18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Джон Стейнбек – Гронкі гневу (страница 103)

18

Маці паглядзела на сваю сціснутую ў кулак руку.

— Што ж гэта такое? — ціха сказала яна. — Вы гаспадар крамы?

— Не. Я толькі прадавец.

Навошта ж вы падсмейваецеся? Вам лягчэй ад гэтага? — Маці глянула на свае сцёртыя да бляску маршчыністыя рукі. — Хто ж тут гаспадар?

— Акцыянернае таварыства «Ферма Гупера», мэм.

— Яна і цэны вызначае?

— Так, мэм.

Маці падняла на яго вочы і слаба ўсміхнулася.

— Усе, хто сюды прыходзіць, вось так злуюць на вас?

Прадавец памаўчаў крыху, перш чым адказаць.

— Так, мэм.

— І таму вы жарты строіце?

— Што вы маеце на ўвазе?

— Такім паганствам займаецеся. Вам і самому сорамна, га? Мусіце аджартоўвацца? — Голас у маці гучаў мякка. Прадавец, як зачараваны, пазіраў на яе і маўчаў. — Значыць, так, — сказала яна. — Сорак цэнтаў — мяса, пятнаццаць — хлеб, дваццаць пяць — бульба. Усяго восемдзесят цэнтаў. А кава колькі?

— Самая танная — дваццаць цэнтаў, мэм.

— Выходзіць даляр. Працавалі сямёра і вось на якую вячэру зарабілі. — Маці зноў глянула на свае рукі. — Запакуйце, — паспешліва прагаварыла яна.

— Слухаю, мэм. Дзякую вам. — Прадавец паклаў бульбу ў пакет і акуратна загнуў яго зверху. Потым пакасіўся на пакупніцу і хуценька перавёў вочы на прылавак. Маці сачыла, як ён пакуе, ледзь прыкметна ўсміхаючыся.

— Як жа вы пайшлі на такую работу? — запыталася яна.

— Чалавеку есці трэба, — адказаў прадавец і рашуча паўтарыў: — Чалавеку трэба есці.

— Якому чалавеку?

Прадавец паклаў на прылавак чатыры пакеты.

— Фарш, бульба, хлеб, кава. Роўна на даляр.

Маці падала яму квіток і пачакала, пакуль ён запіша прозвішча і суму ў журнал.

— Ну вось, — сказаў ён. — Цяпер мы ў разліку.

Маці ўзяла з прылаўка пакеты.

— Яшчэ вось што, — сказала яна. — У нас цукру няма да кавы. Сын мой Том хоча з цукрам. Слухайце, нашы цяпер працуюць у садзе. Адпусціце мне цукру, а квіток я потым прынясу.

Прадавец адвёў вочы ад маці, адвёў іх далёка ўбок.

— Не магу, — ціха прамовіў ён. — Такое ў нас правіла. Не магу. Мне ўляціць. Мяне звольняць.

— Нашы ж працуюць у садзе. Яны, пэўна ж, больш за дзесяць цэнтаў зарабілі. Дайце мне толькі на дзесяць цэнтаў. Тому хочацца салодкай кавы. Прасіў цукру купіць.

— Не магу, мэм. Такое правіла. Без квітка тавар не адпускаем. Аканом увесь час мне пра гэта дзяўбе. Не, не магу. Ніяк не магу. Мяне зловяць. Нас заўсёды на чым-небудзь ловяць. Заўсёды. Не магу.

— Нават на дзесяць цэнтаў?

— Ні на колькі не магу, мэм. — Прадавец умольна глянуў на яе. І раптам з твару яго знік страх. Ён выняў з кішэні дзесяціцэнтавую манету і са звонам апусціў у касу. — Вось, — з палёгкай сказаў ён, дастаў з-пад прылаўка маленькі папяровы мяшэчак, усыпаў у яго шуфлікам трохі цукру, узважыў і падсыпаў яшчэ крыху. — Калі ласка, — сказаў ён. — Усё ў парадку. Прынясеце квіток, і я вылічу свае дзесяць цэнтаў.

Маці не зводзіла з яго вачэй. Рука яе пацягнулася да мяшэчка з цукрам і паклала яго зверху на пакупкі.

— Дзякуй вам, — ціха сказала яна і пайшла да дзвярэй. На парозе абярнулася. — Адно я цвёрда завучыла. Увесь час вучуся гэтаму, з дня ў дзень. Калі ў цябе бяда, ці крыўда якая, або нястача — ідзі да беднякоў. Толькі яны памогуць, больш ніхто. — Сеткаватыя дзверы зачыніліся за ёю.

Маленькі чалавечак аблакаціўся на прылавак, пазіраючы ўслед пакупніцы сваімі здзіўленымі вачамі. Стракаты сыты кот ускочыў на прылавак, ляніва падышоў да прадаўца і пацёрся аб яго плячо. Ён выцягнуў руку і прыціснуў ката да шчакі. Кот гучна замурлыкаў, павільваючы кончыкам хваста.

Том, Эл, бацька і дзядзька Джон вярталіся з саду ўжо ў цемры. Яны ледзь валаклі ногі ад стомы.

— Хто б мог падумаць — усяго толькі руку працягваеш, персік зрываеш, а спіна проста разломваецца, — паскардзіўся бацька.

— Дні праз два пройдзе, — сказаў Том. — Паслухай, та, пасля вячэры я думаю пайсці разведаць, што там такое было перад варотамі. Спакою мне гэта не дае. Пойдзеш са мной?

— Не пайду, — адказаў бацька. — Хачу хоць трохі папрацаваць і ні пра што іншае не думаць. Апошні час толькі і рабіў, што мазгі сабе круціў, замучыў іх зусім. Не, пасяджу крыху і спаць залягу.

— А ты, Эл?

Эл адвёў вочы ўбок.

— Я, бадай што, пахаджу тут па лагеры, пагляджу, — сказаў ён.

— Дзядзька Джон, ясна, не пойдзе. Што ж, пайду адзін. Вельмі цікавасць разбірае.

Бацька сказаў:

— А ў мяне тады цікавасць разгарыцца, калі фараонаў тут паменшае.

— Ноччу, магчыма, іх там не будзе, — выказаў думку Том.

— Праверку ім рабіць я не збіраюся. Ідзі, толькі маці не кажы куды. А то яна месца сабе не знойдзе, так занепакоіцца.

Том павярнуўся да Эла:

— Табе што, зусім не цікава?

— Я лепш па лагеры пахаджу.

— Дзяўчат шукаць?

— Гэта мая справа, — агрызнуўся Эл.

— А я ўсё ж пайду, — сказаў Том.

Джоўды выйшлі з саду на пясчаную вулачку між двух радоў чырвоных халуп. Сям-там з дзвярэй сачылася цьмянае жоўтае святло газавых ліхтароў, а ўсярэдзіне, у паўзмроку кухань-пакояў рухаліся чорныя цені людзей. У канцы вулачкі ўсё яшчэ сядзеў каравульны, прыставіўшы драбавік да каленяў.

Параўняўшыся з ім, Том спыніўся.

— Тут ёсць дзе памыцца, містэр?

Каравульны прыгледзеўся да яго ў цемры, потым сказаў:

— Бачыш цыстэрну?

— Бачу.

— Там шланг ёсць.

— А вада гарачая?

— А ты хто такі? Джон Пірпант Морган?

— На жаль, не. Добрай ночы, містэр.

Каравульны пагардліва прабурчаў:

— Гарачая вада! Яшчэ чаго захацеў. Хутка, чаго добрага, ванну прыняць захочуць. — Ён змрочна паглядзеў услед чацвярым Джоўдам.