реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 21)

18

Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.

– Вазьмі ўжо яе. Аддай Янку. Няхай ляжыць y карэце, калі пераела. Стрымацца не магла, тэльбушына прагная… A сам ідзі ў людскую… Выпі…

Дапытліва зірнула на бацьку:

– Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей?

– Не паскупіўся.

– Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце – прыходзь да мяне. Хлігер адвяду для цябе дый для сабак тваіх.

I гукнула ў карэту:

– Вылазь, Ядзя. Не бойся, не пакрыўдзяць.

З карэты другі лёкай дастаў маленькую і зграбную, як ляльку, дзяўчынку год дзевяці. Дзяўчынка была, таксама як лялька, апранута ў блакітную шаўковую сукенку, высока, амаль пад пахамі, перахопленую танюткім паяском. Валасы дзяўчынкі, попельныя, бязважкія, ляжалі ў доўгай – на грэчаскі манер – прычосцы.

– Во пакутніца малая, – сказаў пяшчотна Мсціслаў.

Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзі – столькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.

A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.

A старая ўжо скардзілася бацьку:

– Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром… Рысораў напрыдумвалі… Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, – так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!

Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.

– Глядзі, – шапнуў Алесю Мсціслаў. – Гэта яшчэ што?

У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.

– Гэта мой мурын, – з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. – Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў…

Мсціслаў падштурхнуў Алеся:

– Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала… для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.

– A нашы і не ведалі…

– Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся… Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.

Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.

– Ды нашто ён вам? – спытаў пан Юры.

– A я і сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.

Старая ўсміхнулася:

– Мурын… Розныя дзівы бываюць… ой, розныя!

I занепакоена спытала ў бацькі:

– Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?

– Быў, – сказаў бацька. – Здаецца, Хведар-мурын.

– Ну вось, – уздыхнула з палёгкаю Клейна. – A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.

– A людзі папусцяць?

– Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.

– Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? – блюзнерыў бацька.

– A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.

– Які гэта Марка?

– Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…

Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.

– A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія “серафімскія крылы”.

Усміхнулася:

– Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…

– Ды які я яму хросны? – зарагатаў бацька.

– A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.

– Прыгоннага.

– Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.

I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.

– A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?

– Дык хто пойдзе?

– Уce пойдуць, – сказала старая. – Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п’янюгі ды сабакары, – прабач, бацюхна.

Памаўчала, падціснуўшы вусны.

– A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.

I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:

– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?

– Такія не будуць.

– Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

– Гэты, – пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. – Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

– I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб’ёў, сыпанулі па сходах.

– Karo яшчэ няма, Georges? – спытала матухна.

– Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

– Добра. Хай ідуць дзеці, – уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.