Андре Моруа – Навелы (страница 12)
– Ну як «Стыл»? – пацікавіўся хлопчык-ліфцёр.
– Пяцьдзесят дзевяць, – адказаў Манье.
Ён купляў гэтыя акцыі па сто дванаццаць даляраў. Пяцьдзесят тры даляры страты на кожнай. І з другімі яго акцыямі не лепш. Ён уклаў у іх усю сваю невялікую маёмасць, набытую ў Арызоне. У Фані ж ніколі не было і цэнта. Так, гэта канец… Апынуўшыся на вуліцы, ён шпарка пайшоў да метро, прабуючы ўявіць сабе будучыню. Пачынаць усё спачатку? Гэта магчыма, калі б Фані праявіла цярпенне і мужнасць. Ён успомніў, як ён змагаўся, як пасвіў жывёлу ў стэпах Арызоны і даволі скора разбагацеў. Зрэшты, яму ўсяго толькі трыццаць год. Але ён ведаў, што ў Фані літасці няма.
Так яно і здарылася.
Калі назаўтра раніцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзіноце, ён адчуў, што сілы яго пакідаюць. Хоць Фані была і бяздушная жанчына, але ён яе любіў. Негрыцянка прынесла яму снеданне – рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дыні, і папрасіла грошай.
– Дзе гаспадыня, містэр?
– Паехала.
Ён даў ёй пятнаццаць даляраў і падлічыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры… А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнім часам, амаль кожны дзень, у газетах пісалася пра самагубствы. Банкіры, служачыя, біржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбіралі смерць як адзіны ратунак. Скінуцца з дваццатага паверха? Колькі секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце і раструшчанае цела… А калі не памрэш адразу? І ён уявіў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косці, садранае мяса… Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету і пайшоў у рэстаран. І вельмі здзівіўся, што з апетытам з'еў блінцы, палітыя кляновым сіропам.
– «Гатэль «Танатос[1] Палац», Нью-Мексіка…» Дзіўны адрас… Хто мне можа адтуль пісаць?
Было і яшчэ адно пісьмо, ад Гары Купера. Ён прачытаў яго першым. Шэф пытаўся, чаму ён не з'явіўся ў кантору. Ён павінен вярнуць у касу восемсот дзевяноста тры даляры (893)… І якія яго меркаванні на гэты конт?.. Пытанне жорсткае альбо наіўнае. Але ж наіўнасць не была адною з заган Гары Купера.
Ён распячатаў другое пісьмо. Наверсе з густам зробленая гравюрка – тры кіпарысы, а ніжэй тэкст.
Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткі аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугі могуць Вам спатрэбіцца.
Вы не маглі, вядома, не заўважыць, што ў жыцці нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такія фатальныя акалічнасці, з якімі нельга змагацца, і тады прыходзіць думка аб смерці, як аб жаданым ратунку.
Заплюшчыць вочы, заснуць, каб ніколі больш не прачынацца, не чуць ні пытанняў, ні папрокаў… Многія з нас мелі такое жаданне, марылі аб гэтым… Аднак, за вельмі рэдкім выключэннем, людзі не адважваюцца вызваліцца ад сваіх пакут, і гэта зусім зразумела, калі ўспамінаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабіць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзін хацеў пусціць сабе кулю ў лоб, а зачапіў зрокавы нерв і аслеп. Другі, жадаючы навекі заснуць, выпіў снатворнага, але памыліўся дозай і прачнуўся дні праз тры паралізаваны, без памяці, з хваробай мозгу. Самагубства – гэта мастацтва, якое патрабуе культуры і не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.
Маючы гэтакі вопыт, дарагі пан Манье, і, спадзеючыся, што закранутая намі праблема Вас цікавіць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугі. З'яўляючыся ўладальнікамі гатэля, які знаходзіцца на граніцы Злучаных Штатаў і Мексікі і, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасці, пазбаўлены афіцыйнага кантролю і дакучлівых прыватных візітаў, мы прыйшлі да пераканання, што наш абавязак – дапамагаць чалавецтву і тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных і няўхільных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут і, асмелімся сцвярджаць, без усякай рызыкі.
У гатэлі «Танатос Палац» смерць спаткае Вас у сне далікатна і без болю. Тэхнічная спрактыкаванасць, набытая намі за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькі за апошні год мы абслужылі больш за дзве тысячы кліентаў), дазваляе нам гарантаваць і надзейнасць дазіроўкі і хуткі рэзультат. Дададзім таксама, што кліентаў, якіх мучаць сумленне альбо перакананні рэлігійнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намі адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасці.
Мы вельмі добра ведаем, што большасць нашых кліентаў абмежавана ў сродках, бо схільнасць да самагубства, як правіла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскім рахунку. А таму, ніколькі не ахвяруючы камфортам, мы давялі расцэнкі «Танатоса» да мінімуму. Каб пасяліцца ў нас, даволі трохсот даляраў, якія ўносяцца адразу. Гэты невялікі ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмін Вашага знаходжання ў нашым гатэлі – тэрмін, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце – і пакрые выдаткі па самой аперацыі, па пахаванню і па нагляду за магілай.
Таксама важна дадаць, што «Танатос» знаходзіцца на ўлонні прыроды ў цудоўнай мясцовасці, мае чатыры тэнісныя корты, пляцоўку для гульні ў гольф і вялізны басейн для плавання. Кліентура гатэля складаецца з асоб мужчынскага і жаночага полу і амаль уся належыць да высокіх і вытанчаных пластоў грамадства. Сацыяльная згода, якая пануе ў нашым гатэлі, памножаная на незвычайнасць сітуацыі, надае адпачынку ў ім ні з чым не параўнаную прывабнасць. Пасажыраў, што едуць да нас, просім выходзіць на станцыі Дымінг, дзе іх чакае спецыяльны аўтобус гатэля. Аб прыездзе просім паведаміць загадзя, за два дні наперад, пісьмом альбо тэлеграфна. Наш тэлеграфны адрас: «Танатос», Каранада, Нью-Мексіка.
Жан Манье ўзяў калоду карт і расклаў іх так, як навучыла яго Фані. Яму выпала ўдача.
Падарожжа цягнулася доўга. Поезд шпарка імчаўся міма баваўняных палёў, дзе працавалі негры – чорныя кропкі сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць – так прайшлі два дні і дзве ночы. Нарэшце яны ўехалі ў горы, гіганцкія, фантастычныя, казачныя. Цягнік з гулам ішоў у цясніне паміж высачэнных скал, перасечаных упоперак фіялетавымі, жоўтымі і чырвонымі палосамі. Паміж скал, на палове іх вышыні, доўгаю белаю стужкай віселі аблокі. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексіканцаў у шырокіх капелюшах і вышываных скураных куртках.
– Наступная станцыя – Дымінг, – папярэдзіў Жана Манье негр, праваднік спальнага вагона. – Пачысціць вам чаравікі, містэр?
Француз сабраў свае кніжкі і зачыніў чамадан. Звычайнасць гэтага, што ні кажы, апошняга падарожжа здзіўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталі тармазы. Цягнік спыніўся.
– У «Танатос», сэр? – аклікнуў Жана Манье насільшчык-індзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузіў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькіх бландзінак, якія тупалі за ім услед.
«Няўжо гэтыя дзве мілыя дзяўчыны прыехалі сюды паміраць?» – падумаў Жан Манье.
Яны зірнулі на яго засмучанымі вачамі і прашапталі нейкія словы, якіх ён не разабраў.
Аўтобус гатэля «Танатос» зусім не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглі сабе ўявіць. Пафарбаваны ў ярка-сіні колер, блакітны і жоўценькі ўнутры, ён зіхацеў на сонцы сярод абшарпаных і разбітых аўтамашын, якія надавалі прывакзальнаму двару, дзе не сціхала гішпанская і індзейская лаянка, выгляд рынка, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалі дарогу, абраслі лішайнікам, былі пакрыты блакітна-шэрай смугой, а вышэй выблісквалі металічныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымі вачамі, быў у шэрым форменным адзенні. Жан Манье з далікатнасці сеў побач з ім, каб не дакучаць сваім спадарожніцам. Потым, калі машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваім маўклівым суседам:
– Вы даўно працуеце шафёрам «Танатоса»?
– Тры гады, – прабурчаў шафёр.
– Дзіўная, відаць, работа.
– Дзіўная? – паціснуў плячамі шафёр. – Чаму дзіўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзіўнага?
– Скажыце, вашы пасажыры калі-небудзь вяртаюцца?
– Не часта, – крыху збянтэжаца адказаў той. – Не часта… Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.
– Вы? Сапраўды? Вы прыехалі сюды як… кліент?
– Вось што, містэр, – сказаў шафёр, – я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталіся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас і гэтых дзяўчынак.
– Вядома, не хачу, – згадзіўся Жан Манье і, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усміхнуўся.
Гадзіны праз дзве шафёр моўчкі паказаў яму пальцам на сілуэт «Танатоса», які вырысоўваўся на пласкагор'і.
Гатэль быў пабудаваны ў гішпана-індзейскім стылі: нізкі, са ступеньчатым дахам і чырвонымі мураванымі сценамі – грубая імітацыя пад гліну. Пакоі выходзілі на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцье-італіец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краіну, вуліцы вялікага горада, бульвары ў кветках.
– Чорт вазьмі, дзе я вас бачыў? – запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.
– У Барселоне, сэр, у гатэлі «Рыц»… Прозвішча маё – Сарконі… Я выехаў адтуль, калі пачалася рэвалюцыя…
– З Барселоны ў Новую Мексіку! Нішто сабе махнуў!
– О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькі карткі, якія я папрашу вас запоўніць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калі ласка, даруйце, сэр.
Ён падаў гасцям друкаваныя бланкі, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў і падрабязных тлумачэнняў. Кліентам прапаноўвалася дакладна запісаць дату і месца свайго нараджэння, а таксама прозвішчы асоб, якіх трэба апавясціць у выпадку няшчаснага здарэння.