Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 50)
– Пагадзіцеся, – працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, – што, мяркуючы па малюнку, хватка моцная і ўчэпістая. У ахвяру ўпіліся ўсімі пальцамі і не адпускалі шыю, пакуль дзяўчына не сканала. Паспрабуйце зараз адначасова пакласці пальцы на ўсе адпаведныя адбіткі. Паглядзім, як у вас гэта атрымаецца.
Я паспрабаваў зрабіць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нічога не выйшла.
– Можа, мы робім гэта не так, як трэба, – сказаў Дзюпэн. – Папера ляжыць на роўнай паверхні, чалавечая ж шыя – круглая. Вось палена прыкладна такога ж радыюсу, што і шыя. Абгарніце яго паперай з малюнкам і паспрабуйце яшчэ раз.
Я ўсё зрабіў, як ён сказаў, але зрабіць гэта было яшчэ цяжэй, чым раней.
– Гэта, – сказаў я нарэшце, – адбітак не чалавечай рукі.
– А зараз, – прапанаваў Дзюпэн, – прачытайце вось гэты ўрывак з Кюўе*.
Гэта было падрабязнае анатамічнае і агульнае апісанне бурага арангутана, які водзіцца на Ост-Індскіх астравах. Велізарная жывёліна, яе неймаверныя моц і спрыт, неўтаймавальная злосць і надзвычайныя здольнасці да пераймання агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.
– Апісанне пальцаў, – сказаў я, скончыўшы чытанне, – дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што ніякая другая жывёліна, акрамя арангутана, не магла пакінуць такіх адбіткаў, якія вы тут намалявалі. Жмуток рудой поўсці таксама адпавядае апісанню, дадзенаму Кюўе. Але я ніяк не магу зразумець акалічнасцяў гэтай жахлівай таямніцы. Да таго ж людзі чулі, як сварыліся два чалавекі, і адзін голас бясспрэчна належаў французу.
– Сапраўды так; і вам запомніўся выраз, які ледзь не ўсе прыпісваюць гэтаму голасу, –
Дзюпэн даў мне газету, і я прачытаў наступнае: «ЗЛОЎЛЕНЫ ў Булонскім лесе на досвітку адпаведнага дня (якраз тады, калі адбылося забойства) вельмі вялікіх памераў буры арангутан, з тых, што водзяцца на востраве Барнэа, будзе вернуты ўладальніку (згодна са звесткамі, матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасці яму жывёліны і кампенсацыі выдаткаў, звязаных з яе лоўляй і ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом № *** па вуліцы *** у Сэн-Жэрменскім прадмесці, спытаць на трэцім паверсе».
– Як гэта, – спытаў я, – вы даведаліся, што гэты чалавек – матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?
– Я гэтага не ведаю, – адказаў Дзюпэн, – і не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкі, якім, калі меркаваць па вонкавым выглядзе і зашмальцаванасці, відавочна завязвалі валасы ў
Больш за тое, такі вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскіх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забітым жанчынам. Калі ж усё-ткі я і памыляюся ў сваіх высновах і наконт стужкі, і наконт таго, што француз – матрос з мальтыйскага судна, вялікай бяды з таго, што я напісаў у аб’яве, няма. Калі гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалічнасць, пра якую і дазнавацца не будзе. Калі ж я маю рацыю, такім чынам будзе вырашаная важная справа. Як сведка, хоць і невінаваты ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб’яву наконт арангутана. Разважаць ён будзе так: «Я невінаваты; да таго ж чалавек я бедны, арангутан наогул каштуе шмат, а для такога, як я, ён сапраўднае багацце – навошта ж мне страчваць яго толькі таму, што я баюся невядома чаго? Ён тут, побач, толькі руку працягні. Знайшлі арангутана ў Булонскім лесе – гэта значыць вельмі далёка ад месца таго жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабіла малпа? Паліцыя – у тупіку, не здолела знайсці нават самага нязначнага ключа да разгадкі. Калі яны і выйшлі на след малпы, ім не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства, або навесіць на мяне адказнасць за тое, што здарылася, толькі таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб’яву, вызначыў мяне як уладальніка жывёліны. Не ведаю, наколькі падрабязныя яго звесткі пра мяне. Калі ж я не прызнаюся, што я – уладальнік такой каштоўнай маёмасці, а гэта ўжо вядома, жывёліна акажацца пад падазрэннем. Такім чынам, не варта залішне звяртаць увагу на сябе ці на малпу. Лепш я з’яўлюся па аб’яве, забяру арангутана і схаваю яго, пакуль уся гэтая справа не атрымала розгаласу».
У той самы момант мы пачулі, як нехта затупаў па лесвіцы.
– Трымайце пісталеты напагатове, – звярнуўся да мяне Дзюпэн, – але не паказвайце іх і не страляйце без маёй каманды.
Уваходныя дзверы былі незачыненыя, наведнік зайшоў не пазваніўшы і пачаў уздымацца па прыступках. Але, відаць, завагаўся. Мы пачулі, як ён пайшоў уніз. Дзюпэн кінуўся да дзвярэй, але тут мы пачулі, што прыбыш вяртаецца. Больш ён не рабіў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоў уверх па лесвіцы і хутка пастукаў у дзверы пакоя.
– Уваходзьце! – бадзёра і добразычліва адгукнуўся Дзюпэн. У пакой зайшоў мужчына. Гэта відавочна быў матрос – высокі, дужы, мускулісты. На выгляд – той яшчэ вісус, але нельга сказаць, каб зусім несімпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамі і
У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, відаць, адзіную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланіўся і пажадаў нам «добрага вечара» на добрай французскай мове, праўда, з лёгкім неўшатэльскім* акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанін.
– Сядайце, прыяцель. – сказаў Дзюпэн. – Відаць, вы прыйшлі наконт арангутана. Папраўдзе кажучы, я амаль зайздрошчу вам, выдатны экзэмпляр і, безумоўна, вельмі каштоўны. Колькі яму гадоў, як вы лічыце?
Матрос уздыхнуў з палёгкай чалавека, з плячэй якога зваліўся важкі камень, і загаварыў упэўненым тонам.
– Не ведаю, што вам сказаць, – гады чатыры або пяць, не больш. Ён тут, у вас?
– Ну што вы, не – у нас няма ўмоваў для ягонага ўтрымання. Ён на платнай стайні, што па вуліцы Дзюбур, зусім побач. Можаце забраць раніцай. Вядома, вам няцяжка будзе даказаць свае правы.
– Вядома, не, сэр.
– Шкада будзе развітвацца з ім, – сказаў Дзюпэн.
– Не думайце, што ўсе вашы клопаты не будуць узнагароджаныя, сэр, – сказаў матрос. – Я ж не які-небудзь там… Ахвотна заплачу ўзнагароду за тое, што вы знайшлі жывёліну, – вядома, адпаведную маім магчымасцям.
– Што ж, – адказаў мой прыяцель, – вельмі прыстойна з вашага боку. Дайце падумаць, што ж я магу ў вас папрасіць? Ага! Слухайце. Узнагарода будзе вось якая. Вы паведаміце мне ўсю інфармацыю, якой валодаеце пра забойства, што адбылося на вуліцы Морг.
Дзюпэн сказаў апошнія словы вельмі ціха і спакойна. Гэтак жа спакойна ён падышоў да дзвярэй, замкнуў іх і паклаў ключ у кішэню. Потым дастаў пісталет, які трымаў за пазухай, і паклаў без усялякага шуму на стол.
Твар матроса зрабіўся барвовы, нібыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў і схапіўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалаціўся і зрабіўся белы як смерць, не здольны вымавіць ніводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.
– Паслухайце, прыяцель, – спагадліва звярнуўся да яго Дзюпэн, – паверце слову двараніна і француза – мы не збіраемся рабіць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы невінаваты ў крывавых забойствах, што адбыліся на вуліцы Морг. Аднак разам з тым нельга сцвярджаць, што вы не маеце да іх ніякага дачынення. З таго, што я ўжо сказаў, вы, відаць, здагадаліся, што я валодаю інфармацыяй наконт гэтай справы – прычым з крыніцы, пра існаванне якой вы нават не здагадваліся. Абставіны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабілі нічога такога, за што вас маглі б прыцягнуць да адказнасці. Вас нельга абвінаваціць у рабаўніцтве, хоць вы маглі беспакарана завалодаць чужымі рэчамі. Вам няма чаго хаваць і няма падстаў для ўтойвання чагосьці. З іншага боку, згодна з прынцыпамі гонару, вы павінны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамі апынуўся бязвінны чалавек, якога вінавацяць у забойстве, а вы можаце паказаць на сапраўднага злачынцу.
Словы Дзюпэна падзейнічалі – матрос у значнай ступені ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасці нічога не засталося.
– Ну, што ж, застаецца спадзявацца на Божую літасць, – адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. – Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэтую справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маім словам. І ўсё ж я невінаваты, і хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзі.