реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 37)

18

У Алеся пачырванелі шчокі. З бліскучымі вачыма ён сказаў:

– Хацеў бы я паглядзець, як нехта мяне затрымае ці прагоніць. Я паеду. А калі яму цяжка бачыць новых людзей, дык я яму прывязу новага сабаку… Алму з сабою вазьму.

– Як? Ты ж верхам паедзеш?

– Я прывучыў яе сядзець на луцэ… І калі ён толькі словам мяне закране, нагі маёй больш у яго не будзе. Еду на адзін дзень.

Бацька адвярнуўся. Вочы яго смяяліся.

…Алесь выехаў досвіткам другога дня, каб на яго схіле дабрацца да дзедавай вёскі.

Ніхто не выйшаў яго праводзіць. Бацька растлумачыў яму дарогу і загадаў Логвіну набіць саквы і скачаць хусту. Потым выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак.

…Касюнька рахмана стаяла ля канавязі, дыхала ў рукі і твар хлопца цёплым і прыемным. Саквы былі ўкладзены добра, стрэльба і корд прытарочаны да сядла. Алма, уся дрыжучы ад нецярплівасці, круцілася пад нагамі.

– Заставайся дома, – з удаванай строгасцю сказаў Алесь.

Яна прыціснула доўгія, у завітках вушы, але тон гаспадара не пакідаў сумненняў, і тады сучка ўпала на жывот і, павіскваючы, папаўзла да ног хлопца.

– Ну, добра ўжо. Давай паедзем, – сказаў Алесь.

Кафейныя вочы загарэліся. Сабака падскочыў у паветры, і, падціснуўшы кароткі хвост, пачаў лётаць па крузе. Вушы луналі, як крылы. Алесь ускінуўся ў сядло.

– Вы ж глядзіце, княжыч, – сказаў Логвін. – Дарога простая, усё берагам. Паромам на той бок, там паплавамі, паплавамі. А потым, за Доўгай Кручай, яшчэ вярсту – і мост.

– Ведаю, – сказаў Алесь. – Заўтра пад’едзеш да Кручы.

– Добра.

Алесь нахіліўся і працягнуў руку:

– Гоп!

Сучка падскочыла, каб гаспадар змог спаймаць яе за каршэнь, і хутка ўжо сядзела на луцэ сядла, паважна гледзячы з вышыні на ўвесь астатні свет.

…Касюнька ступала акуратнымі капытамі. Алма спакойна сядзела на луцэ, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы, – відаць, там астаяўся птушыны пах. А “рыцар” сядзеў спакойны, гатовы да ўсякіх нечаканасцей.

Палі. Палі. Палі. Безліч разоў амытыя сялянскім потам і мужыцкай крывёю. Няма на іх месца, на якім не ступіла б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун. “А ў мяжу, жнейкі, у мяжу. А ў мяжы прыганяты”.

Жоўцю мужыцкай, злосцю мужыцкай дыхаеш ты, здранцвелы абшар палёў. Чаму гэта так? Хто закляў цябе? Дакуль будзеш ты рабыняй, зямля?!

Алесеў прадзед Акім Загорскі, той самы, пры якім адбылася гісторыя з лазняй Кагутоў, нарадзіўся ў тысяча семсот трыццаць дзевятым годзе і да Хрыстовых год пражыў “пры каралях”, спаўна зведаўшы і анархію апошніх год “кароны”, і шляхецкую “вольнасць”. Асабіста яму было не так ужо і дрэнна пры вольнасці: занадта быў багаты і моцны. Такога і кароль не зачэпіць, і суседзі пабаяцца не тое каб пакрыўдзіць, але і зірнуць коса.

Мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе. Але рабіць гэта яму было брыдка. Падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях, ехаць на сейм.

Фу! Быццам ваду ў ступе таўчы. Ад усяго гэтага ў яго балела галава, а ад злосці на людское быдла бывалі прыступы антрапафобіі. Віна ён не любіў, тытуню цярпець не мог. Аставаліся да?мы, якімі ён і займаўся, бо быў надзвычай прыгожы. І пры гэтым выгляд меў аніяк не спешчанага прыдворнага, а хутчэй война і сакалятніка, небяспечнага для кожнай райскай птушкі, якую адзначыць сваім вокам.

З Варшавы яго выслалі за замах на каралеўскі гонар – казалі, не беспаспяховы. Дый як яшчэ мог бы з ім змагацца нават кароль? Не прывабнасцю ж, не сілай.

І, напэўна, стаў бы Загорскі другім дэ Маранья, калі б не напаткаў дзяўчыну, якая пакахала яго больш за ўсіх, але не пайшла насустрач яму, бо з дзяцінства была абяцана манастыру.

Загорскі павёў няроўную барацьбу супраць веры людзей і веры самой дзяўчыны, супраць законаў, звычаяў і ўлад.

І перамог. А перамогшы, ажаніўся і пасяліўся ў Загоршчыне, дзе пабудаваў сабе і жонцы “італьянскі дом”, часам заязджаючы ў Вежу, дзе пачаў будаваць палац у гонар жонкі, задумаўшы зрабіць яго лепшым за ўсё, што калі-небудзь бачыла Прыдняпроўе і абедзве сталіцы.

Засмучала толькі тое, што ў жонкі не было дзяцей. Толькі гэта было хмарай на светлым небасхіле.

Так цягнулася доўга. Пяць год, аж пакуль у Загоршчыне, Вітахмо, Азярышчы, Татарскай Грэблі, Вежы, Святым, Драгавічах, Мілым і іншых вёсках пана не зараўлі, разрываючыся, гарматы.

Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба.

Ішоў тысяча семсот семдзесят другі год. Як доўбня на галаву, упаў на дваран першы падзел Польшчы. Расія далучыла Прыдняпроўе. Шмат хто радаваўся, многія лаяліся, сёй-той спрабаваў пратэставаць. Але Акіму Загорскаму да ўсяго гэтага не было клопату. У яго быў сын, сын, якому ён пры нараджэнні падарыў Вежу і радавы дыямент “Набоб” з двума пудамі золата. У яго быў сын ад самай каханай жанчыны.

Дзяржавы праходзяць, і царствы праходзяць, вечнае толькі каханне, і чалавек не можа памерці, не пакінуўшы следу на твары зямным. Не ён, дык яго брат. Дык гары яны гарам, дзяржавы, прападай яны пропадам!

…Пан Акім пражыў з жонкай толькі сем год. Яна захварэла і памерла, пакінуўшы ўдаўцу двухгадовага сына. Кароткае было шчасце, вырванае ў бога.

…Трэба было неяк жыць. Дзеля сына. І князь замкнуўся ў Загоршчыне, аддаючы сваю ўвагу толькі яму. Былы “шаматон і ферлакур важнецкі” жыў цяпер ледзь не суровым мніхам. Паляваў, начаваў на лугах, прапах дымам вогнішчаў і верасам. Сына вазіў з сабой, каб рос здаровы, бо гэта было апошняе, што ў яго аставалася, і ён хацеў, каб гэтае апошняе жыло бясконца.

Ад суровага жыцця вочы ў яго сталі наіўныя, як свет, і простыя, як шырокае неба над галавою. Быццам усё простае адбілася ў іх: смяротны позірк запаляванага воўка, шырыня рэк, дым начных вогнішчаў і васільковае неба з першай зоркай.

Жанчыны былі цяпер не патрэбны яму. Ён цвёрда, не чуючы ў гэтым ахвяры, вырашыў, што іх не будзе ў яго ніколі.

І тут пачалася сямейная легенда.

…Вясною семдзесят пятага года імператрыца Екацярына вырашыла наведаць свае новыя землі. Яна ехала туды для сустрэчы з імператарам аўстрыйскім Іосіфам, які павінен быў прыбыць у Магілёў інкогніта, пад імем графа Фалькенштэйна.

Пацёмкін, якому ўказам ад першага студзеня былі даручаны губерні Новарасійская і Азоўская з умацаваннямі Дняпроўскай лініі, кінуў Крым і паскакаў у Полацк, першы пункт, дзе павінна была спыніцца самадзержыца.

Адсюль збіраліся ў Полацк дваране. Узброеныя магнаты ехалі са сваімі сцягамі, ведучы пад імі атрады свае загонавай шляхты. Ад магілёўскага дваранства для сустрэчы імператрыцы быў накіраваны ў Полацак князь Загорскі. Ён не адмовіўся, сход аказаў яму гонар, і рушыў на чале дзвюх соцень “сваіх” шабель.

Екацярына ехала ў Магілёў з новым сваім фаварытам Ланскім. Што б там пра яго ні казалі, але ён па-сапраўднаму, не з-за пашаны і выгады, кахаў яе.

…Ён – баяўся. Ён ведаў, што ён безабаронны, што ад яго, як і ад іншых, нічога не залежыць, што ў кожную хвіліну яго, разам з яго каханнем, могуць кінуць у чорную бездань, якой уяўляўся яму свет без яе…

У гэтым была страшная горыч, бо душой ён ведаў: калі яго кінуць, то па заслугах. У яго не было ні мужнай сілы і розуму Пацёмкіна, ні прыгажосці Зорыча. Чым ён мог утрымаць яе? У яго было толькі каханне, кранальнае ў сваёй непасрэднасці і глыбіні.

Усё гэта робіць зразумелым тое, што адбылося далей.

…Самы старажытны горад усходніх славян лунаў сцягамі, зіхацеў золатам, грымеў музыкай, пераліваўся ўсімі фарбамі адзення.

Берагі Палаты і Дзвіны захлыналіся ў бела-ружовай квецені яблынь і вішні.

…Зямля дрыжала ад гуду званоў. Два зіхоткія шэсці цяклі па горадзе. Імператрыца ішла ў праваслаўны, Пацёмкін – ва уніяцкі сабор.

Так сутыкнуліся ў святочным Полацку некалькі чалавек, звязаных з адной.

Але героем гэтых дзён не быў ніводзін з іх.

Героем быў чалавек трыццаці шасці год у простай з выгляду, шырокай мясцовай вопратцы, якая каштавала, калі браць разам з шабляй, больш за вопратку ўсіх. Толькі ягоны позірк не выказваў ні чакання, ні іроніі, ні пакут, а быў просты, ветліва адданы позірк. Просты, як вольнае неба над гэтай ракой. І ўладарка заўважыла гэты позірк. Заўважыла яшчэ тады, калі ён проста і натуральна падаў ёй руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора.

Білі званы. Цвілі дрэвы. І на хвіліну ёй здалося, што вось ён – той, што вызваліць яе ад безнадзейнага кахання аднаго і ад іроніі другога.

А ён ішоў убаку і ні аб чым не думаў. Ён і шаблю прыагаліў не з павагі да царыцы, бо ніколі не думаў, добры ці дрэнны яна ўладар, а з павагі да жанчыны. Ён не ведаў, ці падабаюцца яму гэтыя лёгкія і злёгку напудраныя залацістай пудрай валасы, ярка-сінія вочы, ямачкі на шчоках і прыемная паўната. Яна была проста жанчына, а ён паважаў сапраўдных жанчын, усё адно, добрыя ці дрэнныя яны былі.

І яна адчувала гэты асаблівы, проста-велічны склад душы невядомага ёй князя, і на хвіліну яе ахапіла такое жаданне пры ўсіх схіліць да яго галаву, што яна толькі вялікім намаганнем волі стрымала сябе.

…Ілюмінацыя залівала горад, як быццам гэта палаў Рым. Пяць пірамід узвышаліся вышэй за будынак езуіцкага калегіума, а яшчэ лёталі ракеты, утрапёна круціліся колы з агню. І ўвесь час, увесь гэты вечар, яна – на прыстойнай адлегласці – бачыла просты, шчыры і зусім не крыўдна абыякавы да яе твар дзівоснай прыгажосці. Калі князь выпадкова аказаўся побач, яна не вытрымала.