Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 180)
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
– Калі ласка… Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
– І я вам так раю, – з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
– А сёння яшчэ і гадавіна з дня смерці Пятра Вялікага, – сказаў афіцэр. – Божа мой, божа!
XIV
– Так, – сказаў Кастусь. – Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.
Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.
– Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель- ад’ютантаў, – спакойна сказаў Звяждоўскі. – Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.
Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.
– Што мы павінны рабіць? – спытаў Мсціслаў.
– З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, – змрочна сказаў Кастусь. – Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, – тады будзем біць у набат.
– І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, – сказаў Алесь. – Зручны момант. І ў Варшаве закалат.
– Змялі яны варшаўскі закалат, – сказаў Ямант, – падманулі… Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.
– І ўсё ж пацерпім, хлопцы, – сказаў Кастусь.- А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню – сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?
– Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.
– Ану іх да д’ябла! – сказаў Мсціслаў. – Смаркулі панскія, белая костка.
– Правільна, – нечакана сказаў Звяждоўскі.
– Но-но, – сказаў Мсціслаў, – сам ці даўно белы быў.
– Ты ж мяне перавыхаваў, – засмяяўся Людвік.
– Ды ўжо, – буркнуў нехлямяжы Грыма, – ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.
– Што ж, – Звяждоўскі думаў. – Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: “On prend la chose trop legerement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est tres grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler”[150]. А той: “Але чаму?”… Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.
– Цікава, – сказаў Кастусь.
– Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы…
– Патрабаванні… – сказаў Біскуповіч. – Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.
– Не перапыняй, – буркнуў Грыма.
– …то ніхто не астанецца працаваць у Польшчы, бо струну нацягнулі да немагчымага, і яна парвалася. Gouverner c’est prevoir[151]. Потым Валуеў гаварыў з вялікай княгіняй. Яна запытала ў яго: “Que faut il faire en Pologne?” Ён кажа: “Changer de systeme, Madame”. Тая самая ўсміхаецца, паказвае на Ланскога: “Je le pense aussi; mais voici le ministre de l'interieur qui est flamboyant et parle des mesures de severite”. Валуеў паціскае плячыма: “Mais on a ete trente ans severes, Madame, et ou en est – on arrive”[152].
Кастусь засмяяўся. Звяждоўскі ўсміхнуўся яму ў адказ:
– Тады нехта невядомы мне кажа: “On ne tombe que du cote ou l'on penche. Si nous tombons en Pologne, c’est donc du cote de mesures de police substituees, a des idees de gouvernement”[153]. Словам, нават яны бачаць: без уступак не абыдзешся.
– Гуляюць намі, – сказаў велікавокі Ясюкевіч. – Ах, лухта ўсё. Сваю рэвалюцыю нам трэба, чырвоную, вось што. Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам.
– Гм, – сказаў Ямант, – і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля?
– Кінь, Юзя, – з дакорам сказаў Алесь. – Гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад у іх толькі дрэнны, вось што. Зменім – усё будзе хораша.
– Я ведаю, – сказаў Кастусь. – Каб людзі жылі, працавалі і елі хлеб – усё гэтае наша богам праклятае саслоўе – на шыбеніцу. І вялікадзяржаўных бюракратаў – да д’ябла.
– Не ведаю, – змрочна сказаў Грыма. – Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага… Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ… Я так не магу… Я… не магу быць таму сябрам ні такім людзям, як Валуеў, ні табе, Ямант. І я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе – браты, і кожны – вольны як птушка.
Кастусь устаў:
– Што ж, паны новапрызначаныя камісары будучага паўстання і камандзіры атрадаў, час разыходзіцца?
– Час, – сказаў Біскуповіч.
– Тады – па адным.
…Каліноўскі і Загорскі ішлі берагам Мойкі.
– Віктара я разарваць гатоў, – сказаў Кастусь. – Ты ведаеш, як ён “лекаваўся” ў Італіі? Далучыўся да гарыбальдзійцаў. А вярнуўся – яму горш і горш.
– Што ж, пэўна, яму якраз было патрэбна паветра свабоды. Можа, таму ён і задыхаўся. Нічога. Дачакаецца перамогі. А там – вылечым… Ты не хацеў бы схадзіць да Шаўчэнкі?
– Сорамна неяк.
– А ўсё ж сходзім. Заўтра, якраз перад ад’ездам.
– Давай.
Мойка пад парывамі ветру рабацінілася і моршчылася ля таго берага, адкуль ён прылятаў, і была спакойная ля другога.
– Ну вось, – сказаў Кастусь, – кінулі жэрабя. Ты не пакрыўдзіўся, што кіраваць сіламі Магілёўшчыны будзе Людвік?
– Звяждоўскі варты чалавек, – проста сказаў Алесь. – І ён вайсковы. Ды яшчэ з таленавітых. Я рэвалюцыянер, Кастусь. Хай будзе так, як лепей для справы. І потым, камісар атрадаў ніжняга Прыдняпроўя – таксама мне работы хопіць. І ў сваім куце.
– Я гэта таму, што цябе мала ведаюць у цэнтры, і ты застрахаваны ад правалу.
– Не верыш “белым”?
– Не, – прызнаўся Кастусь.
– І я не веру.
– І потым, ты ездзіш па справах – табе лягчэй арганізаваць людзей.
Яны ішлі. У прыцемку асабліва пяшчотныя і прыгожыя былі абліччы жанчын, асабліва гордыя – твары мужчын. Але яны не думалі цяпер аб жанчынах. Ім было не да таго.
– Едзь, – сказаў Кастусь. – Стрымлівай, не давай, каб перадчасна расплюхалі гнеў.
Маўчалі. І раптам Калінаўскі спытаў:
– Ты не чуў, што Ясюкевіч вершы піша?
– Не.
– Піша, але хавае. Як кожны другі. Як ты і я.
Усміхнуўся:
– Як пошасць сярод нашых гэтыя вершы.
– Што ж зробіш? Малады народ, ірвецца наперад.
– Як думаеш, які шлях нашага верша? Сілабіка польская або тоніка? Або гекзаметр, які можа быць і тым і іншым?
– Нешта асобнае.