Эдгар По – Маска Чырвонае Смерці (страница 29)
Як выявілася, ні мае падлікі, ні мае пакуты не былі дарэмнымі. І нарэшце я адчуў сябе вольным. Папругі шмаццём звісалі з майго цела. Але лязо ківача ўжо апусцілася на мае грудзі і разрэзала тканіну балахона. Прарвала сподняе. Ківач хіснуўся яшчэ двойчы, і востры боль працяў кожны куточак майго цела. Але момант збавення ўжо прыйшоў. Ад узмаху рукі мае выратавальнікі раптам мітусліва кінуліся ва ўсе бакі. Адным упэўненым рухам, асцярожна, наўскос, павольна сцяўшыся, я выслізнуў з небяспечных абдоймаў папругі, далей ад смяротнага ляза ківача. І хоць на імгненне стаў вольным.
Вольным – у тугіх абцугах Інквізіцыі! Як толькі я ступіў з жахлівага ложа на каменную падлогу вязніцы, рух пякельнай машыны спыніўся, і я ўбачыў, як яе пацягнулі наверх і прыбралі праз шчыліну ў столі. Гэта было мне ўрокам, які я ў роспачы прыняў блізка да сэрца. Несумненна, за кожным маім рухам сочаць. Вольны! Я пазбег усяго адной формы жудаснай смерці, каб зрабіцца ахвярай смерці, мабыць, яшчэ страшнейшай. З гэтай думкай я ўсхвалявана абвёў вачыма жалезныя пліты, што акалялі і трымалі мяне тут. Нешта было не так, і хоць я не мог адчуць гэтага адразу, было ясна – у склепе нешта змянілася. Цягам доўгіх хвілінаў сонных і трапяткіх развагаў я марна перабіраў зусім не звязаныя між сабой гіпотэзы. Менавіта тады я заўважыў, прычым упершыню, крыніцу таго зялёна-жоўтага святла, што разлівалася па маім склепе. Яно лілося са шчыліны прыкладна на паўдзюйма шырынёй, што цягнулася колам пад сценамі вязніцы, – як выявілася, яны былі цалкам аддзеленыя ад падлогі. Я паспрабаваў глянуць праз шчыліну, але безвынікова.
Калі ж я падняўся, то загадка раптоўных зменаў у склепе нечакана раскрылася мне. Раней я заўважыў, што хоць абрысы фігураў на сценах былі дастаткова выразнымі, іх колеры падаваліся бляклымі і прыглушанымі. Цяпер жа колеры нібы праявіліся, умомант сталі нашмат ярчэйшымі, азарыліся страшным асляпляльным бляскам, што надаў прывідным д’ябальскім выявам выгляд, які зледзяніў бы нервы і нашмат мацнейшыя за мае. Дэманічныя пагляды ажыўленых дзікім пякельным полымем вачэй упіваліся ў мяне з усіх бакоў, адтуль, дзе раней і знаку іх не было, іскрыліся агністымі водбліскамі пажараў, і я ніяк не мог прымусіць сябе паверыць, што гэта толькі гульні майго ўяўлення, што яны несапраўдныя.
Несапраўдныя! Нават уцягваючы ноздрамі паветра, я адчуваў пах гарачага жалеза! Задушлівы смурод запаўняў цямніцу. Усё мацней разгараліся вочы, што неадрыўна сачылі за маімі пакутамі. Усё ярчэйшай рабілася барва, што залівала выявы крывёй жуды! Я задыхаўся! Хапаў ротам паветра! Сумневаў у прыдумцы маіх катаў быць не магло – што за жорсткія, што за бязлітасныя людзі! Ад гарачага металу сценаў я падаўся бліжэй да сярэдзіны вязніцы. Пры думцы аб пажары, што мусіў спаліць усё наўкола, прахалода калодзежа падалася мне бальзамам для стомленай душы. Я кінуўся да яго смертаноснага ўскрайку і стрывожана глянуў уніз. Зарыва палаючага даху асвятліла шматлікія западзіны і нішы. І ўсё ж нейкую секунду мой розум не хацеў успрымаць тое, што я пабачыў на свае вочы. Але нарэшце разуменне навалілася на мяне, дасягнула самых апошніх куточкаў маёй душы – агнём выпаліла сабе дарогу да ўтрапёнага ўсведамлення. Як вымавіць усё гэта? Жах, які жах! Што заўгодна, але толькі не гэта! З крыкам адскочыў я ад калодзежа і, абхапіўшы галаву рукамі, горка зарыдаў.
А гарачыня ўсё нарастала, і зноў я падняў вочы, скаланаючыся, нібы ў ліхаманцы. Змены ў маёй вязніцы адбыліся ўжо другі раз, і цяпер было выразна відаць – змянілася яе форма. Як і раней, я спачатку беспаспяхова намагаўся адчуць ці зразумець, што адбываецца. Але ў хуткім часе сумневаў у мяне не засталося. Тыя два разы, калі я здолеў пазбегнуць смерці, прыспешылі помслівую Інквізіцыю – яны не збіраліся адкладаць маю сустрэчу са Смерцю. Памяшканне склепа было квадратным. Але цяпер я заўважыў, што два яго жалезныя куты сталі вострымі, а два астатнія, адпаведна, тупымі. Гэтая страшная розніца між імі пачала толькі павялічвацца з моцным грукатам і шумам. Умомант памяшканне ператварылася ў ромб. Але яго форма пры гэтым працягвала змяняцца і далей, праўда, я не жадаў і нават не спадзяваўся, што гэта спыніцца. Я б мог кінуцца грудзьмі на чырвоныя сцены маёй турмы і знайсці вечны спакой. «Смерць! – думаў я, – любая смерць, толькі не ў калодзеж!» Дурань! Няўжо я не разумеў, што менавіта ў калодзеж хацелі загнаць мяне гарачым жалезам?! Як мог бы я вытрымаць яго асляпляльнае святло?! А калі б мог, то ці хапіла б сілаў стрымаць яго націск?! А ромб вязніцы рабіўся тым часам усё больш пляскатым з такой хуткасцю, што часу на развагі ў мяне папросту не было. У яго цэнтры, там, дзе ромб быў найшырэйшым, зеўрала чорная бездань. Я падаўся наперад, але сцены, што няўмольна насоўваліся, адціскалі мяне назад. Урэшце майму скурчанаму болем і абпаленаму агнём целу не засталося і лапіка зямлі, каб зрабіць хоць крок па цвёрдай паверхні вязніцы. Я кінуў змаганне, але ўся жуда майго сэрца вырвалася адзіным гучным і працяглым, апошнім крыкам. Я адчуў, як упаў на цагліны, і адвёў пагляд.
І тут данёсся нястройны гул чалавечых галасоў! Зараўло мноства трубаў! І рэзкі скрыгат, нібы ад сотні громаў, напоўніў наваколле! Вогненныя сцены памкнулі назад! І выцягнутая рука схапіла маю, калі я, амаль непрытомны, падаў у калодзеж. Гэта была рука генерала Ласаля*. Французскае войска ўвайшло ў Таледа. Інквізіцыя апынулася ў руках сваіх ворагаў.
Цішыня
Прыпавесць
Горныя вяршыні дрэмлюць, даліны, скалы і пячоры ў цішыні.
«Слухай мяне, – сказаў Дэман і паклаў мне на галаву рукі. – Край, пра які я апавядаю, – гэта маркотны край у Лівіі, на берагах ракі Заір*. І тут няма ні спакою, ні цішыні.
Воды гэтай ракі хваравітага шафранавага колеру, і яны цякуць не наперад, у мора, а адвечна і заўсёды пульсуюць пад чырвоным вокам сонца ва ўзбуджаным, сутаргавым руху. На іншым баку глеістага ложа ракі на шмат міляў раскінулася бледная пустыня гіганцкіх вадзяных лілеяў. Яны ўздыхаюць у гэтай самоце, цягнуць да нябёсаў доўгія, змярцвела-бледныя шыі і ківаюць у розныя бакі сваімі адвечнымі галовамі. І чуваць невыразны шолах, які ідзе ад іх, – як ад шыпення падземных водаў. І яны ўздыхаюць.
Але ёсць мяжа іхнай краіны – чорны, высокі, жудасны лес. Тут, як хвалі каля Гебрыдскіх астравоў, гайдаецца нізкі хмызняк. Але тут ніколі не бывае ветру. І высокія першатворныя дрэвы адвеку хістаюцца ў розныя бакі з магутным трэскам і гулам. І з іхных вяршыняў адна за адной падаюць адвечныя кроплі расы. Ля каранёў звіваюцца ў неспакойным сне дзіўныя атрутныя кветкі. А наверсе з шыпеннем і гулам заўсёдна нясуцца на захад шэрыя хмары, пакуль не перакоцяцца вадаспадам за палымнеючую сцяну далягляду. Але тут ніколі не бывае ветру. І на берагах ракі Заір няма ні спакою, ні цішыні.
Была ноч, і ішоў дождж, і пакуль ён ішоў, гэта быў дождж, але калі скончыўся – гэта была кроў. І я стаяў у балоце, паміж высокіх лілеяў, і дождж падаў на маю галаву – і лілеі ківалі адна адной ва ўрачыстай адзіноце.
Раптам з бледнага прывіднага туману з’явіўся месяц, і быў ён колеру крыві. Вочы мае напаткалі велізарную шэрую скалу, што стаяла на беразе мора, асветленая месяцавым бляскам. І скала была шэрая і прывідная, і высокая – і скала была шэрая. На ёй былі знакі, выразаныя на камені, і я ішоў па балоце з вадзянымі лілеямі, пакуль не дасягнуў берага, каб прачытаць літары на камені. Але я не мог разабраць іх. І я пайшоў назад праз балота, месяц свяціў яшчэ ярчэйшай чырванню, я павярнуўся і зноў зірнуў на знакі – і літары былі АДЗІНОТА.
Я зірнуў уверх, і на вяршыні гары стаяў чалавек, і я схаваўся паміж вадзяных лілеяў, каб назіраць за гэтым чалавекам. Ён быў высокі і паважны, з плячэй да пятак захінуты ў старажытнарымскую тогу. Абрысы ягонай постаці былі расплывістыя – але ягоныя рысы былі рысамі боства; і плашч ночы і туману, і месяца, і расы не змаглі схаваць рысаў яго твару. Ягоны лоб быў высокім ад роздумаў, і вочы былі неспакойныя ад клопатаў, і ў барознах на яго шчоках я прачытаў прыпавесць тугі і журбы, і агіды да чалавецтва, і прагу самоты.
Чалавек сеў на гары, апусціў галаву на руку і глядзеў на адзіноту. Ён глядзеў уніз на рэдкі неспакойны хмызняк, і ўверх на высокія першатворныя дрэвы, і яшчэ вышэй, на шумныя нябёсы і барвовы месяц. І я стаіўся ў лілеях і сачыў за чалавекам. І чалавек трымцеў на самоце – але ноч святлела, і ён сядзеў на гары.
І чалавек адвёў вочы ад нябёсаў і паглядзеў на маркотную раку Заір, і на жудасныя жоўтыя воды, і на бледныя легіёны вадзяных лілеяў. Чалавек слухаў уздыхі вадзяных лілеяў і шолах, які ішоў ад іх. І я стаіўся ў сховах і сачыў за чалавекам. І чалавек трымцеў на самоце – але ноч святлела, і ён сядзеў на гары.
Тады я спусціўся ў твань і пайшоў уброд, праз пустыню лілеяў, і паклікаў гіпапатамаў, што жылі ў дрыгве. Гіпапатамы пачулі мой покліч, прыйшлі з Бегемотам* да падножжа гары і рыкалі гучна і жудасна пад тварам месяца. І я стаіўся ў сваім схове і сачыў за чалавекам. І чалавек трымцеў на самоце – але ноч святлела, і ён сядзеў на гары.
Тады я пракляў стыхіі праклёнам шаленства, і жудасная навальніца ўсчалася ў нябёсах, дзе дагэтуль не было ветру. І нябёсы раз’юшыліся барвовай сінечай – лютасцю навальніцы – і дождж біў па галаве чалавека – і рака выйшла з берагоў – і воды яе курчыліся і пеніліся ад болю – і вадзяныя лілеі скавыталі ў сваіх ложках – і лес асыпаўся пад ветрам – і каціўся гром – і бліскала маланка – і гара гайдалася ля самай асновы. І я стаіўся ў сваім схове і сачыў за чалавекам. І чалавек трымцеў на самоце – але ноч святлела, і ён сядзеў на гары.