18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Зброя (страница 19)

18

— Ну, глядзі, — павесялеў стары

…Незадаволены быў удзелам новавяскоўцаў адзін Кірдун. Бурчаў:

— Звязаўся з атрэб'ем, з пазадкамі… Кня-язь…

— Кінь. Самому брыдка.

— То нашто?

— Андрэй — вось нашто. Ён праз мяне, калі падумаць, сеў. А ты згодзішся ўчатырох на этап напасці? На палову ўзвода каравульных?

— Усямёх таксама не цукар…

— То вось і маўчы.

Алесь сам ведаў: рызыка страшная. Дзейнічаць трэба было рашуча, не вагаючыся ані на хвіліну, і нават пры гэтай умове больш шанцаў было на тое, што ім не выйсці жывымі. Іх чацвёра ішлі на гэта свядома. Алесь і Кандрат — як кроўныя, Мсціслаў — з-за Янькі і сяброўства, Кірдун — бо сюды ішоў Алесь. І ён не шкадаваў траіх новых. Самі селі за стол з Хлюстом, самі напалі на брычку, самі павінны былі б загінуць ад нажа, каб не ён, Алесь. Хай плацяць.

…І вось ён сядзеў і праз апушчаныя веі бачыў, як блішчыць пад сонцам забрукаваны кавалак дарогі, як — калі павесці вачыма направа — брук скончыцца і пойдзе гразь да самага Ніжняга, увалы і шлях, які то нырае ў лагчыны, то (далёка-далёка) узбягае на грады.

А калі паглядзець налева — убачыш голы, але ўжо трошачкі зялёны масіў Ізмайлаўскага звярынца і дарогу.

І на дарозе — ані душы.

А вунь там абдзертае, іржавае золата купалоў Усясвяцкага манастыра. А на дарозе — ані душы.

«Што магло здарыцца з этапам? Чаму не паўзе?»

Алесь быў на адпраўцы мінулага этапа. І вось ён сядзеў і ўяўляў.

…Жоўты, абдзерты дом ля заставы. Ля яго — ціснуцца. Большасць тых, што праводзіць, адстае ад этапа тут: прыміраецца. А частка адстае унь там, каля «слёзнага» Ляснога вострава за тры вярсты адсюль. Што ісці далей? Не дазваляюць, дый не трэба, усё адно не дапаможаш. І чаму там толькі не засыхаюць бярозы?… Столькі слёз… Назаўсёды разлука.

…І вось выводзяць з жоўтага этапнага дома людзей. Вісіць над галовамі галошанне, бабы ломяць рукі, мужыкі глядзяць у зямлю.

Пастроілі. Павялі. Наперадзе тыя, у каго кайданы і на руках і на нагах. Потым — тыя, што толькі з ручнымі кайданамі. За імі — тыя, што зусім без кайданоў.

А потым вазы з хворымі, дзецьмі, бабамі. Дзяцей таксама вязуць.

Божа мой, Божа! Нібы ўся імперыя здымаецца з месца і цягнецца кудысь.

Рыпяць колы. Едуць. Як табар. Як татарскія арбы. Як печанежскія вежы. Звіняць ланцугі, стрэльбы вартавых.

У гразь і пыл. У спёку і снег. Кожны панядзелак і аўторак.

І пойдуць. Пойдуць. А паўз іх будуць пралятаць тройкі са срэбнымі дугамі. Будуць стаяць багацюшчыя пастаялыя двары, бо гэта не толькі дарога слёз, а і дарога «да Макарыя», на кірмаш. І адны будуць везці тавары, а другія ўсю дарогу жыць з міласціны, а таму перад кожнай вёскай зацягваюць «песню літасці», у такт ёй бразгаючы кайданамі.

Милосердные наши батюшки, Не забудьте нас, невольников Заключенных, Христа ради! Пропитайте-ка, наши батюшки, Пропитайте нас, бедных заключенных! Сожалейтеся, наши батюшки, Сожалейтеся, наши матушки, Заключенных, Христа ради! Мы сидим во неволюшке, Во неволюшке — в тюрьмах каменных За решетками железными, За дверями за дубовыми, За замками за висячими. Распростились мы с отцом, с матерью, Со всем родом своим, племенем. І так з дня ў дзень цягнецца дзяржава. На таржышчы, у руднік, у магілу.

Даколе, Пан Бог!!!

Дзеляць як хочуць, шматуюць, гандлююць, аддаюць слабога ў першыя — лепшыя рукі, кідаюць яго, як мяч, не пытаючы, хто ён.

Куды вядзеш, дарога? На таржышча? У руднік?

Дакуль!!!

Кандрат крануў Алеся за плячо і, калі той павярнуўся, спалохаўся ягонага аблічча.

— Братка, ты што?

— Чаго табе?

Кандрат моўчкі паказаў рукою, і тады Алесь зразумеў, што «Милосердная» яму не толькі ўяўлялася.

Па дарозе павольна паўзла шэра-жоўтая пляма. Шэрая ад пылу і халатаў. Жоўтая ад абліччаў, рук, ад бубновых тузоў тых, што ехалі на вазах, седзячы спіною да коней.

Алесь абвёў вачыма сваіх. Крайні справа, ля падпілаванай бярозы, непарушна стаяў Халімон Кірдун. Трымаў у руках сякеру, прымерваўся да кліна, загнанага ў распіл. Бліжэй, на правую руку ад Алеся, ляжаў са штуцарам у руках Мсціслаў. Павараціў да Алеся твар, засвяціліся сонечныя вочы, падміргнуў. Алесь усміхнуўся, бо гэта магла быць апошняя ўсмешка і таму, хто застаўся, было б балюча.

Загорскі глянуў налева. Драпежна глядзіць на прыцэл штуцара Кандрат. На вуснах злая ўсмешка: зараз дарвецца. А яшчэ далей тры «купленыя». Сноп бледны і спакойны. Міхайла шнырае вачыма па калоне. Шчалканаў спакойненька гуляе пістлетам (у яго іх тры).

Паўзе, паўзе калона слёз. Рыпяць колы. Дзе тут можа быць Андрэй? Хіба пазнаеш? Ды не, можна пазнаць: яны ж спяваюць. Такі голас можна пазнаць і сярод тысячы. Але голасу не чуваць.

Алесь зрабіў знак рукою. Усе паслухмяна апусцілі на нос і рот павязкі.

Дзе ж можа быць Андрэй? Вось калона амаль зраўнялася са Шчалканавым… Не, голасу не чуваць. А «песня літасці» гучыць і гучыць.

І раптам ён убачыў…

…Андрэй ішоў у сярэдзіне другога рада. Ногі, у нажных кайданах, валюхаюць. Ненатуральна рухаюцца клубы. Рукі склаў на грудзях…

Бог ты мой, які бледны твар!

А вочы, як невідушчыя, глядзяць у неба. І шчыльна самкнёны рот. Не спявае.

…Быў поплаў Дняпра, даўно, у дзяцінстве, і голас над поплывам, і разбойнік Война, які тады сказаў:

— Спявай, хлопчык, спявай, пакуль даюць.

Ах, які быў голас! І на каляды, і тады, калі палілі бадняк, і на поплаве, і на вяселлях, і тады, калі гукалі вясну.

Нешта душыла Алеся. Ён махнуў рукою Кірдуну.

У наступны момант вялізная бяроза пачала хіліцца, з рыпеннем ірвучы свае жылы, крэкчучы. Нібы кароткі, на некалькі імгненняў, ураган нарадзіўся ў галлі дрэва — і вось яно ўжо ляжала на шляху, перагарадзіўшы яго, заслаўшы рады катаржных пылам.

Амаль несвядома Алесь бачыў збянтэжаныя, атарапелыя твары. Вочы надзеі… Вочы жаху… Вочы, што не разумелі.

Залп!!!