18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 78)

18

— Вы проста наскрозь мяне бачыце — вядома, хачу, — адказаў Том. — Толькі пачакайце хвілінку. Я сваіх папярэджу. — Ён паспешліва пайшоў да сваёй палаткі, нагнуўся і зазірнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постаці на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руці, валасы падалі ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткі і стала на ногі. Шэрыя вочы яе са сну глядзелі спакойна і ясна, без гарэзлівасці. Том адышоў ад палаткі, кіўком галавы паманіў яе за сабой, вочы іх стрэліся.

— Госпадзі, як ты расцеш! — сказаў Том.

Руці сумелася і адвяла позірк.

— Вось слухай, — сказаў Том. — Нікога цяпер не будзі, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў — можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?

Руці кіўнула галавой, што зразумела, і зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусім дзіцячы.

— Не будзі іх, — яшчэ раз папярэдзіў Том і паспешліва пакрочыў да сваіх новых знаёмых. А Руці апасліва падышла да санітарнага блока і крадком зазірнула ў адчыненыя дзверы.

Абодва мужчыны чакалі Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткі матрац і пасадзіла на яго дзіця, а сама ўзялася мыць бялізну.

Том сказаў:

— Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць. — Усе трое пакрочылі па праходзе між палатак.

Лагер пачынаў ажываць. Каля толькі што разведзеных вогнішчаў завіхаліся жанчыны, рыхтавалі снеданне — рэзалі мяса, мясілі цеста на праснакі. А мужчыны пахаджвалі каля палатак і каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокі худы стары клапатліва разраўноўваў граблямі дарожку. Ён так вадзіў граблямі, што вузкія баразёнкі выходзілі простыя і глыбокія.

— Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, — сказаў яму малады чалавек, калі яны ўсе трое праходзілі міма.

— Ага, так. За пастой адпрацоўваю.

— За пастой! — усміхнуўся малады. — Ён напіўся ў суботу вечарам і дапазна гарланіў песні ў сваёй палатцы. Камісія ў пакаранне прымусіла яго папрацаваць. — Яны ішлі цяпер па краі чорнай ад мазуту дарогі, абсаджанай з аднаго боку арэхавымі дрэвамі. З-за гор вызірнуў абадок сонца. Том сказаў:

— Дзіўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, і вы таксама не назваліся. Я — Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго і слаба ўсміхнуўся:

— Ты, відаць, у гэтых краях нядаўна?

— Усяго некалькі дзён.

— Так я і думаў. Проста дзіўна — і хутка ж тут адвыкаеш імя сваё называць… так шмат народу. Адзін аднаго тут клічуць проста «прыяцель». Дык вось, сэр, зваць мяне Цімаці Ўолес, а гэта сын мой — Уілкі.

— Вельмі прыемна, — сказаў Том. — А вы самі тут даўно?

— Дзесяць месяцаў, — адказаў Уілкі. — Мы прыбылі сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзі! Ну і часіна была, ну і часіна! Ледзь з голаду не памерлі. — Іх чаравікі пастуквалі па грунтавой дарозе. Міма прайшоў грузавік, поўны людзей, паглыбленых у свае думкі. Яны трымаліся за барты і панура пазіралі на дарогу.

— Гэтыя працуюць на газавую кампанію, — сказаў Цімаці. — Добра зарабляюць.

— Я мог бы ўзяць наш грузавік, — прапанаваў Том.

— Не, не варта. — Цімаці нахіліўся і падабраў з зямлі зялёны грэцкі арэх. Калупнуў яго пазногцем і шпурнуў у чорнага дразда, які сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў і, калі арэх праляцеў пад ім, зноў апусціўся на дрот і пачысціў дзюбкай бліскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

— А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалі, і, глянуўшы на іх, Том убачыў збянтэжанасць на іх тварах.

Уілкі сказаў:

— Туды, дзе мы працуем, недалёка — усяго адна міля, вось па гэтай дарозе.

Цімаці сярдзіта загаварыў:

— Не, няма ў нас машыны. Прадалі. Вымушаны былі. Есці не было чаго, хоць зубы на паліцу кладзі. Працу таксама не маглі знайсці. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкі. Прыйдзе такі, убачыць, што ты галодны, і бярэцца купіць тваю машыну. І калі ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы… мы былі ох якія галодныя. За дзесяць даляраў прадалі. — Цімаці плюнуў на дарогу.

Уілкі спакойна сказаў:

— На тым тыдні я ў Бейкерсфілдзе быў. Бачыў яе… выстаўлена на продаж… стаіць сабе наша машына, а на бірцы цана — семдзесят даляраў.

— У нас выйсця не было, — зноў загаварыў Цімаці. — Вырашылі: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы іх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлі, але ох як былі мы блізка да яго!

Том сказаў:

— А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулі, што работы тут да чорта. І яшчэ лісткі такія чыталі, у якіх людзей сюды заклікалі.

— Так, — сказаў Цімаці, — мы іх таксама чыталі. А работы тут мала. І плата ўвесь час падае. Галава баліць ад думак, як пракарміцца.

— Цяпер жа ў вас праца ёсць, — нагадаў яму Том.

— Ёсць, толькі гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялікі. Разам з намі працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.

Том сказаў:

— Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраіх з работай яшчэ хутчэй справімся. Вы ж самі сабе да горла нож падносіце, чаму так робіце?

Цімаці пакруціў галавой:

— Не ведаю. Відаць, па дурноце. Мы думалі купіць сабе капелюшы. Толькі наўрад ці ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзіну. І гаспадар добры, з намі па-прыяцельску.

Яны збочылі з дарогі і прайшлі па пасыпанай жвірам дарожцы цераз невялікі агародчык; за прысадамі стаялі белы дамок сярод купкі цяністых дрэў і адрына; за адрынай віднеўся вінаграднік і баваўнянае поле. Калі яны параўняліся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулі, і па прыступках спусціўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён ішоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулі. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунуліся. Шчокі былі чырвоныя ад загару.

— Добрага вам ранку, містэр Томас, — павітаўся Цімаці.

— Добрага, — раздражнёна буркнуў той.

Цімаці сказаў:

— Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?

Гаспадар сярдзіта глянуў на Тома і раптам рагатнуў, але бровы ў яго так і засталіся насупленымі.

— О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсіх, каго хочаце, вазьму. Можа, і цэлую сотню вазьму.

— Мы проста думалі… — прабачлівым тонам пачаў быў Цімаці.

Томас перабіў яго:

— Ага, і я таксама думаў. — Ён крута павярнуўся тварам да іх. — Мне трэба з вамі пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзіну, так?

— Так, містэр Томас… але мы…

— І за трыццаць цэнтаў вы робіце, што мне трэба. — Томас пераплёў пальцы сваіх вялікіх агрубелых рук.

— Мы стараемся добра працаваць.

— Ну дык вось, хопіць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзіну, хочаце — заставайцеся, не хочаце — ідзіце. — Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.

Цімаці сказаў:

— Мы добра працавалі. Вы самі казалі.

— Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей. — Томас глынуў сліну. — Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлі. Пра Асацыяцыю фермераў вы калі-небудзь чулі?

— Ну, вядома, чулі.

— Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзіць у Асацыяцыі, ведаеце? Зараз скажу. Заходні банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша даліна, а што не яго, на тое ён мае вэксалі па пазыках. І ўчора адзін банкаўскі прадстаўнік сказаў мне: «Вы плаціце трыццаць цэнтаў у гадзіну. Давядзецца вам збавіць да дваццаці пяці». Я кажу яму: «У мяне добрыя работнікі. Такім не шкада і трыццаць даць». А ён мне: «Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калі будзеце плаціць трыццаць, узнікне незадавальненне. І дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбіцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, ці ж не так?» — Томас замаўчаў. Ён цяжка і хрыпла дыхаў. — Цяпер ясна? Стаўка — дваццаць пяць цэнтаў — і за гэта дзякуй скажыце.

— Мы старанна працавалі, — разгублена прамовіў Цімаці.

— Да вас яшчэ не дайшло? Пан Банк наймае дзве тысячы чалавек, а я ўсяго толькі вас траіх. У мяне даўгавыя абавязацельствы. Вось і паварушыце мазгамі. Калі знойдзеце выйсце, я, бог сведка, пярэчыць не буду. Яны мяне ў кут загналі.

Цімаці пакруціў галавой:

— Не ведаю, што і казаць.