Владимир Шитик – Левы рэйс (страница 39)
— Чым гэта я зацікавіў крымінальны вышук? — спытаў ён, бадзёрачыся, нібы іх сустрэча адбывалася дзе-небудзь на вуліцы пасля нядаўняга і цёплага расстання.
— Хіба ў вашых дзеяннях няма нічога крымінальнага? — Корзуну раптам стала цікава: паядынак абяцаў быць напружаным.
— Ого, «вы»!.. Значыць, масты спалены, і мне дарогі назад няма?
— Вы не адказалі на пытанне.
— Як вам сказаць… э-э… Напэўна, я павінен гаварыць «грамадзянін інспектар»? — Абабурка яўна цягнуў час, стараючыся выбраць правільную лінію ў паводзінах, з'яўленне Корзуна азадачыла яго.
— Увогуле так. Але можна і «Аляксандр Антонавіч». Спаленыя масты заўсёды наводзяць на сумны роздум.
— Следчы лічыць…
— Міхаіл Карпавіч, — Корзун усё яшчэ не губляў надзеі, што тое добрае, якое павінна быць у кожным чалавеку, возьме верх над тым злачынным, якое чамусьці з'явілася ў Абабурку. — У такіх абставінах для вас і для нас таксама зусім не ўсё роўна, што думаеце вы.
— Чыстасардэчнае прызнанне. Так, Алесь Антонавіч? — іранічна ўсміхнуўся Абабурка. — Але ў чым? Былі прыпіскі? Былі, не адмаўляю. І ўлік заблытаны быў. Але ці мы хавалі ўсё гэта? Рэвізоры вунь з першага заходу заўважылі. Гэта адно. А другое — ці для сябе мы стараліся?
Ён выбраў-такі лінію. Маўляў, не я, а мы, і ніякае мае асабістае зацікаўленасці тут няма — усё, што рабіў, было на карысць раёну, бо і прадукцыі давалі нямала, і для іншых служылі маяком. І яшчэ ў словах, паводзінах Абабуркі было спадзяванне, што тыя, каму ад яго перападалі цукеркі, кветкі і парсюкі, нарэшце, у крыўду не дадуць. Корзун падумаў, што ўсё-такі правільна не нагадалі пакуль Абабурку пра свінаферму на хутары. Нават калі ён і не забіваў Рамейку, то не пашкодзіць выкрыць яго як звычайнага ашуканца. Паказаць яму ўсю тую шкоду — і матэрыяльную, бо калгас мог даваць значна болей мяса, і маральную, бо махінацыі, якія знаходзяць падтрымку, разбэшчваюць няўстойлівых, выклікаюць расчараванне ў сумленных працаўнікоў,— што нанёс ён сваімі нібыта клопатамі пра калгас. Аднак быў і чыста следчы момант, які раіў не спяшацца раскрываць усе карты, якімі Корзун валодаў. Свінаферма на хутары, мажліва, вяла непасрэдна да Рамейкі, і тады Абабурка будзе асабліва пільны да ўсіх пытанняў, якія так ці інакш звязаны з карэспандэнтам.
— Ну, вы таксама без прыварку не заставаліся, — Корзун у тон яму іранічна пасміхнуўся. — Я не кажу аб прэміях. А пашана! Помніце, вы, думаючы, што я газетчык, запрашалі мяне прыехаць, каб паказаць ваш вопыт? Так?
— Пра нас і без вас пісалі,— Абабурка абурыўся, і Корзун не мог уцяміць, шчырае абурэнне ці найгранае. — Той, хто пісаў, не дурны быў, нешта разумеў! — Не, абурэнне было шчырае, Абабурка з усяе сілы чапляўся за свае довады.
— І Рамейка, скажаце, таксама станоўчае ўбачыў? — Момант, каб памяняць напрамак допыту, здаўся Корзуну ўдалым. Ён узняў вочы, каб праверыць, як Абабурка ўспрымае гэта даволі хітрае пытанне.
— Ён з вашай пароды, — нахмурыўся падследны. — Прычапіўся не горш за рэвізора.
— Уедлівы быў журналіст, шкада, загінуў.
— Што і казаць. Лепш бы ён нас прапісаў у газеце, чым тая Мухіна з абласнога ўпраўлення ў акце.
— Думаеце, вам лягчэй было б? — Корзун занепакоіўся. Нешта ў паводзінах Абабуркі, які не ўхіляўся ад, здавалася б, небяспечнай для яго тэмы, не ўпісвалася ў загадзя пабудаваную Корзунам схему допыту.
— А то не? У раёне адрэагавалі б, і кропка, не было б крымінальнай справы.
Пэўны рэзон у гэтым сцвярджэнні быў. Сапраўды, не на кожнае выступленне друку адгукаецца міліцыя, асабліва калі ёсць так званае рэагаванне. Але што, калі Абабурка спрытна адводзіць ад сябе Рамейку? Часу, каб прыдумаць гэты, увогуле ўдалы, ход, у яго хапала. Ліквідацыю ж фермы на Вадвянскім хутары, напэўна, пачалі не выпадкова.
— Нават так? — Корзун зрабіў выгляд, што здзіўлены такой магчымасцю. — Я думаў, што журналісты не вельмі дзеляцца планамі, збіраючыся крытыкаваць.
— І здагадацца не цяжка, калі грэх ёсць…
— Нарэшце, Міхаіл Карпавіч, — засмяяўся Корзун. — Нарэшце вы прызналі за сабой сёе-тое. Праўда, грэх — не крымінал, — ён наўмысля на час адводзіў размову ўбок, — але, спадзяюся, урэшце пагодзіцеся…
— Што гэта вас развесяліла? — Абабурка пакруціў галаву. — Мне асабіста не да смеху.
— Даруйце, правільна, радавацца нагоды няма. Менавіта вам, столькі начапіўшы на сябе.
— Вось я і кажу, — ён пачынаў злавацца, не разумеючы, да чаго хіліць інспектар. — А начапіў, як вы кажаце, не я, а вы на мяне…
— Стаміліся ад ношы? Ну то, каб даць вам перадыхнуць, — падхапіў Корзун, зноў мяняючы кірунак размовы, — успомнім што іншае, — ён зрабіў выгляд, што раздумвае. — Ну то хаця б… Як я да вас у калгас прыязджаў. Мы тады, па-мойму, не дагаварылі, нешта перашкодзіла. Справа, вядома, мінулая, але, калі не супраць, задавольце маю інспектарскую цікаўнасць.
Пытанне было пастаўлена, як кажуць, у лоб. І зноў на Абабуркавым твары не здрыгануўся ніводзін мускул.
— Пра што?
— Ускосна вы мне ўжо сказалі, што прывяло карэспандэнта ў «Зялёны Бор». Але адкуль ён даведаўся пра вашы, скажам мякка, дасягненні ў перадавым вопыце, чаму апынуўся ў Лясным?
Абабурка паціснуў плячамі, аднак адказаў:
— На нас ці не капнуў хто, цяпер не прапусцяць, толькі дай повад. А ў Лясным… Бачыў яго на мясакамбінаце, што ён там рабіў — не пытаўся.
— І ў дарозе нічога не казаў? Праўда, вы сядзелі паасобку, — Корзун спецыяльна паказаў, што тое-сёе ведае, каб Абабурка раптам не пачаў выдумляць.
— Ого! — упершыню ў Абабуркавых вачах акрамя злосці прамільгнула нешта іншае — яшчэ не страх, хутчэй насцярожанасць, ад якой да страху, аднак, ужо блізка. — Умееце вы прыбядняцца, Шэрлак Холмс.
— Няўжо? — Корзун быў здаволены: заатэхнік заўважыў пагрозу там, дзе яе хвіліну назад не было, і зараз будзе выкручвацца.
— А ўжо ж. Не сумняваюся, што вы ўвесь яго шлях аж да пераезда прасачылі.
Так, ён захваляваўся. Аднак Корзун зноў адчуў, што нечага ў яго паводзінах не хапае. Каб пазбавіцца гэтай няпэўнасці, прызнаўся:
— На жаль, не ўвесь. Ведаю, што павінен быў з кімсьці сустрэцца. А з кім — не ўстанавіў.
— Ай-яй, інспектар, — Абабурка, як забыўшы, дзе ён, ажывіўся. — Не, вы не Шэрлак Холмс, я памыліўся. Такой дробязі, а не раскусілі. Са мной павінен быў сустрэцца Рамейка, я назначыў спатканне.
— Жартуеце? — Корзун адчуў млявасць у целе, так не хлусяць вінаватыя, так на віселіцу папасці можна.
— У маім становішчы, Алесь Антонавіч? Кепскі вы псіхолаг.
— Навучуся, — легкадумна махнуў рукой Корзун. — Аднак, згадзіцеся, ваша заява даволі нечаканая. Не баіцеся?
— Чаго? — цяпер здзівіўся Абабурка. — Чалавек хацеў нешта высветліць. Прыёмных пакояў у Лясным ні ў мяне, ні ў яго не было. Чаму нельга нам пабачыцца на вуліцы ў позні час, тым болей што гэта побач з гасцініцай — яму блізка, і мне ад Кунцэвіча недалёка. — Ён зусім не тоіўся.
— Яна адбылася, — Корзун стрымліваў сябе, — сустрэча? — Ён не верыў у такую ўдачу. Два-тры пытанні, і Абабурка будзе прыпёрты да сценкі.
— Напэўна, я спазніўся. На дамоўленым месцы нікога не было: ні Рамейкі, ні машыны, якая яго збіла. — Раптам яго вочы шырока раскрыліся. — Дык…
— Што? — падаўся да яго Корзун.
Абабурка не заўважыў гэтага руху, уражаны ўласнай здагадкай:
— Няўжо шафёр закінуў мёртвага на пераезд?
Гэта ўжо было занадта. Корзун не лічыў сябе псіхолагам. Допытаў не любіў, і яны, падобна, плацілі яму ўзаемнасцю, даваліся цяжка. Не ўмеў распачынаць размову на пустым месцы, тушаваўся, сутыкаючыся з яўным нахабствам. Таму і не пайшоў пасля вучобы ў следчыя. Аднак, нават маючы малы вопыт, бачыў зараз, што Абабуркавы паводзіны натуральныя. Гэта азначала толькі адно: стройная, добра распрацаваная версія рассыпалася на вачах. І ў той жа момант нешта быццам бы ад яе заставалася, нейкая маленькая, але важная дэталь. Яна была вядомая яму і раней і, здавалася, павінна паставіць усё на сваё месца. Звязана яна з Абабуркам? Мажліва, хаця, відаць, не напрамую. Але засяродзіцца не ўдавалася. Абабуркаў калючы позірк быццам свідраваў яго, і гэта раздражняла. Думкі пераскоквалі з аднаго на другое, не клеіліся ў цэлае. Стрымана сказаў:
— Пакінем шафёра мясцоваму пракурору.
— Мая перадышка скончылася, так вас разумець? — самаўпэўненасці, нахабства Абабурку пазычаць не трэба было, сваіх хапала.
Тое, што ён не ўхіляўся ад размовы аб карэспандэнце, збівала Корзуна з толку. Каб перад ім быў спрактыкаваны злачынец, можна было б падумаць, што гэта выдатны прытворшчык, які не баіцца хадзіць па краі кручы, адводзячы тым самым падазрэнне ад сябе. Прызнаць такія якасці за Абабуркам было немагчыма. Як злодзей ён сфарміраваўся зусім нядаўна. Корзун ужо добра вывучыў і яго характар, і біяграфію. Прыпіскі — прыпіскамі, яны былі і да Абабуркі ў гэтым калгасе, а ферма на хутары праіснавала каля дваццаці месяцаў. Нішто ёй не пагражала, так што і апасенні наўрад ці ўзнікалі ў Абабуркі. Цікава, хто яму падказаў гэту ідэю з фермай? Не старшыня ж, які, падобна, і сам аб ёй не чуў. Кунцэвіч? Корзун ледзь не пляснуў сябе па лбе. Менавіта нарыхтоўшчык сцвярджаў, што ў тую злашчасную ноч вярнуўся Абабурка аж пад раніцу. Вось тая дэталька, трымайся, вучоны заатэхнік! Корзун з усмешкай зірнуў на Абабурку: калі ты не хочаш, то пойдзем табе насустрач, перадышкі не будзе. Абыякава сказаў: