18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 115)

18

— Памаўчы хвілінку. Так, мае мужчыны любяць адбіўныя.

— А я бекон падсмажваю, — сказала місіс Уэйнрайт. — Чуеце пах?

— Не. У мяне цыбуля ў бульбе — усё перабівае.

— Ой, падгарэла! — крыкнула місіс Уэйнрайт, і галава яе знікла.

— Ма, — зноў сказаў Уінфілд.

— Ну, што табе? Аб'еўся печыва?

— Ма, Руці расказала.

— Што расказала?

— Пра Тома.

Вочы ў маці зрабіліся вялікія.

— Расказала? — Маці апусцілася перад Уінфілдам на калені. — Уінфілд, каму?

Хлопчык сумеўся і адступіў назад.

— Яна толькі крышачку расказала.

— Уінфілд! Скажы, што яна гаварыла?

— Яна… Яна печыва сваё не адразу ўсё з'ела. У пачку яшчэ трохі засталося. Адкусвае кавалачак за кавалачкам і паволі жуе і кажа мне: «А ты ўжо шкадуеш, што з'еў усё дарэшты».

— Уінфілд! — павысіла голас маці. — Гавары адразу. — Яна трывожна азірнулася на занавеску. — Разашарна, ідзі, дачушка, пагавары пра што-небудзь з місіс Уэйнрайт, каб яна не падслухала.

— А бульба?

— Я сама пагляджу. Ідзі ж! А то яна падслухоўваць будзе.

Цяжка валочачы ногі, Ружа Сарона пайшла за брызент. Маці сказала:

— Ну, Уінфілд, гавары.

— Я ж гавару. Адкусвае кавалачак за кавалачкам, потым кожнае печыва стала напапалам ламаць, каб даўжэй хапіла.

— Не цягні, гавары!

— А тут дзеці падбеглі, ім таксама захацелася печыва, але Руці грызе яго і грызе і нікога не частуе. Тады яны ўзлаваліся, і адзін хлопчык выхапіў у яе з рук увесь пачак, і ўсе дзеці разбегліся.

— Ты не пра гэта, Уінфілд, ты пра іншае расказвай!

— Я і расказваю. Руці таксама ўзлавалася і пабегла за імі, аднаго ўдарыла, другога, і тады яе адна вялікая дзяўчынка набіла. Руці заплакала і кажа: «Я свайго старэйшага брата паклічу, і ён заб'е цябе». А дзяўчынка тая: «Заб'е? У мяне таксама ёсць старэйшы брат». — Уінфілд ледзь паспяваў пераводзіць дыханне. — Яны пачалі біцца, і бальшуха тая добра ёй усыпала, і Руці сказала, што наш брат заб'е яе брата. А дзяўчынка кажа: «А што, калі мой брат заб'е твайго?» І тады… тады Руці сказала, што наш брат дваіх ужо забіў. А… а тая бальшуха кажа: «Ого! Манюка ты, больш ніхто». А Руці сказала: «Ого? Наш брат цяпер хаваецца, бо забіў чалавека, і твайго брата таксама заб'е». І тады яны пачалі абзываць адна адну рознымі словамі, Руці кінула ў бальшуху камень, і тая пагналася за Руці, а я сюды пабег.

— А мой ты божанька!. Дзіцятка святое ў калысцы! — разгублена ўсклікала маці. — Што ж нам цяпер рабіць? — Яна прыціснула далонь да лба і пацерла пальцамі вочы. — Што ж рабіць цяпер? — Ад печкі, у якой шумна гарэў агонь, пацягнула пахам падгарэлай бульбы. Маці машынальна паднялася і памяшала ў патэльні. — Разашарна! — крыкнула яна. — Ружа Сарона выйшла з-за брызенту. — Глядзі вячэру. А ты, Уінфілд, збегай знайдзі Руці і вядзі яе сюды.

— Ты яе адлупцуеш, ма? — з надзеяй у голасе запытаўся Ўінфілд.

— Не. Лупцоўкай справы не паправіш. І трэба ж было ёй прабалбатацца. Цяпер лупцуй не лупцуй — усё адно. Дык бяжы ж, знайдзі яе і сюды прывядзі.

Уінфілд кінуўся да дзвярэй, наткнуўся на мужчын, якія падымаліся па сходках, і адступіў убок, прапускаючы іх.

Маці ціха сказала:

— Бацька, трэба параіцца. Руці расказала дзецям пра Тома.

— Што?

— Пабілася з імі і ўсё расказала.

— Во паскудніца!

— Яна не наўмысна. Слухай, бацька, ты пабудзь тут, а я паспрабую знайсці Тома, скажу яму. Трэба яго папярэдзіць, няхай сцеражэцца. Ты адсюль нікуды не ідзі, паглядзі, што тут будзе. Я і есці яму занясу.

— Добра, — згадзіўся бацька.

— Ты нічога Руці не кажы. Я сама ёй растлумачу.

У гэты момант у вагон увайшла Руці, за ёю — Уінфілд. Дзяўчынка была ўся перапэцканая. Куточкі перасохлых губ зліпаліся, з пабітага носа яшчэ сачылася кроў. Выгляд у яе быў спалоханы і засаромлены. Твар Уінфілда пераможна ззяў. З-пад ілба азіраючыся, Руці пайшла ў самы кут вагона і села там спінай да сцяны. Сорам і злосць адначасова валодалі ёю.

— Я сказаў ёй, што яна нарабіла, — абвясціў Уінфілд.

Кладучы на алавяную талерку дзве адбіўныя і смажаную бульбу, маці сказала:

— Маўчы, Уінфілд. Не трэба яе больш чапаць, ёй і так дасталося.

Маленькая постаць кінулася да маці. Дзяўчынка абхапіла яе за талію, уткнулася тварам у жывот і ўся затрэслася ад рыданняў. Маці спрабавала вызваліцца, але мурзатыя пальцы ўчэпіста трымалі яе. Маці пяшчотна правяла рукой па валасах дзяўчынкі і паляпала яе лёгенька па плячы:

— Кінь плакаць. Ты ж не наўмысна.

Руці падняла да маці брудны твар са слядамі слёз і крыві.

— Яны забралі маё печыва! — усклікнула яна. — А гэтая бальшуха, сукіна дочка, набіла мяне… — І зноў зарыдала.

— Маўчы! — сказала маці. — Не гавары такіх слоў. Ну, пусці. Мне ісці трэба.

— Што ж ты яе не адлупцуеш, ма? Калі б яна не хвалілася сваім печывам, нічога б не было. Ну, дай ёй лупцоўкі.

— А вы, містэр, не суньце носа ў чужое проса, — узлавалася на Ўінфілда маці. — Глядзі, каб цябе самога не адлупцавалі. Ну, пусці, дачушка.

Уінфілд рэціраваўся да скручанага матраца і адтуль скіраваў на сваіх сямейнікаў халодны, скептычны позірк. Ён заняў зручную для абароны пазіцыю, бо быў упэўнены, што пры першай магчымасці Руці накінецца на яго. Але Руці, прыбітая горам, ціха адышла ў далёкі кут вагона.

Маці закрыла алавяную талерку газетай.

— Ну, я пайду, — сказала яна.

— А сама не павячэраеш? — запытаўся дзядзька Джон.

— Потым. Як вярнуся. Цяпер не хочацца. — Маці пайшла да расчыненых дзвярэй і асцярожна спусцілася па крутых сходках.

На паляне, паміж вагонамі і рэчкай, палаткі стаялі шчыльна адна да адной, адцяжкі іх перапляталіся, калкі былі ўвагнаныя ў зямлю ўсутыч. Праз брызент прасвечвала святло, з усіх труб ішоў густы дым. Мужчыны і жанчыны, стоячы каля ўваходных праёмаў, перамаўляліся між сабой. Дзеці як апантаныя насіліся навокал. Маці велічна ішла ўздоўж лініі палатак. Час ад часу хто-небудзь яе пазнаваў.

— Добры вечар, місіс Джоўд.

— Добры вечар.

— Несяце выкідаць, місіс Джоўд?

— Пазычыла хлеба ў знаёмых. Трэба аддаць.

Нарэшце палаткі засталіся ззаду. Маці спынілася і азірнулася. Лагер выдаваў сябе цьмяным водсветам ліхтароў, чуўся глухі гул галасоў, час ад часу яго пераразаў чый-небудзь гучны вокліч. Паветра патыхала дымам. Нехта ціха іграў на губным гармоніку, стараючыся развучыць мелодыю, і паўтараў адну і тую музычную фразу.

Маці ўвайшла ў вярбняк на беразе рэчкі. Потым збочыла са сцежкі, села на зямлю і затаілася, прыслухоўваючыся, ці не ідзе хто следам. Наперадзе на сцежцы паказаўся мужчына, які ішоў да лагера, на хаду накідваючы на плечы падцяжкі і зашпільваючы штаны. Маці сядзела нерухома, і, праходзячы міма, мужчына яе не заўважыў. Пачакаўшы яшчэ хвілін пяць, яна паднялася з зямлі і асцярожна выйшла на сцежку, што цягнулася берагам. Маці ступала ціха, так ціха, што шолах апалага лісця ў яе пад нагамі не заглушаў цурчання вады. Сцежка і рэчка павярнулі налева, потым зноў направа і нарэшце вывелі яе да шашы. Пры шэрым святле зорак маці ўбачыла дарожны насып і круглую чорную адтуліну маставой трубы, каля якой яна заўсёды пакідала ежу Тому. Яна асцярожна падышла да трубы, усунула сваю ношу ў адтуліну і ўзяла пустую алавяную талерку, што там стаяла. Потым ціхенька вярнулася ў вярбняк, прабралася ў самы гушчар і, сеўшы, стала чакаць. Скрозь блытаніну вецця ёй відаць была чорная пашча трубы. Маці абняла калені рукамі і застыла ў чаканні. Неўзабаве жыццё ў зарасніку зноў ажыло. Палявыя мышы крадком прабіраліся сярод лісця. Па сцяжынцы бязбоязна пратупаў скунс, ад якога слаба патыхнула смуродам. А потым вецер лёгенька, быццам прымерваючыся, варухнуў вербы, і на зямлю залатым дажджом пасыпалася лісце. І раптам у зарасніку нібы закіпела, моцны парыў ветру страсянуў дрэвы, і лісце хлынула ліўнем на дол. Маці адчувала, як яно апускаецца ён на валасы і на плечы. Па небе плыла пухлая чорная хмара, адну за адной сціраючы зоркі. Буйныя кроплі дажджу бязладна пасыпаліся ўніз, застукалі па апалай лістоце, а хмара пасунулася далей, і зноў загарэліся зоркі. Маці зябка пакурчылася. Вецер памчаўся далей, і ў гушчары стала ціха, але ніжэй па рэчцы яшчэ чуўся шолах лісця. З лагера данесліся высокія, пранізлівыя гукі скрыпкі, на якой нехта падбіраў мелодыю.

Маці пачула асцярожлівыя крокі недзе злева ад сябе і ўся напялася. Яна расшчапіла рукі на каленях і падняла галаву, прыслухоўваючыся. Шоргат сціх і толькі праз доўгі час пачуўся зноў. Па сухім лісці рэзка скрабянула ніцая лаза, і маці ўбачыла, як цёмная чалавечая постаць выбралася з гушчару і падышла да маставой трубы. Круглая чорная адтуліна на момант знікла, потым чалавек павярнуў назад. Маці ціха клікнула яго:

— Том!

Чалавек застыў на месцы, ён так знерухомеў і так нізка прыгнуўся да зямлі, што яго можна было прыняць за пень. Яна зноў паклікала:

— Том! Том! — І толькі тады постаць варухнулася.

— Гэта ты, ма?