Владимир Шитик – Апошняя арбіта (страница 6)
Нехта з прысутных навёў на касманаўтаў фотаапарат. Пазней, пасля адлёту карабля, гэты здымак абляціць усе газеты свету.
— Пайшлі, таварышы, зоймемся справай,— зусім будзённа сказаў начальнік ракетадрома.
Хутка Павел зразумеў, што 24 гадзіны ў сутках — гэта зусім не многа. Яму прыходзілася не толькі вывучаць будову карабля, але і ставіцца да кожнага вузла крытычна, уяўляць яго ў палёце, у дзеянні. Калі Павел скардзіўся, што яму — малыя суткі, Бурмакоў жартаваў:
— Знойдзем вам планету, дзе суткі будуць — сорак гадзін, пацярпіце крышку.
Як ні дзіўна, такія жарты супакойвалі, і Павел яшчэ з большай упартасцю браўся за работу, часам толькі не разумеючы, адкуль бяруцца сілы ў Віці, каб нароўні з ім лазіць па трапах, правяраць схемы, корпацца ў злучэннях тысяч правадоў. Праўда, ад Віці не патрабавалася такіх ведаў, як ад яго, але хлопец быў поўны такой жа нецярплівасці, як і старэйшыя. I нават у рэдкія вольныя хвіліны адпачынку ён не мог маўчаць, засыпаючы і Паўла і Бурмакова безліччу пытанняў.
Ішлі дні. Усё менш загадак заставалася на караблі. Ён пераставаў быць невядомым, таямнічым, а рабіўся сваім, зразумелым і ад гэтага яшчэ прывабнейшым.
Нарэшце настала і тая хвіліна, калі галоўны эксперт дзяржаўнай камісіі, паставіўшы свой подпіс, падаў акт Бурмакову. Касмічны карабель быў гатовы да палёту.
VII
Касманаўты атрымалі водпуск. Можна было адпачыць, выспацца за ўсе дні. Але ніхто з іх не стаў траціць часу на сон. Яны ездзілі Ў сталіцу, хадзілі ў тэатры, гулялі па парках і вуліцах. Толькі Павел сумаваў на Валі.
Аднойчы раніцай Бурмакоў запрасіў Паўла прайсціся па садзе.
Ноччу мароз падсушыў дарожкі. Пад нагамі шапацела жоўтае лісце. Голыя дрэвы стаялі маўкліва, самотна.
— Як марсіянскае лета,— заўважыў Павел.
Бурмакоў кіўнуў галавой, аднак было відаць, што не пра гэта ён думае. Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, ён загаварыў:
— Чамусьці я ўспомніў даўнюю гісторыю. Напэўна, перад сур’ёзнай справай у чалавека ўзнікае патрэба паварушыць мінулае, асабліва, калі чалавек гэты старэе… Не пярэчце, мне ўжо сорак пяць, а для чалавека маёй прафесіі — гэта многа. Дык вось, мне ўспомнілася, як мы рыхтаваліся да першага палёту на Месяц. Тады мне было столькі год, колькі вам цяпер, і быў я ўжо жанаты. Мая жонка геолаг.
Бурмакоў расказваў павольна, часта задумваючыся.
— У нас было дамоўлена, што ў экспедыцыю мы адправімся разам, нам патрэбны быў геолаг. Вы добра ведаеце, якія тады былі ракеты. Першая магла ўзяць толькі аднаго пілота. Ім быў я. Другая ракета, на якой павінна была ляцець жонка, мелася стартаваць праз два дні. Мы рассталіся, нават не развітаўшыся. Навошта? Праз два дні мы павінны былі сустрэцца.
Мой палёт быў удалы. Апынуўшыся на Месяцы, я перадаў падрабязнае паведамленне на Зямлю і пачаў разгружаць ракету, чакаючы другі экіпаж. I вось, калі яны павінны былі далучыцца да мяне, раптам прыйшла радыёграма з катэгарычным загадам вярнуцца. Я прасіў, даказваў, што мой палёт каштаваў вельмі дорага, каб вяртацца, не зрабіўшы нічога, але ніхто не зважаў на мае просьбы. Я вярнуўся і ў першы момант падумаў, што лепш не вяртаўся б. Другая ракета, на якой ляцела мая Галя, узарвалася і згарэла. Колькі я папракаў сябе за тое, што дазволіў ёй дяцець! I цяпер, калі я адпраўляюся ў космас, мне не хапае яе вачэй і рукі, якая памахала б на развітанне…
Павел схапіў Бурмакова за руку і моцна сціснуў яе. Ён прыгадаў Валю і здагадаўся, навошта Бурмакоў расказаў яму гэтую трагічную гісторыю. Ён тым самым нібы сказаў Паўлу: якое гэта шчасце, калі ты ведаеш, што цябе чакае дарагі і блізкі чалавек. Павел хацеў падзякаваць Бурмакову, але не адважыўся: той ішоў спакойны, ціхі, напэўна ўсё думаючы пра той незабыўны для яго час.
VIII
Усе радыёстанцыі свету перадалі паведамленне Усесаюзнага касмічнага цэнтра: «21 лістапада ў 16 гадзін стартуе першы савецкі планетны карабель «Набат».
Неверагоднае здзейснілася! Чалавек накіроўваўся ў далёкі шлях да іншых планет.
На стартавым полі ракетадрома было ціха. Праводзіць касманаўтаў прыехалі члены ўрадавага камітэта, вучоныя, родныя і блізкія касманаўтаў. Знешне спакойныя, урачыстыя, хаваючы трывогу, яны ў гэтыя апошнія хвіліны стараліся добрым словам, жартам падбадзёрыць тых, каго не ўбачаць доўгія месяцы, каму сустрэнуцца на шляху цяжкія выпрабаванні.
Павел быў з Віцем. Даючы Віцю розныя парады, карысныя ў будзённым жыцці і непатрэбныя ў космасе, Валя толькі зрэдку кідала позіркі на Паўла, і ён быў удзячны ёй за гэта. Ён хацеў многае сказаць дзяўчыне, і ў іншых абставінах сказаў бы абавязкова. А цяпер не мог. Дый навошта? Ён шчаслівейшы за Бурмакова, хоць і вельмі смуткуе. Ён паглядзеў у той бок, дзе знаходзіўся Бурмакоў. Акружаны натоўпам славутых вучоных, многіх з якіх Павел ведаў толькі па партрэтах, Бурмакоў зусім не выглядаў няшчасным. Наадварот, ён быў бадай шчаслівейшы за тых, хто заставаўся на Зямлі.
Час ішоў. Рэпрадуктары металічным голасам абвясцілі: «15 гадзін 30 хвілін, надышла пара развітвацца». Пасля зноў няўмольны металічны голас аб’явіў: «Да старту засталося пятнаццаць хвілін».
Трое касманаўтаў аддзяліліся ад натоўпу, па традыцыі падняліся на ўзвышэнне, хвіліну пастаялі там, далёкія ўжо думкамі ад усяго, што рабілася побач.
Развітальнае слова старшыні Касмічнага цэнтра на нейкі момант напомніла ім, для чаго яны тут сабраліся. Павел заўважыў Валіны вочы, поўныя слёз, і Валіну руку, узнятую на развітанне. Ён памахаў у адказ. Яшчэ імгненне, і яны ўжо толькі ўтрох — Бурмакоў, Павел, Віця — накіраваліся да карабля. Металічны голас застаўся недзе далёка ззаду, папярэджваючы прысутных не выходзіць на стартавую пляцоўку.
Павел заўважыў прычэпленыя да іх карабля ракеты, што павінны былі вывесці «Набат» за атмасферу. Усхваляваны ўрачыстасцю, ён увайшоў у люк карабля, механічна, быццам рабіў гэта кожны дзень, праверыў паказанні прыбораў, апусціўся ў рубцы на сваё крэсла. I раптам адразу вярнулася яснасць думкі. Зямля і тое, што там засталося, сталі далёкімі, а тут жыццё ішло сваім парадкам. Павел націснуў кнопку, і празрысты ахоўны антыгравітацыйны каўпак, які павінен быў зменшыць уздзеянне сілы паскарэння, апусціўся над крэслам. Яго таварышы паспелі гэта зрабіць раней. Да старту заставалася трыццаць секунд. Павел зірнуў на экран тэлевізара, які паказваў падземную залу ракетадрома, дзе сабраліся ўсе хто праводзіў іх, хацеў знайсці Валю ў тым натоўпе, ды не паспеў. Пачуўся глухі рокат, на тэлеэкране замільгалі маланкі. Непрыемны цяжар прыціснуў Паўла да пружыністай паверхні крэсла. Калі ж на экране пасвятлела, поле ракетадрома выглядала на ім маленькай кропкай.
Бурмакоў вызваліўся з-пад ахоўнага каўпака, падышоў да пульта кіравання, паклікаў да сябе Паўла і Віцю. Шматлікія прыборы памігвалі чырвонымі, сінімі, зялёнымі цыферблатамі, гудзелі, спяваючы сваю бясконцую і толькі ім вядомую песню.
— Віця, — загадаў Бурмакоў, — адчыні бакавыя ілюмінатары.
Хлопчык павярнуў чорненькі рычажок, і яркае сонечнае святло хлынула ў рубку.
— Зямля! Глядзіце, Зямля! — закрычаў Віця, углядаючыся ў ілюмінатар.
Зямля, ахутаная туманам, сінела на чорным абрусе неба справа ад карабля. Недзе там, на невыразна бачным адсюль мацерыку Еўропы, знаходзілася Масква. Крыху далей — ракетадром, дзе яшчэ стаялі іх сябры, родныя, блізкія. Яны чакалі паведамлення з ракеты. Бурмакоў зірнуў на зямны гадзіннік, што вісеў побач з астранамічным. 3 моманту старту прайшло пятнаццаць хвілін. Карабель ужо выведзены на часовую арбіту вакол Зямлі. Пара даваць пра сябе вестку. Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі.
Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома і, нарэшце, на ім з’явіўся твар старшыні Касмічнага цэнтра.
— Віншую з удалым стартам! — прамовіў ён. — Як адчуваеце сябе?
— Нармальна, — лаканічна адказаў Бурмакоў. Астатняе за яго перадалі прыборы, якія адзначалі іх паводзіны пасля старту і ў першыя хвіліны пад’ёму.
Старшыня задаволена кіўнуў галавой. Экран паплыў, на ім буйным планам паявіліся твары тых, хто знаходзіўся ў зале. Гэта было традыцыйнае апошняе развітанне. Потым на экране зноў паказаўся старшыня. Узняўшы руку, ён урачыста сказаў:
— Вам час легчы на курс. Жадаем шчаслівага падарожжа і вяртання на Зямлю!
Нябачны аркестр зайграў Гімн Савецкага Саюза. Бурмакоў, Павел, Віця ўсталі, павярнулі твары да ілюмінатара, у якім была відаць Зямля.
ЧАСТКА ДРУГАЯ
І
3 дзённіка Віці Асадчага
25 лістапада. Іншы раз я забываю, што знаходжуся на касмічным караблі. Як добра прыдумалі яго вучоныя! Вось і цяпер я сяджу ў невялікім кабінеце-бібліятэцы. Гэта — утульная каюта з шафамі і паліцамі ўздоўж сцен, сапраўдным пісьмовым сталом. Сядзі і пішы (што і раблю), і ніхто табе не перашкаджае. Сцяпан Васільевіч адпачывае, а Павел Канстанцінавіч нясе вахту. Яны не цікаўныя, і я пішу крадком не таму, што хачу ад іх што-небудзь утаіць або зрабіць такое, чым яны будуць незадаволены. Не. Але яны так многа працуюць і так мала аддаюць увагі самім сабе, што мне неяк няёмка. А потым, яны раптам яшчэ падумаюць, што мне захацелася дадому, і пачнуць шкадаваць: навошта бралі з сабой дзіця. Карацей, я не хачу, каб гэтыя людзі, лепшых за якіх я яшчэ не сустракаў, падумалі пра мяне дрэнна. Таму хай мой дзённік будзе пакуль што для іх таямніцай. Ну, вось і ўсё. Асноўнае вырашана, можна запісваць свае ўражанні. Пачну з таго, як мы па тэлевізару развіталіся з Зямлёй. У мяне аж горкі камяк да горла падступіў. Добра, што стрымаўся і не заплакаў, было б сорамна. Але нічога, здаецца, ні С. В. ні П. К. не заўважылі гэтай маёй слабасці. Я лічу, што яе нельга дараваць касманаўту.