реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 131)

18

Акрамя крайняй “левіцы” беларускіх чырвоных узнялі рукі Урублеўскі, Дамброўскі, Стэфан Баброўскі і потым, зірнуўшы на Віктара, Зыгмунт Падлеўскі. Устрымаліся Авейдэ, Звяждоўскі і Серакоўскі. Рашуча супраць быў Ямант.

– Супраць – адзін.

– Два, – з клёкатам сказаў Віктар.

– Хто яшчэ?

– Падлеўскі! Пішыце і яго супраць. Мы тут не літасць вымольваем. Мы патрабуем тое, што нам належыць.

Кастусь, увесь пацямнелы з твару, глядзеў на Серакоўскага і чакаў:

– За што ж стаіш ты, Зыгмунт?

Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.

– Не за калонію.

– А аб’ектыўна?

Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.

– За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы… Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.

– А ўсё ж робіце гэта.

– Чым?

– Словам “непадзельная”, – цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. – Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?

– Ну, ведаеш…

– Што “ведаеш”? – Твар Кастусёў скамянеў, асіметрычныя вочы гарэлі халодным агнём. – Ваяводствы Мазавецкае, Кракаўскае, Літоўскае, Люблінскае, Беларускае, Украінскае. – І, нібы страшэнную поўху, кінуў: – Можа, яшчэ Крымскае? Цікава, што сказаў бы на гэта твой друг Шаўчэнка?

Зыгмунт сцепануўся.

– Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй “адзінай і непадзельнай”? Чым ты адрозніваешся ад…

– Кастусь…

– Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах “непарушны”, “непадзельны”, “адзіны”, калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.

Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.

– Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча – гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.

– Я не пратэставаў, – сказаў Серакоўскі, – я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так, але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. – Госас Зыгмунта гучаў суха: – Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.

– Сорам! – выгукнуў Ямант. – Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.

– Узаемадапамога! – сказаў Мілевіч.

– Сепаратызм! – сказаў Звяждоўскі.

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:

– Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг – гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш – вось найлепшы грунт для братэрства.

– Чую, чым тут пахне, – сказаў Ямант пасля паўзы. – Рабесп’ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім… Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.

– Якога? – спытаў Баброўскі.

– Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.

Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:

– Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які… усё жыццё… Чалавек, які… напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?

І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае маўчанне.

– Прашу слова, – сказаў у цішыні Алесь.

Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.

– Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і “Агула”, – кінуў Алесь. – Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый…

– Ты што? – усміхнуў Кастусь.

– Раю не ўмашвацца.

– Я вас удару, Загорскі, – сказаў Юзаф.

– Не раю. Прапаную выключэнне.

– Падстава? – спытаў Звяждоўскі.

– Яднанне.

– Ясней.

– Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы… – Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. – І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла… Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?

– Стаўлю…

Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.

– Хлопцы… – сказаў ён, – хлопцы, як вы можаце? – Голас яго дрыжаў. – Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!

Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.

– Хлопцы, я ніколі не думаў…

– Думай, – сказаў Валеры.

– Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму… Я хачу гэтага… Я не магу без вас… Хлопцы, што я, Юда?… Хлопцы, даруйце мне!!!

Цяпер усе глядзелі на Алеся.

– Выключэнне, – кінуў Алесь.

– Алесь, ты нялітасцівы, – азваўся Віктар.

– Як ты можаш? – спытаў Вярыга.

Маўчанне.

– Ты што, не бачыш? – сказаў Кастусь. – Ён малады, ён дурань.

У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.

– Я не буду страляцца, хлопцы, – сказаў Ямант. – Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць… Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь… Даруй мне, чуеш?

Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.

– Добра, – глуха буркнуў ён. – Я не буду ставіць гэтага пытання. – Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што…

– Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, – сказаў Валеры.

– Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, – Алесь паказаў на крайніх “левых”. – Няхай будзе так.