Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 80)
— Шмат хто цікавіцца чырвонымі, — усміхнуўся Цімаці. — І вось адзін тут у нас дазнаўся. — Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю. — Ёсць тут у нас такі Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлі: персікі і вінаград — кансервавы завод і вінаробня. Дык ад яго толькі і чуеш пра чырвоных: «Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краіну да пагібелі» і «Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў». А тут адзін хлапец, навічок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патыліцу ды кажа: «Містэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?» А Гайнс адказвае: «Чырвоны — гэта той сукін сын, які патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзіну, калі мы плацім дваццаць пяць». Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патыліцу і кажа: «Але ж, містэр Гайнс, я не сукін сын, а калі чырвоныя вось такія… дык я таксама хачу атрымліваць трыццаць цэнтаў у гадзіну. Кожны хацеў бы. Мы, містэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго ліха». — Цімаці падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, і цвёрдая зямля заблішчала на зрэзе.
Том засмяяўся:
— І я б не ад таго. — Яго кірка высока ўзляцела і апусцілася, і грунт даў трэшчыну. Пот заліваў яму лоб, сцякаў каля носа і пабліскваў кроплямі на шыі. — А, чорт, — сказаў ён, — кірка — добрая рэч — ух! калі ты з ёю ў ладах — ух! А прыладзішся — ух! — і разам з ёю праца спорыцца — ух!
Яны ішлі адзін за адным, і канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранішнім небе, абдавала іх спёкай.
Калі Том пайшоў, Руці яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санітарны блок. Без Уінфілда, перад якім можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступіла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапіла нагу назад. З палаткі ў далёкім канцы праходу выйшла жанчына і пачала распальваць паходную жалезную печку. Руці зрабіла некалькі крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна ціхенька падкралася да яе і зазірнула пад брызент. Збоку, проста на зямлі, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлівы, захлёбісты храп. Маці і бацька спалі, укрытыя коўдрай з галавой, — ад святла. Эл ляжаў у процілеглым ад дзядзькі Джона баку палаткі, прыкрыўшы вочы сагнутай у локці рукой. Каля пярэдняй сценкі палаткі ляжалі Ружа Сарона і Ўінфілд, а месца побач з Уінфілдам было пустое — месца Руці. Яна прысела на кукішкі і пачала ўзірацца. Позірк яе спыніўся на кудзелістай галоўцы Ўінфілда, і, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекі і глянуў на сястру сур'ёзнымі вачамі. Руці прыклала палец да вуснаў і паманіла яго рукой. Уінфілд пакасіўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусім побач, яна дыхала, крыху растуліўшы губы. Уінфілд асцярожна прыўзняў коўдру і вышмыгнуў з-пад яе. Потым ціхенька вылез з палаткі да Руці.
— Ты даўно ўстала? — шэптам запытаўся ён.
Руці бясшумна, з асцярогай азіраючыся, павяла яго ад палаткі і, калі адышліся на бяспечную адлегласць, сказала:
— Я і не клалася. Усю ноч на нагах.
— Няпраўда, — сказаў Уінфілд. — Ты манюка.
— Няхай так, — адказала Руці. — Толькі калі я манюка, дык нічога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалі, а потым прытупаў мядзведзь і звалок дзіцяня. А я табе пра гэта не раскажу.
— Ніякага мядзведзя не было, — няўпэўнена запярэчыў Уінфілд. Ён прыгладзіў валасы пальцамі і адцягнуў штаны ў кроку.
— Добра, няхай не было, — з'едліва сказала Руці. — І тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, — памятаеш, у каталогах бачылі?
Уінфілд вылупіў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санітарны блок і запытаўся:
— Там?
— Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я і расказваць не буду.
— Пойдзем паглядзім.
— Я там ужо была. Пасядзела на іх. Нават папікала туды.
— А вось і не, — сказаў Уінфілд.
Дзеці пайшлі да будыніны, у якой быў санітарны вузел, і Руці цяпер ужо нічога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былі туалеты — адсекі з дзвярамі спераду. Белы фаянс у іх ззяў чысцінёй. Уздоўж процілеглай сцяны выстраіліся ўмывальныя ракавіны з кранамі, а насупраць увахода былі чатыры душавыя кабінкі.
— Вось, глядзі, — сказала Руці. — Гэта ўнітазы — як у каталогу. — Дзеці падышлі да аднаго туалета. Руці з паказной храбрасцю задрала спаднічку і села на ўнітаз. — Казала ж табе, я тут была, — сказала Руці, і ва ўнітазе пачулася цурчанне.
Уінфілд адчуў няёмкасць. Рука яго націснула на спускны рычажок, і раптам равучы палілася вада. Руці спалохана падскочыла і шарахнулася ўбок. Яны стаялі пасярод памяшкання і пазіралі на ўнітаз. Вада ў ім усё яшчэ булькатала.
— Гэта ты ўсё, — сказала Руці. — Падышоў і зламаў. Я бачыла.
— Не, я не ламаў. Далібог, гэта не я.
— Я ж сама бачыла. Да добрых рэчаў цябе і блізка падпускаць нельга.
Уінфілд паныла апусціў галаву. Потым глянуў на Руці, і вочы ў яго наліліся слязьмі, падбародак задрыжаў. І Руці пашкадавала яго.
— Ну нічога, — сказала яна. — Я не паскарджуся на цябе. Мы скажам — так і было. Скажам, мы сюды і не заходзілі нават. — Дзеці пайшлі з памяшкання.
Сонца ўжо ледзь дакраналася да краю гор і свяціла на жалезныя рыфленыя дахі пяці санітарных блокаў, на шэрыя палаткі і на чыста падмеценыя дарожкі між імі. Лагер прачнуўся. У паходных печках гарэў агонь, у печках, зробленых з газавых бітонаў і ліставога жалеза. У паветры цягнула дымком. Полкі палатак былі адкінутыя, і людзі расхаджвалі па лагеры. Перад Джоўдавай палаткай, паглядаючы па баках, стаяла маці. Убачыўшы дзяцей, пайшла ім насустрач.
— Я ўжо не ведала, што і падумаць, — сказала яна. — Не ведала, дзе вас шукаць.
— А мы проста так хадзілі, глядзелі, — адказала Руці.
— А Том дзе? Вы яго не бачылі?
Руці напусціла на сябе важны выгляд.
— Так, мэм, бачылі. Ён пабудзіў мяне і сказаў, што перадаць. — Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэсліць сваю значнасць.
— Ну, што? — нецярпліва запыталася маці.
— Ён прасіў перадаць табе… — Руці зноў замаўчала і глянула на Ўінфілда, ці бачыць ён, якая ў яе важная роля.
Маці падняла руку, нібы замахваючыся:
— Ну што?
— Ён работу атрымаў, — выпаліла Руці. — Пайшоў працаваць. — Яна з апаскай паглядзела на паднятую руку маці. Рука апусцілася, потым пацягнулася да дзяўчынкі. Маці абняла Руці за плечы, парывіста прыціснула да сябе і адпусціла.
Руці ў замяшанні ўставілася ў зямлю і загаварыла пра іншае:
— У іх там унітазы. Беленькія.
— А ты ўжо збегала туды, — занепакоілася маці.
— Мы з Уінфілдам пабылі там, — адказала Руці і адразу ж учыніла вераломства: — Уінфілд сапсаваў прыбіральню.
Хлопчык пачырванеў. Ён бліснуў вачамі на Руці.
— А яна туды папікала, — сказаў ён помсліва.
Маці захвалявалася:
— Што вы там нарабілі? Пакажыце. — Яна сілай павяла малых да дзвярэй санітарнага вузла і ўштурхнула ўсярэдзіну. — Дык што вы тут натварылі?
Руці паказала на ўнітаз:
— Тут як засвішча, зашыпіць, потым як забулькоча! Цяпер сціхла.
— Пакажыце, што вы зрабілі, — патрабавала маці.
Уінфілд нехаця падышоў да ўнітаза.
— Я толькі слабенька так націснуў на вось гэта, — сказаў ён. — Проста ўзяўся рукой вось так, і… — Зноў зашумела вада, і хлопчык адскочыў.
Маці закінула галаву назад і засмяялася; Руці і Ўінфілд пакрыўджана пазіралі на яе.
— Так яно і павінна быць, — сказала маці. — Я некалі бачыла такія. Калі скончыш, трэба націснуць.
Дзеці адчулі вялікі сорам за сваю недасведчанасць. Яны выйшлі за парог і пайшлі праходам паміж палатак — падзівіцца на шматлікую сям'ю, што сядзела за снеданнем.
Маці праводзіла дзяцей позіркам. Потым агледзела памяшканне. Падышла да душавой кабінкі і зазірнула ў яе. Падышла да ўмывальных ракавін і правяла далонню па белым фаянсе. Крыху адкруціла кран, падставіла пад струмень палец і паспешліва адхапіла руку, калі пайшла гарачая вада. З хвілінку разглядала ракавіну, потым уторкнула затычку і напусціла ў ракавіну вады, крыху з гарачага крана і крыху з халоднага. Тады яна памыла рукі ў цёплай вадзе, умыла твар і ўжо прыгладжвала мокрымі рукамі валасы, як за яе спінай раптам пачуліся нечыя крокі па цэментавай падлозе. Маці крута павярнулася. Перад ёю стаяў пажылы чалавек і глядзеў на яе з зусім зразумелым абурэннем. Ён строга запытаўся:
— Як вы сюды папалі?
Маці сутаргава глынула сліну, адчуваючы, як вада сцякае з падбародка і праз сукенку дабіраецца да цела.
— Я не ведала, — прамовіла яна прабачлівым тонам. — Думала, тут для ўсіх.
Пажылы чалавек насупіўся.
— Тут для мужчын, — сказаў ён сурова. Тады падышоў да дзвярэй і паказаў на дошчачку: ДЛЯ МУЖЧЫН. — Ну вось, больш доказаў не трэба. Вы што, не бачылі?
— Не, — пачырванеўшы ад сораму, адказала маці. — Не заўважыла. А ёсць, дзе мне можна?
Абурэнне пажылога чалавека астыла.
— Вы толькі што прыехалі? — запытаўся ён больш прыязным тонам.
— Уночы.
— Значыць, камісія яшчэ з вамі не гаварыла?
— Якая камісія?