Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 86)
– Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.
Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар… пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто – ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка – не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з’ездзіць па пакупкі ў Сухадол.
Недалёка ж ён ад’ехаў ад Загоршчыны.
Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа…
Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. “Учора” або “заўтра”. Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з’явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта “сёння”. “Сёння”, а не “ўчора” ці “заўтра”.
Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.
Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.
– Добры дзень, пан Адам, – неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.
– Дзень добры, пане Алесь, – адказаў Выбіцкі.
– Бацька вельмі нездаволены вамі, – сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама.- Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй… Вазьміце вось.
Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.
– Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу – зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.
Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават “абурыўся”.
– Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.
– Малады я або не – не вам меркаваць. Я – гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы… Мяркую, дарэмна плачу.
– Прабачце, княжа, – спалохана сказаў аконам.
Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.
– Вось так, – сказаў Алесь.
Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.
– А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!
– Сабе даражэй, – зніякавеў Раўбіч.
– Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.
Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.
– Ну до ўжо, до, – сказаў ён. – Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.
– Ды я і сам не хацеў бы, – сказаў Алесь. – Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.
Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.
Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.
– Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, – сказаў Раўбіч. – Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб’ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.
– Зробім, – сказаў Мусатаў. – Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.
Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.
“Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, – думаў Алесь, – запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць”.
І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. “Не выпендзам, але бардзо проша”. Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.
– Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, – сказаў Алесь.
– Што-небудзь ведаеце? – спытаў Мусатаў.
– Нічога не ведаю, – сказаў Алесь. – Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму…
– Хто іншы?
– Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі – ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, – перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра… Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.
– Чаму мяркуеце так?
– А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.
– Аблічча не запамяталі?
– Чаму ж не, – Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. – Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае… Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя…
Мусатаў збялеў.
– Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.
Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.
– Здорава гэта ў цябе палучаецца, – сказаў ён. – Выручыў… Зарэзаў ты мяне без нажа!… Шаха цяпер адсылай… І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.
– А хто на чужую карысць брэша? – сказаў Алесь.
– Т-так.
– Нічога, дзядзька, заплацім.
Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.
– Хочаш – заставайся, – з нечаканым парывам сказаў ён. – Не ездзі.
– Не, – сказаў Алесь, – вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.
– Горды, – сказаў Раўбіч, – так і не даруеш?
– За што? У вас свае справы, у мяне – свае.
Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.
Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з’яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.
Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць ”па-сапраўднаму”.
– Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта – ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць – выключная. Ну, пагналі.
Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.
– Кастусь табе нічога не піша?
– Прыслаў нядаўна ліст… Ён са мною.
– Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.
– Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.
– Сакрэтаў у лісце няма?
– Няма.
Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.