реклама
Бургер менюБургер меню

Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 33)

18

Падзенне ў Мальстрэм*

Шляхі Божыя ў Прыродзе – гэта не нашыя шляхі. І узоры, намі створаныя, не могуць быць сувымернымі велічы, бездані і неспазнавальнасці Ягоных стварэнняў, глыбіня якіх большая за глыбіню Дэмакрытавага калодзежа*.

Цяпер мы ўскараскаліся на самую вяршыню стромай скалы. Некаторы час стары здаваўся занадта стомленым, каб гаварыць. «Яшчэ нядаўна, – сказаў ён нарэшце, – я мог правесці вас гэтаю сцежкаю гэтак жа лёгка, як і наймаладзейшы з маіх сыноў. Але вось ужо тры гады мінула, як здарылася са мною нешта такое, што ніколі раней не выпадала вынесці смяротнаму. А калі й здаралася нешта такое, то наўрад ці хто здолеў бы перажыць гэткі жах ды расказаць пра яго. Шэсць гадзін смяротнай жуды, якія давялося мне вытрываць, знішчылі маё цела і душу. Вы думаеце, што я – нямоглы стары? Але не! Аднаго дня хапіла, каб я ператварыўся з чорнавалосага маладзёна ў сівога як лунь старога, каб цела маё саслабела, каб нервы мае так абшкуматала, што цяпер я дрыжу ад найменшага высілку і баюся нават ценю. Ведаеце, я і зірнуць не магу з гэтай малой стромы, каб галава не закружылася».

«Малая строма», на самым краі якой так неасцярожна ўлёгся стары, абапіраючыся локцем на востры слізкі камень, так што большая частка ягонага цела павісла над безданню, дык вось, гэтая «строма» ўздымалася вострым гладкім адгор’ем бліскуча чорнага каменю футаў на сто пяцьдзясят вышэй за бліжнія скалы, якія натоўпам скупіліся пад намі. Нішто ў свеце не магло б прымусіць мяне наблізіцца да яе ўскрайку бліжэй чым на шэсць ярдаў. Насамрэч рызыка, з якой уладкаваўся мой спадарожнік, усхвалявала мяне да такой ступені, што я ніцма ўпаў на зямлю і ўчапіўся ў рэдкае кустоўе, не насмельваючыся нават падняць вочы да неба.

Я ляжаў быццам скуты, знерухомлены думкаю аб тым, што ў любы момант скала можа абрынуцца ад шалёнага ветру. Доўгі час я змагаўся з самім сабою, пакуль набраўся нарэшце адвагі прыўзняцца і сесці, каб агледзецца.

«Кіньце свае дзівацтвы, – сказаў мой праваднік, – я ж і прывёў вас сюды, каб як найлепей паказаць месца, дзе адбыліся падзеі, пра якія я казаў, і каб вам лацвей было слухаць і мець усё адразу перад вачыма».

«Мы цяпер знаходзімся, – працягнуў ён з той асаблівай грунтоўнасцю, што прысутнічала ва ўсёй ягонай асобе, – мы цяпер знаходзімся над самым узбярэжжам Нарвегіі, на шэсцьдзесят восьмым градусе шыраты, у вялікай правінцыі Нордланд, на тужлівых абшарах Лафатэна*. Гара, на вяршыні якой мы цяпер сядзім, – гэта Хельсэген, Хмарная. Прыўстаньце вышэй ды трымайцеся за траву, калі галава кружыцца, во так, і зірніце далей за тую паласу туманоў, што ўнізе, проста ў мора».

Я глянуў туды, куды паказваў стары, і ледзьве не самлеў: пада мною слаўся разлеглы абшар акіяну, каціў свае чорныя як атрамант хвалі, так што мне адразу ўзгадаліся радкі нубійскага географа* з апісаннем Mare Tenebrarum* – Мора цемры. Чалавечае ўяўленне не зможа намаляваць сабе больш спустошанага, маркотнага краявіду, чым той, які адкрыўся маім вачам. Справа і злева, наколькі было відаць, нібы бастыён свету, распасціраліся ланцугі жахліва чорных навіслых стромаў. Іх хмурнасць была яшчэ больш падкрэсленая наплывамі хваляў, якія высока ўздымалі свае жудасныя белыя грабяні, напаўняючы прастору пранізлівым стагнаннем і выццём. Якраз насупраць мыса, на вяршыні якога мы спыніліся, на адлегласці нейкіх пяці-шасці міляў, у моры можна было ўбачыць маленькую адкрытую выспачку ці, больш дакладна, адгадаць яе знаходжанне па высокіх хвалях, што шалёна біліся аб яе берагі з усіх бакоў. Прыблізна на дзве мілі бліжэй да ўзбярэжжа ўздымалася іншая выспа, меншага памеру, стромістая і пустынная, нераўнамерна аточаная цёмнымі скаламі.

Паверхня акіяну паміж найбольш аддаленай выспаю і берагам мела ў сабе нешта незвычайнае. Нягледзячы на тое, што вецер у бок узбярэжжа дзьмуў настолькі моцны, што невялікі карабель удалечыні ішоў пад зарыфленым трыселем*, час ад часу знікаючы з вачэй, занураючыся ўсім корпусам у хвалі, тут можна было назіраць нешта зусім не падобнае да звычайнай марской гайданкі. Гэта былі хутчэй нейкія кароткія і хуткія раз’ятраныя ўсплёскі ва ўсе бакі – і па ветры, і супраць ветру. Пены амаль не было, толькі скаламучаная вада зусім побач са скаламі.

«Тую выспу, што паводдаль, – зноўку загаварыў стары, – нарвежцы называюць Вург. Гэтая, найбліжэйшая да нас – Моске. За мілю адсюль на поўначы – Амбарэн. Вунь там знаходзяцца Іфлезен, Хатхольм, Кейльхельм, Суарвен і Букхольм. Крыху далей, паміж Моске і Вургам – Атэрхольм, Флімен, Сандфлезен і Стакхольм. Вось вам дакладныя назвы гэтых мясцінаў, але для чаго было наагул даваць ім найменне – гэтага ні мне, ні вам не зразумець. Чуеце што-небудзь? Бачыце, як змяняецца вада?»

Мы былі на вяршыні Хельсэген ужо хвілін дзесяць. Уздымаліся сюды з унутранай часткі Лафатэна, аддаленай ад узбярэжжа, і таму не бачылі мора, пакуль яно знянацку не адкрылася нашым вачам з вяршыні скалы. Пакуль стары прамаўляў, я злавіў сябе на думцы, што чую нарастанне нейкага пранізлівага гулу. Ён нагадваў рык вялізнага статка буйвалаў на прасторах амерыканскіх прэрыяў. У тое ж самае імгненне я ўсвядоміў, што кароткія ўсплёскі на вадзе (рыбакі звычайна называюць іх «сечкаю») раптоўна ператвараюцца ў вірлівую плынь, якая імкне на ўсход. Літаральна на вачах гэтая плынь набывала шалёную хуткасць. З кожнай хвіляй раз’юшаная навала ўзрастала. Ужо праз пяць хвілін увесь марскі абшар да самага Вурга ператварыўся ў апантаную, нястрымную лютую пачвару. Найбольш утрапёна яна шалела на тым кавалку, што паміж берагам і Моске: тут шырокая водная прастора, цяпер ссечаная ўпоперак глыбокімі шнарамі і зморшчынамі ад тысяч сустрэчных плыняў, умомант скурчылася ў страшэнных сутаргах, уздыбленая, яна сыкала, клекатала, нібы кіпень, круцілася спіраллю, утвараючы незлічоныя вялізныя віры. І ўсё гэта віхураю шпурляла і несла на ўсход з нястрымнаю моцай і хуткасцю, быццам вадаспад, што звяргаецца з вышыні ў бездань.

Яшчэ праз некалькі хвілін уся карціна зноў раптоўна змянілася. На паверхні мора пацішэла, злагаднела, і віры адзін за адным зніклі. Вада пакрылася непамерна вялікімі палосамі пены – там, дзе раней нічога не было. Яны даўжэлі, расцягваліся па шырокім абшары, злучаліся між сабою, усмоктваючы кругавы рух аціхлых ужо віроў і нібы рыхтуючы нараджэнне яшчэ адной, яшчэ большай крутаверці. У адно імгненне, зусім нечакана, абмаляваліся яе выразныя абрысы, бездань ашчэрыла зеўру, большую за паўмілі ў дыяметры. Самы край крутаверці быў аблямаваны шырокім пасам бліскучай пены, але ні каліва яе не трапляла ў сярэдзіну жудаснай лейкі, чыя ўнутраная частка ўяўляла, наколькі можна было зазірнуць туды, гладкую, бліскучую, як гагат, сцяну вады, нахіленую да гарызонту пад вуглом градусаў сорак пяць. Яна імкліва закручвалася ўглыб няроўнымі цяжкімі штуршкамі, напаўняючы паветра вусцішнымі гукамі – ці то пранізлівым енкам, ці то рыкам, які нават вадаспад Ніягары не здолеў бы ў сваёй агоніі ўзнесці да нябёсаў.

Гара задрыжэла да самага падножжа, скалы затрэсліся. Я кінуўся на зямлю тварам долу, нервова схапіўшыся за ўбогае бадыллё.

«Гэта, – нарэшце сказаў я старому, – без сумневу, той самы вялікі вір Мальстрэма».

«Так яго часам называюць, – адгукнуўся стары. – Мы, нарвежцы, мянуем яго Москестрэм, па назве выспы Моске, якая знаходзіцца пасярэдзіне».

Звычайныя апісанні паўсюдна вядомага віру ніякім чынам не маглі падрыхтаваць мяне да таго, што я ўбачыў. Апісанне Ёнаса Рамуса*, самае падрабязнае з усіх, не можа даць нават прыблізнага ўяўлення ні пра веліч, ні пра вусцішную прыгажосць відовішча, ні пра пачуццё разгубленасці і незвычайнасці, якое ўражвае гледача. Я не магу дакладна сказаць, адкуль аўтар назіраў за вірам і пры якім надвор’і, але адно можна сцвярджаць без сумневу: не з вяршыні Хельсэгена і не ў шторм. Вось некалькі абзацаў з ягонага апісання; варта прывесці іх тут хаця б за іх дэталёвасць, хай і даволі невыразную ў параўнанні з уражаннямі, якія выклікае само відовішча.

«Між Лафатэнам і Моске, – піша ён, – глыбіня вады дасягае трыццаці шасці-сарака марскіх сажняў, а ў іншым кірунку, бліжэй да Вэра (або Вурга), яна памяншаецца так, што ніводзін карабель не можа прайсці там, не рызыкуючы разбіцца аб скалы, нават у самае пагоднае надвор’е. Калі пачынаецца прыліў, вада з шалёнай хуткасцю ўрываецца ў пратоку паміж Лафатэнам і Моске. Гул, які падымаецца, калі вада падчас адліву стрымгалоў імкне назад да мора, толькі аддалена можна параўнаць з гулам наймагутнейшых вадаспадаў. Яго чуваць за некалькі кіламетраў, а віры і лейкі дасягаюць такой шырыні і глыбіні, што варта толькі якому караблю падысці да іх бліжэй – і яго немінуча паглыне і зацягне вірам на самае дно, а там разаб’е аб скалы на малыя трэскі. Калі ж вада зноў супакойваецца, некаторыя з іх плынь выносіць на паверхню. Але гэтыя перапынкі зацішша бываюць толькі паміж прылівам і адлівам і толькі ў пагоднае надвор’е. Доўжыцца гэта не больш за пятнаццаць хвілін, пасля гайданка зноў пачынае нарастаць. У час, калі плынь найбольш шалёная, ды яшчэ раз’ятраная штормам, небяспечна падыходзіць да яе бліжэй чым на нарвежскую мілю*. Шлюпкі, чоўны, караблі засмоктвае ў вір, ледзь толькі яны неасцярожна падыходзяць бліжэй. Даволі часта здараецца таксама, што кіты праплываюць занадта блізка ад крутаверці, і тады іх зацягвае ў яе нутро. Немагчыма апісаць енкі і лямант падчас той бясплённай барацьбы, калі яны спрабуюць вызваліцца. Аднойчы мядзведзь спрабаваў пераплысці з Лафатэна на Моске, і яго закруціла плынню і пацягнула ўніз, і ягоны рык быў такі жудасны, што яго было чуваць ажно на беразе. Вялізныя камлі ялінаў і хвояў, пасля таго як іх засмокча вір, выплываюць на паверхню абшкуматаныя і паторганыя, быццам пакрытыя густою шчэццю. Бо на самым дне – вострыя камяні, аб якія іх і разбівае ўшчэнт. Крутаверць залежыць ад прыліваў і адліваў: вада ў моры падымаецца і спадае кожныя шэсць гадзін. У 1645 годзе, у перадапошнюю нядзелю перад Вялікім постам, з самага рання мора ўскіпала так раз’юшана, што некалькі хацінаў на самым беразе разнесла ў друзачкі».