реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 37)

18

У шыротах вострава Саліван зімы лютуюць рэдка, а ўвосень камін распальваюць толькі ў выключных выпадках. Аднак у сярэдзіне кастрычніка 18.. года дзень выдаўся надзвычай халодным. На самым змярканні я прадзёрся праз вечназялёныя зарасці да хаціны свайго сябра, з якім не бачыўся ўжо некалькі месяцаў, – у той час я жыў у Чарлстане, за дзевяць міляў ад вострава, але ж вандроўкі па моры былі тады зусім не такімі зручнымі, як цяпер. Наблізіўшыся да хаціны, я, як заўсёды, пагрукаўся, але, не пачуўшы адказу, дастаў схаваны ключ, адчыніў дзверы і ўвайшоў. Вясёлае полымя гарэла ў чарэні. Агонь у гэту пару года мяне здзівіў і, улічваючы мой стан, прыйшоўся дарэчы. Я скінуў паліто, уладкаваўся ў фатэлі насупраць каміна і, слухаючы патрэскванне дроваў, пачаў чакаць прыходу гаспадароў.

Яны прыйшлі неўзабаве, як узялося на цемру, і сустрэлі мяне надзвычай сардэчна. Юпітэр з усмешкай да вушэй адразу кінуўся гатаваць на вячэру курапатак. У Леграна ж быў адзін з яго прыступаў энтузіязму (а як іначай гэта назваць?). У той дзень ён знайшоў невядомага яму раней двухстворкавага малюска, прадстаўніка новага віду, і нават больш за тое – з дапамогай Юпітэра злавіў жука-скарабея, якога лічыў сваім адкрыццём і меркаванне пра якога хацеў пачуць ад мяне наступнага дня.

– А чаму не сёння? – запытаўся я, паціраючы адубелыя рукі над полымем і ў думках праклінаючы ўсё скарабеева племя.

– Каб жа я толькі ведаў, што вы тут! – усклікнуў Легран. – Мы не сустракаліся так даўна. Як жа я мог прадбачыць, што вы наведаецеся да мяне менавіта сёння?! Па дарозе дадому я сустрэў лейтэнанта Дж. з форта і вельмі неабачліва аддаў яму жука, таму, на жаль, пабачыць насякомае атрымаецца толькі з раніцы. Заставайцеся нанач, я пашлю па яго Юпітэра, як толькі надыдзе світанак. Гэта ж найпрыгажэйшая рэч ва ўсім свеце!

– Што? Світанак?!

– Ды не! Жук! Незвычайнага залатога колеру, памерам з вялікі грэцкі арэх, з дзвюма ярка-чорнымі плямкамі з аднаго боку і яшчэ адной прадаўгаватай з другога. А каб такія вусікі мець…

– Ды які там медзь, маса Ўіл, – перабіў яго Юпітэр, – гэта ж залаты жук, з чыста золата, і ўнутры, і звонкі, асабліва ж крылцы, я ў жыцці не бачыў такога цяжкога жука.

– Можа, і так, Юпі, – адказаў Легран, як мне падалося, больш суха, чым таго патрабавала сітуацыя, – але ж ці варта праз гэта спальваць нашу дзічыну? Аднаго колеру, – тут ён павярнуўся да мяне, – дастаткова, каб пацвердзіць словы Юпітэра. Падаецца мне, вы ніколі раней не бачылі такога яркага металічнага бляску, як на яго лусцы. Але ўпэўніцца ў гэтым вы зможаце толькі заўтра. А я тым часам паспрабую даць агульнае ўяўленне пра яго форму.

З гэтымі словамі ён сеў за маленькі столік, на якім стаялі чарніліца і пяро, але не было ніводнага аркуша. Ён пашукаў у шуфлядцы, ды не знайшоў і там.

– Нічога, – сказаў ён з глыбіні пакоя, – падыдзе й гэты, – і, выцягнуўшы з кішэні камізэлькі нейкі абрывак, падобны да кавалка бруднай паперы для пісьма, зрабіў на ім грубы накід пяром. Пакуль Легран маляваў, я працягваў сядзець у сваім фатэлі ля агню, бо пачуваўся яшчэ зусім зябка. Скончыўшы накід, ён, не падымаючыся з месца, працягнуў мне паперу. А калі я ўзяў яе, раптам пачулася моцнае гырканне, і нехта зашкробся ў дзверы.

Юпітэр адчыніў, і тут вялікі гаспадароў ньюфаўндленд уварваўся ў пакой, ускінуў мне лапы на плечы і атуліў мяне ласкай, мабыць, памятаючы маю ўважлівасць да яго падчас папярэдніх візітаў. Калі ж яго свавольствы скончыліся, я зірнуў на паперу і, сказаць папраўдзе, дужа здзівіўся, пабачыўшы накід.

– Так, – пачаў я, прыгледзеўшыся да малюнка, – павінен прызнаць, гэта напраўду дзіўны жук. Абсалютна мне невядомы. Гэта нешта нечуванае, калі, канечне, не чэрап – эмблема смерці, бо менавіта да яго накід, па-мойму, падобны найбольш.

– Чэрап! – ускрыкнуў Легран. – Так, сапраўды, на паперы ён, без сумневу, да яго падобны. Дзве чорныя верхнія плямкі нагадваюць вочы, так? А прадаўгаватая пляміна ўнізе нібы рот, і па форме яго цела – авал.

– Магчыма, – сказаў я. – Але я баюся, вы проста благі мастак, Легран. Давядзецца мне самому агледзець жука, каб скласці хоць якое ўяўленне пра яго выгляд.

– Ну, не ведаю, – адказаў Легран крыху пакрыўджана. – Я малюю даволі прыстойна – прынамсі, мушу так маляваць, бо настаўнікі ў мяне былі добрыя, а я лічу сябе не такім ужо й няздарам.

– Тады, мой дружа, вы, мабыць, жартуеце, бо гэта даволі прыстойны чэрап, я б нават сказаў, проста цудоўны чэрап зыходзячы з абыватальскіх уяўленняў пра яго фізіялагічную будову, і ваш жук мусіць быць вельмі незвычайным жуком, калі нагадвае яго. З гэтага падабенства маглі б вынікнуць розныя цікавыя забабоны. Думаю, вы можаце назваць яго scarabaeus caput hominis – «скарабей чалавечая галава» ці нешта накшталт таго, у прыродазнаўчых энцыклапедыях шмат такіх назваў. Але ж дзе вусікі, пра якія вы згадвалі?

– Вусікі! – усклікнуў Легран (ён заўсёды расчульваўся, калі гаворка заходзіла пра іх). – Упэўнены, вы павінны іх бачыць. Я намаляваў іх гэтак жа выразна, як у сапраўднага жука. Мне падаецца, гэтага дастаткова.

– Ну-ну, – заўважыў я, – можа, вы і малявалі, але я іх тут не бачу.

І без далейшых тлумачэнняў я працягнуў яму паперу, не жадаючы больш раздражняць сябра, але пры гэтым у моцным здзіўленні ад таго, што адбылося. Яго нездаровы гумар мяне азадачыў. Што ж да малюнка, вусікаў там дакладна не было, а сваімі абрысамі жук вельмі нагадваў звычайны чэрап.

Легран злосна схапіў паперку і ўжо збіраўся скамечыць яе і кінуць у агонь, як раптам яго позірк на імгненне спыніўся на малюнку. Твар яго ўмомант зрабіўся ярка-чырвоным, а потым рэзка збялеў. Некалькі хвілінаў ён безупынку разглядаў і вывучаў малюнак, седзячы ў фатэлі. Нарэшце ўстаў, узяў са стала свечку і заняў месца ў самым дальнім куце пакоя – на матроскім куфры. Там ён зноў вельмі пільна агледзеў абрывак, круцячы яго ў руках у розныя бакі. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і яго паводзіны мяне моцна здзівілі. Але я абачліва вырашыў не нагнятаць напружанасць сябра сваімі заўвагамі. Праз некаторы час Легран дастаў з кішэні паліто партманэт, асцярожна паклаў туды паперку і схаваў яго ў пісьмовым стале, зачыніўшы на ключ. Цяпер, падаецца, ён крыху супакоіўся, але яго ранейшы запал знік. І ўсё ж Легран выглядаў ужо не столькі сярдзітым, колькі заклапочаным. З набліжэннем ночы ён усё больш заглыбляўся ў свае думкі, і нават мае жарты не маглі выцягнуць яго з гэтага стану. Папярэдне я збіраўся пераначаваць у хаціне свайго сябра, як часцяком рабіў гэта раней, але, зважаючы на настрой гаспадара, палічыў больш разумным сысці. Ён не ўпрошваў мяне застацца, але на развітанне моцна паціснуў руку з яшчэ большай сардэчнасцю, чым звычайна.

Пасля таго візіту мінуў, мабыць, месяц (увесь гэты час я не атрымліваў ад Леграна ніякіх навінаў), як раптам да мяне ў Чарлстан завітаў яго служка Юпітэр. Ніколі я не бачыў добрага старога мурына такім засмучаным. Я спалохаўся, што з маім сябрам здарылася нешта страшнае.

– Ну, Юпі, – сказаў я, – што гэтым разам? Як там твой гаспадар?

– Дальбог, маса, хутчэй дрэнна, чым добра.

– Дрэнна?! Вельмі прыкра чуць гэта. На што ж ён скардзіцца?

– А тое й яно, што маўчыць, дый годзе. А яму ж так пагана.

– Пагана, кажаш? Дык што ж ты маўчыш?! Ён што, ляжыць, не ўстае?

– Ды якое там! Дома й абцугамі не ўтрымаеш. А як сыдзе, не знойдзеш. Ой, баліць маё сэрца за масу Ўіла.

– Юпітэр, хацеў бы я ведаць, што ты маеш на ўвазе. Ты кажаш, твой гаспадар захварэў. А ці не казаў ён, што ў яго баліць?

– Толькі ж не злуйце, маса. Маса Ўіл не кажа, што з ім, але ж самі падумайце, чаго ён бегае паўсюль, голаў апусціўшы, белы, як гусак, ды на дошцы ўсё нешта крэсліць.

– Што крэсліць, Юпітэр?

– Ды значкі нейкія, ніколі ў жыцці такіх не бачыў. Ой, моцна мяне гэта пужае, скажу я вам. Яго цяпер трэба з вачэй не спускаць. А ўчора праспаў я, дык ён, як сонца яшчэ не ўзышло, уцёк і блукаў недзе ўвесь божы дзень. А я ўзяў вялізную палку ды збіраўся быў пабіць яго, як прыйдзе, але не паднялася мая рука, расчуліўся, як пабачыў гэтага небараку.

– Што?! Ого! Ведаеш, напэўна, так лютаваць не варта. Не бі бедалагу, Юпітэр, ён можа гэтага не вытрымаць. А ці ёсць у цябе нейкія здагадкі, што магло спрычыніцца да хваробы ці зменаў у яго паводзінах? Можа, здарылася што благое, пакуль мяне не было?

– Ды не, маса, потым нічога благога не здарылася. Якраз у той дзень, калі вы былі ў нас, яно й здарылася.

– Як так? Што ты маеш на ўвазе?

– Жука маю.

– Каго?

– Ну, жука таго. Думаю, гэта масу Ўіла залаты жук у галаву ўкусіў.

– А чаму ты так лічыш?

– Па-першае, лічу лапы вялізныя, па-другое, рот шырачэзны. Ніколі раней такога страшнага жука не сустракаў – б’е ды кусае ўсё, што трапіць. Маса Ўіл спаймаў яго, потым выпусціў, тады, мабыць, і цапнуў. Пашча страшная-страшная, голымі рукамі яго не возьмеш, дык я ўзяў кавалкам паперы, побач валяўся, закруціў у яго і зяпу заткнуў. Вось так.

– І ты напраўду думаеш, што твайго гаспадара пакусаў жук і нейкім чынам спрычыніўся да яго хваробы?

– Нічога не думаю, ведаю я. Чаму ж ён сніць пра золата, калі жук не кусаў? Шмат я чуў пра такіх жукоў.

– А адкуль ты ведаеш, што яму золата сніцца?

– Як адкуль? У сне ён пра яго гаворыць. Адкуль жа яшчэ?!