Владимир Шитик – Левы рэйс (страница 46)
А Кунцэвіч нібы знарок ставіў перад ім загадкі, не ўкладваўся ў прыдуманую схему. Ён не зварухнуўся і тады, калі з шуфляды ў серванце Шабуня дастаў старыя пісьмы, пажоўклыя квіткі, нейкія даведкі. Корзун вельмі чакаў гэтага моманту і быў расчараваны. Паперы, мажліва, мелі каштоўнасць хіба толькі для рэвізораў. Рамейкавы, калі і забраў іх Кунцэвіч, напэўна, даўно знішчыў. Інакш бы не паглядаў так абыякава-іранічна на Корзуна: улавіў-такі, хто тут самая зацікаўленая асоба.
А ў Корзуна раптам з'явілася ўпэўненасць, што ён абавязкова падловіць Кунцэвіча. На чым, як, ён яшчэ не ведаў, але гэта ўжо не мела для яго значэння.
Вобыск — ёсць вобыск. Як ні старайся, парадку ў доме пасля гэтай працэдуры не дабавіш. Корзуну тады-сяды даводзілася прысутнічаць на вобысках. Ён разумеў іх неабходнасць і нават вымушанасць, але ўсё роўна кожны раз адчуваў сябе ніякавата. Вінаваты ж найчасцей адзін, а маральны ўрон нясуць усе, хто жыве ў кватэры. Гэты выпадак, не выключана, быў не зусім тыповы: у гаспадыні носік, няйначай, пушку не абмінуў. Але падазрэнне не ўпэўненасць, і яшчэ ёсць гаспадыніна маці, якая ўсё жыццё сумленна працавала ў калгасе даяркай і толькі нядаўна, пайшоўшы на пенсію, перабралася да дачкі. Мажліва, Корзуну і не трэба было надта перажываць пра вобыскі, хай аб гэтым загадзя думаюць тыя, хто іх вымушае. Але ўсё роўна думкі, што ёсць у гэтым нешта недарэчнае, як і ў самім злачынстве, пазбавіцца не мог, хаця і быў вобыск выкліканы злачынствам.
Нічога вартага ўвагі больш не знайшлі. Усе вынікі для Корзуна мелі, так сказаць, пабочны характар, на асноўную версію не працавалі. І ён толькі назіраў, як следчы паклікаў да сябе панятых, каб падпісалі пратакол. Кунцэвіч, які ў цёплых сенцах стаяў, увесь час прыхінуўшыся да кажуха, што вісеў на вушаку, знясілена сеў.
— Што ж, Кунцэвіч, мы возьмем вас з сабой, — папярэдзіў яго Шабуня. — Вось санкцыя.
Кунцэвіч перасмыкнуўся, паволі ўстаў, адчужана, як развітаўшыся ўжо даўно, павёў вачамі вакол сябе. Узяўся быў за кажух, але адхапіў руку, сказаў:
— Я лепш у паліто…
Кажух быў не новы, дый пры Кунцэвічавых запасах шкадаваць яго наогул не мела сэнсу, і Корзуна гэта рэакцыя крыху здзівіла. Раптам падумалася, што гэты кажух быў, бадай, адзінай рэччу, якую Шабуневы хлопцы не агледзелі. Ён працягнуў руку, каб зняць яго.
— Я сам, я сам, — паспяшаўся гаспадар. Корзун усміхнуўся:
— Спачатку я.
Ён засунуў руку ў кішэню, потым у другую. Адно рукавіцы. Цёплыя, футравыя, у такіх і сібірскія маразы не страшныя. Што ж занепакоіла Кунцэвіча? Корзун пакруціў рукавіцы. Нічога ні на іх, ні ў іх не было. Ён пачаў засоўваць рукавіцы ў кішэню і тады ўбачыў рукаў. Парваны.
— То я… За калючы дрот зачапіўся, — пачаў тлумачыць Кунцэвіч, хаця ніхто ў яго пра гэта не пытаўся.
— Хіба я спрачаюся? — Корзун задумліва пакруціў рукаў, нават на святло паглядзеў і нечакана вырашыў: — Гаспадар не хоча апранаць, дык мы як рэчавы доказ возьмем, га, капітан?
— А мне што? — паціснуў плячамі Шабуня.
— Тады запішыце ў пратакол.
Белы цень прабег па чырвоным Кунцэвічавым твары і адразу знік. У наступны момант Кунцэвіч зноў стаў абыякавым, быццам гэта не яго забірала міліцыя.
У машыне, як вярталіся з вобыску ў райаддзел, Корзун спытаў эксперта:
— Установіш, на якім дроце парваны рукаў?
— Я не маг.
— А кажуць, НТР і ў крыміналістыку прыйшла.
— Яна-то прыйшла, ды мы з табой на месцы засталіся. Ты ж пра Рамейку думаеш? Так? А дзе твая разумная галава была, як мы труп аглядалі? Чаму не папрасіў прыкус зубоў зняць?
— Зробіш эксгумацыю.
— Як усё проста! А раптам сапраўды ржавы дрот?
— Слухай, тэхнакрат, не пазбаўляй апошняй надзеі, дай пацешыцца.
— Дрот ці сабака, я табе, бадай, скажу, — памякчэў эксперт, — а на большае пастарайся не разлічваць.
— І на тым дзякуй, — узрадаваўся Корзун. Гэта ўжо было б нешта пэўнае ў яго няпэўным становішчы.
Пратасеня чакаў у кабінеце начальніка райаддзела, які захварэў і ляжаў у бальніцы. Не хацеў, каб трацілі час на дастаўку Кунцэвіча ў пракуратуру.
— Пачну я, — прапанаваў ён Корзуну. — А ты пасядзі, нібы старонні. Што ўзнікне — спытаеш.
— Па-мойму, ён улавіў, хто ёсць хто.
— Ну, хто вядзе забойствы, ён таксама ведае, — Пратасеня памасажаваў патыліцу. — Як захвалююся, нібы абручом сціскае. — Ён дастаў з нагруднай кішэні запісную кніжку, разгарнуў і адразу як аддаліўся ад Корзуна, падцягнуўся. — Калі аформілі, скажы, каб вялі сюды.
— Сядайце, Кунцэвіч. — Пратасеня паказаў рукой на стул, пастаўлены воддаль ад яго стала — каб можна было бачыць Кунцэвічаў твар і Корзуну. — Не думаў, што прыйдзецца нам сустракацца з такой нагоды.
— Не мая ініцыятыва, — сказаў Кунцэвіч, і голас яго задрыжаў. Але ён хутка ўзяў сябе ў рукі і наступную фразу вымавіў іранічна, як пакепваючы з сябе: — Вось і адбіткі ўзялі, не хутка адмыешся. — І пакруціў пальцамі ў паветры.
— Што праўда, то праўда, Фёдар Сяргеевіч, — Пратасеня быццам ушчуваў яго. — На ваш выпадак хімікі яшчэ парашкоў не вынайшлі. А шкада.
— Вядома, шкада, — Кунцэвіч на дзіва хутка здаваўся, нават выціснуў з сябе смяшок: — А то пасадзілі б вы нас з Абабуркам у ванну, пацерлі б парашкамі… Ураз бы пасвятлелі нашы грэшныя душы.
— Калі-небудзь зробяць і такое, — заглядаючы ў сваю кніжку, прамовіў Пратасеня. — А пакуль з прычыны таго, што спяць хімікі ў шапку, паспрабую я калі не адбяліць, то хаця б тое-сёе высветліць у вашай, як вы кажаце, грэшнай душы. Прэтэнзіі маеце — выкладвайце. Не? Тады прыступім. Вашай справай, як звычайна, будзе займацца следчы, але да таго мне хацелася б удакладніць некаторыя моманты.
Корзун слухаў і адзначаў, што Пратасеня сёння больш гаваркі, чым звычайна. Відаць, не знайшоў яшчэ дакладнага плана для першага допыту, а імправізацыя — не яго стыхія. Цяжка яму пераходзіць на чужую версію.
— Фёдар Сяргеевіч, — працягваў Пратасеня, — каму — вам ці Абабурку — прыйшла ідэя прадаваць калгасных свіней з мэтай уласнага абагачэння?
— Хіба гэта так важна? — пасміхнуўся нарыхтоўшчык.
— З часам узнікне абвінаваўчае заключэнне, яно пойдзе ў суд, і ў ім павінна быць дакладна вызначана роля кожнага з вас.
— Вы аб прытворы? Я згодзен пароўну. Разам бралі, разам і адкажам.
Раней Кунцэвіч уяўляўся Корзуну даволі хітраватым. Думалася, і на допыце ён будзе адмаўляцца, выкручвацца. А ён нават не паспрабаваў паблытаць следства, паадпірацца. Гэта было неспадзявана, выклікала падазрэнне: не мог Кунцэвіч так хутка зламацца, не ведае ён усяго таго, што вядома следству.
— Абабурка можа не пагадзіцца, — адказаў Кунцэвічу Пратасеня.
— Я лепш яго ведаю!
— Паверце майму вопыту, — Пратасеня гаварыў добразычліва, — на лаве падсудных не бывае злейшых ворагаў, чым нядаўнія сябры-хаўруснікі.
— Пабачым, — паціснуў плячамі Кунцэвіч, — да суда яшчэ далёка, ці не так?
— Не блізка, — пацвердзіў Пратасеня. — Не хочаце на гэта пытанне адказваць, то, можа, пра Вадвянскі хутар што скажаце?
Кунцэвіч сцяў зубы, кінуў злосны позірк на Корзуна, які сядзеў убаку з самым ціхамірным выглядам.
— Неблагая ферма была, га, Фёдар Сяргеевіч?
— Вам відней, — Кунцэвіч ухіліўся ад прамога адказу. — А віна ўсё роўна на дваіх.
— Кожнай сястрыцы па завушніцы?
Размова неяк збочвала, драбнела, і Корзун вырашыў, што наспела яго пара:
— Дазвольце, Аркадзь Міхайлавіч? Пратасеня кіўнуў.
— Дапусцім, Кунцэвіч, дапусцім, — звярнуўся Корзун да нарыхтоўшчыка. — Але чаму вы ў такім выпадку нагаворваеце на сябра?
— Не выдумляйце!
— Не забывайцеся, Кунцэвіч, мы вас не ў госці паклікалі. І нічога я не выдумляю. Хіба не вы паведамілі нам, што Абабурка ў той вечар, калі загінуў карэспандэнт, вярнуўся ў тры гадзіны ночы? Навошта?
Кунцэвіч трохі падумаў і ўпарта заявіў:
— І сёння скажу.
— Абабурка і ваша жонка сцвярджаюць, што не пазней адзінаццаці…
Вытрымка нечакана здрадзіла Кунцэвічу, ён ускіпеў:
— І што з таго?
— Вось і я думаю, чаго гэта вы падстаўляеце пад удар друга сардэшнага?
— Я за чужыя справы не адказчык!
— А за свае? Бо Абабурка спакойна спаў, калі вы на кані раз'язджалі,— Корзун нічым не рызыкаваў, выстаўляючы гэты довад. Наўрад ці хто другі мог тады ехаць.
Драбнюткія кропелькі зноў заблішчалі на Кунцэвічавым ілбе, ён пацягнуўся, каб выцерці іх.
— Асцярожна, — папярэдзіў Пратасеня, — запэцкаецеся.