реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Шитик – Левы рэйс (страница 32)

18

Вядома, у Мухінай свае абавязкі і сваё кіраўніцтва, прэтэнзій да яе за паездку Корзун прад'яўляць права не меў. Аднак адчуў сябе пакрыўджаным, ён жа не з вуліцы прыйшоў, не трэба было абяцаць. Не можаш зрабіць — так і скажы, папярэдзь, загад не дахаты ж ёй прынеслі з упраўлення. Звярнуўся б да другога спецыяліста. Чакаць Мухіну цэлы тыдзень склаўшы рукі не выпадала — хлопцы ў аддзеле вольнай хвіліны не маюць. Могуць і яго падключыць да каго-небудзь у дапамогу. А які з яго памочнік, калі ўсё роўна падсвядома будзе трымаць у галаве Рамейку. Напэўна, ніколі не навучыцца адразу, калі гэтага вымагаюць акалічнасці, пераключаць увагу на іншае. Нават закончыўшы справу, яшчэ немалы час у думках вяртаецца да яе, аналізуе, шукае прамашкі і памылкі. Але нічога не папішаш. Такая праца, яна не дае перадышкі, паслаблення. І Корзун пайшоў да Юркаўца.

Напэўна, маёр навучыўся разбірацца ў магчымасцях і характарах сваіх падначаленых. Выслухаўшы Корзуна, самастойнага задання не даў, а сказаў:

— Падключыся да Дзюбы.

Гэта таксама не было падарункам — Дзюба ніяк не мог разабрацца ў тых кватэрных кражах, пра якія нядаўна дакладваў на нарадзе ў аддзеле. Праўда, прыпражным быць быццам бы лягчэй, чым самому цягнуць воз. Але Корзун і прыпражным будзе паводзіць сябе, як караннік, не ўмее адседжвацца за чужой спіной. Толькі перад тым, як акунуцца ў новую справу, звяжацца з Пратасенем, ці няма там чаго новага?

— Аляксандр? Здароў, здароў, рады чуць цябе! — забасіў пракурор. — Сваю лінію ўсё-такі цягнеш? Давай, давай, мы тут таксама нешта маем.

— Што гаворыць шафёр? — Корзун паспеў ужо трохі вывучыць Пратасеню, лічыў яго чалавекам памяркоўным, нязлосным і дараваў яму паблажлівы тон. Відаць, мае падставы іранізаваць з Корзунавых прыдумак.

— Усё тое ж. Маўляў, падняўся журналіст на ногі і сказаў, каб ехаў.

— Мабыць, не хлусіць… — уставіў Корзун, успомніўшы, як паводзіў сябе шафёр Кучаронак тады ў пракуратуры.

— Мабыць, усё-такі хлусіць! — Пратасеня гаварыў упэўнена. — Для яго гэта вельмі выгадны варыянт. Чалавек быў жывы, а чаго памёр — хто скажа? Я думаю, было так. Падбіў і завёз на пераезд, спадзяваўся віну на цягнік звярнуць. Не атрымалася, умяціна падвяла — прыйшоў да нас. Маўляў, і я, і не я.

Пратасеневы вывады адмаўлялі Корзунаву версію. Але Корзун не хацеў пагаджацца з пракурорам па іншай прычыне. Кучаронак, як паказалася, быў чалавекам сумленным, адказваў шчыра. Хаця, калі над табой павіснуць гадоў дзесяць турмы, усё зробіш, каб выглядаць шчырым. Корзун нахмурыўся. Што за пасада — ва ўсім сумнявацца, нічога без праверкі не прымаць. А можа, пракурору на месцы відней?

Мухіна аб'явіла аб сабе раней, чым Корзун чакаў.

— Прабачце, што з'ехала не папярэдзіўшы. Паслалі па адно, прывезла другое, — сказала яна. — Хацела б пабачыцца.

У яе голасе Корзуну пачулася нешта таямнічае. Ён паморшчыўся — не хапала, каб жанчына занялася ўласным расследаваннем. Памаўчаўшы, прапанаваў, стрымліваючы прыкрасць:

— Можаце і па тэлефоне.

— Лепш не трэба, — адмовілася яна цвёрда. Корзун згадзіўся, лаячы сябе за легкадумнасць, — складзе сабе партрэт чалавека, дасць яму характар і зыходзіць з гэтага, нібы хто застрахаваў яго ад памылковых вывадаў.

— Зараз буду, — паспяшаўся ён загладзіць сваю нетактоўнасць.

— Лепш я да вас.

Корзун паклаў трубку, зірнуў на Дзюбу, які заткнуў далонямі вушы, бо сваіх клопатаў хапала, і сказаў:

— От гэта характар! Паглядзіш — ніколі не падумаеш, хатняя гаспадыня, і годзе.

— Бойся гаспадарлівых жанчын, старшы лейтэнант Корзун, — на секунду адпусціў далонь Дзюба ад левага вуха. — Бегаць табе з авоськай па базарах, — і зноў заткнуў вушы.

Тое, што пачала гаварыць Мухіна, ашаламіла Корзуна. Ён прыпыніў яе і павёў да Юркаўца.

— Дрэнная арганізацыя працы, няправільнае размеркаванне кармоў — гэта кампетэнцыя сельскагаспадарчых органаў, і я прыйшла да вас не з гэтым, — Мухіна была ўсхваляваная, але гаварыла не збіваючыся, абдумаўшы ўсё. — Вам бы зацікавіцца прыпіскамі або куды знікае жывёла. У справаздачы значыцца, што калгас атрымаў прыкладна сем з паловай тысяч парасят. Хаця, па самых сціплых падліках, павінен быў атрымаць не меней дванаццаці тысяч. Спрабавала высветліць, чаму такая розніца ў лічбах, і не змагла. Улік заблытаны. Вось вам і славуты «Зялёны Бор». Ай, як прагледзелі мы!

— Куды ж падзеліся парасяты? — недаўменна спытаў Юркавец, нібы не чуў, што і Мухіна гэтага не ведае.

— Тлумачаць вялікім адходам, — сваёй думкі ў яе не было. — Але там, дзе няма ўліку, адход можа быць і натуральны, і штучны. Апошняе — ваша, здаецца, епархія. — Любіла, аднак, яна рэдкія слоўцы. — Таму не хацела гаварыць па тэлефоне.

— Та-ак, — Юркавец наўмысля прапусціў міма вушэй намёк Мухінай на крымінальны акцэнт яе адкрыцця, — кароль, такім чынам, голы? Як жа ім удавалася хадзіць у перадавіках?

— Містыфікатары! Умелі пыл пускаць у вочы. Вось ніхто і не праверыў, ці так гэта.

— А можа, і не хацелі? — Юркавец спакваля падводзіў жанчыну да думкі, што галоўнае ў гэтай гісторыі — ашуканства. Інакш пойдзе почут, што «Зялёным Борам» міліцыя зацікавілася, а хто зараз ведае, як Корзунава версія далей будзе развівацца. — І так, на жаль, бывае.

— На жаль, — пагадзілася яна. — Вам даведку зрабіць?

— Бадай, не трэба. Вы па сваіх каналах дзейнічайце, там разбяруцца, тым болей што, відаць, туды рэвізоры цяпер накіруюцца. А вам, Галіна Раманаўна, шчырае дзякуй, што так адказна паставіліся да нашай просьбы, — маёр праводзіў Мухіну да дзвярэй. Вярнуўшыся, не сеў за стол, прыхінуўся плячом да цёплай сцяны, унутры якой па-сучаснаму былі схаваныя трубы цэнтральнага ацяплення, задумаўся.

— Ці не гэтымі махінацыямі зацікавіўся Рамейка? — занепакоіўся Корзун. — Тады ўся гісторыя з ног на галаву становіцца.

— Думаеш, Абабурка нешта ад цябе ўтаіў? — Юркавец, аднак, паставіўся да паведамлення Мухінай стрымана. Але выпадак быў не той, калі можна абысціся адной-дзвюма фразамі.— Сумняваюся. Ты не спецыяліст, каб ухапіцца за сутнасць пытання, чаго яму ад цябе хавацца?! І ад Рамейкі таксама. І збіў жа Рамейку не ён, а Кучаронак, з якім Абабурка нават не знаёмы.

— Гэта так, — Корзун нахмурыўся. — А вам гэтыя супадзенні падабаюцца? Ці не мнагавата іх? Журналіст быў у калгасе, дзе махлярства пераступіла не толькі маральны, а і крымінальны парог — за прыпіскі асудзіць могуць. Затым. Журналіст і заатэхнік гэтага калгаса едуць у адным аўтобусе, і шафёр думае, што яны паспрачаліся, — ці не таму, што журналіст нешта адкапаў? Абабурка начаваў у Лясным, дзе гэтым жа вечарам журналіст загінуў…— ён узняў руку. — Пачакайце, зараз даскажу. Загінуў пры абставінах, да канца не ясных. Ці не факт гэта?

— Хутчэй — мешаніна з фактаў. Ты з Абабуркам сустракаўся назаўтра. Можаш ты сказаць, што было ў яго паводзінах, выглядзе нешта незвычайнае, ненатуральнае?

— Не.

— Вось бачыш. — Усё-такі маёр меў большы запас слоў, чым звычайна паказваў падначаленым. — А ён жа не прафесійны забойца, для якога ўсё адно: што муху забіць, што чалавека. Не мог ён, калі вінаваты ў гібелі Рамейкі, чым-небудзь ды не выдаць сябе. Ты ж быў для яго не інспектарам крымінальнага вышуку, а Святланіным таварышам, журналістам, перад якім іграць было неабавязкова. — Юркавец прыпыніўся, як бы раздумваючы, ці не многа нагаварыў, але палічыў патрэбным дадаць яшчэ: — Прыпіскі, безгаспадарчасць — гэта ў даным выпадку несуразмерна забойству.

— Слухаю вас і ўспамінаю падпалкоўніка Шарая. Ён любіў гаварыць: «Табе б у адвакаты падацца».

— Разумны чалавек падпалкоўнік Шарай, між іншым. Не толькі цытуй яго, а і ўжывай парады. Нам уменне абараняць чалавека ад несправядлівага абвінавачвання таксама патрэбнае. А тваю версію не адмаўляю. Толькі вось што. Пратасеня не з тых, хто лёгка адступаецца ад сваёй думкі, тым болей маючы моцныя довады. Таму на яго дапамогу не разлічвай, ва ўсякім выпадку, пакуль. Будзеш дзейнічаць самастойна, уласнай галавой. З абласной пракуратурай дамоўленасць ёсць. І глядзі, упэўненасць — добра, але факты — лепш. Не падганяй пад схему.

X

Пасля размовы з Мухінай у Корзунавай версіі Абабурка высунуўся на першы план. Аднак прад'явіць яму нешта канкрэтнае Корзун не мог. Здагадкі, асабістую непрыязь да справы не падшыеш. Патрэбны пераканаўчыя факты, і іх неабходна было сабраць. Значыць, настала пара пазнаёміцца з Абабукавым жыццём больш блізка.

Абабурка быў мясцовы, скончыў у гэтым абласным цэнтры інстытут, пасля вучобы працаваў у адным і тым жа раёне. Карацей кажучы, быў, здавалася, на віду. А ўсё роўна пайсці і прама спытаць у раённых арганізацыях, у калгасе, што за чалавек іх заатэхнік, Корзун не мог. Падазрэнне чалавека ганьбіць. Нават невінаватаму потым цяжка бывае пераканаць людзей, што ён ніколі і нічога кепскага не рабіў. Магло стацца, што і Абабурка не мае ніякага дачынення да Рамейкавай смерці. Таму Корзун наводзіў даведкі асцярожна, кружным шляхам, каб дачасна не пакласці на яго цень. Вядома, гэта патрабавала лішніх часу, працы, ды затое ніхто не здагадваўся, менавіта кім і чаму ён цікавіцца. Хаця ў адным, прынамсі, Абабурка быў вінаваты бясспрэчна — за жывёлагадоўлю ў «Зялёным Бары» ён нёс галоўную адказнасць, і заблытаны ўлік, прыпіскі ляжалі на яго сумленні. Аднак і пра гэта гаварыць на поўны голас было яшчэ рана.