Цэзонія (паказваючы на беспарадак у пакоі, з іроніяй). Вы што тут — біліся?
Хэрэя. Так, мы біліся.
Цэзонія (такім самым тонам). I чаму ж вы біліся?
Хэрэя. Мы біліся проста так.
Цэзонія. Значыць, гэта няпраўда.
Xэрэя. Што няпраўда?
Цэзонія. Вы не біліся.
Хэрэя. Значыць, мы не біліся.
Цэзонія (з усмешкаю). Можа, лепш прыбралі б у пакоі. Калігула цярпець не можа беспарадку.
Гелікон (старому патрыцыю). Кончыцца тым, што вы выведзеце яго з сябе!
Стары патрыцый. Але, далібог, што мы яму зрабілі?
Гелікон. Ды ўжо ж менавіта — нічога. Нават цяжка сабе ўявіць, як можна быць такімі няўважнымі?! Урэшце, гэта робіцца ўжо невыцерпным. Пастаўце сябе на месца Калігулы. (Паўза.) Вы ж тут, натуральна, трошкі ладзілі змовы, праўда?
Стары патрыцый. Ды што ты, зусім не, павер мне. З чаго ён выдумаў?
Гелікон. Ён не выдумаў, ён ведае. Але, па-мойму, яму гэтага нават трошачкі хочацца. Ну, давайце дапаможам навесці парадак.
Усе кідаюцца прыбіраць. Калігула ўваходзіць і назірае за імі.
Сцэна V
Калігула (старому патрыцыю). Дзень добры, мая ясачка. (Да астатніх.) Хэрэя, я вырашыў трошкі ў цябе адпачыць і падсілкавацца. Муцый, я дазволіў сабе запрасіць тваю жонку. (Распарадчык б'е ў далоні. Уваходзіць раб, але Калігула яго спыняе.) Хвілінку! Панове, як вам вядома, фінансы ў нашай дзяржаве ледзьве ліпяць, дый тое — па голай звычцы. А з учорашняга дня і звычкі ўжо аказваецца мала. Таму я пастаўлены перад прыкраю неабходнасцю падкараціць абслугу. У духу самаахвяравання, якое вы, я ўпэўнены, высока ацэніце, я вырашыў паменшыць колькасць чэлядзі ў сваім палацы і, адпусціўшы колькі рабоў, узяць вас да сябе на службу. Зрабіце ж ласку накрыць на стол і падаць стравы.
Сенатары пераглядаюцца ў нерашучасці.
Гелікон. Ну, ну, панове, трошкі жвавей. Вы хутка самі пераканаецеся, што спускацца па сацыяльнай лесвіцы намнога прасцей, чым па ёй падымацца.
Сенатары нерашуча зрушваюць з месца.
Калігула (Цэзоніі). Якое пакаранне ў нас прадугледжана нядбайным рабам?
Цэзонія. Бізун, здаецца.
Сенатары кідаюцца жвава, але няспрытна накрываць на стол.
Калігула. Гэй, гэй, крыху акуратней! I трошкі болей парадку, парадак — гэта галоўнае! (Гелікону.) Здаецца, яны зусім страцілі спрыт.
Гелікон. Праўду кажучы, у іх яго і не было ніколі, хіба што на тое, каб біць ды камандаваць. Давядзецца набрацца цярпення, нічога не зробіш. Каб зрабіць сенатара, хопіць і аднаго дня, а вось на працаўніка трэба гадоў дзесяць.
Калігула. Але баюся, каб зрабіць працаўніка з сенатара, дык і ўсе дваццаць спатрэбіцца.
Гелікон. I ўсё ж у іх сёе-тое атрымліваецца. Па-мойму, у іх прызванне! Рабства — якраз тое, што ім вельмі добра падыдзе. (Адзін сенатар абцірае лоб.) Глядзі, яны нават пачынаюць пацець. Першы этап ужо пройдзены.
Калігула. Цудоўна. Але не будзем занадта патрабавальныя. Бо ўжо і так няблага. I апроч таго — зрэдку аддаць належнае справядлівасці ніколі не шкодзіць. Дарэчы, наконт справядлівасці: трэба спяшацца, у мяне ж на сёння яшчэ прызначана пакаранне. Ах, усё-ткі шанцуе Руфію, што я гэтак прагаладаўся. (Даверлівым тонам.) Руфій — гэта той коннік, які мусіць сёння памерці. (Паўза.) Вы не пытаецеся, чаму ён мусіць памерці?
Агульнае маўчанне. У гэтай паўзе рабы ўносяць стравы.
Калігула (у добрым гуморы). Ну што ж, як бачу, вы пачынаеце разумець. (Закідвае ў рот аліву, жуючы.) Нарэшце вы сцямілі, што зусім неабавязкова нешта зрабіць, каб памерці. Салдаты, я задаволены вамі! Што скажаш на гэта, Гелікон? (Перастае жаваць і здзекліва пазірае на астатніх.)
Гелікон. Безумоўна! Якое войска! Але, мушу зазначыць, яны сталі занадта разумныя і цяпер не захочуць біцца. Калі так пойдзе далей, імперыя загіне!
Калігула. Цудоўна. А цяпер адпачнём. Сядайце як папала. Не будзем трымацца афіцыйнага пратакола. I ўсё-ткі шанцуе гэтаму Руфію. Хоць я ўпэўнены, што ён зусім не ацэніць гэтай маленькай адцяжкі. А тым не менш, што можа быць каштоўней за тыя колькі гадзін, якія пашчасціць выйграць у смерці?
Пачынае есці, іншыя таксама. Адразу відаць, што ён не ўмее паводзіць сябе за сталом. Ён мог бы не кідаць костачак ад алівак у талеркі суседзям, не выплёўваць недаедкаў мяса на блюда ці не калупаць пазногцем у зубах і не чухаць з такой утрапёнасцю галавы. Тым не менш за ежай ён менавіта ўсім гэтым і займаецца, зусім не саромеючыся. Але раптам ён перастае есці і скіроўвае пільны позірк на аднаго з сваіх суседзяў за сталом, Лепіда.
Калігула (рэзка). Здаецца, ты не ў гуморы. Ці не таму, што я загадаў забіць твайго сына?
Лепід (са здушаным камяком горлам). Што ты, Гаю, наадварот.
Калігула (узрадавана). Наадварот! Ах, як мне падабаецца, калі твар не выдае, што робіцца ў чалавека на сэрцы. Твар у цябе сумны. А сэрца? Наадварот, Лепід, праўда ж?
Лепід (рашуча). Наадварот, цэзару.
Калігула (яшчэ радасней). Ах, я нікога так не люблю, як цябе. Давай жа пасмяёмся разам. Раскажы мне якую-небудзь вясёлую гісторыю, показку.
Лепід (які пераацаніў свае сілы). Гаю!
Калігула. Добра. Тады я раскажу. Але ж ты будзеш смяяцца, Лепід? Будзеш? (Кідаючы злавесны позірк.) Хоць бы дзеля свайго другога сына. (Зноў весела.) Дый, апроч таго, у цябе ж няма прычын засмучацца. (Адпівае глыток, падказвае.) На... На-ад... Ну, Лепід.
Лепід (стомлена). Наадварот, Гаю.
Калігула. Ну вось, цудоўна! (П'е.) А цяпер слухай. (Летуценна.) Жыў сабе аднойчы няшчасны імператар, якога ніхто не любіў. А ён любіў Лепіда, і, каб выгнаць гэтую любоў з свайго сэрца, ён загадаў забіць яго малодшага сына. (Мяняючы тон.) Зразумела, гэта няпраўда. Але затое забаўна, га? Ты не смяешся? Ніхто не смяецца? Слухайце мяне! (У лютым гневе.) Я хачу, каб усе смяяліся. I ты, Лепід, і ўсе астатнія. Усе ўставайце і смейцеся. (Б'е кулаком па стале.) Чуеце, я хачу бачыць, як вы смеяцеся.
Усе ўстаюць. Далей гэтую сцэну акторы, апроч Калігулы і Цэзоніі, могуць іграць, як марыянеткі.
Калігула (у захапленні адкідваецца на ложку, апанаваны нястрымным смехам). Не, ды ты толькі зірні на іх, Цэзонія. Нічога не засталося. Гонар, годнасць, добрае імя, спрадвечная мудрасць — усё гэта больш нічога не значыць. Усё знікае перад страхам. Але, Цэзонія, страх — гэта цудоўнае пачуццё, без ніякіх дамешкаў, чыстае і бескарыслівае, адно з рэдкіх высакародных пачуццяў, што нараджаюцца ў вантробах. (Абцірае рукою лоб, п'е. Дружалюбным тонам.) Цяпер пагаворым пра іншае. Хэрэя, нешта ты сёння маўчыш.
Хэрэя. Я гатовы гаварыць, Гаю. Як толькі ты мне дазволіш.
Калігула. Цудоўна. Тады маўчы. Мне болей хацелася б паслухаць нашага сябра Муцыя.
Муцый (праз сілу). Я да тваіх паслуг, Гаю.
Калігула. Раскажы-тка нам пра сваю жонку. Але спачатку загадай, каб яна села вось тут, леваруч ад мяне. (Муцыева жонка ідзе да Калігулы.) Ну! Муцый, мы ўсе чакаем цябе.
Муцый (крыху разгублена). Пра жонку... Я люблю яе.
Усе смяюцца.
Калігула. Вядома, мой сябра, вядома. Але гэта такая банальшчына. (Муцыева жонка ўжо села побач; нібы між іншым ён ліжа ёй левае плячо. Яшчэ больш разняволена.) Дарэчы, калі я ўвайшоў, вы тут, здаецца, ладзілі нейкую змову, га? Плялі якісь загаворчык?
Стары патрыцый. Як ты можаш, Гаю?..
Калігула. Драбяза, мая ясачка. Старасці ж трэба перашалець. Усё гэта сапраўды драбяза. Вы ж няздольныя на мужны ўчынак. Проста мне раптам успомнілася, што я мушу вырашыць яшчэ сякія-такія дзяржаўныя пытанні. Але спачатку аддамо даніну неадольным патрэбам, якія заклала ў нас прырода. (Устае і цягне Муцыеву жонку за сабой у суседні пакой.)
Сцэна VI
Муцый спрабуе ўстаць.
Цэзонія (ласкава). О, Муцый, я з задавальненнем выпіла б яшчэ тронікі гэтага цудоўнага віна.
Скарыўшыся, Муцый моўчкі падлівае ёй віна. Няёмкая паўза. Чуваць, як рыпяць крэслы. Наступная размова ідзе крыху натужліва.
Цэзонія. Ну што, Хэрэя! Можа, раскажаш цяпер, чаго гэта вы тут біліся толькі што?
Хэрэя (холадна). Усё гэта ад таго, дарагая Цэзонія, што ў нас узнікла спрэчка, ці павінна паэзія быць забойчая.
Цэзонія. Вельмі цікава. Хоць гэта, на жаль, перавышае маё жаночае разуменне. I ўсё ж мяне зачароўвае тая палкасць, з якою вы ставіцеся да мастацтва. Аказваецца, яна можа давесці вас ажно да бойкі.
Хэрэя (такім самым тонам). Гэта так. Дый сам Калігула мне неяк казаў, што не можа быць глыбокага і гарачага пачуцця без пэўнае жорсткасці.
Гелікон. Як і кахання без кропелькі гвалту.
Цэзонія (жуючы). У гэтым ёсць пэўная ісціна. Што скажуць астатнія?
Стары патрыцый. Калігула — тонкі псіхолаг.
Першы патрыцый. Ён вельмі красамоўна гутарыў з намі пра мужнасць.