18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 42)

18

Позіркі ўсіх зноў скіраваліся на маці. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.

— Адны тыя грошы, што мы заробім, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калі ваўкі нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, ціснуцца адна да адной. Мне нічога не страшна, пакуль мы ўсе разам, — усе, хто жывы яшчэ, і разбіваць сям'ю я не дазволю. З намі Ўілсан, з намі прапаведнік. Калі яны захочуць ехаць, што я ім скажу? Але калі дзеці мае пачнуць адбівацца ад сям'і, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезіну. — У голасе яе гучалі жорсткасць і рашучасць.

Том супакойліва сказаў:

— Тут нам, ма, усім нельга заставацца. Вады няма. І нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цяні пакласці.

— Ну што ж, добра, — сказала маці, — паедзем далей. Спынімся там, дзе будзе цень і вада. Грузавік вернецца і павязе цябе ў горад. Купіш там тое, што трэба, і на грузавіку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. І наогул аднаго цябе я не адпушчу — раптам арыштуюць, а заступіцца не будзе каму.

Том падціснуў губы і гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамі і ляпнуў сябе па бёдрах.

— Та, — сказаў ён, — калі б ты падхапіў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнія навалілся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, і справіліся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух ці трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзірку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кіпіць. Ого, на што здольны адзін, але рашучы чалавек — цэлы натоўп раскідае. Перамога за табой, ма. Толькі штучку гэтую кінь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.

Маці са здзіўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулі, і яна кінула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата і паклаў на ранейшае месца.

— Ты, тата, выпусці пару, ты, Эл, саджай усіх на грузавік, знайдзі месца для прывалу, дапамажы і вяртайся сюды. А мы з прапаведнікам знімем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу і дастанем там шатунны падшыпнік. Магчыма, і ўдасца — яшчэ ж субота. Толькі давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясі з грузавіка развадны ключ і пласкагубцы. — Том прасунуў руку пад ніз машыны і памацаў замаслены паддон. — І яшчэ дай мне сюды бляшанку якую ці вядро — я масла спушчу. Яго трэба берагчы. — Эл прынёс вядро, Том падставіў яго пад машыну і пласкагубцамі аслабіў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамі, чорнае масла залівала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налілася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсіх пасадзіць на грузавік. Запэцканы маслам Томаў твар вызірнуў між двух колаў легкавой машыны. — Хутчэй вяртайся! — крыкнуў Том і пачаў адкручваць балты паддона. Грузавік тым часам асцярожна пераехаў неглыбокі кювет і пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькі на адзін абарот, каб не папсаваць пракладкі. Прапаведнік апусціўся каля колаў на калені.

— А мне што рабіць?

— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?

Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.

— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.

— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.

— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.

— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.

Кейсі засмяяўся:

— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.

— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.

Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.

— Ну, можна?

— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.

Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.

— Так яно і ёсць.

— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.

— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.

— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.

— А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. — Том зноў прыладзіў ключ. — Шкада, тарцовага няма, — сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. — Ну, дзякуй богу! — Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавіну і агледзеў рану. — Свішча, сволач! — сказаў ён. — Зараз спынім. — Ён памачыўся, згроб з зямлі жменю мокрага пяску і прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынілася. — Лепшага сродку спыніць кроў няма, — сказаў Том.

— Павуцінне таксама памагае, — зазначыў Кейсі.

— Правільна, але павуціння не заўсёды дастанеш, а мачу — калі заўгодна. — Том сеў на падножку і пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнік. — Цяпер каб знайсці дзе «додж» дваццаць пятага года. Знімем з яго шатун з пракладкамі і, можа, наладзім. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.

Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсі таксама сеў на падножку і паглядзеў на захад.

— Хутка мы апынемся сярод высокіх гор, — прамовіў ён і змоўк. Потым паклікаў:

— Том!

— Што?

— Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын — да тых, якія мы абміналі, і да тых, што ехалі паўз нас. Я лічыў.

— Што ты лічыў?

— Том, гэта ж такія самыя сем'і, як ваша, цэлымі сотнямі на захад едуць. Я пільна сачыў. На ўсход ніхто не едзе — усе, цэлымі сем'ямі, толькі на захад. Заўважыў?

— Ну заўважыў.

— Дык яны ж… быццам… быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краіна знялася з месца.

— Яно так і ёсць, — пагадзіўся Том. — Уся чыста знялася. Мы таксама кінулі свой дом.

— Ну, а што будзе, калі… калі людзі гэтыя… і яны, і ўсе іншыя працы там не знойдуць, што тады?

— Ідзі ты да д'ябла! — гаркнуў Том. — Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькі ведаю — ногі перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак і ў Макалестары рабіў чатыры гады запар — у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкі… Госпадзі, а як я спадзяваўся, што на волі ўсё будзе іначай! У турме стараўся ні пра што не думаць, каб мазгі не перакруціліся, і цяпер таксама ні пра што думаць не хачу. — Том павярнуўся да Кейсі. — Вось падшыпнік расплавіўся. Мы гэтага не ведалі, і нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылі — паляцеў, што ж, адрамантуем. І, далібог, гэтак трэба заўсёды рабіць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза і бабіт? Бачыш? Вось і ўвесь мой клопат, больш мяне нічога на свеце не турбуе… Куды гэта, чорт, Эл праваліўся?

Кейсі сказаў:

— Не, Том, ты паслухай… Што за ліха! І словы нават патрэбныя на язык не ідуць…

Том зняў засохлую гразь з рукі, кінуў на зямлю. Па краях ранкі засталася брудная палоска. Том перавёў позірк на прапаведніка.

— Ты, я бачу, настройваешся на прамову, — сказаў ён. — Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнічаў. Нам шкоды ніякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.