Всеволод Нестайко – Тарэадоры з Васюкоўкі (страница 10)
Адчыняеш фортку — і адразу з-за куста выскоквае на тычцы смешны фанерны чалавечак. Адной рукой на хаду з галавы капялюш здымае, а ў другой трымае дошчачку з надпісам: «Добры дзень! Калі ласка!»
Ідзеш па беленькай, пасыпанай рачным пясочкам дарожцы. Па правую руку — гляньце! — куст нейкі па спецыяльнай лазіне метры на два ўверх уздзёрся, і пладоў чырвоных на ім столькі, што аж у вачах мільгаціць. Вы думаеце, што гэта нейкія ягады, але гэта памідоры. Карлікавы сорт. А вось вялізная зялёная каўбасіна на зямлі ляжыць. Гэта не гарбуз, не, гэта — гурок. А буракі якія, а морква, бачылі б вы, адной морквінай бегемота забіць можна.
Па левую руку — калодзеж, белай кафляй абкладзены, як амбулаторыя. Ну, дзе вы такі калодзеж знойдзеце?
Каля калодзежа паравы рухавік на прымусе, пра які я гаварыў, і падобная на гармату тая гідрагазавая палівачка. І наогул усіх мудрагелістых штуковін і прыбудоў не палічыць.
Не, невыпадкова яго празвалі Эдысон Фарадзеевіч (на самай справе ён Антон Фадзеевіч). Але гэтая мянушка не абразлівая, вымаўляюць яе людзі лагодна, бо ўсе любяць старога.
Ён высокі, худы, кашчавы і ажно свеціцца ўвесь — валасы светлыя, бровы светлыя, павекі светлыя, — не разумееш, ці гэта ён такі бландзін, ці сівы (гадоў яму пад семдзесят), а вось вочы — блакітныя-блакітныя, ажно сінія.
Ён нетутэйшы, прыезджы, дзесьці з-пад Тамбова. «Рускі чалавек», як гаворыць дзед Салівон. Гадоў пяцьдзесят таму ён ваяваў тут, пазнаёміўся з бабай Аксанай (яна тады маладая была) і застаўся на ўсё жыццё.
Гэта добры чалавек, якога свет не бачыў.
Заўсёды ў яго можна было папрасіць усё, што хочаш, — апошняе аддасць. І ўвесь час усміхаецца. Сярдзітым бывае толькі тады, калі пабачыць парваную якім-небудзь «юным чытачом» бібліятэчную кніжку.
— Эх, — кажа ён, — і які ж гэта акадэмік чытаў! Даў бы я яму па заходнім паўшар'і.
Але ніхто не помніць, калі гэта каму-небудзь ён даў па «заходнім паўшар'і».
Дзяцей ён любіў страшэнна. Сваіх яны з бабай Аксанай не мелі — ні дзяцей, ні ўнукаў. Жылі толькі ўдваіх. І ўвесь ураджай свайго казачнага саду раздавалі нам — нават няёмка. Апошнім часам, месяцы два ўжо, баба Аксана хварэла, ляжала ў раённай бальніцы, і Фарадзеевіч праз дзень ездзіў туды. І сёння якраз паехаў — мы ведалі.
А ў гэты час Кныш...
Схаваўшыся ў кустах каля плота, мы бачым, як адчыняюцца дзверцы кабіны і адтуль вылазіць у брудных зашмальцаваных штанах Кныш, асцярожна трымаючы ў руках тую загадкавую доўгую скрынку з трубкай. Ступаючы па зямлі, як канатаходзец, ён пайшоў да форткі. Штурхнуў яе нагамі. Рраз! — фанерны чалавечак з-за кустоў: «Добры дзень! Калі ласка!» Кныш механічна кіўнуў яму, як жывому, і на ганачак. Рыпнулі дзверы (Фарадзеевіч ніколі не замыкае хату), і Кныш знік унутры.
— Хоча з дымам пусціць Фарадзеевіча, — кінуў на мяне Ява востры позірк.
— Навошта?
— Мабыць, Фарадзеевіч такое нешта вынайшаў, што там не спадабалася, — Ява шматзначна тыцнуў пальцам кудысьці ўбок — за акіян.
І адразу ж маё ўяўленне малюе вялізны цёмны злавесны кабінет. За шырокім сталом сядзіць страшны генерал са свастыкай на рукаве. Перад ім выцягнуліся Кныш і Бурміла. Генерал дастае з шуфляды пачкі грошай і кідае на стол. Кныш з Бурмілам хапаюць грошы і прагна запіхваюць іх у кішэні, за пазуху. Генерал штосьці загадвае і робіць рукамі жэст, паказваючы выбух. Кныш і Бурміла, ківаючы, адыходзяць спіной да дзвярэй.
Узрываецца, ляціць у паветра хаціна Фарадзеевіча...
І тут — шасэ. На крутым павароце імчаць на матацыклах Кныш і Бурміла. Бурміла мокры, у масцы ад акваланга, з трубкай у зубах. А за імі на матаролерах — мы з Явам. Раз-пораз Кныш аглядваецца і страляе ў нас з нагана. Свішчуць кулі, шалёна равуць маторы... На нашых мужных тварах рашучасць і адвага.
Потым — хоп! — матаролеры выслізгваюць з-пад нас, імчаць па шасэ і знікаюць... І вось мы ўжо на трыбуне ў акружэнні генералаў, вядомых людзей, амаль што членаў урада. На нашых грудзях пабліскваюць новенькія медалі «За адвагу». Унізе — мора людзей. Яны трымаюць нашы партрэты і транспаранты з надпісамі: «Слава героям!», «Няхай жывуць Ява і Паўлуша!», «Назавём кіеўскае метро імёнамі герояў!», «Назавём Паштовую плошчу плошчай імя Явы і Паўлушы!». Аркестр іграе туш... І раптам ззаду нехта мяне балюча-балюча — шчып! «Ты што?» Гэта я так захапіўся, што забыў усё на свеце, пачаў мармытаць туш «Мра-ма-рам-та-ра-ра-рай-ра-рам!» — і не заўважыў, як з хаты Фарадзеевіча выйшаў Кныш.
І як павольна пад'ехаў грузавік, так хутка ён ад'ехаў. Мы пераглянуліся і нейкі час маўчалі.
Потым Ява гучна хукае і кажа:
— Пайшлі! Мы не можам гэтага дапусціць!
Я таксама хукаю, але цішэй, і кажу:
— Рызыка! Можа й сарвацца!
— Можа! — гаворыць Ява і зноў хукае. Я ўяўляю сабе пахаванне, заплаканых аднавяскоўцаў, нашы партрэты ў чорных жалобных рамках — і ў носе шчыпле, як ад цыбулі.
— Але не можам жа мы дапусціць... — кажа Ява. — Гісторыя нам не даруе.
Мне хочацца сказаць, што гісторыі мы з Явам да лямпачкі, у яе больш сур'ёзныя справы, але я не асмельваюся: дужа сур'ёзны твар у Явы.
— Ну, дык на ўсякі выпадак — бывай! — уздыхаю я.
— Бывай! — уздыхае Ява, і мы стрымана, па-вайсковаму абдымаемся. Мне ў носе шчыпле яшчэ болей.
Хаця дзверы адчынены і можна спакойна зайсці, мы лезем у акно — дзе вы бачылі, каб героі на небяспечную аперацыю хадзілі праз дзверы!
Таямнічая доўгая скрынка стаіць на стале.
Ява бярэ яе.
Адчыняе...
У скрынцы... сіні тэрмас, з вечка якога тырчыць шкляная трубачка, абкручаная марляй.
Ява, адставіўшы ўбок руку і адвярнуўшыся ад тэрмаса, ціха-ціха адкрывае вечка. Яшчэ трошкі, яшчэ...
— Асцярожна... Асцярожна... Асцяр... — заміраю я, адступаючы.
Ба-ббах-х!
Я гопаюся на падлогу і заплюшчваю вочы. Усё! Нас разарвала...
Але тады чаму я чую, што нешта дзюрчыць і булькае. Няўжо гэта на тым свеце дзюрчыць і булькае?
Я расплюшчваю адно вока, потым другое.
Я сяджу на падлозе ў мокрай лужыне. Насупраць мяне сядзіць скрыўлены, з заплюшчанымі вачамі Ява. У яго ў руках сіні тэрмас, з якога нешта льецца.
Каля мяне валяюцца чарапкі ад гладыша.
Ясна, адступаючы, я незнарок, выпадкова скінуў з прыпечка глечык. Вось табе й «ба-бах!»
— Ява! — гукаю я. — Адбой?
Ява ўмомант расплюшчвае вочы і падхопліваецца.
— Глядзі, тэрмас!
Але ўжо позна — амаль што палавіна вылілася. Дрыготкімі рукамі Ява закручвае вечка тэрмаса і ставіць яго на стол. А потым...
Вы бачылі калі-небудзь у кіно паскораную здымку, калі людзі рухаюцца з шалёнай, невераемнай хуткасцю?
Дык вось, калі б нас з Явам хтосьці захацеў зняць у кіно з такой мэтай, дык ніякая б паскораная здымка не спатрэбілася б.
Мы, як мурашкі, мітусіліся на карачках па падлозе, ліхаманкава збіраючы чарапкі і выціраючы лужыны сваімі штанамі і сарочкамі. Пры гэтым мы раз-пораз стукаліся лбамі і іншымі, меней паважанымі часткамі цела...Праз хвіліну ўсё было чыста-чысцюсенька. І, куляй вылецеўшы з хаты Фарадзеевіча (на гэты раз праз дзверы), мы штосілы паджгалі па вуліцы.
РАЗДЗЕЛ VI. Выяўляецца, гэта глабулус! Касмічныя мары Фарадзеевіча. «Жыццё — заблытаная і складаная рэч!»
— «Атамная бомба»! «На транзістарах»! Барахольшчык! — пхыкаю я.
— Маўчы! «Давай злезем»! «Ногі размяць»! Герой! — пхыкае Ява.
Нам дрэнна. На душы, як кажуць, каты шкрабаюць. Гэта ж трэба так даць маху з гэтай «бомбай». Ды яшчэ й разліць тое з тэрмаса. Думка пра шкоду не давала нам спакою.
Фарадзеевіч прыехаў надвячоркам, і ў той дзень мы так нічога і не даведаліся. Не, усё ж такі даведаліся. Што Фарадзеевіч дзякаваў Кныша за вялікую «паслугу». Выяўляецца, «спецзаданне» даваў ён і Кныш па яго просьбе прывёз з аэрадрома таямнічы сіні тэрмас.
На наступны дзень з самай раніцы мы пабеглі да хаты Фарадзеевіча. Там ужо было шмат юннатаў-старшакласнікаў, з якімі Фарадзеевіч сябраваў.
Мы прыбеглі ўчасна — Фарадзеевіч якраз выйшаў на ганак з сінім тэрмасам у руках. Яго адразу абступілі юннаты.
— Антон Фадзеевіч, ну, скажыце! Антон Фадзеевіч, ну, калі ласка! Антон Фадзеевіч, ну, хоць намякніце! — вымольвалі нецярплівыя дзяўчаты.
— Пацярпіце, таварышы-грамадзяне, пацярпіце! Пра ўсё на месцы дазнаецеся. На Высокім востраве.
І Фарадзеевіч, акружаны юннатамі, выйшаў на вуліцу.
Мы, вядома, таксама прысталі да грамады.
Але тут двухметровы здаравіла дзевяцікласнік Грышка Бардадзім спатыкнуўся аб нас і загудзеў, як з бочкі:
— Ану, кыш! Круцяцца пад нагамі. Не вашага розуму справа! Кыш!