18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Зброя (страница 10)

18

РАЗДЗЕЛ ІV

Елі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы «Масква любіць і ўмее паесці», «маскоўскі культ гастраноміі», «магістры наконт пад'есці» — датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на «царскім рынку» па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак.

Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана «Шэўрые» ў Газетным завулку, «Дюсо» і «Ангельшчына» на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол «Яра», тады яшчэ не сапсаванага раскошай; «Эрмітаж» — дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні.

Дзівосныя па кантрастах сталы ў «Дрэздэне» і «Брытаніі» — і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: «Кансаме а-ля Барацінскі», або «Бафер дэ Пядро» з піражкамі «Рысалішасэр», або з валаванамі «фінанс'ер»; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры «а-ля Русь» (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай «Аспергез» (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў — мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: «фазаны кітайскія», «рабчыкі сібірскія», «пулярды французскія». Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі «курапаткі чырвоныя» і «сядло з касцявым мозгам па-сялянску». А потым зноў ішло буянства «салатаў рамэн са свежымі агуркамі» і «саварэнаў з французскай садавінай».

Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях.

Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц-два), грыбныя кірмашы, рынкі — чэрава вялікага горада, яго абжорная душа.

І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа «Наватроіцкі», «Цестаўскі» ў доме Патрыкеева ды «Вялікі Маскоўскі» Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была — не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з'есці толькі прывычны.

Малочныя парсюкі на блюдах, як немаўляты з Назарэі, сутачная капуста з кашай, падрумяненыя, тлустыя, як адкупшчыкі, расцягаі, сялянкі, пажарскія вагнедышныя катлеты, расольнік — нектар п'яных, бліны з ільснянай чорнай ікрою, падовыя пірагі, прывабныя, як смяротны грэх. І ўсё гэта ў меру нячыста або, наадварот, чыста да халоднасці, але смачна — язык праглынеш. Чыста гатавалі ў беспапоўца Ягорава, дзе было забаронена курыць і паўсюль віселі іконы старога пісьма «з негасімымі».

Затое ў Гурына курылі, і пераважна з доўгіх чубукоў самога тракціршчыка, устаўляючы толькі ў іх свежы муштук з гусінага пяра. Палавыя ў яго былі чыстыя, сцяпенные і строгія — не забалуеш. Віны — лепшых склепаў, але моладзь на віны налягала рэдка, і сучасныя амерыканцы, пэўна, страшэнна здзівіліся б, даведаўшыся, што іхнія кактэйлі маскоўская вынаходка і прыдумана маладымі заўсёднікамі гурынскага тракціра.

Сухіх гатункаў яшчэ не было, «Лампапо» пілі аматары… Відаць, усё пачалося з таго, што моладзі абрыдла цягнуць з лёду «Рэдэрэр Сілеры». Спачатку пайшлі айчынныя «яршы» накшталт «мядзведзя», сумесі гарэлкі з портэрам, а потым, ад захопленага стану, і кактэйлі.

Першапродкам, прабацькам, Адамам усіх кактэйляў быў продак сучаснага «маяка», хаця і са змененымі інгрэдыентамі. Назва ў яго была прасцецкая і неавантажная: «Турка». Бралі высокі і ёмісты, «замястоўны» келіх, да паловы налівалі яго лікёрам мараскінам, выпускалі туды сыры жаўток, далівалі каньяком і выпівалі ўсё гэта нагбом.

Тракціраў было шмат. Але Бубнаўскі быў самы адметны, самы багаты наведвальнікамі («чым горш, тым лепш») і самы страшны з усіх.

Па вузкіх, страшэнна стромых і небяспечных сходах яны спускаліся ў сутарэнне пад тракцірам, славутую «бубнаўскую яму». Недзе высока засталіся «чыстыя пакоі» з купцамі, прыказчыкамі, парай чаю і гандлёвымі здзелкамі.

— Дваццаць прыступак, — глуха даляцеў аднекуль знізу голас Чыўіна. — Лічыце там, не аступіцеся.

Ён ішоў наперадзе, як Вергілій. За ім спускаўся ў цемру Алесь: з прыступкі на прыступку. Макар замыкаў шэсце, як той анёл-ахоўнік, што збярог для культуры і паэзіі Дантаву душу.

А знізу насустрач ім усё мацней і мацней аддаваўся нейкі дзіўны гул, падобны на пякельныя скаргі: бурчанне, прагны крык, лямант адчаю, хрыплы, нібы трыумфуючы смех, брыдкая лаянка, плач.

Нехта рыдаў, нехта глуха біў чымсьці аб сталешніцу, — магчыма, галавою, — нехта скуголіў, нехта крычаў тым ачмурэлым дзікім голасам, якім крычаць, калі здасца зялёны змей ці «дэман зла».

Бу-бу-бу… Божа… Божа… Божа… Бу-бу-бу.

— Чырвоныя сабакі… як сліва… І шчыты на мордах… Біце іх, біце іх…

— Палав-вы, жалаю казённай… Салоны гурок з вяндлінай…

— Спай-маў, глядзі ты… Спаймаў… Во, поскудзь!…І язык высалапіў…

— Ты яго пад пузам паласкачы або — крыж на яго, нячыстую сілу.

— І вось, разумееш, тут табе храм мастацтва, а я бяру яе за азадак…

— Усе яны так… Ты лепей налі.

Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, «трупы» смяротна п'яных ля сцяны.

Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй.

Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі.

— Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? — спытаў Чыўін у палавога.

— Унь, — торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. — Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб'еш.

Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх — толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б'е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна — хоць выціскай — абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою.

Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак.

— Га?

Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку — шыкарней.

— Што ж гэта вы сябе так забіваеце? — спытаў Чыўін. — Хіба так можна? Без паветра, без святла.

— А вам што? Вы хто такія?

— Мы ад начотчыка.

— А-а… Палавы!

Палавы з'явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь.

— Бліноў на загавіны. З цешай. Усім… Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай — ёю, родненькай… Ды гарэлкі.

— Якой загадаеце?

— Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.

І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:

— Ну…

Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п'янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.

— Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, — сказаў Алесь.

— Гм, — Бабкін уважліва глядзеў на яго. — Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце.

Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З'явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы.

Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі.

— За гэта — люблю, — сказаў Бабкін. — А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні.

Алесь даў палавому рубель — толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут.

— Тут наконт гэтага проста, — сказаў Бабкін. — Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма — хочаш — лайся, хочаш — крычы. І не трэба нам, «трагладытам», нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця.

— Не разумею, як вы можаце тут піць, — сказаў Алесь.

— І ты выпі. Вось убачыш — адразу дапаможа… Ну, за справу…

Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.

— Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы?

— Быць не можа, — сказаў Алесь.

Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне.

— Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць прасадзіць… У палавога спытайце… Па імю бацьку ўсіх такіх кліча. Елізараў, напрыклад, Флегонт Савіч, тут дваццаць год сядзіць… У краме — прыказчыкі. А ён кожны дзень тут выпівае сорак чарак віна і гарэлкі.