Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 39)
– Калі ты, Юпітэр, такі вялізны мурын, баішся ўзяць маленькага бясшкоднага мёртвага жучка ў рукі, то можаш трымаць яго за нітку. Але калі ты яго не возьмеш наогул, мне давядзецца раструшчыць тваю галаву гэтай самай рыдлёўкай.
– Ды што такое, маса? – прысаромлены Юпі пайшоў на саступкі. – Усё сварыцеся на старога мурына без дай прычыны. Я ж пажартаваў. Каб мяне той жук напужаў?! Ды нізашто! – пры гэтых словах ён узяўся за самы скрайчык ніткі і, трымаючы насякомае як мага далей ад сябе, падрыхтаваўся лезці на дрэва.
У маладым узросце цюльпанавае дрэва, ці Liriodendron Tulipiferum, найвялікшае дрэва амерыканскіх лясоў, мае незвычайна гладкі камель і часта дасягае значнай вышыні без аніякіх бакавых галінаў, але ў больш познім узросце паверхня дрэва робіцца гузаватай і няроўнай з мноствам маленькіх сучкоў. Таму падняцца на дрэва насамрэч не так і цяжка. Абхапіўшы таўшчэзны камель каленямі і рукамі як мага больш шчыльна, намацваючы далонямі выступы на дрэве і становячыся на іх голымі ступакамі, Юпітэр некалькі разоў ледзь не зваліўся долу, але ўсё ж ускараскаўся на першую вялікую развіліну і, відаць, вырашыў, што тэарэтычна мэта дасягнутая. Рызыка ўпасці з дрэва цяпер фактычна зводзілася да мінімуму, хаця служка і знаходзіўся на адлегласці шэсцьдзесят-семдзесят футаў над зямлёю.
– А далей куды, маса Ўіл? – запытаўся ён.
– Падымайся да самай вялікай галіны на гэтым баку, – адказаў Легран.
Мурын адразу ж падпарадкаваўся і, хоць з невялікімі цяжкасцямі, але пачаў караскацца далей, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, пакуль яго згорбленая пастава цалкам не схавалася ў густой лістоце. Цяпер голас яго гучаў глуха, нібы рэха.
– Колькі яшчэ лезці?
– А ты высока? – спытаў Легран.
– Анягож, – адказаў мурын, – неба праз голле свеціцца!
– Забудзься пра неба і зважай, што я табе скажу. Глянь уніз на камель і палічы, колькі галінаў пад табой па гэты бок. Колькі галінаў ты ўжо мінуў?
– Раз, два, тры, чатыры, пяць. Я пяць вялікіх голек па гэты бок пералез, маса.
– Тады падыміся вышэй яшчэ на адну.
Праз хвіліну мы зноў пачулі голас, які абвясціў, што і сёмую галіну мурын адолеў.
– А зараз, Юпі, – закрычаў Легран яшчэ больш усхвалявана, – я хачу, каб ты палез па гэтай галіне як мага далей. Калі натрапіш на нешта дзіўнае, паведамі мне.
Калі дагэтуль я і меў нейкія сумневы наконт вар’яцтва майго сябра, яны канчаткова рассеяліся. Мне не заставалася нічога іншага, як прызнаць яго псіхічна хворым і падумаць, якім чынам даставіць Леграна дахаты. Пакуль я разважаў, як гэта зрабіць найлепш, зноў данёсся голас Юпітэра.
– Я баюся далёка лезці, голька трухлявая ўся.
– Юпітэр, ты сказаў, трухлявая? – дрыготкім голасам пракрычаў Легран.
– Так, маса, трухлявая, каб я ночы не прыждаў, чым толькі дзержыцца…
– Божа, што рабіць? – надзвычай занепакоена ўсклікнуў Легран.
– Рабі наступным чынам, – прамовіў я, узрадаваны магчымасцю ўставіць слоўца, – чаму б нам не пайсці дахаты і не легчы спакойна спаць? Хадзем зараз жа – пашкадуй яго. Ужо цямнее, да таго ж ты даў мне абяцанне.
– Юпітэр, – пракрычаў Легран, не звяртаючы на мяне аніякай увагі, – ты мяне чуеш?
– Так, маса Ўіл, добра чую.
– Правер галіну сваім ножыкам, ці напраўду яна спарахнелая.
– Як піць даць, маса, – адказаў мурын праз колькі хвілінаў, – але ж не так моцна, як магла б. Адзін змагу па ёй трохі пралезці.
– Адзін? Гэта ты пра што?
– Пра жука. Ён жа цяжкі, як вол! Як кіну яго долу, галіна пад адным мурынам не зламаецца.
– Ах ты падлюга! – закрычаў Легран, ужо больш паблажліва. – Што ты хочаш сказаць?! Толькі паспрабуй кінь жука, я табе шыю зламаю. Чуеш мяне, Юпітэр?
– Чую, маса, ой, не злуйце так на беднага мурына.
– Ага, а цяпер паслухай мяне: калі ты пралезеш па галіне яшчэ крыху наперад і не выпусціш жука, я дам табе срэбны даляр, як толькі спусцішся на зямлю.
– Добра, маса Ўіл, я ўжо тут, – умомант адказаў служка, – амаль на краёчку.
– На краёчку, Юпі?! – цяпер ужо радасна ўскрыкнуў Легран. – Кажаш, напраўду далез да самага канца?
– Хутка ўжо, маса! Авохці мне! Што ж гэта такое?!
– Што там?! – вельмі ўсцешана закрычаў Легран.
– Ды ўсяго чарапушка – кінуў нехта яе на дрэве, а вароны ўсё мяса здзяўблі.
– Чэрап, кажаш? Выдатна! Чым ён мацуецца да галіны? Што яго трымае?
– Так і ёсць, маса, зараз гляну. Дзіву даюся, які ж вялізны цвік у чэрап убіты. Дык ён на дрэве і дзержыць.
– Добра, Юпітэр, а цяпер рабі тое, што я табе загадаю, чуеш?
– Чую, маса.
– Тады будзь уважлівы. Знайдзі на чэрапе левае вока.
– Ого! Ага! Добра. Ды няма ў яго ніякага левага вока.
– Каб цябе, дурань! Ты хоць розніцу між правай і левай рукой бачыш?
– Ага. Бачу. Я яшчэ вельмі добра бачу. І левую руку таксама, я ёй дровы калю.
– Дакладна. Ты ляўшун. Тваё левае вока з таго ж боку, што і левая рука. Цяпер, спадзяюся, ты здолееш знайсці левае вока чэрапа ці тое месца, дзе яно было раней? Ну, знайшоў?
Юпітэр доўга нічога не адказваў. А потым нарэшце запытаўся:
– А левае вока чэрапа з таго ж боку, што і яго левая рука? Бо ў чэрапа ж ніводнай рукі няма… Ай, ды нічога. Знайшоў я левае вока! Вось яно! Што мне з ім рабіць?
– Працягні праз яго нітку з жуком і няхай яна спусціцца як мага ніжэй. Толькі асцярожна, не выпусці нітку з рук!
– Анягож, маса Ўіл. Гэта проста – нітку з жуком праз шчыліну працягнуць. Гляньце, вунь матляецца!
– Выдатна. Цяпер патрымай яго некалькі хвілінаў.
Падчас гэтай гутаркі Юпітэра зусім не было відаць, але жук, якога ён такімі высілкамі спусціў уніз, на канцы ніткі ззяў, нібы шар з адпаліраванага золата, іскрыўся ў апошніх промнях вечаровага сонца, якое яшчэ слаба асвятляла наша ўзвышша. Скарабей свабодна вісеў між галінамі, і калі б мурын выпусціў нітку, упаў бы да нашых ног. Легран тут жа ўхапіў касу і, расчысціўшы круглы ўчастак дыяметрам тры-чатыры ярды, загадаў Юпітэру адпусціць нітку і злезці з дрэва.
З вялікай прыемнасцю ўваткнуўшы калок у тым самым месцы, дзе ўпаў жук, мой сябар дастаў з кішэні рулетку і, прымацаваўшы адзін яе канец да дрэва з найбліжэйшага боку, расцягнуў яе настолькі, каб рулетка дасягнула калка, а потым працягнуў у напрамку, ужо зададзеным двума пунктамі – дрэвам і калком – на адлегласць прыкладна пяцьдзясят футаў.
Юпітэр касой ачысціў дзялянку ад ажынніку. Адмераўшы адрэзак, мы ўваткнулі другі калок і вакол першага калка як цэнтра груба намалявалі кола дыяметрам чатыры футы. Узяўшы адну рыдлёўку сабе, даўшы другую Юпітэру, а трэцюю мне, Легран папрасіў нас пачаць капаць як мага хутчэй. Папраўдзе кажучы, я ніколі не атрымліваў асаблівай асалоды ад такога роду заняткаў, а ў той момант і пагатоў адхіліў бы просьбу, бо набліжалася ноч і я адчуваў знясіленасць яшчэ ад папярэдніх фізічных практыкаванняў. Але я не бачыў ніякай магчымасці гэтага пазбегнуць і да таго ж баяўся сваёй адмовай парушыць душэўную раўнавагу майго беднага хворага сябра. Калі б я быў цалкам упэўнены ў падтрымцы Юпітэра, я б тут жа ўзяўся даставіць вар’ята дадому, але ж я добра ведаў нораў старога мурына, каб спадзявацца, што ён пры любых умовах дапаможа мне ў спрэчцы са сваім гаспадаром. Я быў перакананы, што Легран падхапіў адзін з тых паўднёвых забабонаў, якія апавядаюць пра закапаны скарб.
Знаходка ж скарабея толькі падмацавала яго выдумку, ці да гэтага хутчэй спрычынілася вера Юпітэра, што «жук з чысцюткі золата». Розум, схільны да вар’яцтва, адразу памылкова прымае такія сцверджанні, асабліва калі яны гучаць ва ўнісон з выпеставанымі ім ідэямі. І тут я ўспомніў, як небарака сказаў, што жук «пакажа на багацце». Я быў збянтэжаны і ўсхваляваны сітуацыяй, але нарэшце вырашыў скарыстацца зручным момантам і добраахвотна капаць, каб такім чынам хутчэй пераканаць летуценніка ў памылковасці яго ідэяў.
Засвяціўшы ліхтары, мы ўзяліся за справу з запалам, які, мабыць, быў варты больш разумнага ўжытку. А калі святло азарыла нашыя фігуры і рыштунак, я не мог адагнаць думку пра тое, што за карціну мы ўяўлялі сабой у той момант і якім дзіўным і падазроным падаўся б наш занятак любому незнаёмцу, які выпадкова заблукаў бы сюды.
Мы капалі безупынна дзве гадзіны. Амаль увесь час маўчалі, і галоўнай прыкрасцю было цяўканне сабакі, якога моцна зацікавіла тое, што адбывалася наўкола. Нарэшце ён разышоўся настолькі, што мы спалохаліся – ён жа мог прыцягнуць увагу заблукалых вандроўнікаў, ці, дакладней, спалохаўся Легран, бо я хутчэй узрадаваўся б любой перашкодзе, якая дапамагла б мне адвесці сябра дахаты. Але ўвесь шум разам перапыніў Юпітэр, які, з надзвычайнай няспешнасцю выбраўшыся з ямы, перавязаў жывёліне пашчу адной са сваіх падцяжак і, змрочна хіхікаючы, вярнуўся да працы.
Праз згаданыя дзве гадзіны працы мы дасягнулі глыбіні пяць футаў, але і знаку схаванага скарбу не было. На гэтым мы спыніліся, і я ўжо пачынаў спадзявацца, што нарэшце фарс набліжаецца да свайго канца. Але Легран, хоць і відавочна збіты з панталыку, задуменна выцер лоб і зноў узяўся за працу. Да гэтага мы пракапалі кола дыяметрам чатыры футы, а цяпер крыху пашырылі яго і заглыбіліся яшчэ на два футы. Але ўсё роўна нічога не знайшлі. Наш золаташукальнік, якому я шчыра спачуваў, з выразам горкага расчаравання на твары і ва ўсёй паставе, вылез нарэшце з яміны і пачаў павольна і неахвотна надзяваць паліто, якое папярэдне так жвава скінуў. Я тым часам не прамовіў ні слова. А Юпітэр па загадзе гаспадара ўзяўся збіраць рыштунак. Скончыўшы з гэтым і развязаўшы сабаку, мы моўчкі рушылі дахаты.