Владимир Шитик – Левы рэйс (страница 52)
— Яшчэ б, — іранічна адказаў Корзун, крыху супакоіўшыся. — На мяне два райаддзелы і адзін раённы пракурор горбіліся. Мне было толькі пенкі знімаць.
— Падзелімся славай, — усміхнуўся Пратасеня з затоеным сумам. — Будзе час, і ты дзеля мяне пабегаеш. А цяпер да ліха справы, пойдзем да нас, павячэраем, пагаворым.
— Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзун зірнуў на гадзіннік, — праз пятнаццаць хвілін апошні аўтобус.
— Як знаеш, — Пратасеня не пакрыўдзіўся. — Машына ёсць, падкіне на станцыю. — І раптам спытаў: — Ты кватэру ў горадзе маеш?
— За дваццаць пяць рублёў у месяц, затое дровы гаспадарскія, — ён здагадаўся, куды хіліць пракурор.
— Хочаш асабняк, хочаш аднапакаёвую кватэру ў новым доме? — прапаноўваў Пратасеня, быццам быў не пракурорам, а распарадчыкам бескантрольнага жыллёвага фонду.
— Э-э, — засмяяўся Корзун. — У памочнікі не пайду. Не той маштаб, раён для мяне — пройдзены этап. Я — супрацоўнік абласны.
— Ну і марней на сваёй прыватнай кватэры, лаві кішэннікаў, пакуль не забудзеш, што такое сапраўднае следства. Але як надумаеш, Алесь…
— Не спакушайце. Я свайго начальніка люблю, не хачу яго, маладога, да інфаркту даводзіць.
— Балбатун, — махнуў рукой Пратасеня.
Неўзабаве Корзун сядзеў у аўтобусе. Усе месцы былі занятыя, і па салоне плыў няспешны людскі гоман. Нехта нечага звярнуўся і да яго, Корзуна. Ён нешта адказаў, хаця, каб праз імгненне спыталі — што, наўрад ці ўспомніў бы. Гэта няпраўда, што следчы або інспектар крымінальнага вышуку можа ставіцца да злачынства і злачынца як нейкая раўнадушна-аб'ектыўная машына. Крыміналіст — таксама чалавек. Ён мае звычайнае сэрца, здольнае радавацца, перажываць, балець. Толькі не ў час працы…
За акном стала цёмна. Вадзіцель уключыў верхні пражэктар, і моцны прамень святла нібы прасек у вячэрнім лесе вузкую і бясконцую дарогу. Па ёй, пакідаючы за сабой нерухомыя заснежаныя дрэвы, імчаўся хуткасны міжгародні аўтобус. І гэта імклівасць машыны-экспрэса нібы сінхранізавалася з Корзунавым душэўным непакоем, прыглушала смутак. Ён заплюшчыў вочы, адкінуў на пакатую спінку мяккага крэсла стомленую галаву. Першая горыч апала. Застаўся сум. Аб Рамейку, якога ён, Корзун, ніколі не бачыў жывым і якога, ён гэта ўжо ведаў, будзе доўга ўспамінаць, як жывога…