18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 86)

18

— Ідзіце гуляць! — скамандавала яна.

Дзеці моўчкі адступілі перад ёю. Яна крыху пастаяла, утаропіўшыся на іх, тады кінула малаток і з плачам пабегла да сваёй палаткі. Дзеці вярнуліся на пляцоўку.

Парасячыя хвосцікі крыкнулі Ўінфілду:

— Калі пачнём новую, можаш з намі гуляць.

Пажылая жанчына сказала:

— Калі яна вернецца і будзе добра сябе паводзіць, няхай і яна гуляе з вамі. Ты, Эла, сама была такая.

Гульня ўзнавілася, а Руці ляжала ў палатцы і горка плакала.

Грузавік ехаў па прыгожых мясцінах, міма фруктовых садоў, дзе пачалі ўжо ружавець персікі, міма вінаграднікаў, дзе на лозах ледзь зазелянеліся гронкі, пад арэхавымі дрэвамі, што працягнулі сваё вецце да сярэдзіны дарогі. Каля кожных варот у сад ці вінаграднік Эл прытарможваў, і на кожных варотах вісела аб'ява: «Рабочыя не патрабуюцца. Уваход забаронены».

Эл загаварыў:

— Калі фрукты паспеюць, та, праца тут будзе. Але як у іх дзіўна тут — ты і спытацца яшчэ не паспеў, а яны ўжо адказваюць, што працы няма. — Ён вёў грузавік на малой скорасці.

Бацька сказаў:

— Можа б, нам усё ж зайсці спытацца? Можа, яны ведаюць, дзе праца ёсць? Давай паспрабуем.

Па краі дарогі ішоў чалавек у сінім камбінезоне і сіняй кашулі. Эл параўняўся з ім і затармазіў.

— Гэй, містэр! Можа, ведаеце, дзе тут праца ёсць? — крыкнуў ён.

Чалавек спыніўся і шырока ўсміхнуўся; у роце ў яго не было пярэдніх зубоў.

— Не, — адказаў ён. — Можа, вы ведаеце, дзе яна ёсць? Я цэлы ўжо тыдзень тут кружу і яшчэ ні на што не натрапіў.

— Вы з урадавага лагера? — запытаўся Эл.

— Ага, з яго.

— Дык залазьце ў кузаў. Пашукаем разам.

Чалавек пералез цераз борт і саскочыў на насціл.

Бацька сказаў:

— Нешта мне падказвае, што нічога мы не знойдзем. Але пашукаць усё ж трэба. Толькі вось дзе, невядома.

— Шкада, не распыталі ў лагеры, — уздыхнуў Эл. — Ну, як адчуваеш сябе, дзядзька Джон?

— Баліць, — адказаў Джон. — Кругом усё баліць, а будзе яшчэ горш. Трэба мне ісці ад вас, а то толькі няшчасце вам, усёй сям'і, прыношу ў пакаранне за свае грахі.

Бацька паклаў руку яму на калена.

— Слухай, — сказаў ён, — не рабі глупстваў. У нас і так вялікія страты — дзед з бабкай памерлі, Ной і Коні ўцяклі, а прапаведніка засадзілі ў турму.

— У мяне такое адчуванне, што прапаведніка гэтага мы яшчэ ўбачым, — сказаў дзядзька Джон.

Эл пакратаў булавешку на рычагу пераключэння перадач.

— Табе нездаровіцца, вось ты і адчуваеш рознае такое, — сказаў ён. — Ну хопіць, к чорту! Паехалі назад, з людзьмі пагаворым, даведаемся, дзе, можа, праца ёсць. А то ўсё роўна, што баброў пад вадой лавіць. — Ён спыніў машыну, высунуўся з кабіны і крыкнуў, павярнуўшы галаву назад: — Гэй! Паслухай! Мы вяртаемся ў лагер, там спытаемся, дзе яны працуюць. А так толькі бензін дарэмна палім.

Пасажыр перагнуўся цераз борт.

— Гэта мне якраз, — сказаў ён. — Я свае капыты па самыя шчыкалаткі змуляў. І сёння нават макавай расінкі ў роце не было.

Эл развярнуў машыну пасярод дарогі і паехаў назад.

Бацька сказаў:

— Маці наша вельмі расстроіцца — вунь Том уладкаваўся ж адразу.

— Можа, ён нідзе нічога не знайшоў, — сказаў Эл. — Можа, таксама, як і мы, шукае. Мне каб куды-небудзь у гараж. Я хутка навучуся, такая работа па мне.

Бацька нешта прабурчаў, і да самага лагера ніхто больш ні слова не прамовіў.

Калі камісія пайшла, маці села на скрыню каля палаткі і разгублена глянула на Ружу Сарона.

— Вось яно як… — прагаварыла яна. — Вось яно як… даўно ўжо я сябе так добра не адчувала. Бачыла, якія яны далікатныя ў абыходжанні?

— Я буду працаваць у дзіцячым пакоі, — сказала Ружа Сарона. — Яны мне прапанавалі. Пагляджу, як даглядаць маленькіх, і сама буду.

Маці здзіўлена паглядзела на яе і паківала галавой. Потым сказала:

— Вось было б добра, каб мужчыны нашы працу знайшлі, га? Працавалі б і хоць трохі грошай у дом прыносілі… — Вочы яе ўставіліся кудысьці ўдалячынь. — Яны недзе працавалі б, а мы тут, і людзі кругом добрыя. А як крыху збяром грошай, куплю сабе пліту кухонную — невялічкую, але добрую. Яны недарагія. Потым купім сабе палатку — вялікую, ну такую, каб цесна не было, і, можа, ужываныя спружынныя матрацы. А пад гэтым брызентам будзем толькі есці. Па суботах на танцы хадзіць будзем. Кажуць, і знаёмых можна ў госці запрашаць. Шкада, у нас тут нікога няма. У мужчын, магчыма, прыяцелі завядуцца.

Ружа Сарона акінула позіркам дарогу між палатак.

— Гэта жанчына, якая сказала, што я не данашу дзіця… — пачала яна.

— Перастань, — перарвала яе маці.

Ружа Сарона ціха сказала:

— Вунь яна ідзе. Сюды, здаецца. Ага! Ма, не дазваляй ёй…

Маці абярнулася і ўбачыла жанчыну, якая падыходзіла да іх.

— Добрага вам, — павіталася жанчына. — Я — місіс Сандры. Лізбет Сандры. Раніцай з вашай дачкой я ўжо бачылася.

— Дзень добры, — павіталася і маці.

— Ці шчаслівыя вы ў бозе?

— Нічога, шчаслівыя, — адказала маці.

— Ці сыходзіла на вас ласка боская?

— Сыходзіла. — Твар у маці быў зацяты, насцярожаны.

— Вось і добра, — сказала Лізбет. — Грэшнікі ўвабраліся тут у вялікую сілу. Вы трапілі ў жудаснае месца. Кругом тут адно паганства. Паганыя людзі, паганыя ўчынкі. Шчырым хрысціянам няма ўжо як цярпець. Навокал адны грэшнікі.

Маці крыху пачырванела, сцяла вусны.

— А як я пагляджу, людзі тут прыстойныя, — суха прамовіла яна.

Місіс Сандры вылупіла на яе вочы.

— Прыстойныя? — закрычала яна. — Хіба ж прыстойныя людзі будуць танцаваць у абнімку? Кажу вам: у гэтым лагеры душу не выратуеш. Учора я была на малітоўным сходзе ва Ўідпэтчы. Ведаеце, што прапаведнік нам гаварыў? Ён сказаў: «Лагер гэты — гнездзішча бязбожнікаў. Беднякі захацелі жыць, як багатыя! Ім, кажа, трэба лямантаваць і енчыць, замольваючы грахі, а яны танцуюць у абнімку!» Вось што ён гаворыць. «Хто цяпер не з намі тут, той закаранелы грэшнік», кажа. Як прыемна было яго слухаць. Мы ведалі, што нам не пагражае кара, мы ж не танцуем.

Маці была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрыні і стала тварам у твар з місіс Сандры.

— Ідзі! — загадала яна. — Ідзі прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Ідзі — лямантуй і енчы.

Місіс Сандры разявіла рот, потым падалася назад і раптам злосна прагаварыла:

— Я думала, вы добрыя хрысціяне.

— А мы і ёсць такія.

— Не, вы грэшнікі, вам толькі ў пекле гарэць, усім вам! Я ўсё раскажу на малітоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымі. І нявіннае дзіця ў яе чэраве таксама гарыць.

З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Маці нахілілася і падняла з зямлі палку.