18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 43)

18

Адной рукой Кейсі пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.

— Нешта творыцца ў краіне, народ заварушыўся. Людзі, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногі і не задумваюцца, куды ідуць, але дарога ў іх адна, ва ўсіх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкі рух, таемнае шастанне, шоргат і… і нейкі неспакой. Нешта творыцца ў краіне, і людзі, тыя, каго гэта тычыцца, нічога яшчэ не ведаюць… пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кіруе на Захад… пакідае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немінуча прывядзе да нечага такога, што пераменіць усю краіну.

Том сказаў:

— Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулі.

— Так. Ну, а калі табе страчаецца загарадзь, ты і цераз яе палезеш?

— Чаму ж не? Калі трэба, палезу.

Кейсі ўздыхнуў:

— Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзі бываюць розныя. І людзі розныя. Ну накшталт мяне: загарадзі яшчэ не паставілі, а яны ўжо лезуць… іначай не могуць.

— Ці не Эл гэта едзе? — ажывіўся Том.

— Ага, відаць, Эл.

Том падняўся на ногі, загарнуў шатун і абедзве часткі падшыпніка ў кавалак мешкавіны.

— Вазьму з сабой за ўзор, каб не памыліцца, — сказаў ён.

Грузавік спыніўся на краі шашы. Эл высунуўся з акенца.

Том сказаў:

— Дзе цябе чэрці насілі? Далёка заехалі?

Эл уздыхнуў.

— Зняў шатун?

— Ага. — Том падаў яму скрутак. — Бабіт паляцеў.

— Я тут ні пры чым, — сказаў Эл.

— Ясна. Куды ты іх завёз?

— О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, і Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку і плача. Бабка рот разявіла і вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нікога не пазнае. Толькі нешта балбоча і балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.

— Дзе ты іх пакінуў?

— Мы да лагера пад'ехалі. Там і цень ёсць, і вада водаправодная. За дзень стаянкі паўдаляра бяруць. Але ўсе так стаміліся, проста з ног валіліся, і мы вырашылі застацца там. Ма кажа: што зробіш — бабка зусім нямоглая. Раскінулі палатку Ўілсана, наш брызент таксама нацягнулі. Бабка, думаю, зусім з розуму выжыла.

Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хілілася на захад.

— Кейсі, —сказаў ён, — каму-небудзь аднаму трэба застацца пры машыне, а то з яе ўсё здзяруць. Ты як?

— Добра, застануся.

Эл узяў з сядзення папяровы мяшочак.

— Во мама прыслала хлеба з мясам, і ў мяне яшчэ тут збан з вадой ёсць.

— Яна нікога не забудзе, — сказаў Кейсі.

Том залез у кабіну да Эла.

— Значыць, так, — сказаў ён. — Мы пастараемся як найхутчэй вярнуцца. Але загадзя не скажаш калі.

— Я буду тут, — сказаў Кейсі.

— Добра. Толькі не выступай тут сам перад сабой. Паехалі, Эл. — Грузавік рушыў па шашы. Вечарэла. — Добры ён хлопец, — сказаў Том. — Увесь час усё думае, усё думае…

— Што ж, каб ты быў прапаведнікам, і табе б давялося. А наш бацька ўвесь ажно кіпіць ад злосці — пяцьдзесят цэнтаў толькі за тое, каб машыну паставіць пад дрэва! Ніяк у толк узяць не можа. Сядзіць, лаецца. Хутка, кажа, паветрам у бочках пачнуць гандляваць. А мама яму: бабцы трэба паляжаць у цяні і каб вада была блізка.

Грузавік з грукатам ехаў па шашы: цяпер, калі з яго знялі паклажу, усё ў ім ляскатала і бразгала — барты, абрэзаны кузаў. Ён ішоў хутка і лёгка. Эл даў скорасць трыццаць восем міль у гадзіну, матор тарахцеў, праз шчыліны ў дне кабіны прабіваўся шызы дымок.

— Збаў трохі, — сказаў Том. — Перапаліш усё чыста. А што ж гэта з бабкай?

— Не ведаю. Памятаеш, апошнія два дні яна дулася на ўсіх, ні з кім слова не прамовіла? А цяпер крычыць, усё балбоча нешта, усё роўна як да дзеда звяртаецца. Гэта яна на яго крычыць. Хоць вушы затыкай. Быццам ён на самай справе сядзіць перад ёю і ўхмыляецца, як калісьці, — пачухваецца і ўхмыляецца. Яна нібы бачыць: вось ён сядзіць. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў перадаць табе на ўсякі выпадак дваццаць даляраў. Не ведаю, колькі спатрэбіцца. Раней ты калі бачыў, каб ма так накінулася на яго, як сёння?

— Нешта не прыпомню. Што і казаць, добры я выбраў час выходзіць з турмы. Вярнуўся, думаў, дамоў, пашвэндаюся на волі, спаць позна буду, есці колькі ўлезе. Гуляць буду, на вечарынках скакаць, за спадніцамі бегаць. А выйшла так, што на гэта і хвілінкі вольнай няма.

Эл сказаў:

— Я і забыўся. Ма шмат чаго загадала табе перадаць: каб ты не піў, у спрэчкі не ўвязваўся, біцца ні з кім не лез. Баіцца, каб цябе ў турму зноў не запраторылі.

— Ёй і без мяне клопатаў хапае, я падбаўляць не буду, — сказаў Том.

— Ну, куфлі два ўсё-такі вып'ем? Жах, як піва захацелася.

— Не варта, — сказаў Том. — Калі бацька даведаецца, што мы патраціліся на піва, пер'е з нас паляціць.

— Але паслухай, Том. У мяне свае шэсць даляраў ёсць. Вып'ем і пойдзем да дзяўчат. Ніхто пра гэтыя грошы не ведае. Эх, і пагулялі б мы з табой!

— А ты сваю касу прыберажы, — сказаў Том. — Вось прыедзем на ўзбярэжжа, мы з табой такога жару зададзім! Можа, калі ўжо працаваць будзем… — Ён глянуў на Эла. — А я і не ведаў, што ты да дзяўчат ходзіш. Думаў, ты проста так, на словах.

— Тут я нікога не ведаю. І наогул, калі будзем вось так матацца па дарогах, не іначай, жаніцца прыйдзецца. Вось толькі каб у Каліфорнію прыехаць, я там пакажу!

— Добра было б, — сказаў Том.

— Ты ўжо, здаецца, веру страціў.

— Страціў я веру.

— Калі ты забіў таго чалавека… табе потым не снілася… ці што-небудзь такое? Ты мучыўся?

— Не.

— І ніколі пра гэта не думаў?

— Думаў. Мне шкада яго было.

— А ты не каяўся?

— Не. Я за гэта сядзеў. Сядзеў жа я, ніхто іншы.

— Вельмі там… кепска было?

Том занерваваўся:

— Паслухай, Эл. Я свой тэрмін адседзеў, і канец. Няма чаго ўвесь час вяртацца ў мінулае. Вунь там рэчка, а за ёю горад. Давай дастанем шатун, і к чорту ўсё астатняе.

— Маці душы ў табе не чуе, — сказаў Эл. — Так ужо гаравала, так гаравала, калі цябе пасадзілі. І ўсё ўпотайкі. Быццам слёзы ў яе ў горле захрасалі. Але мы ўсё роўна разумелі, што з ёю творыцца.

Том ссунуў кепку на самыя вочы.

— Паслухай, Эл, давай пра што іншае пагаворым.

— Я проста расказваю, што з маці было.

— Яно так… яно так… Але ж лепш пра гэта не думаць. Лепш… знай сабе — перастаўляй па чарзе ногі.

Эл пакрыўджана змоўк.

— Я проста хацеў расказаць табе, — прамовіў ён праз хвіліну.