реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 82)

18

Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:

– Н-ну…

– Едзем, едзем… Наталечка, едзем… – і Майка заскакала вокол маці.

…Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.

Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала – яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё – беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця.

З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён – у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.

І ўсё ж яна чакала.

У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.

– Што з табою, доня?

– Нічога, – ніякавата сказала яна. – Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.

– У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, – сказаў паважны Франс.

А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка… Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.

…Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад’язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.

Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.

На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.

– Раўбіч, – ціха сказаў ён. – Радасць, радасць мне… А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскіх дваранскіх маршалкаў?[75]

Падняў палец:

– “Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…” О! Як думаеш, радасць?

Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.

– Каб гэта ад шчырага сэрца – радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.

– І я думаю, – іранічна ўсміхнуўся дзед. – У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques[76].

Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.

– Бацька, тут дзеці.

Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.

– Пані Эвеліна, – усміхнуўся Юры, – радасць райская, што прыехалі… Франс, вы паважны, як магістр масонаў…А Стах… Не, глядзіце вы, які наш Стах… А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?

Смяяліся снежныя зубы.

– І Майка, – нечакана сур’ёзна сказаў ён. – Вы сёння дзівосная, Майка… Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.

Вежа глядзеў на Майку.

– Ты! – спытаў ён. – Колькі ж гэта?

– Шаснаццаць, – сказала пані Эвеліна.

– Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам…

– Што дзіўнага, – сказаў Раўбіч. – Скончыла інстытут.

Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.

У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.

Майцы адразу падумалася: “А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя”.

На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.

Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: “Нашто яны так глядзяць на мяне?”

Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.

– Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!

Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была… яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная…

– Маюнька! Маюнька! – смяюцца сінія вочы.

А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.

– Майка! Майка! – глядзіць у вочы, нібы не верыць. – Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!

– Табе добра, Янка?

– Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.

…Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі “састарэлы” Янка?

Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.

За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.

Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя – аж свецяцца – цёмна-шэрыя шырокія вочы.

Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?

Ага, вочы сталі не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць.

Алесь схіліўся і пацалаваў ёй руку.

– Я вельмі ўзрадаваны, – голас чамусьці асекся. – Мы так даўно не бачыліся.

– Вельмі даўно. І хаця б… адзін ліст.

– Гэта вы, Ма… Міхаліна, не адказалі мне.

– Я, па-ранейшаму, Майка.

Паўза.

– Сходзім да Вацлава. Я з Вежы. Ледзь паспеў пераапрануцца.

У “зале разбітай вазы” Стась, Вацлаў і Наталя гулялі ў жмуркі. Вадзіў Вацак, і Алесь назнарок “спаймаўся” яму.

– Спаймаў!

– Не, брат, гэта я цябе спаймаў, – сказаў Алесь.

І ўзняў Вацака высока-высока.

– Алеська! Братка! – крыкнуў Вацак, боўтаючы нагамі ў паветры.

– А паказаць табе, як барсук дзяцей гладзіць? – спытаў Алесь, прыціскаючы брата да грудзей.

– Не-а, – малы закрыў галаву рукамі. – Супраць поўсці гладзіць будзеш. Дулі калупаць.