реклама
Бургер менюБургер меню

Всеволод Нестайко – Тарэадоры з Васюкоўкі (страница 17)

18

Скаргі Кныша, вядома, старшыні не прыносілі шкоды. Але ў людзей цёмных выклікалі да Кныша павагу і нават страх — калі чалавек піша, значыць, сілу мае.

Паверыць у тое, што ён шпіён, было не вельмі цяжка.

Мы пералезлі цераз паркан, асцярожненька, прыгнуўшыся, уздзёрліся на арэшыну і вось ужо пільна ўглядаемся праз акно ў хату. Было цёмна, і мы не адразу разглядзелі, што там робіцца. Нарэшце ўбачылі, што Кнышы сядзяць за сталом з лыжкамі ў руках і, зладзейкавата пазіраючы на акно, нешта ядуць. Мы здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго. Кнышы елі... торт. Бісквітны гарадскі торт з арэхамі і крэмавымі і шакаладнымі ружамі. Елі торт вялікімі лыжкамі, як боршч ці кашу. Елі ўпотай, хаваючыся ад людзей, як зладзеі. Елі спяшаючыся, мабыць, з гучным чмяканнем (акно было зачынена, і мы не чулі), а можа, нават рохкаючы. Раты ў абаіх былі залеплены крэмам, а ў Кнышыхі крэм быў і на «румпелі».

Вось Кныш падчапіў лыжкай вялікую цэнтральную ружу, якая красавалася пасярэдзіне, і пацягнуў у рот. Але Кнышыха нешта сярдзіта буркнула, лоўка перахапіла ружу сваёй лыжкай і — шух! — сабе ў рот. Мы зноў пераглянуліся. Кіно!

— Ну, усё! Зразумела! — сказаў Ява. — Шпіёны! Нашы савецкія людзі тарты так не ядуць.

Я не стаў спрачацца, хоць такое сведчанне шпіёнскай дзейнасці Кнышоў здалося мне не вельмі пераканаўчым.

Паколькі глядзець на ўсё гэта было гідка, мы спусціліся з арэшыны і пайшлі дахаты.

...І зноў пацягнуліся працоўныя будні.

Больш кантактаў з Кнышамі, а тым больш з Бурмілам не было.

Лета мінала... Нам нават пачало здавацца, што ўсё пра Кныша і Бурмілу мы прыдумалі, што не было ні таямічай размовы («Падаруначак ад немцаў»... «Дваццаць жалезных»... «Вермахт шчодры»...), ні акваланга, ні падазроных паводзін, нічога...

— Не, ніякія яны не шпіёны, — гаварыў я. — Памятаеш, як Бурміла бусляня параненае знайшоў і выхадзіў, выпусціў потым. Хіба шпіён такое зрабіў бы? Ніколі!

Ява спачатку імкнуўся пярэчыць, а потым пачаў пераводзіць размову на іншае.

Аднойчы Ява сустрэў мяне асабліва засмучаны і невясёлы.

— Заўтра прыязджаюць бацькі, — уздыхнуў ён. — Хоць ты з моста ды ў рэчку. Маці як даведаецца... Праўда, дзед паабяцаў у першы дзень не казаць. «І не праз цябе, кажа, двоечнік, а праз маці. Неахвота ёй першы дзень псаваць. Колькі не была дома, засумавала, а тут на табе — сынок такі падаруначак падрыхтаваў». Так што мне адзін толькі дзень мірнага жыцця і застаўся. А потым ужо будзе такі «вермахт», што... Ты ж маю маці ведаеш...

Маці ў Явы сапраўды была жанчынай рашучай. У адрозненне ад маіх бацькоў у Явы было наадварот: тата быў добры-дабрэнны (муху не пакрыўдзіць, ніколі голас не павысіць, толькі на скрыпцы іграе), а маці — гром і бліскавіца. Карацей, тата быў мамай, а мама — татам. І трывогу Явы я добра разумеў.

— Нічога, — супакойваў я свайго сябра, — як-небудзь абыдзецца. Не заб'е ж яна цябе.

— Да смерці, можа, і не заб'е. А інвалідам зрабіць можа. Знаеш, якая ў яе рука! Як у Жабацінскага!

— А ты патрэніруйся падаць. Як толькі што-якое — адразу падай. Нібыта табе дрэнна.

— Мне й так будзе дрэнна. Без «нібыта». Не хвалюйся.

Што й казаць, спачуваў я свайму таварышу ўсім сэрцам, усёй душою, але дапамагчы нічым не мог. Заставалася толькі спадзявацца на лёс ці на шчаслівы выпадак. Можа, абыдзецца...

І вось Явавы бацькі прыехалі. Радаснага гоману і мітусні — поўны двор. Фортка толькі рып-рып! Дзверы не зачыняюцца. Сваякі, суседзі, знаёмыя... Яшчэ б! З-за мяжы прыехалі! Цікава ж! А што? А як? А дзе? А калі? А якое? А па чым?

У садку цэлы дзень стол стаяў з прысмакамі ды розным пітвом: адны выходзілі, другія сядалі.

І падарункаў Явавы бацькі навезлі ледзь не ўсёй вёсцы. Падарункі ў большасці выпадкаў дробненькія, як гузікі, — сувеніры называюцца. Але што вы хочаце: калі б столькі вялікіх падарункаў — на двух вазах змясціліся б.

І я падарунак атрымаў. Нам з Явам абодвум падарылі па пісталету! Па чэшскаму замежнаму пісталету, які страляе вадой. І як страляе. Націскаеш на курок, і ён тоненька-тоненька цвыркае метраў на дзесяць. Магутна! Вось гэта пісталет дык пісталет! Сіла!

Праз пятнаццаць хвілін пасля таго, як нам падаравалі пісталеты, мы ледзь іх не страцілі назаўсёды.

Ну, вы ж разумееце, было б смешна, калі б мы адразу пачалі страляць. Навошта тады пісталеты?

Дык вось мы адразу...

Сабаку на мушку — цвірк!

— Гаў-гаў-гаў!

Сабака хвост падціснуў і ў будку.

Мурка рудая сядзіць на сонцы, мыецца. Цвірк!

— Ммяў! — і мурка ўжо на яблыні.

Чубатка грабецца.

Цвірк!

— Ко-ко-ко-ко-ко! — няма чубаткі — недзе ў гародзе.

А тут ідзе дзед Салівон.

Ну, выпадкова ж, чэснае слова, выпадкова курок націснуўся.

Цвірк! Дзеду Салівону проста па лысіне.

— А каб вы ляснулі, разбойнікі! Я вам пацвіркаю! Я вам... Я вам...

Праз некалькі хвілін мы паціралі свае чырвоныя вушы далёка ад хаты.

Пісталеты аддалі нам з адной умовай — страляць толькі па нежывых прадметах.

Але ж настраляліся мы, ажно абрыдла.

А што ўжо нам хлопцы папазайздросцілі — і не кажыце!

Толькі і чулася:

— Дай паглядзець!

— Дай хоць глянуць!

— Дай патрымаць!

— Можа, я стрэльну?

— Можа, я паспрабую?

— А я? А я?

— Ох ты!

— Ох і б'е!

— Сіла!

Скажам шчыра, мы неахвотна давалі не тое што стрэльнуць, але нават і патрымаць.

Можна аддаць новыя штаны, чаравікі, сарочку зняць, усё, што хочаце, але выпусціць з рук пісталет у першы дзень — не хопіць сіл. Як жа яго аддасі, калі сам яшчэ не настраляўся!

Але папастралялі мы — дык папастралялі! Добранька! Ужо ж і адпомсціў я за ўсе пакуты, якія мне давялося перажыць, быўшы «шпіёнам», «разбойнікам», «беляком» і наогул «ворагам».

Мы нейкую хвіліну сумняваліся, успомніўшы ўмову страляць толькі па нежывых мішэнях. Але потым вырашылі, што і Сцёпа Карафолька, і Антосік Мацыеўскі, і Грышка Сала, і нават Вася Дзяркач па характарах поўнасцю адносяцца да «нежывых мішэняў».

Праз гадзіну ўсе былі мокрыя, хоць выкручвай.

Спачатку яны адносіліся да ўсяго раўнадушна, нават падбухторвалі.

— Ану! Ану, пацэль на такой адлегласці. І не пацэліш, не пацэліш! Ану!

А потым, калі мы сталі добра цаляць, пачалі злавацца:

— Ды ну, перастаньце!

— Ды годзе ўжо!

— Досыць, ну!

А Сцёпа Карафолька, калі Ява вельмі спрытна пацэліў яму проста ў нос, раптам вырашыў абурыцца і закрычаў: