Андре Моруа – Навелы (страница 46)
Я, натуральна, не прысутнічала пры іх сустрэчы, але ведаю з выказванняў Жака і пісьма Бенара, што размова была надзвычай прыстойнай і прайшла, як гаварыў мой муж, «на самым высокім узроўні». Кожны з іх прапанаваў ахвяраваць сабой, знікнуць, без самагубства, вядома (паколькі, на іх думку, чалавек, нават у адчаі, можа заўсёды надаць свайму жыццю карысны і ўзвышаны кірунак), а пакінуўшы Францыю на пэўны тэрмін у залежнасці ад неабходнасці. Пасля доўгіх спрэчак, дзе кожны стараўся паказаць сваю незацікаўленасць, яны прыйшлі да вываду, што для мяне будзе лепш, калі я застануся з мужам. Так што выехаць павінен быў Бенар.
Пазней я даведалася, што, са згоды Жака, ён не пакінуў Парыж, а толькі стараўся не пападацца мне на вочы. I ўсё ж, нягледзячы на дабрату Жака, я вельмі няшчасная і часам думаю, што была б, можа, шчаслівейшая, сустрэўшыся з людзьмі звычайнымі, а не з героямі. А то часам кажу сама сабе, што ўсё гэта несправядліва, бо ніхто іншы як Бенар давёў мае сяброўскія пачуцці да кахання, парушыў спакой і раўнавагу маёй душы. Я, вядома, разумею, што чалавек не можа заўсёды трымацца за свой гонар, але, калі ён успамінае пра гонар надта позна ці ад пары да часу, жанчыне гэта прычыняе боль.
Завяшчанне
Замак Шардэйль быў куплены багатым прамыслоўцам, праз хваробу і старасць вымушаным шукаць сабе прытулку ў сельскай мясцовасці. Ва ўсім Перыгоры толькі гаварылі аб раскошы і гусце, з якімі быў рэстаўрыраваны гэты дом, пакінуты маркізам дэ Шардэйлем больш за сто гадоў таму назад. Асабліва цудоўным, казалі, быў сад. Архітэктар і мастак, спецыяльна прыехаўшы з Парыжа, перагарадзілі нізіну Лу, каб стварыць там штучнае возера і зрабіць з Шардэйля другі Версаль.
Прыгожыя сады рэдкасць у гэтай беднай правінцыі, дзе большасць памешчыкаў бралі прыклад з Савіньякаў, што свой парк аддалі пад агароды. Чуткі пра кветнікі Шардэйля дайшлі да Брыва, Перыге і нават да Бардо, абуджаючы агульную цікавасць. Аднак, калі, пасля года работ, новыя гаспадары прыехалі і пасяліліся ў замку, гасцей і наведвальнікаў з’явілася значна менш, чым можна было чакаць. Справа ў тым, што перыгорцы не ходзяць да навасёлаў, не праверыўшы, што гэта за людзі, і ніхто пакуль што не ведаў, што за асоба мадам Бернан.
На выгляд ёй было гадоў пад трыццаць пяць, а яе мужу самае меншае шэсцьдзесят пяць. Яна была даволі прыгожая і, жывучы нават тут у глушы, мяняла плацці тры разы на дзень. Суседзям-памешчыкам гэта здавалася празмерным, і многія думалі, што яна не жонка Бернана, а яго палюбоўніца. Калі мадам дэ Ла Гішардзі, грамадская апякунка гэтага краю, якая, хоць і жыла пасля вайны ў правінцыі, дасканала ведала свой Парыж, пацвердзіла, што мадам Бернан ёсць менавіта мадам Бернан і што родам яна са скромнай, прыстойнай буржуазнай сям’і, суседзі-памешчыкі згадзіліся з яе версіяй, бо ніхто на гэту тэму не адважваўся пярэчыць жанчыне аўтарытэтнай і добра інфармаванай. Аднак усё ж у некаторых дамах гняздзілася ўпотай эратычная думка, што хоць мадам Бернан і завецца мадам Бернан, але яна адна з тых настырных каханак, якім са спазненнем удаецца выйсці замуж.
Гастон і Валянціна Рамійі, бліжэйшыя суседзі Бернанаў, паколькі з узвышша іх сядзібы Прэйсак відаць былі вежы Шардэйля, лічылі, што ў іх менш за ўсё падстаў адмяжоўвацца ад навасёлаў, і, прыняўшы пад увагу, што тыя прыслалі ў Прэйсак свае візітныя карткі, а мадам дэ Ла Гішардзі паручылася за іх свецкую выхаванасць, вырашылі наведаць Бернанаў.
Госці гэтыя былі прыняты з тым болынай ласкавасцю, што былі адны з першых. Гаспадары замка не толькі затрымалі паноў Рамійі на вячэрні чай, але запрасілі разам з імі агледзець будынак, сад і розныя службы. Гастон і Валянціна Рамійі адчувалі, што гэтым дзвюм істотам, уладальнікам такога значнага хараства, было нудна, што яны не заўсёды маюць магчымасць паказаць яго іншым.
Бернан, які, бывала, хадзіў каралём на сваім заводзе, захаваў ад мінулага начальніцкі тон і прывычку безапеляцыйна выказваць сваю думку аб рэчах, у якіх амаль зусім не разбіраўся. Але на выгляд гэта быў яшчэ даволі бравы мужчына. Валянціну вельмі кранула яго далікатнае абыходжанне са сваёй жонкай, нізенькай, поўнай бландзінкай, вясёлай і развязнай. Але мадам Рамійі была шакіравана, калі, аглядаючы другі паверх і выказаўшы сваё захапленне дзівоснай хуткасцю, з якой перайначылі гэты замак, пахваліўшы купальныя пакоі з ваннамі, умураванымі ў тоўстыя старыя сцены, і ў вежах ліфты, пачула ад мадам Бернан такія словы ў адказ:
– О так, Адольф паклапаціўся, каб усё было дасканала… Цяпер пакуль што для нас Шардэйль куток для адпачынку, не болей, але Адольф ведае, што я тут мяркую жыць пасля яго смерці, спадзяюся, што гэта не скора, і хоча, каб у мяне быў гарадскі камфорт… Вы, мабыць, ведаеце, што ў яго ёсць дзеці ад першага шлюбу?.. Дык ён прыняў усе меры перасцярогі: Шардэйль запісаны на маё імя і належыць мне цалкам.
На паляне за домам будынкі старадаўняй фермы былі перароблены ў стайні. Гастон любаваўся сытымі коньмі, новенькай збруяй, увішнымі канюхамі.
– Коні для мяне найбольшая асалода, – радасна гаварыла мадам Бернан. – Тата мой служыў у кірасірах і сваіх дзяцей ад самай калыскі саджаў у сядло.
I, пагладзіўшы бліскучы конскі азадак, яна ўздыхнула:
– Напэўна, будуць вялікія затраты трымаць такую кавалерыю… Але Адольф падумаў аб гэтым: у завяшчанні прадугледжана заснаванне ў парку Шардэйль спецыяльнага гадавальніка для паляпшэння конскай пароды. Гэта, вядома, не ўваходзіць у маю спадчыну, праўда, Адольф?.. На гэта пакідаецца пэўны фонд, так што, разумееце, мне не прыйдзецца плаціць падаткаў.
Сад яшчэ не быў закончаны, але ўжо можна было ўгадаць яго эфектную планіроўку. У мясцінах, якія архітэктар хацеў асабліва падкрэсліць, стаялі прыгожыя статуі. Пасярод доўгага чатырохкутнага басейна на штучным бетонным востраве рабочыя ўмацоўвалі адмысловыя калоны. Доўгая каштанавая алея прывяла гасцей да цэлага ансамбля домікаў, пабудаваных у стылі перыгорскіх ферм, крытых старою чарапіцай.
– Нешта я такой вёскі не ведаю, – заўважыла Валянціна.
– Гэта не вёска, – растлумачыла смеючыся мадам Бернан, – гэта камунальная маёмасць. Адольфу прыйшла ў галаву цудоўная ідэя размясціць домікі групай, але каб кожны стаяў паасобку… I вы пабачыце, наколькі гэта прадбачліва з майго пункту гледжання, для будучыні: у нас ёсць некалькі сем’яў верных нам слуг, якіх я пакіну пры сабе, нават калі застануся адна… I Адольф разумна вырашыў выдзеліць кожнаму з іх дом, той, што яны займаюць, абумовіўшы, што права на ўладанне домам будзе адразу ж скасавана, як толькі хто з іх пакіне службу… Такім чынам, слугі не толькі прывязаны да мяне, але і аплачаны часткова, прычым ні аднаго су маіх затрат… Для мяне гэта найлепшая гарантыя… I, натуральна, гэта ўсё таксама не ўваходзіць у маю спадчыну… Мужавы дзеці не змогуць апратэставаць.
– Вы так думаеце, мадам? Упэўнены, што гэта законна? – запытаў Гастон Рамійі.
– Ах, месье! Вы не ведаеце Адольфа… Ён цэлымі гадзінамі разам са сваім юрыстам выпрацоўваў належную рэдакцыю тэкста. Вы не ўяўляеце, колькі ў ім увагі, дарма што выглядае крыху мядзведзем!.. Праўда, Адольф?
Яна падсунула сваю руку пад паху старому, і той нешта пяшчотна замармытаў. Прагулка зацягнулася, бо гасцям не дазволілі абмінуць ні ўзорнай малочнай фермы, ні куратнікаў, дзе дружна кудахкалі сотні пародзістых белых курэй. Калі Рамійі, развітаўшыся з гаспадарамі, нарэшце апынуліся ў сваёй машыне, Валянціна загаварыла першая:
– Ну як?.. Што ты скажаш пра гэтых людзей?
– Берцан мне падабаецца, – прамовіў Гастон. – Хамаваты, самаздаволены вельмі, але, мне здаецца, па натуры дабрачок. Яна крыху наравістая.
– Крыху наравістая?.. Хапуга яна, вось хто, – абурылася Валянціна. – Завяшчанне тут… Завяшчанне там… «Калі я застануся адна… Памрэ, спадзяюся, не скора». Гаварыць у прысутнасці гэтага небаракі пра тое, што будзе пасля яго смерці! Гэта жахліва! Гэта жудасна! I як ён цярпеў? Я не ведала, што ёй сказаць.
Яны даволі доўга маўчалі, праязджаючы паўз лужкі і паляны ў даліну, абсаджаную таполямі. Змяркалася. Навокал распаўзаўся туман. Гастон, які вёў машыну, сачыў, каб па дарозе не наехаць на дзяцей, што вярталіся са школы. Нарэшце ён сказаў:
– Як бы там ні было… але ўжытыя ім меры засцярогі, каб яго жонка пасля яго смерці была зусім спакойная, па-мойму, справа разумная… Слухаючы яе, я думаў пра нас з табою. Лічу памылкай, што дагэтуль не склаў завяшчання. Трэба будзе адразу ж гэтым заняцца.
– Што ты гаворыш, дарагі!.. Не палохай мяне!.. Першая памру я.
– Чаму так? Адкуль ты ўзяла?.. Ты маладзейшая. I хвароб у цябе ніякіх. Тады, як я…
– Маўчы! Не выдумляй сабе хвароб! Выгляд у цябе цудоўны, і ведай, дарагі… калі ты памрэш, я цябе не перажыву… Што маё жыццё без цябе? Я налажу на сябе рукі.
– Ты што, ашалела, Валянціна? Як ты можаш гаварыць такое? Ад жалобы не паміраюць, як бы ні было цяжка, ты ж гэта ведаеш. I потым… хіба ў цябе я адзін на свеце… Ёсць Калета, яе муж… Унукі ёсць у цябе.
– Калета жыццё сваё ўладзіла… Мы ёй не патрэбны.
– Ну так… Вось таму я і павінен зрабіць некаторыя захады ў тваю карысць.
Машына ўрэзалася ў паласу туману, і яны абое змоўклі. Нарэшце Валянціна абазвалася сцішаным голасам:
– Яно вядома, калі няшчасце дазволіць мне перажыць цябе на некалькі месяцаў, я б адчувала сябе спакайней, маючы… о! не завяшчанне, не… Я гэта лічу нядобрай прыкметай… Не… а так… звычайную паперу, проста пацвярджэнне, што Прэйсак і яго землі застаюцца ў маім уладанні да смерці. Наш зяць чалавек далікатны, але ён зроду Савіньякаў… Ад бацькі ён нешта мае… і любіць гаспадарку… I ў яго можа з’явіцца жаданне акругліць свой маёнтак за мой кошт, а мяне адправіць дажываць свой век у які-небудзь флігель. Гэта было б вельмі балюча…