдзіць, што справу трэба захоўваць у найглыбейшай таямніцы. Калі хтосьці даведаецца, што я даверыў яе чужым людзям, я, відаць, страчу сваю цяперашнюю пасаду.