реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 160)

18

– Двабой.

– З ім? Па-першае, гэта ўжо не двабой, а трыбой. Іх жа двое. А па-другое, не пойдзе ён з табою біцца. Ён гандляр, хоць і дваранін.

– Трэба, каб Ісленьеў ведаў.

– Нашто? І так яму з намі клопату. Рускія людзі блізка бяруць да сэрца чужыя беды. А яму іх хапала і сваіх, яшчэ з часоў мяцяжу… У справу з Таркайлам старога не цягні. – Падумаў. Затым сказаў: – На Таркайлу нельга глядзець як на роўнага. Загадай, каб запрэглі коней.

…Упершыню за ўвесь час дзед пераапрануўся ў парадную вопратку. Сядзеў побач з унукам велічны і строгі. Маўчаў усю дарогу да дома Таркайлаў. Калі фурманка спынілася, сказаў Алесю:

– Чакай мяне тут.

Пайшоў у дом. На парозе паспрабавала была ўтрымаць Сабіна.

– Брата няма дома. Толькі панскі брат.

– Ён мне і патрэбен.

І прайшоў паўз яе.

Тодар Таркайла ўбачыў Вежу і разгубіўся.

Па сполаху ў вачах Вежа ўпэўніўся: ён.

– То як панавы справы?

– Якія? – спытаў Таркайла.

– Пан ведае якія. Не мне іх яму нагадваць.

– Я, прабачце, не разумею…

– Дарма. А манастыр пан Тодар помніць?

– Дальбог жа, не…

– До, – кінуў Вежа. – Не будзем траціць часу. І ты ведаеш усё, і я. Не мне гэта ўсё ўдакладняць. І не мне, вядома, на цябе даносіць. Але папярэджваю, Тодар, каб ведаў, на што ўздымаеш руку. Хлопчык мой Алесь… Крыўдзіць яго і цару не дам, а табе і пагатоў.

– Вы забываецеся…

– Я – не. А вось ты забыўся. Ты ніколі не думаў, чаму твае вэксалі Платон Рылаў з Веткі на спагнанне не падае?… А дарма. Падумай. Вэксалі тыя ў мяне. Не хацеў я ганьбы чалавеку адной зямлі, двараніну. Трэба табе прыйсці – да каго ўжо сам ведаеш – і прасіць дазволу tirer mon epingle du jeu[128].

– Я не разумею…

– Кінь. Кінь, кажу. Усё разумееш. З тваім розумам не ў палітыку лезці. Толькі ў гароху сядзець. І іншым скажы, Вежа іх таксама ведае. І не злітуецца. А таму, калі яшчэ нехта ў загорскім наваколлі хоць раз кугакне – я цябе жабраваць пушчу.

Памаўчаў.

– І гэта яшчэ не ўсё. На месцы манастыра – попел. Будзе ён і на месцы вашых дамоў – колькі іх ні ёсць. Цярпеў я. Дарма трываў. Больш не буду. На тым – бывай.

…Коні беглі мерна. Стары маўчаў. І толькі ля павароткі на Вежу раптам пачаў гаварыць, нібы сам сабе:

– Лесінг казаў, што трэба заўсёды выбіраць левую руку або імкненні, а не правую або даброты… Вось ты і кіраваўся б гэтым… Ды хіба вас пераканаеш хоць якой мудрасцю.

І нелагічна раззлаваўся.

– А ты – лабідуда. Хіба ў нас такія былі? Я б зараз на разведку паехаў – pour preparer et sonder le terrain, et pour que cette visite ne present pas le pas le caractere peu satisfaisant de la premiere[129].

Сціснуў кій.

– Я б Раўбічаву дачку жывою звёз. Павянчаўся. Царква мая. У Мілым. Гэтага смярдзючага племя, папоў, бліжэй чым на сем вёрст не цярплю, але на такі выпадак – нічога…

ХI

Сіні мяккі дзень ляжаў над паплавамі. Сонца ўжо хілілася на захад. Невялічкі лясны астравок над спакойнай і па-асенняму густа-сіняй Равекай здалёк здаваўся бязлюдным і ціхім. Пажоўклыя бярозы стаялі над плынню, гарэлі добрым і негарачым агнём, асыпалі часам на траву рэдкія жарынкі лісцяў.

Праз Равеку, ірвучы конскімі грудзьмі гарлачыкі, ехаў унаброд коннік. Праставаў да ляснога астраўка. На ўзлессі азірнуўся і знік між дрэў.

…Астравок быў поўны людзьмі. Прывязаўшы да хмызоў коней, яны чакалі.

– Што чуваць, Кандарт?

Кагут наблізіўся да Алеся, скочыў з каня.

– Пан Яраш гамоніць са старым Хаданскім. Зачыніліся з гадзіну таму, і не відаць, каб хутка скончылі. Тэкля, карыстаючыся выпадкам, збірае сякія-такія рэчы паненкі.

– Што загадала перадаць?

– Каб на захадзе сонца чакалі ля пралому ў агарожы.

Кандрат раптам усміхнуўся.

– Бачыш, дзе мы?

– Нягож, – сказаў Алесь. – Апошні наш начлег. Калі Война на нас наехаў. Вунь яно.

Андрэй Кагут усміхнуўся.

– А там далей мы чулі, як Раўбіч з гармат страляў, калі малодшая нарадзілася.

Маўчалі. Алесь успамінаў словы з апошняй Майчынай запіскі: “Дзед меў рацыю калісь. Цяжкасці зрабілі сваё. Вазьмі, забяры мяне адсюль, родны, любы”.

Ён паклаў руку на кішэнь, ля сэрца, намацаў там запіску, і яму стала цёпла.

– Што ж, хлопцы, трэба, відаць, выбірацца. Мсціслаў, ты тут?

– Але?

– Значыць, колькі нас… Ты, я, блізнюкі… Мацей Біскуповіч, Янка Клейна, Кірдун, Паўлюк… Восем чалавек. І яшчэ Кандраці з шасцю палясоўшчыкамі. Т-так. Ну, гэтых адразу кіруй у Мілае. Хай трымаюць царкву. Каб ніякага выпадку не магло быць.

– Не будзе, – сказаў Кандраці. – Людзі верныя, з тых… Памятаеш, што пан схаваў, калі банду Прайдзісвета пабілі. Дзеці ды ўнукі іхнія. Жыццём абавязаныя людзі.

Старшы пад’ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Кранулі. Ля агарожы бяром яе і скачам чуйдух. Коней не шкадаваць: за кубкі заплачана – біце. На выпадак калі трывога – ты яе, Мсціслаў, бярэш і скачаш, а мы…

– Хто з ёю вянчацца збіраецца? – спытаў Мсціслаў. – Ты ці я? Гэта, брат, не вайна. Тут хочаш не хочаш – будзеш уцякаць першы. Кагуты з табою… Не… Паўлюк з табою і Янка…

– А я? – спытаў Андрэй.

– Ты з Кандратам і я прыкрываем, – сказаў Маеўскі. – Будуць даганяць – біце па конях.

Засмяяўся:

– Калі ў каго з вас коней падаб’юць, астанецца Ян Клейна. Яго ў цемры не спаймаюць.

– Зайздросціш? – весела спытаў арап.

– Нешта ты мяне забыў, – сказаў малодшы Біскуповіч.

– Ну, ты, вядома, са мною. Разам шкодзілі – разам і адказ… То давайце, хлопцы, па стрымянной дый да Раўбічаў.

Выпілі з пляшак. Крэбс падвёў коней:

– Пістолі ў саквах.

Змужнелы рашучы Паўлюк першы ўскочыў у сядло.

– Спяшаецца наш акадэмік, – сказаў Кандрат. – Нібы гэта яму жаніцца.