реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 164)

18

– Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна.

– Як піша?

– “Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, – сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, – і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!…” Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела?

– Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

– Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: “Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский”. Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

– Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

– А ў цябе што? – заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

– Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная.

– Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

– Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

– А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

– Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

– Давай, братка, на хвіліну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

– Невядома, калі сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

…У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

– Вось так нас катаваць будуць, – сказаў шэптам Кастусь.

– Цьфу на цябе… Цьфу, – засмяяўся Загорскі.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

– Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

– Два.

– То дзесяць хвілін, – з выглядам абыякавага інквізітара сказаў сумны жораў. – I не варушыцца, калі не хочаце атрымаць замест абліччаў фату-маргану.

– А калі не будзем – яна не атрымаецца? – спытаў Алесь.

– Я маю парыжскі медаль. Я прывёз дзівосную навіну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя “наватары” – на медных пласцінках. Яны б яшчэ паперу прыдумалі ці палатніну, як мастакі. Гэта ж дзіка! Чалавек робіць добры дагератып раз, многа – два ў жыцці. Ён павінен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якіх у вас, відаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

– Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

– Уявіце сабе – ён нас сапраўды цікавіць, – сказаў Кастусь.

– Тым лепш. Не міргайце.

Засычэў калільны ліхтар. Срэбная сетачка пачала ліць проста ў вочы нясцерпнае святло.

…Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

– Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

– Нічога, “для ўнукаў” сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. “Ванька” паспрачаўся за цану і павёз.

– Як Віктар? – спытаў Алесь.

– Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

– Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, – злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. – Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

– Бадай, твая праўда.

– Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

– Людвік Звяждоўскі дзе?

– У Вільні. Распачаў работу там.

– Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

“Ванька” цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

– А Валеры?

– Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

– Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

– Трэба і там камусьці быць.

– Дамброўскі як?

– Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

…Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа…

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

– Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

– Ну, брат, суцешыў!

– Даўно гэта пачалося? – шэптам спытаў Сашка.

– Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

– Метады звычайныя, – сказаў Сашка. – Узяць гэтых vieilles ganaches[131] за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

Алесь ціха засмяяўся:

– Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.