Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 31)
Захапіўшы маё ўяўленне, гэтая ідэя дарэшты ім завалодала, і я заблукаў у крозах. “Калі існуюць у свеце зачараваныя астравы, – сказаў я сабе, – то вось адзін з іх. Гэта прыстанак рэдкіх пяшчотных феяў, што перажылі гібель свайго племені. Гэтыя зялёныя магілы належаць ім? Ці развітваюцца яны са сваім салодкім жыццём так, як людзі? Ці не растаюць яны, паміраючы, са скрухай, ці не аддаюць патроху сваё жыццё Богу, як аддаюць цень за ценем дрэвы, ушчэнт губляючы сябе? Ці будзе жыццё феі для смерці, што зацягвае яе, тым жа, што і дрэва для вады, якая ўсмоктвае яго цень, сваю здабычу, і робіцца ўсё чарнейшай?”
Пакуль я так, прымружыўшы вочы, летуценіў, сонца спяшалася на спачынак і плынь вірыла вакол вострава, несучы на хвалях вялікія бліскучыя кавалкі белай платанавай кары, якія так мільгацелі на вадзе, што імклівае ўяўленне магло ператварыць іх у што заўгодна, – пакуль я так летуценіў, мне ўявілася, што фігурка адной з тых выдуманых мной феяў паволі выплыла з заходняй, асветленай часткі вострава ў цемру. Яна стаяла, выпрастаўшыся, у дзівосным крохкім чоўне і кіравала ім з дапамогай прывіднага вясла. Пад апошнімі промнямі ў яе абліччы праглядалася нешта радаснае, аднак скруха сказіла яе рысы, як толькі яна апынулася ў цені. Яна марудна слізгала па хвалях, пакуль урэшце не абплыла астравок і не вярнулася да святла. “Кола, якое толькі што зрабіла фея, – летуценна падумаў я, – гэта кароткі год яе жыцця. Яна праплыла праз сваю зіму і сваё лета. Цяпер яна на год наблізілася да смерці, бо я не мог не заўважыць, што, калі яна трапіла ў змрок, цень феі аддзяліўся і знік у цёмнай вадзе, зрабіўшы яе чарнату яшчэ чарнейшай”.
А вось і зноў чаўнок, а на ім – фея, але ў яе абліччы больш няўпэўненасці і турботы і менш лёгкае радасці. Яна зноў выплыла са святла ў змрок (які тут жа зрабіўся глыбейшым), і зноў яе цень аддзяліўся ад яе, і ўпаў у эбенавыя воды, і знік у іх чарнаце. Зноў і зноў рабіла фея колы вакол вострава, пакуль сонца зануралася ў дрымоту, і кожны раз, выплываючы на святло, яна рабілася ўсё маркотнейшай, слабела, бляднела і размывалася, а трапляючы ў цемру, губляла ўсё цямнейшы цень, які паглынаўся ўсё чарнейшай вадой. І ўрэшце, калі сонца зусім схавалася, фея, цяпер не больш чым прывід ранейшай сябе, журботна скіравала чаўнок у эбенавай чарнаты плынь, а ці выплыла адтуль, я сказаць не магу, бо ўсё навокал схаваў змрок, і я не бачыў больш яе чароўнага аблічча.
Берэніка
Пакута разнастайная. Няшчасце людское – шматаблічнае. Яно сягае за далягляд, як вясёлка, і мае столькі ж адценняў – выразныя, яны, тым не менш, паступова пераходзяць адно ў адно. Яно сягае за далягляд, як вясёлка! Як жа атрымалася, што з прыгажосці я здабыў пачварнае? Запавет міру прыпадобіў скрусе? Але гэтаксама як, з гледзішча этыкі, зло магчымае пры ўмове існавання дабра, так і скруха папраўдзе нараджаецца з радасці. І ці то ўспамін пра былое шчасце робіцца пакутай сённяшняга дня, ці то мукі, што нарадзіліся з радасці, якая магла быць.
Мяне хрысцілі імем Эхей; прозвішча сваё згадваць не буду. Аднак няма ў гэтых землях замкаў, больш асвечаных стагоддзямі, чым мае змрочныя, шэрыя спадчынныя ўладанні. Лічылася, што ў нашым родзе ўсе як не з гэтага свету, і асобныя цікавыя дэталі – і сам выгляд фамільнага маёнтка, і роспісы ў вялікай залі, і габелены ў спачывальнях, і разьба на калонах у збройні і асабліва ў галерэі старадаўняга жывапісу, і афармленне бібліятэкі, і, нарэшце, вельмі адмысловая падборка кніг у ёй – даводзілі гэта больш чым пераканаўча.
З гэтай бібліятэкай і яе кнігамі спрэс звязаныя ўспаміны майго ранняга дзяцінства; больш пра гэта я не скажу нічога. Тут памерла мая маці. Тут я з’явіўся на свет. Аднак няма ніякіх падставаў казаць, нібыта я не жыў да гэтага, нібыта нашыя душы не існуюць да нашага нараджэння. Вы не згодныя?.. Але не будзем спрачацца. Сам я ўпэўнены, а ўпэўніваць іншых не хачу. Усплываюць жа ў нас, аднак, згадкі пра няісныя формы, узвышаныя і поўныя сэнсу погляды, гукі, меладычныя і сумныя, – згадкі, пазбавіцца якіх нельга, успаміны, падобныя да ценяў, невыразных, зменлівых, цьмяных, няўстойлівых, і, як ценяў, я не змагу іх пазбыцца, пакуль будзе свяціць сонца майго розуму.
У гэтым пакоі я з’явіўся на свет. Абудзіўшыся пасля доўгай ночы, якая здавалася небыццём, аднак не была ім, я апынуўся ў казачнай краіне, палацы фантазіі, у пустэльных землях, дзе я быў анахарэтам думкі і вучонасці, і таму няма нічога незвычайнага ў тым, што я пазіраў на свет здзіўленымі бліскучымі вачыма, што марнаваў дзяцінства за кнігамі і траціў юнацтва на мроі; незвычайным было, аднак, тое, што ішлі гады, і росквіт сталасці заспеў мяне ўсё ў тым жа бацькоўскім маёнтку. Дзіўным было і тое, як замерла тады маё жыццё, як перакуліліся з ног на галаву самыя звычайныя думкі. Рэальнае жыццё падавалася мне відзежай і толькі відзежай, а вар’яцкія ідэі, што прыходзілі да мяне з краіны мрояў, рабіліся, наадварот, нават не з’явамі майго штодзённага існавання, а самім існаваннем, сапраўдным і адзіным.
Берэніка была маёй стрыечнай сястрой, і мы разам раслі пад бацькоўскім дахам. Аднак раслі мы па-рознаму: я – хваравіты і апанаваны маркотай, яна – рухавая, прывабная і перапоўненая энергіяй; яна блукала па схілах пагоркаў – я сядзеў на самоце над кнігамі, я замыкаўся ў сабе і ахвяраваў целам і душой дзеля глыбокіх і пакутлівых развагаў – яна бесклапотна ішла па жыцці, не думаючы ні пра цені на шляху, ні пра бясшумны лёт гадзінаў з крумкачовымі крыламі. Берэніка! – я клічу яе па імені – Берэніка! – і ад гуку майго голасу тысячы трывожных успамінаў спалохана ўзлятаюць над шэрымі руінамі маёй памяці. Ах, яе вобраз так жыва ўстае перад маімі вачыма, як у былыя дні яе бестурботнасці і радасці! О неверагодная і надзвычайная краса! О сільфіда ў прысадах Арнгейма*! О наяда ў яго ручаях! А далей… далей толькі таямніца, і вусціш, і гісторыя, якую лепей бы не расказваць. Хвароба, смяротная хвароба наляцела на яе, як самум, захапіла яе ў мяне на вачах, завалодваючы яе розумам, яе звычкамі, яе асобай і самым незаўважным і жахлівым чынам руйнуючы яе ўсю. О гора – хвароба-разбуральніца прыйшла і сышла, а ахвяра – дзе яна цяпер? Я не ведаў яе болей – а тая, каго ведаў, не была больш Берэнікай!
Сярод незлічоных хваробаў, выкліканых гэтай – самай першай і пагібельнай, што так жахліва паўплывала на духоўны і фізічны стан мае стрыечнае сястры, – варта згадаць найбольш пакутлівую і невылечную, пэўнага кшталту эпілепсію, што нярэдка заканчвалася трансам. Транс гэты было амаль немагчыма адрозніць ад смерці; у большасці выпадкаў яна ачуньвала надзвычай нечакана. У гэты ж час мая ўласная хвароба – а мне забаранілі вызначаць мой стан якім-небудзь іншым словам – мая ўласная хвароба хутка завалодвала мной і ўрэшце вылілася ў манаманію незвычайнай, невядомай раней формы, што з кожнай гадзінай, з кожнай хвілінай рабілася ўсё мацнейшай, пакуль не забрала нада мной невытлумачальную ўладу.
Гэтая манаманія (калі можна так яе назваць) выяўлялася ў паталагічным расстройстве тых здольнасцяў розуму, якія ў метафізіцы называюцца ўвагай. Цалкам магчыма, што тлумачу я незразумела, аднак, баюся, няма такіх словаў, якія дапамаглі б мне данесці да звычайнага чытача правільнае ўяўленне пра нервовы стан напружанай цікаўнасці, з якім уся мая, кажучы простымі словамі, воля да развагаў канцэнтравалася і засяроджвалася на сузіранні самага звычайнага аб’екта рэчаіснасці.
Задумацца на доўгія гадзіны, пільна разглядаючы нейкую нікчэмную дробязь або форму аркуша кнігі, амаль на цэлы летні дзень паглыбіцца ў сузіранне дзіўнага ценю, што коса падае на габелен ці на дзверы, сысці ў сябе, пазіраючы на тленне вуголля ў каміне ці на роўнае святло лямпы або свечкі, і так праседзець усю ноч, цэлымі днямі летуценіць, удыхаючы водар кветкі, манатонна паўтараць звычайнае слова, пакуль праз шматразовае паўтарэнне розум не перастане пазнаваць яго сэнс, надоўга замерці і не варушыцца, пакуль цела не забудзецца на сваё фізічнае існаванне і здольнасць рухацца, – такімі былі самыя звычайныя і найменш згубныя дзівацтвы, выкліканыя станам маёй душы, які быў, мабыць, не такім ужо і незвычайным, але не пакідаў ніякіх магчымасцяў для аналізу або вытлумачэння.
Аднак зразумейце мяне правільна: гэтую надзвычайную, сур’ёзную і хваравітую ўвагу да нейкіх нікчэмных прадметаў не варта блытаць са схільнасцю заглыбляцца ў думкі, характэрную для ўсіх людзей і асабліва прыемную для асобаў з палкім уяўленнем. Яна не ёсць нават гэтай схільнасцю, даведзенай да паталогіі (як можа падацца на першы погляд), гэта – нешта ў аснове сваёй і ў найвышэйшай ступені іншае і непадобнае. Бывае, што летуценнік ці чалавек апантаны, захапіўшыся прадметам зусім не нікчэмным, незаўважна для сябе губляе яго з поля зроку, заглыбляючыся ў гушчар сілагізмаў і дапушчэнняў, на якія гэты прадмет яго навёў, пакуль пасля доўгіх развагаў, якім ён з асалодай аддаваўся, не заўважае, што першапрычына іх, або