Владимир Шитик – Левы рэйс (страница 10)
— Вось іменна сведкі! — нечакана для сябе Корзун павысіў голас.
— Глядзі ты! — Дзюба быў здзіўлены яго ўпартасцю. — Ну што там такога нагаварыла твая студэнтка? Дай сюды. — Прачытаўшы пратакол, спытаў: — Юркавец у курсе?
— Хіба ў гэтым справа? — Корзун раптам адчуў, што ўжо ніколі, напэўна, не зможа ўспрымаць Дзюбу так, як успрымаў яго яшчэ зусім нядаўна.
— Вядома, не ў гэтым, вядома, — павесялеў Дзюба і зноў паглыбіўся ў паперы. — Трэба дзейнічаць так, як падказваюць новыя абставіны. План ёсць? Няма? Вучыш вас, вучыш… — Ён на імгненне прыкусіў губу, потым дапытліва, нібы правяраючы, паглядзеў на Корзуна і прапанаваў: — Трэба пагаварыць са сведкамі, якія ішлі ўслед за Шаронавай, пашукаць новых. Так
і даложым маёру.
Корзун не мог не прызнаць, што старшы лейтэнант добра арыентуецца ў справе. Не кожны так на хаду схопіць ідэю.
А Дзюба ўжо ўзяў ініцыятыву ў свае рукі. Перад начальнікам аддзела ён трымаўся так, быццам выпраўляў не свой промах, а чужы. Прычым не проста падаваў думку, а адразу падмацоўваў яе аператыўна-следчым планам. Корзун толькі злаваўся на сябе, што не даўмеўся да ўсяго гэтага сам. У плане ж не было ніякіх нечаканых паваротаў, і гарадскія ўмовы не адыгрывалі ніякай ролі — проста разглядаўся звычайны крымінальны выпадак.
— Можаш дзейнічаць, — ляпнуў Дзюба Корзуна па плячы, калі яны выйшлі ад Юркаўца.
Корзун хацеў адказаць, што ўжо атрымаў дазвол маёра, аднак прамаўчаў. Усё-такі план прыдумаў не ён, а Дзюба.
Сведак, якія ішлі па завулку за Шаронавай, было двое. Адна — бабулька — сцвярджала, што ёй ніхто не сустрэўся. Затое другі — мужчына — не вагаючыся, сказаў:
— А як жа, быў. Каб знаццё, я б яго за каўнер ды к вам!
Мужчына быў не першай маладосці, шчуплы, і Корзун апусціў вочы, каб не засмяяцца ад гэтай яўна запозненай смеласці. Памаўчаўшы, падкрэслена сур'ёзна спытаў:
— Запомнілі яго, таварыш Ліштван? Ён адказаў не адразу, падумаў:
— А як жа. Высокі, без шапкі…— Нібы ў пацвярджэнне сказанаму, паглядзеў на сваю з труса шапку, якую камячыў у руках. — Я яшчэ звярнуў увагу на доўгія валасы. Быў падумаў: не то дзеўка, не то хлопец. Па-мойму, ён быў у сіняй нейлонавай куртцы. Ведаеце, такія цяпер у модзе…
Ліштван быццам бы назваў шмат прыкмет, прычым сам, без падказкі. А ўявіць чалавека па гэтых прыкметах было немагчыма. Ці мала іх цяпер — у сініх нейлонавых куртках, і без шапак, і з доўгімі валасамі? Аднак Корзун не стаў расчароўваць сведку: надта ж старанным выглядаў той, гатовым памагчы.
— Куртка — курткай, а вось, мажліва, вам запомнілася што-небудзь такое асаблівае. У паводзінах, ці куды бег? Падумайце.
Ліштван наморшчыў лоб, нібы ўзнаўляючы ў памяці тую карціну, і раптам, глянуўшы на Корзуна, шырока пасміхнуўся:
— Гаспадарчая сумка была ў руках. Можа, у той адабраў? Імчаўся як на пажар…
У Шаронавай гаспадарчай сумкі не было. Хлопец, відаць, бег у магазін. Значыць, жыве недзе паблізу. Аднак магазін і грабёж… Хаця… Корзун не стаў дзяліцца сваімі думкамі з гаварлівым сведкам, толькі напаследак пацікавіўся:
— Чаму вы раней нічога пра хлопца не казалі?
— Не пыталі, дык і не казаў.
Магло быць і так, тады ўся ўвага скіравалася на Гурыновіча. І Корзун адправіўся да ўчастковага, у чыім раёне, як ён спадзяваўся, жыў хлопец у сіняй нейлонавай куртцы.
Корзуну пашчасціла. Участковы, не надта раздумваючы, выказаў меркаванне:
— Ці не Саковіча табе трэба? Ёсць у нас такі: Васіль Саковіч. Але…
— Падобна, не Гурыновіч, а ён напаў на Шаронаву.
— Вунь што! — участковы недаверліва паглядзеў на Корзуна. — Адкуль звесткі?
— Пакуль няпэўныя. Што ён за тып? — Корзун хацеў ведаць пра Саковіча больш.
— У тым-то і загваздка, што, на маю думку, прыстойны хлопец.
— Як так? — здзівіўся Корзун. І засмуціўся: прыстойныя хлопцы ў завулках не грабяць.
— Да арміі, праўда, павалэндаліся з ім. Было. А вярнуўся, не пазнаць стала. Ажаніўся. Працуе. Нядаўна жонка двайнят нарадзіла. Яму цяпер памалу хадзіць не выпадае, бегам бы справіцца.
— Можа, грошы пільна спатрэбіліся, улічваючы гэтых самых двайнят?
— Крута бярэш, лейтэнант, — нахмурыўся ўчастковы. — У нас на хлеб не крадуць, на хлеб усім хапае.
У словах участковага была логіка, да таго ж участковыя ў сваіх раёнах людзей ведаюць. Але Корзун заўпарціўся:
— Паглядзім… Гадзіннік быў хаця і з бранзалеткай, аднак без крылаў…
Саковіч сядзеў разгублены, раз-пораз кідаючы занепакоеныя позіркі на насценны гадзіннік, які вісеў у калідоры.
Корзун крыху паназіраў за хлопцам, а тады запрасіў яго ў кабінет. З размовай не спяшаўся, спрабуючы ў думках падабраць ключ, у якім можна было пачынаць допыт. Напэўна, быў вінаваты ўчастковы з сваім водгукам пра гэтага чалавека. Саковіч нечакана зрабіў на Корзуна добрае ўражанне. Звычайны, заклапочаны — з такімі на вуліцы сустракаешся штодня і нічога благога пра іх не падумаеш. І хваляваўся ён цяпер, падобна, зусім не таму, што выклікалі ў міліцыю, а ад нечага свайго, неадкладнага, недаробленага, відаць.
— Скажыце, — Корзун рашыў, што досыць мардаваць Саковіча, — што вы рабілі ў мінулы аўторак у завулку паміж школай і лазняй прыкладна а сёмай гадзіне вечара?
Саковіч недаўменна зірнуў на лейтэнанта:
— Я заўсёды там хаджу…
— Мяне цікавіць той вечар!
— Не ведаю, той або іншы, але я заўсёды там хаджу, — паўтарыў хлопец. — Магчыма, і тады ў магазін бег. Прыходжу з працы і адразу па малако, жонцы няма калі, двое ж малых, — апошняе ён прамовіў нават з гордасцю.
— Пастараюся нагадаць, — і хаця Корзун разумеў, што злачынца так паводзіць сябе не стаў бы, усё роўна пільна глядзеў на Саковіча, спадзеючыся нешта прачытаць на ягоным твары. — У той дзень у завулку на дзяўчыну напалі. Чулі?
— Значыць, гэта было ў аўторак? Я сапраўды быў тады ў магазіне. Вяртаўся, суседзі і расказалі.
— Дык вось, калі мы ўжо з вамі ведаем дзень, будзе лягчэй. Вы ў завулку нікога не сустрэлі?
— У завулку? — перапытаў ён. — Чакайце, ці не тады бачыў я там бабульку? Так, калі яшчэ ў магазін бег. Спачатку падумаў, што яна сляпая. Кійком перад сабой перабірала, нібы дарогу шукала.
— А за бабулькай хто-небудзь ішоў?
— Нешта не прыпомню. Па-мойму, не было нікога.
— У магазіне вы доўга былі? — Корзун усё хадзіў вакол. Ён разумеў, што хлопец непадобны на грабежніка, і таму не адважваўся задаць галоўнае пытанне. Але мусіў.— Так, так. Хто можа пацвердзіць?
Саковіч пачырванеў, сцепануўся.
— Гэта вы што, думаеце, што я! — крыкнуў ён адразу аселым голасам, а потым прашаптаў: — Валя, жонка…
Зрэшты, ці мела значэнне, што Саковіч хутка вярнуўся дадому. Жонка ж, суседзі не суправаджалі яго ў магазін. Каб пераскочыць цераз плот і ўдарыць дзяўчыну, шмат часу не трэба. Аднак Корзун вагаўся. Характарыстыка, якую даў хлопцу ўчастковы, не выходзіла з галавы — трывожыла, непакоіла. І яшчэ было пытанне: адкуль Саковіч мог ведаць, што ў Шаронавай на руцэ гадзіннік?
— Бабулька вас бачыла? — Корзун усё яшчэ не ведаў, якое прыняць рашэнне.
— Цераз плот я пераскочыў, калі яна ўжо мінула… Корзун перачытаў пратакол, напісаны паводле слоў Саковіча, даў яму падпісаць і нечакана для сябе сказаў:
— Пасядзіце ў калідоры.
— Ты што, звар'яцеў? — абурыўся Дзюба, ледзьве за Саковічам зачыніліся дзверы. — Збяжыць!
— У чалавека сям'я, — Корзун ухіліўся ад прамога адказу і раптам адчуў, што патрэбнае рашэнне нарэшце прыйшло.
— Нажывеш непрыемнасцей, зараз жа вярні! — Дзюба не на жарт занепакоіўся, і гэта крыху прымірыла з ім Корзуна.
— Няўжо ты не бачыш, што Саковіч невінаваты?
— Гурыновіч невінаваты, Саковіч невінаваты, — Дзюба не мог спакойна гаварыць. — Па-твойму, Шаронаву па галаве нябесны камень пляснуў?
— Гэта і мяне бянтэжыць, — прызнаўся Корзун. — Павінен быць, ёсць нехта трэці!
— Гонішся ты за жураўлём, Алесь, — успомніў Дзюба сваю любімую прымаўку. — Глядзі, каб сініца тым часам з рук не выпырхнула. Зразумей, бранзалетка магла расшпіліцца раней, у аўтобусе, на вуліцы. Ведаеш, які там замок! А нават сама Шаронава не пацвердзіць, што гэта не так.
Корзун слухаў Дзюбу і думаў, што, напэўна, такая ўжо асаблівасць недаказанай версіі — слабыя месцы ў ёй вылазяць быццам спецыяльна напаказ. Вось як у гэтай яго — з другім злачынцам. Таму і няма нічога неспадзяванага ў тым, што Дзюба адразу выставіў даволі слушныя контрдовады. Зрэшты, і гэта някепска. Чым болей сумненняў будзе зараз, тым меней іх застанецца пазней, тым надзейнейшы атрымаецца вынік. А правяраць узніклыя здагадкі трэба абавязкова, гэта элементарна. Толькі як правяраць? Корзун зірнуў на Дзюбу. Той, здавалася, ужо забыўся на ягоныя клопаты і сядзеў, уткнуўшыся ва ўласныя паперы, з такім выглядам, нібы выпадак з Шаронавай да яго ніякага дачынення не меў, нібы гэта і не ён пакінуў у справе белыя плямы. Корзуну стала прыкра. Сам ён не змог бы перакласці на чужыя плечы сваю ношу. Дзюба ўзняў вочы, пасміхнуўся:
— Што ты мяне вывучаеш, лейтэнант? Далібог, не я грабіў!
У словах Дзюбы гучала легкадумнасць, нават абыякавасць. Менавіта тое, чаго Корзун у справах не выносіў. Лічыў, што для жартаў павінна быць і сваё месца, і свой час. Ён нахмурыўся. Гэты губасты, круглатвары таўстун раптам пачаў раздражняць яго.
— Чайнік ты, Алесь, — зноў пасміхнуўся Дзюба. — Табе б яшчэ свістульку ўставіць, каб сігналы падавала, калі закіпаць пачынаеш. Ну што я табе — вораг?