Цэзонія. Сцыпіёне!
Калігула (цвёрдым і жорсткім голасам). Чакай, Цэзонія. Ты сам, Сцыпіёне, не ведаеш, як ты гэта слушна сказаў: я зрабіў усё патрэбнае. Мне цяжка ўяўляецца дзень, пра які ты кажаш. Але часам я пра яго мару. I ва ўсіх тварах, якія тады пачынаюць наступаць на мяне, узнікаючы з глыбокай і горкай цемры, у іх перакрыўленых нянавісцю і трывогаю рысах, я сапраўды — з радасцю — пазнаю адзінага бога, якога ўпадабаў у гэтым свеце: нікчэмнага і баязлівага, як само чалавечае сэрца. (Раздражнёна.) А цяпер — ідзі прэч. Ты і так ужо занадта многа тут нагаварыў. (Мяняючы тон.) Мне яшчэ трэба нафарбаваць на нагах пазногці. У мяне тэрміновая справа.
Усе выходзяць, апроч Гелікона, які пачынае хадзіць вакол Калігулы, што засяроджана нафарбоўвае пазногці на нагах.
Сцэна III
Калігула. Геліконе!
Гелікон. Што такое?
Калігула. Як ідзе твая праца?
Гелікон. Якая праца?
Калігула. Ну як!.. Я наконт поўні!
Гелікон. Справа ідзе. Тут уся рэч у цярпенні. Але мне хацелася б з табою пагутарыць.
Калігула. Ну, цярпенне ў мяне, можа, яшчэ і знойдзецца, а вось часу — небагата. Так што, Геліконе, давай хутчэй.
Гелікон. Я ж казаў табе, я ўсё зраблю як мага лепш. Але раней мне трэба сказаць табе нешта важнае.
Калігула (нібыта нічога не чуў). I заўваж, што аднойчы яна ў мяне ўжо была.
Гелікон. Хто?
Калігула. Поўня.
Гелікон. Ну, зразумела. Але ці вядома табе, што на тваё жыццё рыхтуюць замах?
Калігула. I яна была ў мяне напраўду. Зрэшты, усяго толькі разы два ці тры. Але ўсё-ткі яна ў мяне была.
Гелікон. Я даўно ўжо спрабую з табой пагутарыць.
Калігула. Гэта было летась — улетку. Я часта глядзеў на яе і лашчыў на калонах у садзе, і ўрэшце яна мяне зразумела.
Гелікон. Хопіць гэтай гульні, Гаю. Хоць ты і не хочаш мяне слухаць, мой абавязак сказаць табе гэта. Няхай ты і прапусціш мае словы міма вушэй.
Калігула (па-ранейшаму засяроджана фарбуе на нагах пазногці). Гэты лак нічога не варты. Але я казаў пра поўню: гэта было цудоўнай жнівеньскай ноччу. (Гелікон з прыкрасцю адварочваецца і, нерухома застыўшы, змаўкае.) Яна спачатку крыху манежылася. Я тады ўжо ляжаў у ложку і збіраўся заснуць. А яна вісела над даляглядам і была спачатку ўся крывава-чырвоная. Потым пачала пакрысе падымацца, усё хутчэй і хутчэй, нібы паступова страчваючы вагу. I чым болей яна падымалася, тым болей святлела. I нарэшце ператварылася ў цэлае возера з малочнымі водамі пасярод чорнага неба, перасыпанага мігценнем зор. I тады, цёплая, мяккая, лёгкая і нічым не прыкрытая, яна прыйшла да мяне. Яна пераступіла парог маёй спальні і з павольнай упэўненасцю падышла да майго ложка, лягла побач і абсыпала мяне сваімі ўсмешкамі й бляскам. Не, сапраўды, гэты лак нічога не варты. Так што — бачыш, Геліконе, я, не выхваляючыся, магу сказаць, што я яе меў.
Гелікон. Ці можаш ты мяне паслухаць, каб даведацца, што табе пагражае?
Калігула (адрываецца ад свайго занятку і пільна глядзіць на яго). Мне патрэбна адна толькі поўня, Геліконе. Тое, што мяне заб’е, я ведаю загадзя. Але я яшчэ не вычарпаў усяго, што можа трымаць мяне ў гэтым жыцці. Таму мне патрэбная поўня. I пакуль ты мне яе не здабудзеш, тваёй нагі тут болей не будзе.
Гелікон. У такім выпадку я ўсё ж выканаю свой абавязак і скажу табе тое, што мушу сказаць. Супраць цябе рыхтуецца змова. Галоўны завадатар — Хэрэя. Мне ўдалося захапіць гэтую таблічку, з якой ты даведаешся пра галоўнае. Я пакідаю яе тут. (Кладзе таблічку на крэсла і скіроўвае прэч.)
Калігула. Ты куды, Геліконе?
Гелікон (з парога). Шукаць табе поўню.
Сцэна IV
У дзверы насупраць нехта шкрабецца. Калігула рэзка азіраецца і заўважае старога патрыцыя.
Стары патрыцый (нерашуча). Дазволіш, Гаю?
Калігула (крыху раздражнёна). Ну што ж, уваходзь. (Пазіраючы на яго.) Што, мая прыгажуня, мы прыйшлі яшчэ раз зірнуць на Венеру?
Стары патрыцый. Не, не за тым. Тс-с! Вой, прабач, Гаю... я хацеў... Ты ж ведаеш, як я цябе люблю... і адзінае, чаго я хачу, гэта — спакойна дажыць свой век...
Калігула. Не будзем марудзіць, не будзем!
Стары патрыцый. О, так. Я, гэта... (Вельмі хутка.) Гэта вельмі важна, вось.
Калігула. Не, гэта няважна.
Стары патрыцый. Але што няважна, Гаю?
Калігула. Але пра што мы гаворым, маё каханне?
Стары патрыцый (азіраецца вакол). Ну, гэта... (Увесь скурчваецца і нарэшце выстрэльвае.) Супраць цябе змова...
Калігула. Ну вось бачыш, я ж казаў табе, гэта зусім не важна.
Стары патрыцый. Гаю, яны хочуць забіць цябе.
Калігула (падыходзіць да яго і бярэ за плечы). Ведаеш, чаму я не магу табе паверыць?
Стары патрыцый (жэстам прысягаецца, што кажа праўду). Усімі багамі, Гаю...
Калігула (ласкава і паціху штурхаючы яго да дзвярэй). Не бажыся, ужо толькі не бажыся. Лепей паслухай. Калі тое, што ты сказаў,— праўда, я вымушаны буду думаць, што ты здраджваеш сваім сябрам, так?
Стары патрыцый (крыху разгубіўшыся). Гэта, Гаю... таму што мая любоў да цябе...
Калігула (тым жа тонам). А я не магу дапусціць гэтага. Баязліўства было мне заўсёды такое агіднае, што я ніколі не здолею не пакараць здрадніка смерцю. Але я ведаю, чаго ты варты. I безумоўна, у цябе ніколі не ўзнікне жадання ні здрадзіць, ані памерці.
Стары патрыцый. Безумоўна, Гаю, безумоўна!
Калігула. Вось бачыш, значыць, я меў рацыю, калі не паверыў табе. Ты ж не баязлівец, праўда?
Стары патрыцый. О! Не...
Калігула. I не здраднік?
Стары патрыцый. Само сабой, Гаю.
Калігула. А значыць, змовы няма, скажы, гэта быў усяго толькі жарт?
Стары патрыцый (зусім раскіснуўшы). Жарт, жарт, звычайны жарт...
Калігула. I ніхто не хоча мяне забіць, праўда?
Стары патрыцый. Ніхто, вядома, ніхто.
Калігула (глыбока ўздыхнуўшы, болей марудна). Вось і ідзі, ідзі адсюль, мая прыгажунька. Сумленны чалавек — такая рэдкая з’ява ў гэтым свеце, што мне цяжка доўга глядзець на яе. Каб лепей прачуць гэтую незабыўную сустрэчу, мне трэба пабыць аднаму.
Сцэна V
Пэўны час Калігула, не сыходзячы з месца, глядзіць на таблічку. Потым рэзка бярэ яе і пачынае чытаць. Шумна ўздыхае і кліча вартавога.
Калігула. Прывядзі Хэрэю.
Вартавы паварочваецца да выхаду.
Чакай. (Вартавы спыняецца.) З пашанай.
Вартавы выходзіць. Калігула праходзіцца сюды-туды. Потым падыходзіць да люстра.
Калігула. Ты вырашыў быць лагічным, дурню. Трэба яшчэ паглядзець, да якой мяжы. (Іранічна.) Каб табе прынеслі поўню, усё адразу змянілася б, праўда? Немагчымае зрабілася б магчымым, і ў тое ж імгненне, разам, усё прыняло б іншы паварот. Ну, а чаму ж не, Калігула? Хто ведае? (Азіраецца вакол.) Вакол мяне ўсё меней і меней люду, дзіўна. (Люстру, глухім голасам.) Надта многа трупаў, надта многа, вось адкуль гэтая пустата. Нават каб мне і прынеслі поўню, я ўжо не здолеў бы вярнуцца назад. Нават каб мёртвыя зноў зварухнуліся пад ласкамі сонца, забойствы ад гэтага не канулі б пад зямлю. (Са злосцю у голасе.) Логіка, Калігула, логіка — ты павінен кіравацца ёю! Уладарыць — да астатняй мяжы, аддаваць сябе цалкам — да астатняй мяжы. Не, дарогі назад няма — трэба ісці да канца!
Уваходзіць Xэрэя.
Сцэна VI
Калігула шчыльна закручваецца ў плашч і крыху адкідваецца на спінку фатэля. Выгляд у яго змораны.
Хэрэя. Ты мяне клікаў?