реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 124)

18

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

– Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы – галота. Яны лібералы, мы – якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

– До, – сказаў Алесь. – Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе – значыць, я з вамі. А тое, што я князь,- справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

– Хлопцы якія! Ну, Кастусёк – гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

– Збіраюся.

– Вой, хлопцы!

– Што, пацалавала б?

– А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

– Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

– Абавязкова.

– Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

– Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

– Сухоты ў яго. I подаўна ўжо…

– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

– Значыцца, сам не ведае… Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?…

– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу… Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.

Снег. Снег. Тое надвор’е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з “Агула”, аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з “Агула” аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. “Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі”.

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: “Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь”.

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

– Значыць, гэта з’явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.

…У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

Ой, косю мой, косю, Чаму ж ты нявесел, Чаму ж ты, мой косю, Галовачку звесіў?

Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

Ці я табе цяжак, Ці тугі папругі? “Ой, ты мне не цяжак, Не тугі папругі”.

Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі “Агула”, збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: “Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у “Слове аб палку Ігаравым”.

– Малайчына… Што думаеце рабіць?

– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

– Ну, а потым?

– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

– Не баіцёся раскідацца?

– Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.

– Памагай бог, – сказаў Сразнеўскі.

Алесь працаваў утрапёна.

Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з’явы.

Гэта былі “Мова панцырных баяр[105] з-пад Зверына. Матэрыялы на слоўнік прыдняпроўскай гаворкі” і “Асаблівасці дрыгавічанска-крывіцкай гаворкі ў “Слове на першым тыдні па вялікадні” Кірылы Тураўскага як першыя сляды ўзнікнення беларускай мовы”.

Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.

– Мой Веніямін, – казаў настаўнік калегам. – Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!

– Ён можа нічога не паспець, – змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. – Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?

– Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?

– Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю… Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: “Дурак”. Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: “ За что?!” А будачнік яму: “Знаем мы, кто у нас дурак”.

– Ну, што вы. Ён жа малады. У таленавітых ды маладых – гэта ўжо заўсёды! – язык. Супраць гэтага і вальтэр’янцы нічога не гавораць.