реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 183)

18

– Дзеду!

– Мне не балюча, то чаго крычаць? Не бойся, гэта нядоўга, – сонна мармытаў дзед.

Юрась, баючыся пабегчы за сваімі і пакінуць дзеда аднаго, сеў трохі ўбаку, вырашыўшы счакаць. А там ён завядзе старога ў хату.

Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх.

Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было – не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.

Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?

Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.

Потым неба згасла…

Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.

Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.

Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы.

Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.

У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.

Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.

“Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб’ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта – справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце”.

Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.

– Паедзеш у Магілёў, – сказаў ён Выбіцкаму. – Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.

Выбіцкі муляўся.

– Княжа…

– Здарылася нешта?

Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:

– Бунт, пане княжа.

– Які я табе пане княжа?

– Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, – ледзь варушыў вуснамі паляк. – Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.

Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:

– Далучымся?

– Іх колькі?

– Пакуль пяць вёсак.

– А наваколле?

– А наваколле – вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, – прызнаўся Выбіцкі.

– Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д’ябал! Хто там у іх ядро? – кінуў Алесь.

– Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі – натоўп.

– Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, – раззлаваўся Алесь. – Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.

– З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.

– Разумнейшы, значыцца.

Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.

– У Магілёў паедзеш, – сказаў Алесь. – Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.

Ён хутка напісаў некалькі слоў.

– “Граф, – прачытаў Выбіцкі. – Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб’ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё”.

Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.

– Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.

– Я не пасылаю даносаў, пан Адам, – жорстка сказаў Алесь. – Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.

– Н-не разумею.

– Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам – Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?

– Ну?

– Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.

– І гэта вас клікалі чырвоным?

– Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.

Выбіцкі пачырванеў.

– Я завязу ліст, – сказаў ён. – Даруйце мне.

– Вельмі буду абавязаны, – сказаў Алесь. – Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.

Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:

– А можа, не рызыкаваць?

– Не, – сказаў Алесь. – Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.

Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.

Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.

– Можа, трэба па дапамогу? – спытаў Халімон Кірдун.

– Не трэба. Бывай, Кірдун.

Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.

“Ах, коннічак ты мой на белым кані, – іранізаваў ён з сябе. – Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель”.

Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.

XVII

Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы – чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень – нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.

Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней – горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.

Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі – не асіліць.