реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 127)

18

– Дзеду, – сказаў Алесь. – Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.

– Як гэта – “не хоча”? – раззлаваўся дзед.

Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.

– Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.

– Расказвай, – кінуў дзед.

…Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.

– І Майку назнарок памірыла?

Алесь нахіліў галаву.

– Мне няма чаго гаварыць з ёю, – урэшце сказаў дзед. – Гэта трэба зрабіць табе…

Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.

Потым пляснуў рукамі па каленях:

– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы… Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.

І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:

– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву…

– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны… Віна жыцця.

– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду-рань! Гэта слава жыцця!… Бяжы туды!… Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!…

Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй… І – мяжа. Нельга далей.

Ён то сядзеў на падвоканні і глядзеў на яе дзверы, то хадзіў узад і ўперад.

Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.

– Як жа гэта вы надумаліся?

– Так, – сказаў ён. – Што там?

– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. “Дурніца… Радасць у свет нясеш”. Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.

– Не ведаю.

Жанчына знікла.

Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.

Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.

Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.

– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.

Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.

Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.

– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?

Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.

– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.

– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.

Але ён мог бы не казаць гэтага.

“Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць”, – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.

– Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.

– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.

– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?

– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы… Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.

Пан Юры ліхаманкава падлічваў.

– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па… У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям’ю. А дзе і болей. Запусцяць!

– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.

– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту-дэнт.

– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць…

– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.

– У старцы нашчадкаў пусціць? – зноў гнеўна спытаў пан Юры.

– У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.

– Буды… гуты… У купцоў ператварыцца?

– У купцоў – не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем’і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні… па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ – машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу… Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.

А сам думаў: “Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі”.

– Я б на таваім месцы падумаў, – сказаў сына Вежа. – Нешта ва ўсім гэтым ёсць. – І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: – Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?

– Галовы, – наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.

Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.

– Пачакай ты тут. Не пакутуй – не паможаш… Сам прыдумаў?

– Сам. Я пайду.

Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.

– Як думаеш Гелену забяспечыць?

– Хіба ўсё будзе добра?

Стала цiшыня.

– Мнямля, – сказаў дзед. – Першынцу!… Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.

Алесь ускінуў вочы:

– Дзядуля.

– Што “дзядуля”? Дам, нічога не зробіш.

Схіліўся да Алеся: